Трагікамэдыя
Трагікамэдыя (грэц. τράγος + κωμῳδία — «казёл» + «вясёлая песьня») — заснаваная на разнастайных сьветаадчуваньнях драма, што выяўляе адноснасьць мерак адзнакі аўтарам і дзейнымі асобамі жыцьцёвых абставінаў. Часьцей сустракаецца ў народнай творчасьці, чым у прафэсійным пісьменстве. У старажытнасьці лічылася парушэньнем жанравай чысьціні камэдыі і трагедыі. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў сталася жанрам эўрапейскай літаратуры з вызначанымі ўласьцівасьцямі: 1) спалучэньне ў межах аднаго твору сьмешнасьці і паважнасьці пры шчасьлівай разьвязцы супярэчнасьці, 2) перапляценьне ўзвышанага рэлігійнага сюжэту з побытавай камічнасьцю яго асэнсаваньня, 3) двайны зыход становішча з узнагародай дабрачыннасьці і пакараньнем зла, 4) зьмешваньне ўзвышаных і пацешных характараў. У 2-й палове XVII ст. амаль зьнікла ў выніку разьмежаваньня на камэдыю і трагедыю эстэтыкай клясыцызму. Адрадзілася пры канцы XIX ст. (Гэнрык Ібсэн «Гэда Габлер»(en) і «Дзікая качка»(en), Аўгуст Стрындбэрг «Крэдыторы»(en) і «Саната прывідаў»(en)). У XX ст. пачала ўлучаць разгляд супярэчнасьцяў, што дагэтуль распрацоўваліся ў трагедыі (Фрыдрых Дурэнмат, Эжэн Янэска і Тэнэсі Ўільямз)[1].
У Беларусі трагікамэдыя атрымала вядомасьць у сярэдзіне XVIII ст. у прамежкавым выглядзе (Георгі Каніскі «Уваскрасеньне мёртвых»). Больш глыбока выявілася ў творах пачатку XX стагодзьдзя (Альбэрт Паўловіч «Васількі», Максім Гарэцкі «Жартаўлівы Пісарэвіч» і Янка Купала «Тутэйшыя»). Вялікі ўклад у распрацоўку жанру ў беларускай драматургіі зрабіў Андрэй Макаёнак, які дапоўніў свае творы сатырай і гратэскам («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы» і «Дыхайце эканомна»)[1].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Сьцяпан Лаўшук. Трагікамэдыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 496. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2