Акіра Курасава
Акіра Курасава | |
黒澤明 | |
Дата нараджэньня | 23 сакавіка 1910 |
---|---|
Месца нараджэньня | Ота, Токіё, Японія |
Дата сьмерці | 6 верасьня 1998 (88 гадоў) |
Месца сьмерці | Сэтагая, Токіё, Японія |
Прычына сьмерці | watershed stroke[d][1] |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Японія |
Занятак | рэжысэр |
Гады дзейнасьці | 1943—1993 |
Псэўданімы | AK |
Сябра ў | Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d] |
Дзеці | Кадзука Курасава[d] і Hisao Kurosawa[d] |
Узнагароды | «Залатая пальмавая галіна» Канскага кінафэстывалю (1980) |
IMDb | ID nm0000041 |
Подпіс | |
Акіра Курасава (па-японску: 黒澤明; 23 сакавіка 1910, Токіё, Японія — 6 верасьня 1998, Токіё, Японія) — японскі кінарэжысэр, прадусар і сцэнарыст, адзін з найвялікшых рэжысэраў першага стагодзьдзя кіно.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акіра Курасава быў самым малодшым з васьмі дзяцей у сям’і Ісаму і Сымы Курасавы. У раньнім дзяцінстве ён выявіў схільнасьць да занятку мастацтвам, якое затым стаў вывучаць у школе заходняга маляваньня «Дашуша» («Doshusha»). Вяршыняй яго дасягненьняў у гэтай вобласьці была напісаная ім карціна «Сэйбуцу», прынятая на выстаўку «Ніка Экзыбішын» у 1928 годзе. Ня здолеўшы паступіць у каледж, Курасава, калі яму ўжо было за 20 гадоў, вырашыў заняцца кіно, пачаўшы працаваць асыстэнтам рэжысэра Кадзіра Ямамота (Kajiro Yamamoto) на прэстыжнай японскай кінафірме PCL «Фота кэмікл лябараторыз» (пасьля вядомай як «Тоха студыёс»).
Празь сем гадоў працы асыстэнтам рэжысэра Курасава ўпершыню атрымаў магчымасьць удзельнічаць у стварэньні фільма больш грунтоўна — для карціны «Геній дзюдо» (Sugata Sanshiro, 1943) сцэнар ён напісаў сам. Фільм распавядаў аб разьвіцьці дзюдо ў краіне ў канцы XIX стагодзьдзя. Затым рушылі ўсьлед яшчэ дзесяць фільмаў, у тым ліку «Самыя прыгожыя» (Ichiban utsukushiku, 1944), «Сага аб дзюдо II» (Zoku Sugata Sanshiro, 1945) і «П'яны анёл» (Yoidore tenshi, 1948). Гэта была першая сумесная праца Курасавы з маладым акторам Ташыра Міфунэ (Toshiro Mifune).
Курасава атрымаў міжнародную вядомасьць і прызнаньне пасьля вынахаду ў 1950 годзе на экран фільму «Расёман» (Rashômon) (у ролях Ташыра Міфунэ і Такэсі Сымура), пастаўленага па творах Рюнаскэ Акутагавы (Akutagawa Ryunosuke) «Вароты Расёман» і «У гушчары», зьнятага ў жанры «дзідайгэкі» (фільмы аб ваярах фэадальнай Японіі — самураях). Адзнакі крытыкаў ва ўсім сьвеце былі больш за добразычлівыя. Гэты фільм, дбайна сплянаваны і напоўнены філязофскім сэнсам, пераносячы гледача ў мінулае і будучыню, распавядае аб гвалце і забойстве ў фэадальнай Японіі з чатырох пунктаў гледжаньня. Аб зьяўленьні Курасавы на міжнародным экране было заяўлена трыюмфам гэтага фільма на кінафэсьце ў Вэнэцыі — атрыманьнем Гран-Пры «Залаты Леў» і спэцыяльнай прэміі Амэрыканскай Акадэміі Кінамастацтва «Оскар» (1951) за лепшы замежны фільм году.
У той час як «Расёман» быў прасякнуты адчуваньнем усходняга містыцызма, наступны міжнародны хіт — «Сем самураяў» (Shichinin no samurai, 1954) сьведчыў аб захапленьні кінарэжысэра заходнім грамадзтвам і яго культурай. У рэчаіснасьці адным зь вялікіх дасягненьняў Курасавы ў 1950-х гадах была распрацоўка стылю стварэньня фільмаў, сьціральных мяжы, выкарыстаньні традыцыяў усходняй і заходняй культур і спалучэньне элемэнтаў высокай і папулярнай культур. У прыватнасьці крыніцай натхненьня стала для яго заходняя літаратура, у выніку чаго ён зьняў некалькі фільмаў па раманах: Дэшыла Хамэта «Чырвонае жніво» («Целаахоўнік», 1961), Дастаеўскага «Ідыёт» (1951), п’есе Горкага «На дну» (1957), трагедыям Шэксьпіра «Макбэт» і «Кароль Лір», які паслужыў штуршком для стварэньня фільмаў аб самураях «Трон у крыві» (1957) і «Ран» (1985).
Фільмы Курасавы таксама аказалі велізарны ўплыў на заходняе кіно, асабліва на ісьціна амэрыканскі жанр — вэстэрн. Напрыклад, амэрыканскі фільм «Пышная сямёрка» (The Magnificent Seven), у якой здымаліся шматлікія зоркі сусьветнага кіно, быў перапрацоўкай «Сямі самураяў», а першы італьянскі вэстэрн Сэрджыё Леонэ, створаны пры супрацоўніцтве з Клінтам Іствудам, «За прыгаршчу даляраў» быў ня толькі зроблены на аснове «Целаахоўніка» («Yojimbo»), але часамі проста кадар за кадрам паўтараў яго. Нават фільмы 1990-х гадоў, якія распавядаюць аб пэрыядзе Вялікай дэпрэсіі і гангстэрах, такія як «Miller`s Crossing» і «Last Man Standing», створаныя на аснове твораў Д. Хамэта, часамі нагадваюць аб тым, што візуальным узьдзеяньнем, структурай і тэматыкай яны абавязаныя арыгінальнаму фільму японскага рэжысэра. У 1964 годзе шэдэўр Курасавы «Расёман» быў узяты за аснову галівудзкага фільма «Зьдзек». У пазьнейшыя гады жыцьця Курасава сябраваў з такімі амэрыканскімі кінадзеячамі, як Мартын Скарсэзэ, які згуляў Вінцэнта ван Гога ў яго фільме «Сны Акіры Курасавы» (Yume, 1990), і Стывэн Сьпілбэрг.
Джордж Лукас прызнаваўся, што элемэнты сюжэту фільму «Зорныя войны» (Star Wars, 1977) ён запазычыў зь фільма Курасавы «Тры нягоднікі ва ўтоенай крэпасьці» (Kakushi toride no san akunin, 1958).
Уславіўшыся на Захадзе як майстар кампазыцыі і разьвіцьця сюжэту, Курасава тым ня менш ня быў гэтак жа высока ўшанаваны ў сваёй роднай краіне. Самы цяжкі час наступіў для яго ў пачатку 1970-х гадоў, калі пасьля цяжкасьцяў зь фінансаваньнем яго праектаў і правалу фільма «До дэсу ка дэн/Грук-пагрук» (Dô desu ka den, 1970) ён паспрабаваў пакончыць з сабой.
Фільм «Дэрсу Ўзала» (Dersu Uzala), зьняты ў 1974 годзе на студыі «Масфільм» пры ўдзеле Савецкага Саюзу, ганараваўся галоўнага прыза на маскоўскім кінафэстывалі ў 1975 годзе і прэміі «Оскар» (за гарнітуры) Акадэміі кінэматаграфічных мастацтваў і навук.
З гэтага часу новыя фільмы Курасавы выходзілі зь вялікімі перапынкамі, але прымаліся вельмі добра: «Кагэмуся/Цень ваяра» (Kagemusha, 1980) і «Ран» (Ran, 1985) былі эфэктнымі самурайскімі эпапеямі, у той час як яго пазьнейшыя творы, «Сны» (Yume, 1990) і «Рапсодыя ў жніўні» (Hachi-gatsu no kyôshikyoku, 1991), былі фільмамі хутчэй за ўсё асабістага характару.
У сакавіку 1990 году Акіра Курасава ганараваўся ганаровага «Оскара» за фундуш у кінамастацтва, у 1994 годзе — Прэміі Кіёта.
У 1993 годзе Курасава зьняў свой апошні фільм — «Мададаё/Яшчэ не» (Madadayo).
Асноўная заслуга Акіры Курасавы складаецца ў тым, што ён зблізіў у мастацтве кіно традыцыі Ўсходу і Захаду і пакінуў пасьля сябе ўнікальную кінэматаграфічную спадчыну.
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1941 — Конь (фармальна — асыстэнт рэжысэра)
- 1943 — Геній дзюдо, 姿三四郎
- 1944 — Самыя прыгожыя, 一番美しく
- 1945 — Ідучыя па хвасьце тыгра, 虎の尾を踏む男達
- 1945 — Геній дзюдо II, 續姿三四郎
- 1945 — Тыя, хто стварае будучыню (су-рэжысэр)
- 1946 — Без шкадаваньняў аб нашай юнацкасьці, わが青春に悔なし
- 1948 — Адно прыгожае ўваскрэсеньне, 素晴らしき日曜日
- 1948 — П'яны анёл, 醉いどれ天使
- 1949 — Ціхі двубой, 静かなる決闘
- 1949 — Валачашчы сабака, 野良犬
- 1950 — Скандал, 醜聞
- 1950 — Расёман, 羅生門
- 1951 — Ідыёт, 白痴
- 1952 — Жыць, 生きる
- 1954 — Сем самураяў, 七人の侍
- 1955 — Я жыву ў страху, 生きものの記録
- 1957 — Трон у крыві, 蜘蛛巣城
- 1957 — На дну, どん底
- 1958 — Тры нягоднікі ва ўтоенай крэпасьці, 隠し砦の三悪人
- 1960 — Дрэнныя сьпяць спакойна, 悪い奴ほどよく眠る
- 1961 — Целаахоўнік, 用心棒
- 1962 — Сандзюра, 椿三十郎
- 1963 — Рай і пекла, 天国と地獄
- 1965 — Чырвоная барада, 赤ひげ
- 1970 — Пад грук трамвайных колаў / Dô desu ka den, どですかでん
- 1975 — Дэрсу Ўзала, デルス・ウザーラ
- 1980 — Цень ваяра, 影武者
- 1985 — Ран, 乱
- 1990 — Сны, 夢
- 1991 — Жнівеньская рапсодыя, 八月の狂詩曲
- 1993 — Яшчэ не / Madadayo, まあだだよ
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Donald Richie The Films of Akira Kurosawa. — Third edition. — Berkley, Los Angeles, London: University of California Press, 1998. — ISBN 0-520-22037-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акіра Курасава — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў