Перайсьці да зьместу

Адукацыя ў Азэрбайджане

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Азэрбайджанскія студэнты ў Парыжы (1920)

Адукацыяй у Азэрбайджане апекуецца Міністэрства адукацыі.

У дасавецкі пэрыяд у Азэрбайджане з раньняга дзяцінства вывучалі ісламскія рэлігійныя традыцыі. Прыкладна ад пяцігадовага да дванаццацігадовага вуку дзеці наведвалі мэдрэсы — адукацыйныя ўстановы пры мячэтах. У XVII—XVIII стагодзьдзях у вялікіх местах мэдрэсы ствараліся і як асобныя ўстановы, аднак рэлігійны складнік навучаньня заставаўся. У 1865 року ў Баку зьявіліся першая прафэсійна-тэхнічная вучэльня і першая дзявочая сярэдняя школа. У канцы XIX стагодзьдзя пачалося стварэньне сьвецкіх пачатковых школаў для азэрбайджанцаў (для этнічных расейцаў яны зьявіліся раней), аднак заснаваньне вышэйшых навучальных установаў у Закаўказьзі і выкарыстаньне ў навучальным працэсе азэрбайджанскай мовы за царскім часам былі забароненыя. Большасьць этнічных азэрбайджанцаў ня мелі адукацыі, узровень пісьменнасьці быў надзвычай малым, асабліва сярод жанчынаў.

За савецкім часам узровень адукацыі і пісьменнасьці вырас у параўнаньні з царскай Расеяй, хоць пісьмовасьць была пераведзеная сьпярша з арабіцы на лаціну, а пасьля на кірыліцу. Паводле савецкіх зьвестак, у 1970 року 100 % жыхароў (ад 9 да 45-гадовага веку) атрымалі адукацыю. Паводле справаздачы Праграмы разьвіцьця ААН 2016 року, узровень пісьменнасьці ў Азэрбайджане складае 99,8 %[1].

Пасьля здабыцьця незалежнасьці ад СССР адным зь першых законаў азэрбайджанскага парлямэнту стала вяртаньне з кірыліцы на мадыфікаваную лацінку[2]. За выняткам гэтага, сыстэма азэрбайджанскай адукацыі ня мела значных зьмяненьняў. Была адноўленая рэлігійная асьвета (забароненая за савецкім часам), скасаваныя ідэалягічныя прадметы і пашыранае вывучэньне азэрбайджанскае мовы. Акрамя пачатковых школаў, дзейнічаюць дашкольныя ўстановы, агульныя сярэднія школы і прафэсійна-тэхнічныя вучэльні. З 1988 року зьмяншаецца выкарыстаньне расейскай мовы ў навучаньні. Цяпер яна вывучаецца ў якасьці адной з замежных моваў.

Сыстэма адукацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У Рэспубліцы Азэрбайджану адукацыйная сыстэма мае дэмакратычны, сэкулярны характар, базуецца на нацыянальных і сусьветных каштоўнасьцях. Адукацыя абавязковая 11-гадовая. Права на адукацыю — адно зь неад’емных правоў грамадзянаў Рэспублікі Азэрбайджану, што замацавана як у канстытуцыі, так і ў законе аб адукацыі. Мовай адукацыі ў дзяржаве ёсьць азэрбайджанская.

Вучні, якія скончылі навучаньне і пасьпяхова здалі экзамэны і дыплёмныя працы, атрымліваюць дакумэнт стандартнага ўзору з пацьверджаньнем сваёй адукацыі і спэцыяльнасьці. Гэта падставовы дакумэнт дзеля атрыманьня працы і пачатку кар’еры.

Навучальны пакой у Хазарскім унівэрсытэце

Найвышэйшую адукацыю забясьпечваюць 38 дзяржаўных[3][4][5] і 11 прыватных унівэрсытэтаў[6]. Самымі буйнымі ВНУ ёсьць Бакінскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Азэрбайджанскі дзяржаўны нафтава-прамысловы ўнівэрсытэт, Каўкаскі ўнівэрсытэт, Хазарскі ўнівэрсытэт, Азэрбайджанскі тэхнічны ўнівэрсытэт. Паколькі нафтавая вытворчасьць складае значную дзелю эканомікі краіны, вялікая колькасьць студэнтаў абіраюць адукацыю па тэхнічным і дасьледчым профілі[7].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Global 2016 Human Development Report (анг.) (pdf). United Nations Development Programme (2016). Праверана 26 красавіка 2017 г.
  2. Abdinov, Ahmad (1996) Education in Azerbaijan. The Challenges of Transition (анг.). Azerbaijan International. Праверана 26 красавіка 2017 г.
  3. State higher education institutions (анг.) Higher education. Ministry of Education Republic of Azerbaijan. Праверана 26 красавіка 2017 г.
  4. Higher education institutions subordinated to other ministries and committees (анг.) Higher education. Ministry of Education Republic of Azerbaijan. Праверана 26 красавіка 2017 г.
  5. Special service higher schools (анг.) Higher education. Ministry of Education Republic of Azerbaijan. Праверана 26 красавіка 2017 г.
  6. Private higher education institutions (анг.) Higher education. Ministry of Education Republic of Azerbaijan. Праверана 26 красавіка 2017 г.
  7. Education, Health, and Welfare (анг.) Country studies Праверана 26 красавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Адукацыя ў Азэрбайджанесховішча мультымэдыйных матэрыялаў