Эміграцыя
Эмігра́цыя (лац. emigratio — высяленьне) — перасяленьне людзей з краіны пастаяннага пражываньня за мяжу.
Віды: вымушаная, добраахвотная. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 году прадугледжвае права чалавека пакінуць уласную краіну[1].
Зьвязаныя абставіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эміграцыя прадугледжвае перасячэньне дзяржаўнай мяжы і ўзьнікае з усталяваньнем і разьвіцьцём дзяржавы. Раньнія перасяленьні людзей, як і сучасныя перасяленьні ў межах адной дзяржавы — мясцовасьці, раёну і г. д., завуць міграцыі. Эміграцыя ажыцьцяўляецца з мэтай пастаяннага — доўгачасовага або часовага — пражываньня ў іншай краіне і часта з адпаведным зьмяненьнем прававога статусу, чым і адрозьніваецца ад мэтавых, турыстычных паездак. У той жа час эміграцыя не заўсёды зьвязана альбо цягне натуралізацыю, то бок зьмену грамадзянства або падданства. Эміграцыя можа быць добраахвотнай і вымушанай, але ажыцьцяўленьне ўсіх працэдур па выезду з краіны ажыцьцяўляецца асобай, якая зьяжджае з краіны, добраахвотна. Прымусовае (нярэдка гвалтоўнае) высяленьне асобы, зьдзейсьненае прадстаўнікамі дзяржаўных органаў краіны, адкуль адбываецца перасяленьне, называюць дэпартацыяй. Эміграцыяй называюць і сукупнасьць эмігрантаў за межамі бацькаўшчыны. Паняцьце адрозьніваецца ад дыяспары тым, што апошняя ахоплівае ня толькі асобаў, якія выехалі з айчыны, — але і тых, якія ў сілу розных абставінаў, нікуды не перасяляючыся, апынуліся ў той ці іншай краіне з прычыны зьмены дзяржаўных межаў этнічнай радзімы. Дыяспарай таксама называюць іх нашчадкаў (наступных пакаленьняў), і першых эмігрантаў. Акрамя таго, дыяспара — паняцьце, зьвязанае з этнічнасьцю, этнічным паходжаньнем асобаў, а эміграцыя — з грамадзянствам, гэта значыць з прававой сувязьзю з той ці іншай дзяржавай. Менавіта таму могуць быць дыяспары недзяржаўных народаў, напрыклад, «курдзкія дыяспары» у Турэччыны, Іраку і г. д., а эміграцыі — няма. «Рээміграцыя» — гэта вяртаньне эмігранта ў краіну першапачатковага пражываньня, то бок зваротная эміграцыя. Антонім да слова «эміграцыя» — іміграцыя, г.зн. прыезд у краіну для пастаяннага жыхарства.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XV—XIX стагодзьдзях мела месца перш за ўсё эканамічная эміграцыя. Як прыклад — перасяленьне вялікай колькасьці людзей з Эўропы ў Амэрыку. У ХХ стагодзьдзі адбываліся самыя масавыя эміграцыі, зьвязаныя з Першай сусьветнай вайной і Другой сусьветнай вайной, шматлікімі міжнароднымі і лякальнымі канфліктамі, зьменамі дзяржаваў сьвету (утварэньне дзяржавы Ізраіль, распад СССР і г. д.), унутранай і зьнешняй палітыкай асобных дзяржаваў (палітычныя і культурныя прыгнёту ў СССР, КНР і інш.)
Няспынныя эміграцыі, як эканамічныя, так і палітычныя зьяўляецца прыкметай сучаснасьці. Напрыклад, у АфрыкаАфрыцы з прычыны палітычных хваляваньняў і паўстаньняў, міжэтнічных канфліктаў і эканамічных праблем, выкліканых засухамі і неўраджаямі, назіраюцца частыя эміграцыі з Конга, Бурундзі, Руанды, Самалі, Этыёпіі і г. д.; Далай-лама XIV Тыбэту, якія перасьледуюцца кітайскімі ўладамі, зьяўляецца палітычным эмігрантам, жыве ў Індыі.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшыя хвалі выезду зь Беларусі адбыліся ў 1890-я і 1950-я гады. У 1900-я гады 800 000 беларускіх сялянаў выехала на працу ў ЗША, Канаду, Бразылію і Заходнюю Эўропу. У выніку Першай сусьветнай вайны 1914—1918 гадоў значная частка насельніцтва Беларусі стала ўцекачамі за мяжой. Пасьля Польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў уцекачамі сталі вайскоўцы і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама сябры палітычных партыяў Беларусі, якія выехалі ў краіны Балтыі, Чэхаславаччыну, Фінляндыю і Турэччыну. Разам зь іх сем'ямі ўцекачамі стала 122 000 чалавек. У 1920—1930-х гадах 250 000 жыхароў Заходняй Беларусі зьехала ў Канаду, ЗША, Францыю, Латвію і Бразылію. Падчас Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў на прымусовую працу ў Нямецкую дзяржаву вывозілі савецкіх ваеннапалонных і цывільных жыхароў, многія зь якіх адмовіліся ад вяртаньня ў Беларускую ССР пасьля вайны. У 1944 годзе на захад выехалі многія ўдзельнікі такіх падакупацыйных арганізацыяў, як дапаможная паліцыя, Беларуская цэнтральная рада, Беларуская народная самапомач, Беларуская краёвая абарона, Саюз беларускай моладзі і Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У 1989—1999 гадах доля жыдоўскага насельніцтва ў Беларусі скарацілася з 1,1% да 0,3% у сувязі з выездам у Ізраіль. У 1992 годзе стварылі дзяржаўную міграцыйную службу Беларусі. У 1993 годзе прынялі Закон аб выезьдзе і ўезьдзе[1].
У 2012 годзе зь Беларусі на пастаяннае пражываньне выехала каля 9000 жыхароў. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, на лістапад 2013 году агулам за мяжой пражывала каля 300 000 грамадзянаў Беларусі згодна з навуковым абсьледаваньнем хатніх гаспадарак краіны[2].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Галіна Сяргеева. Эміграцыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 8. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 119. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Крысьціна Пясецкая. Павярнуць міграцыйны паток // Зьвязда : газэта. — 22 лістапада 2013. — № 220 (27585). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |