Вітамінная недастатковасьць
Вітамінная недастатковасьць | |
Пачырваненьне і зьнікненьне смочкаў на языку пры нястачы цыянкабаляміну (Б12) | |
Сынонімы | гіпавітаміноз, авітаміноз |
---|---|
Спэцыяльнасьць | эндакрыналёгія |
Сымптомы | сухая скура і выпадзеньне валасоў |
Ускладненьні | малакроўе і бессань |
Звычайна праяўляецца | хуткая стамляльнасьць і заеды вакол рота |
Віды | цынга, бэры-бэры, рахіт і пэлягра |
Прычыны | недастатковае паступленьне і засваеньне вітамінаў |
Фактары рызыкі | парушэньне ўсмоктваньня ў кішачніку |
Прафіляктыка | ужываньне сьвежай агародніны і садавіны |
Лячэньне | вітамінізацыя ежы |
Лекі | вітамінны прэпарат |
Вітамінная недастатковасьць у Вікісховішчы |
Вітамі́нная няста́ча — хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізьме.
Віды: экзагенная — ад недастатковага паступленьня ў арганізм вітамінаў зь ежай, эндагенная — ад паніжанай здольнасьці арганізма да засваеньня вітамінаў (тлушчараспушчальных пры парушэньні ўсмоктваньня ў кішачніку). Эндагенная недастатковасьць водараспушчальных вітамінаў зьвязана з парушэньнем ператварэньня ў суфэрмэнты. Адсутнасьць вітамінаў выклікае авітаміноз. Выяўляецца затрымкай росту, цялеснай слабасьцю і паніжанай устойлівасьцю да інфэкцыяў. У жывёлы найчасьцей бывае ў стойлавы пэрыяд у цяжарных самак і маладняку[1].
Найчасьцей узьнікае ўзімку і ўвесну, пры завялікай цялеснай нагрузцы і віруснай інфэкцыі, а таксама ў сталым веку. Пры працяглай нястачы аскарбінавай кісьлі (вітаміну Ц) разьвіваецца цынга, тыяміну (Б1) — бэры-бэры, кальцыфэролу (Д) — рахіт, нікатынавай кісьлі (ПП) — пэлягра. Часьцей сустракаецца адначасны недахоп некалькіх вітамінаў. Для папярэджаньня хваробы прыбягаюць да ўжываньня вітамінных прэпаратаў і вітамінізацыі ежы[2].
Папярэджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадухіленьню хваробы спрыяе штодзённае ўжываньне сьвежай агародніны і садавіны. Для захаваньня пажыўнасьці яны падлягаюць захоўваньню ў холадзе або з дапамогай глыбокай замарозкі, бо пры пакаёвай тэмпэратуры сьвежае зяленіва і капуста губляюць да паловы аскарбінавай кісьлі за 3 дні, а бульба — да 30% за 3 месяцы. Для захаваньня вітамінаў у ежы пры гатаваньні варта прыбягаць да ашчаднай цеплавой апрацоўкі. Замест смажаньня варта запякаць, а пры варцы пажадана класьці сырую агародніну ва ўжо гарачую ваду. Для засваеньня каратыноідаў моркву карысна ўжываць запраўленай алеем у складзе салаты або прыпушчанай разам зь ім на пары. З той самай мэтай варта дадаваць алей да лісьцевага зяленіва і прарослага зерня пшаніцы, багатых на такафэрол (вітамін Е). Карысна штодня ўжываць малочныя вырабы зь бялком і нізкім утрыманьнем тлушчу[3].
Праявы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хвароба выяўляецца праз хуткую стамляльнасьць і раздражняльнасьць, моцнае сэрцабіцьцё, заеды вакол рота і частыя застуды. Адзначаюцца бледная і сухая скура і высыпка на ёй, выпадзеньне валасоў, млосьць, зьніжэньне апэтыту, парушэньне маторыкі кішачніка (запор і панос), стаматыт і малакроўе. Лёгка ўзьнікаюць сінякі на скуры, слабасьць, бессань і парушэньне зроку ў цёмны час содняў[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Віктар Кухта. Вітамінная недастатковасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — С. 199. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
- ^ Авітамінозы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 64. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
- ^ а б Сьвятлана Барысенка. Працаздольнасьць на нулі // Краіна здароўя. — 14 траўня 2014. — № 7 (318).
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |