Вялікі продаж без пакрыцьця

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Вялікі продаж без пакрыцьця»
анг. The Big Short
Жанр трагікамэдыя
Рэжысэр Адам Макей
Прадусар Джэрэмі Кляйнэр
Сцэнарыст Чарлз Рэндалф
Дыктар Раян Госьлінг
У ролях Крыстыян Бэйл, Стывэн Кэрэл
Кампазытар Нікалас Брытэл
Апэратар Бары Экройд
Мантаж Гэнк Корвін
Вытворчасьць «Рэгенцкія прадпрыемствы» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія)
Дата выхаду 12 лістапада 2015 (3 гады таму)
Час 2 гадзіны і 10 хвілінаў
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $50 млн
Прыбытак $133,4 млн
Папярэдні «Чалавек-мураш» (2015)
Наступны «Тата дома» (2015)
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Вялікі продаж без пакрыцьця» (інш. пераклады: баўг. Вялікі заклад, чэск. Стаўка на нявызначанасьць, рас. Гульня на паніжэньне[1], сэрб. Стаўка стагодзьдзя) — амэрыканскі біяграфічны фільм 2015 году пра фінансавы крызіс 2008 году, выкліканы іпатэчнай бурбалкай 2007 году.

Грунтуецца на аднайменнай кнізе Майкла Люіса 2010 году пра ўдзельнікаў трох інвэстыцыйных фондаў, якія змаглі прадказаць крызіс. Увесну 2015 году здымкі правялі ў Новым Арлеане (штат Луізыяна)[2] і Нью-Ёрку. У эпізадычнай ролі ў фільме сябе граў чыгаскі прафэсар паводніцкай эканомікі Рычард Талер, які ў 2017 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію па эканоміцы[3].

17 студзеня 2016 г. Аб’яднаньне кінакрытыкаў ЗША ўручыла стваральнікам фільма 3 узнагароды «Выбар крытыкаў» за лепшыя камэдыю, камэдыйнага актора і адаптаваны сцэнар 2015 году[4]. 23 студзеня 2016 г. Гільдыя прадусараў Амэрыкі (Бэвэрлі-Гілз, Лос-Анджэлеская акруга) ўшанавала фільм узнагародай імя Дарыла Занука за выдатную кінапрадусарскую працу 2015 году[5]. 13 лютага 2016 г. Гільдыя сцэнарыстаў Амэрыкі (Лос-Анджэлес) ўзнагародзіла сцэнарыста фільма за лепшы адаптаваны сцэнар 2015 году[6]. 14 лютага 2016 г. Брытанская акадэмія кіно і тэлевізійных мастацтваў (БАКТМ) ўзнагародзіла сцэнарыста фільма залатой маскай за лепшы адаптаваны сцэнар 2015 году[7]. 28 лютага 2016 г. Амэрыканская акадэмія кінэматаграфічных мастацтваў і навук (Бэвэрлі-Гілз) узнагародзіла сцэнарыста залатой статуэткай «Оскар» за лепшы адаптаваны сцэнар 2015 году. 23 студзеня — 3 лютага 2016 г. фільм паказвалі ў кінатэатрах Беларусі[8].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Information icon.svg Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Перадгісторыя і 2005 год[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1983 г. намесьнік старшыні банка «Браты Саламоны» Люіс Рэньеры распрацаваў прыватныя забясьпечаныя закладныя аблігацыі з тысячаў закладаў і павышанай даходнасьцю. Такія аблігацыі мелі найвышэйшы ўзровень даверу, таму прадстаўнік Пэнсійнага фонду штата Мічыган набывае іх на $25 млн. Празь некалькі гадоў продаж закладных аблігацыяў перасягнуў $200 млрд за год, што перавышала ашчаджэньні іпатэчных даўжнікоў у ЗША. У сакавіку 2005 г. кіраўнік фонду «Сіён Капітал» Майкл Бэры наймае ў Купэртына (штат Каліфорнія) новага супрацоўніка Дэвіда, якому расказвае пра абвал рынка нерухомасьці на 80% падчас Вялікай дэпрэсіі 1930-х гадоў, бо адсоткі з паловы закладаў перасталі выплачваць. Папераджальным паказьнікам Майкл назваў рост складанасьці і ўзроўню махлярства. Дэвід дзівіцца, што махлярства дасягнула ўзроўня 1933 году. Майкл пытае пра дзіўнасьць уздыму рынка нерухомасьці ў «тэхнасталіцы сьвету» Сан-Хасэ пасьля разрыву бурбалкі даткомаў у 2001 годзе. Дэвід адмаўляе дзіўнасьць, бо лічыць рынак нерухомасьці ўстойлівым і нізкарызыкоўным. У якасьці першага заданьня Майкл даручае Дэвіду знайсьці 20 найбольш пашыраных закладных аблігацыяў, каб даведацца пра заклады ў кожнай зь іх. Дэвід у зьдзіўленьні зазначае, што тыя аблігацыі складаюцца з «тысячаў тысяч» закладаў.

Майкл Бэры паведамляе ўкладальніку Лоўрэнсу Філдзу пра намер зрабіць продаж без пакрыцьця на рынку нерухомасьці, бо закладныя аблігацыі складаюцца з крайне рызыкоўных пазыкаў з плавальнай стаўкай. Лоўрэнс згадвае заяву старшыні Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Алана Грынспэна ў той дзень, што бурбалкі ёсьць толькі месцамі, а неплатаздольнасьці рэдкія. Майкл кажа: «Грынспэн памыляецца», і дадае: «Калі большасьць плавальных ставак укінецца ў 2007-м, пачнецца іх (аблігацыяў) абвал. Калі яны абваляцца больш як на 15%, усе аблігацыі стануць бязвартаснымі». Лоўрэнс у сумневе нагадвае, што тыя аблігацыі складаюцца з «тысячаў старонак закладаў», якія чытаюць толькі юрысты, якія іх складаюць. Майкл кажа, што прачытаў іх. Тады Лоўрэнс згадвае пра неіснаваньне апцыёнаў на продаж без пакрыцьця закладных аблігацыяў, бо тыя надта ўстойлівыя. У адказ Майкл кажа пра намер прапанаваць банку стварыць такі апцыён, каб набыць яго. У нью-ёрскай сядзібе банка «Голдман-Сакс» Марк Бэры дамаўляецца пра набыцьцё кантракту на абмен закладных аблігацыяў, які акупіцца ў выпадку іх неплатаздольнасьці. Колькасны аналітык Дыб Ўінстан нагадвае, што тыя аблігацыі могуць абваліцца толькі ў выпадку неплатаздольнасьці па закладах мільёнаў амэрыканцаў. Бэры прызнае, што такое ўкладаньне выглядае дурнаватым, «калі грунтавацца на пераважным настроі рынка, банкаў і папулярнай культуры», але лічыць, што «ўсе памыляюцца». Затым ён выказвае заклапочанасьць, каб банк быў здольны да выплаты, калі аблігацыі абваляцца. Фінансістка Люсі выстаўляе ўмову выплаты штомесячных унёскаў у выпадку росту аблігацыяў. Бэры пагаджаецца і падае разьлікі 6 закладных аблігацыяў, якія жадае прадаць без пакрыцьця. Банкіры выказваюць гатоўнасьць прадаць яму кантракт на абмен неплатаздольнай пазыкі ў $5 млн. Тады Бэры пытае пра павелічэньне кантракту да $100 млн, з чым банкір пагаджаецца. У «Нямецкім банку» Бэры дамаўляецца пра кантракт на $200 млн. Такія самыя кантракты ён заключае ў «Банку Амэрыкі» і банках «Бэар-Стэрнз» і «Швайцарскі крэдыт».

На вечарыне банкіраў «Нямецкага банка» распараднік Джарэд Вэнэт даведваецца аб кантракце на абмен неплатаздольнай пазыкі ў $200 млн, які заключылі з кіраўніком фонду з Каліфорніі. На наступны дзень Майкл Бэры паведамляе Лоўрэнсу Філдзу пра кантракты на $1,3 млрд. Джарэд Вэнэт памылкова тэлефануе ў фонд «Фронт Поінт», дзе паведамляе Дэні Моўзэсу пра продаж без пакрыцьця іпатэчных аблігацыяў. Колькасны аналітык фонду Вінсэнт Пітэрс пытае пра Індэкс забясьпечаных актывамі каштоўных папераў, які паказвае вартасьць закладных аблігацыяў. Дэні высьвятляе, што той індэкс упаў летась на 3 пункты. Кіраўнік фонду Марк Баўм запрашае Вэнэта, які паведамляе, што даўней закладныя аблігацыі складаліся з тысячаў закладаў, якія мелі найвышэйшы ўзровень даверу, бо за іх ручаўся ўрад ЗША. Аднак Вэнэт зазначыў, што сучасныя закладныя аблігацыі зьяўляюцца прыватнымі і «складаюцца са слаёў кавалкаў», у тым ліку неплатаздольных. У выніку ў іх улучаюць заклады без спраўджаньня даходу даўжніка. Узровень нясплаты вырас з 1% да 4% і, паводле Вэнэта, пры дасягненьні 8% закладныя аблігацыі абваляцца. Баўм дзівіцца невядомасьці такога разьліку. Тады Вэнэт паказвае на свайго колькаснага аналітыка, які заняў 2-е месца на нацыянальным матэматычным спаборніцтве ў Кітаі. Вінсэнт Пітэрс пытае пра спосаб прадаць без пакрыцьця такія аблігацыі. Вэнэт прапануе абмен неплатаздольнай пазыкі, які параўновае са страхоўкай аблігацыі. Калі аблігацыя прагарае, можна зарабіць 10-кратны прыбытак параўнальна з укладаньнем. Паводле Вэнэта, ніхто не зьвяртае на гэта ўвагу, бо банкі атрымліваюць непамерную плату за продаж гэтых аблігацыяў. Тады Дэні пытае пра законнасьць аблігацыяў. Вэнэт заяўляе, што «ніхто ня ведае, што ў іх». Ён дадае, што бачыў аблігацыі, дзе заклады з найвышэйшым узроўнем даверу складалі 65%, але насамрэч 95% закладаў у іх былі неплатаздольнымі. Затым Вэнэт распавёў, што пры немагчымасьці прадаць рызыкоўную аблігацыю на рынку, банкі не запісваюць яе сабе ў страту. Замест гэтага яны зьбіраюць такія аблігацыі ў забясьпечаныя даўгавыя абавязкі (ЗДА), якія называюць «разнастайнымі». Тады рэйтынгавыя службы даюць ЗДА найвышэйшы ўзровень даверу на 92% іх складу. Тым часам, паводле Вэнэта, фонды ставяцца да ЗДА, як да дзяржаўных аблігацыяў. Дэні Моўзэс прыгадвае, што летась продажы іпатэчных аблігацыяў у ЗША склалі $500 млрд. Марк Баўм прапануе праверыць, ці мае Вэнэт рацыю наконт бурбалкі на рынку закладаў нерухомасьці.

А 16:50 суўладальнікі фонду «Браўнфілд» Чарлі Гелер і Джэймі Шыплі сустракаюцца супрацоўнікам банка «Морган-Чэйз» на імя Крыс. Джэймі кажа пра патрэбу ў гандлёвай плятформе банка. Чарлі паведамляе пра кіраваньне $30 млн уласных грошай фонду ў Болдэры (штат Каларада), які стварылі 4 гады таму на $110 000. Джэймі прапануе пагадненьне Міжнароднага аб’яднаньня абменаў і вытворнікаў (МААВ), каб гандляваць доўгатэрміновымі апцыёнамі. Аднак Крыс заўважае, што ім не стае $1,47 млрд капіталу для пагадненьня МААВ, і разьвітваецца. Джэймі прыгадвае, што з «Банк Амэрыкі» і банк «Бэар-Стэрнз» нават не ператэлефанавалі, а «Ваковія» адмовіла адразу. Перад сыходам з банка Чарлі і Джэймі прачыталі ў часопісе Джэймза Гранта «Аглядальнік працэнтных ставак» пра 10-кратны прыбытак ад абмену неплатаздольнай пазыкі па закладной аблігацыі і будучы абвал рынка нерухомасьці.

Дэні і Портэр прылятаюць у Маямі (штат Флорыда), дзе Дэні даведваецца пра запіс закладу на мянушку сабакі ўласьніка дома. Высьвятляецца, што цэлыя вуліцы выселілі за нясплату па закладах. Тым часам Лоўрэнс Філдз прыляцеў да Майкла Бэры, які прызнае страту 17% за год. Пагатоў Майкл кажа пра 5-кратны рост махлярства на закладах з 2000 году. Лоўрэнс абураецца $80 млн штогадовага ўнёску за продаж без пакрыцьця і тым, што зьняцьцё ўкладальнікамі звыш $302 млн можа прывесьці да скасаваньня кантрактаў абмену і пакіданьня забесьпячэньня ў банках. Падчас супольнай паездкі пад Маямі ўдзельнікі фонду «Фронт Поінт» заўважаюць распродаж дамоў іх уласьнікамі. Пара мясцовых брокераў паведамляе ім пра 6-кратны рост за 4 гады продажу закладаў, 90% якіх мелі плавальныя стаўкі. Брокеры выкрываюць сябе аповедамі аб продажы закладаў пры адсутнасьці даходу ў даўжнікоў, у тым ліку перасяленцаў. Іх зацікаўленасьць выявілася ў тым, што брокер атрымліваў $2000 з заклада пад цьвёрдую стаўку, і $10 000 пад плавальную. Мясцовая танцорка распавяла, што амаль усе жыхары ваколіцаў маюць другую пазыку на дом, каб пакрыць выплаты па першай. Марк Баўм паведаміў ёй, што тая ня зможа надалей выплачваць пазыкі, бо рост цэнаў на жытло спыніўся. На яго загад Вінсэнт тэлефануе Вэнэту, у якога замаўляе абмен неплатаздольных закладных аблігацыяў на $50 млн.

2006—2008 гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 2006 г. Джэймі і Чарлі тэлефануюць былому гандляру банка «Морган-Чэйз» у Сынгапуры Бэну Рыкарту, зь якім Джэймі пазнаёміўся пры выгуле сабакаў. Бэн прызнае, што знойдзеныя імі забясьпечаныя даўгавыя абавязкі (ЗДА) зьяўляюцца бязвартаснымі. Чарлі згадвае 25-кратную прыбытковасьць іх продажу без пакрыцьця. Бэн згаджаецца дапамагчы Джэймі і Чарлі заключыць пагадненьне МААВ зь «Нямецкім банкам» і банкам «Бэар-Стэрнз», для чаго ўсе трое лётаюць у Нью-Ёрк. 11 студзеня 2007 г. Вінсэнт Пітэрс заўважае рост цэнаў на закладныя аблігацыі насуперак скоку ў неплатаздольнасьці па іх. Вэнэт патрабуе $1,9 млн забесьпячэньня да закрыцьця Нью-Ёрскай фондавай біржы. Ацэньвальнікі рызыкі з банка «Морган-Стэнлі» заклікаюць сваю супрацоўніцу Кэці Таў пераканаць Марка Баўма прадаць кантракты на абмен. Яны лічуць 6-гадовую страхоўку ад іпатэчнага абвалу «безразважным укладаньнем». Тады Вінсэнт перадае ад Марка, каб тыя асадзілі назад. Марк і Вінсэнт сустракаюцца з супрацоўніцай рэйтынгавай службы «Стандарт і Пуэр» Джорджыяй Хэйл. Тая прызнае, што служба летась не адмовіла ніводнай закладной аблігацыі ў вышэйшым узроўні даверу праз боязь таго, што банкі-эмітэнты зьвернуцца да канкурэнтнай службы «Мудзі» ў суседнім будынку.

Джэймі скардзіцца Бэну на грашовы перавод $70 000 банкам, хоць пратэрміноўкі па закладах вырасьлі. Чарлі прапануе набыць большы кантракт абмену, бо банкі хаваюць нікчэмнасьць ЗДА. 28-31 студзеня 2007 году ўдзельнікі фондаў «Фронт Поінт» і «Браўнфілд» наведваюць Амэрыканскі форум каштоўных папераў у Лас-Вэгасе (штат Нэвада), на які прыяжджаюць гандляры аблігацыямі, ЗДА і кантрактамі абмену. На нарадзе ў зале гасьцініцы «Палац Цэзара» кіраўнік «Апцыён Адзін» згадвае леташнюю страту 5% у аддзеле закладаў. Марк Баўм перапыняе яго цьверджаньнем пра будучае павышэньне стратаў. Джэймі Шыплі даведваецца ад былой сяброўкі брата Эві, якая працуе ў Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША, што Камісія перастала расьсьледаваць парушэньні з закладнымі аблігацыямі пасьля скарачэньня каштарысу. Эві рассылае рэзюмэ для найму ў банкі і заляцаецца да банкіра «Голдман-Сакс» Дага. Чарлі высьвятляе, што прадстаўнік банка «Бэар-Стэрнз» прапануе абмен рызыкоўных аблігацыяў па цане, якая бывае пры чаканьні іх абвалу. Тады ён прапануе зьдзелку зь менш рызыкоўнымі ЗДА, забясьпечанымі на 25% замест заяўленых 95%. Джэймі пагаджаецца, бо прыбытак па іх 200-кратны. Фонд «Браўнфілд» набывае кантракты іх абмену на $15 млн у «Бэар-Стэрнз» і на $40 млн у іншым банку. Бэн Рыкерт перапыняе сьвяткаваньне зьдзелкі Чарлі і Джэймі, бо тыя паставілі супраць амэрыканскай гаспадаркі. Бэн тлучамыць, што калі яны маюць рацыю, то многія людзі страцяць жытло, заробак, ашчаджэньні і пэнсіі. Таксама Бэн прыводзіць прыклад росту сьмяротнасьці на 40 000 пры росьце беспрацоўя на 1%.

Марк Баўм сустракаецца ў Лас-Вэгасе з распараднікам ЗДА прадпрыемства «Дарадцы Хардынга» Вінам Чаў са штата Нью-Джэрзі. Ад імя ўкладальнікаў Чаў набывае ЗДА ў банка «Мэрыл-Лінч», які за гэта дае яму кліентаў і камісійныя выплаты. Пасьля такога прызнаньня Марк Баўм таксама даведваецца, што некалькі ЗДА спалучаюць у ЗДА ў квадраце, на якія ў сваю чаргу прадаюць кантракты абмену пад назвай «сынтэтычныя ЗДА» (забясьпечаныя даўгавыя абавязкі). Чаў дадае, што на кожныя $50 млн пазыкаў прыходзіцца $1 млрд сынтэтычных ЗДА, а рынак страхаваньня закладных аблігацыяў 20-кратна перавышае выпуск саміх закладаў. Па сыходзе Марк Баўм даручае Джарэду Вэнэту прадаць без пакрыцьця пры дапамозе кантрактаў абмену ЗДА, якімі распараджаецца Він Чаў. Майкл Бэры паведамляе ўкладальнікам праз электронную пошту, што абмяжоўвае адкліканьне сродкаў, бо «рынак закладных аблігацыяў ёсьць махлярскім». 2 красавіка 2007 г. найбольшы пазычальнік ЗША пад заклады «Новае стагодзьдзе» абвяшчае пра сваё разарэньне і звальняе 3200 супрацоўнікаў. Марк Баўм адмаўляе Кэці Таў у збыце «Морган-Стэнлі» свайго продажу без пакрыцьця. Фінансістка Люсі з «Голдман-Сакс» кажа Майклу Бэры, быццам вартасьць страхавога кантракту не зьмянілася насуперак падзеньню аблігацыяў, якія той страхуе. Чарлі паведамляе Джэймі, што Індэкс каштоўных папераў, забясьпечаных кавалкавымі актывамі, сьведчыць пра бязвартаснасьць ЗДА. Тым часам «Бэар-Стэрнз» не зьмяняе цаны кантрактаў іх абмену, каб збыць ЗДА. Джэймі і Чарлі зьвяртаюцца да журналіста «Часопіса вуліцы Мура» Кейсі, які быў іх аднакурсьнікам, каб той выкрыў продаж банкамі аблігацыяў без папярэдняга зьняцэньваньня. Аднак Кейсі адмаўляецца, бо рэйтынгавыя службы не пацьвярджаюць іх выкрыцьцё.

Джарэд Вэнэт кажа Марку Баўму, што попыт на ЗДА і закладныя аблігацыі зьнік, і «ўсе жадаюць кантракты абмену». Ён згадвае, што аддзел аблігацыяў «Морган-Стэнлі», пад дахам якога працуе фонд «Фронт Поінт», панёс істотныя страты. Кэці Таў паведамляе Марку Баўму, што Бэн Клігер з аддзела аблігацыяў «Морган-Стэнлі» 2 гады таму пачаў прадаваць без пакрыцьця рызыкоўныя іпатэчныя аблігацыі на $2 млрд. Аднак камісійныя выплаты па кантрактах абмену перавысілі прыбытак, таму ён збыў кантракты абмену менш рызыкоўных аблігацыяў. У выніку Кэці прызнае страту банкам $15 млрд. Марк загадвае Вінсэнту прадаць без пакрыцьця акцыі банкаў. Джарэд Вэнэт атрымлівае чэк на $47 млн за брокерства. Дыб Ўінстан з «Голдман-Сакс» тэлефануе Майклу Бэры, каб выкупіць яго кантракты продажу без пакрыцьця. Майкл Бэры прадае без пакрыцьця на $1,3 млрд, што прыносіць Лоўрэнсу $489 млн прыбытку. Джэймі нагадвае Чарлі пра набыцьцё імі 80% кантрактаў абмену ў «Бэар-Стэрнз», супраць якога завялі судовую справу. Яны тэлефануюць Бэну Рыкерту ў Ангельшчыну, дзе той адпачывае зь сям’ёй на курорце Эксмут (графства Дэфан). Седзячы ў мясцовым пабе «Чорны конь», Бэн прадае іх кантракты абмену неплатаздольнай пазыкі «Швайцарскаму крэдыту» і «Зьвязу банкаў Швайцарыі» за $80 млн. Бэн кажа Джэймі і Чарлі, што пад уплывам амэрыканскага абвалу «Грэцыя і Ісьляндыя прапалі», а «Гішпанія гайдаецца».

У сакавіку 2008 г. старшыня банка «Бэар-Стэрнз» Брус Мілер і Марк Баўм выступілі на прылюдным абмеркаваньні. Брус Мілер згадаў пазыку ад «Морган-Чэйз». Як трымальнік акцыяў свайго банка на $200 млн, Мілер заявіў, што зьбіраецца набыць іх яшчэ. Марк Баўм кажа, што банкі Нью-Ёрка выкарысталі распрацаваныя Люісам Рэньеры закладныя аблігацыі для махлярства, што разбурае сусьветную гаспадарку. Баўм турбуецца, што «цягам 15 000 гадоў махлярства ніколі не спрацоўвала». У адказ Мілер зазначае, што за ўвесь час існаваньня інвэстыцыйныя банкі Нью-Ёрка абвальваліся толькі ў выпадку выкрыцьця злачыннай дзейнасьці. Тады слухач устае і кажа, што за час абмеркаваньня акцыі «Бэар-Стэрнз» упалі на 38%. 15 верасьня 2008 г. банк «Браты Ліманы» разараецца. Вінсэнт заклікае Марка Баўма прадаваць без пакрыцьця, бо акцыі «Морган-Чэйз» упалі з $23 да $10. Марк кажа, што ўрад выкупіць банкі, бо сакратар скарбу Генры Полсан і старшыня ФРС Бэн Бэрнанке толькі што выйшлі зь Белага дому. Вінсэнт адзначае, што інакш грошы перасталі б выходзіць з банкаматаў. Ён адзначае, што пры продажы фонд «Фронт Поінт» заробіць $1 млрд, а сам Марк — $200 млн. Марк пагаджаецца на продаж. Майкл Бэры закрывае фонд «Сіён Капітал», вартасьць якога вырасла на 489% у выніку прыбытка ў $2,69 млрд. У якасьці тлумачэньня ён піша ўкладальнікам, што «ўсе паважаныя мною людзі перасталі размаўляць са мной, акрамя як праз праўнікаў» і што тыя зважаюць на знаёмую ўладнасьць, якой ён не валодае, замест рэчаіснасьці і вынікаў.

Акторы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Майкл Бэры(en), кіраўнік фонду «Сіён Капітал» — Крыстыян Бэйл
  • Лоўрэнс Філдз, укладальнік фонду «Сіён Капітал» — Трэйсі Лец
  • Марк Баўм, кіраўнік фонду «Фронт Поінт» — Стывэн Кэрэл
  • Сінтыя Баўм, жонка Марка Баўма — Марыса Томэй
  • Вінсэнт Пітэрс, колькасны аналітык фонду «Фронт Поінт» — Джэрэмі Стронг
  • Портэр Колінс, супрацоўнік фонду «Фронт Поінт» — Хэміш Лінклэйтэр
  • Дэні Моўзэс, супрацоўнік фонду «Фронт Поінт» — Рэйф Спол
  • Джарэд Вэнэт, распараднік «Нямецкага банка» ў Нью-Ёрку — Раян Госьлінг
  • Чарлі Гелер, суўладальнік фонду «Браўнфілд» — Джон Магара
  • Джэймі Шыплі, суўладальнік фонду «Браўнфілд» — Фін Ўітрок
  • Бэн Рыкерт, адстаўны гандляр банка «Морган-Чэйз» у СынгапурыБрэд Піт
  • Люіс Рэньеры(en), намесьнік старшыні банка «Браты Саламоны» — Рудзі Айзэнгоф
  • Кэці Таў, супрацоўніца банка «Морган-Стэнлі» — Адэпэра Одзюе
  • Джорджыя Хэйл, супрацоўніца рэйтынгавай службы «Стандарт і Пуэр» — Мэліса Лео
  • Джэймз, брокер закладаў для танцорак — Макс Грынфілд
  • Брокер закладаў для перасяленцаў — Біл Магнусэн
  • Эві, супрацоўніца Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША — Карэн Гілан
  • Він Чаў, распараднік ЗБА прадпрыемства «Дарадцы Хардынга» — Байран Ман
  • Люсі, фінансістка банка «Голдман-Сакс» — Ванэса Клоўк
  • Дыб Ўінстан, колькасны аналітык банка «Голдман-Сакс» — Раджыў Джэйкаб
  • Брус Мілер, старшыня банка «Бэар-Стэрнз» — Тоні Бэнтлі
  • Танцорка — Гэйлен Бойд
  • Кіраўнік прадпрыемства «Апцыён Адзін» — Ал Сап’енца
  • Кейсі, журналіст «Часопіса вуліцы Мура» — Лайл Браката

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Названыя намінанты на прэмію «Залаты глёбус» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 11 сьнежня 2015 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  2. ^ Галівудзкі актор Крысьціян Бэйл сур’ёзна пашкодзіў калена // Газэта «Зьвязда», 27 красавіка 2015 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  3. ^ Павал Сьвярдлоў. Нобэлеўскі ляўрэат 2017 году і Сэлена Гомэс распавядаюць пра фінансавы крызіс // Эўрарадыё, 9 кастрычніка 2017 г. Архіўная копія ад 9 кастрычніка 2017 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  4. ^ Ды Капрыа атрымаў узнагароду кінакрытыкаў ЗША «Выбар крытыкаў» // Радыё «Спадарожнік», 18 студзеня 2016 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  5. ^ «Гульню на паніжэньне» гільдыя кінапрадусараў прызнала фільмам году // Радыё «Спадарожнік», 24 студзеня 2016 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  6. ^ Названыя пераможцы прэміі Гільдыі сцэнарыстаў ЗША // «Хартыя’97», 14 лютага 2016 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  7. ^ Ірэна Кацяловіч. У Ды Капрыё зьявілася больш шанцаў атрымаць запаветны Оскар // Газэта «Зьвязда», 15 лютага 2016 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.
  8. ^ Менскія кінатэатры пакажуць ляўрэатаў «Залатога глёбуса - 2016» // БелТА, 15 студзеня 2016 г. Архіўная копія ад 15 студзеня 2016 г. Праверана 27 студзеня 2018 г.