Сымон Рак-Міхайлоўскі
Сымон Рак-Міхайлоўскі лац. Symon Rak-Michajłoŭski | |
Пасол польскага Сэйму | |
---|---|
1922 — 1927 | |
Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада | |
1917 — 1917 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
2 (14) красавіка 1885 Максімаўка, Вялейскі павет |
Памёр: |
27 лістапада 1938 (53 гады) Менск, БССР |
Партыя: |
БСГ, БСРГ, КПЗБ, ВКП(б) |
Дзеці: | двое |
Адукацыя: | |
Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі, пс.: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак; Крыптанімы: С. Р., Р.-М., Сымон Р., Сымон Р-к (2 (14) красавіка 1885, в. Максімаўка, Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён — 27 лістапада 1938, Менск) — беларускі публіцыст, рэдактар, паэт, грамадзка-палітычны дзяяч. Пасол сейму Другой Рэчы Паспалітай. Арганізатар і чалец ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай народнай рады. Аўтар музыкі на словы Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1900—1904 вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі; потым настаўнічаў на Маладэчаншчыне. У час рэвалюцыі 1905—1907 за распаўсюджаньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зьняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым вымушаны зьехаць у Крым. У 1912 у Фэадосіі скончыў пэдынстытут. Вярнуўся на радзіму. Арганізоўваў беларускія школы. Стаў чальцом БСГ.
З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 мабілізаваны ў расейскае войска. Ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»).
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 сябра Рады БНР. У 1918—1919 сябра Беларускай вайсковай камісіі.
У 1918—1920 жыў у Горадні, працаваў у беларускай гімназіі. Рэгулярнай публіцыстычнай творчасьцю пачаў займацца з 1919. У 1920—1922 дырэктар Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.
У 1922 абраны дэпутатам сейму Другой Рэчы Паспалітай ад Блёку нацыянальных меншасьцяў. Ад 1923 чалец Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 — Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 намесьнік старшыні ЦК БСРГ. Ад 1926 сябра КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клюбу БСРГ»; сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. У 1926 годзе стаў Старшынём Наглядальнае рады Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні.
Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15 студзеня 1927. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 на «працэсе 56-і» асуджаны да 12 гадоў турмы. Паводле рашэньня апэляцыйнага суду вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэту «Змаганьне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930 перабраўся ў Менск.
Зь лютага 1931 і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 быў чальцом ЦВК БССР.
Арыштаваны ДПУ БССР 16 жніўня 1933 у Менску па адрасе: вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 рашэньнем судовай калегіі АДПУ СССР як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягероў. Адпраўлены на Салаўкі. 5 верасьня 1937 этапаваны ў Менск, дзе 14 лістапада 1938 «асобай тройкай» НКУС БССР прыгавораны да расстрэлу.
Рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА 18 красавіка 1956. Асабовая справа Р. № 10182-с (спынена 16 жніўня 1956) захоўваецца ў архіве КДБ РБ.
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гутарка аб беларускай мове. Мн., 1919;
- Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. Вільня, 1924;
- Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клюбу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. Вільня, 1924;
- Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Вільня, 1926.
- Турэмны дзённік Сымона Рак-Міхайлоўскага // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 48—97.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон Аляксандравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон Аляксандравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Алесь Пашкевіч. Сымон Рак-Міхайлоўскі: старонкі жыцця і дзейнасці // «Куфэрак Віленшчыны» № 1 (12), 2007. С. 4—30.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 14 красавіка
- Нарадзіліся ў 1885 годзе
- Памерлі 27 лістапада
- Памерлі ў 1938 годзе
- Выпускнікі Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі
- Нарадзіліся ў Маладэчанскім раёне
- Удзельнікі Першай сусьветнай вайны
- Палітыкі БНР
- Беларуская вайсковая камісія
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Беларускія парлямэнтарыі Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі
- Беларускія палітыкі
- Дэпутаты Сойму Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Памерлі ў Менску
- Расстраляныя