Зорка Вэнэра (песьня)
Зорка Вэнэра — песьня (раманс) Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш «Зорка Вэнэра» Максіма Багдановіча.
Словы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Вэнэра ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханьнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстаньні
Там зь ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскросла каханьне,
Глянь іншы раз на яе…
Выкарыстаньне ў опэры і аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раманс «Зорка Вэнэра» стаў лейтматывам опэры кампазытара Юрыя Семянякі, пастаўленай на лібрэта Алеся Бачылы ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам дырыгента Кірыла Ціханава рэжысэрам Сямёнам Штэйнам. З-за таго, што С. Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведачнай літаратуры падавалася народным, а пасьля выкарыстаньня музыкі ў опэры аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.