Стэнлі Прузінэр
Стэ́нлі Бэн Прузі́нэр (па-ангельску: Stanley B. Prusiner; нар. 28 траўня 1942, Дэ-Мойн , Аёва, ЗША) — амэрыканскі лекар, прафэсар нэўралёгіі і біяхіміі Ўнівэрсытэту Каліфорніі ў Сан-Францыска.
Прузінэр адкрыў новую клясу інфэкцыйных самаўзнаўляльных патагенаў — прыёнаў, цалкам або часткова бялкова рэчыўных. За свае дасьледаваньні ўганараваны Нобэлеўскай прэміяй па мэдыцыне 1997 року і шматлікімі іншымі ўзнагародамі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Дэ-Мойне (штат Аёва, ЗША) у сям’і жыдоўскіх імігрантаў з Расейскай імпэрыі. Продкі навукоўца жылі ў XVIII стагодзьдзі ў местах Менск, Шклоў, Магілёў, Пружаны. Напрыканцы XIX стагодзьдзя прадзед Стэнлі, юрыст Вульф Прузінэр, які пражываў у Маскве, быў вымушаны зьехаць у Амэрыку з-за высяленьня жыдоў з Масквы.
Стэнлі скончыў Пэнсыльванскі ўнівэрсытэт са ступеньню бакаляўра па хіміі і Школу мэдыцыны Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту са ступеньню доктара мэдыцыны[6]. Пасьля гэтага быў інтэрнам у Каліфарнійскім унівэрсытэце, дзе займаўся дасьледаваньнем глютаміназаў у кішачных прутках.
Адпрацаваўшы тры рокі ў Нацыянальным інстытуце аховы здароўя, Прузінэр вярнуўся ў Каліфарнійскі ўнівэрсытэт дзеля працягу студый у галіне нэўралёгіі. Па сканчэньні рэзыдэнцыі ў 1974 року Прузінэр займаў розныя пасады ва ўнівэрсытэтах Сан-Францыска і Бэрклі.
У 1992 року Стэнлі Прузінэр быў абраны чальцом Нацыянальнай акадэміі навук ЗША, а ў 2007 — у яе кіроўную раду. Ён таксама зьяўляецца чальцом Амэрыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1993), Лёнданскага каралеўскага таварыства (1996), Амэрыканскага філязофскага таварыства (1998) і Сэрбскай акадэміі навук і мастацтваў (2003).
У 2009 року навуковец наведаў Беларусь, быў у музэі гісторыі і культуры жыдоў Беларусі.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1997 року Стэнлі Прузінэр атрымаў Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне за сваю працу па тлумачэньні асноўных прычынаў узьнікненьня губчастае энцэфаляпатыі буйной рагатай жывёлы («каровінае шаленства») і яе чалавечага эквіваленту, захворваньня Кройцфэльда-Якаба[6]. У гэтай працы ён увёў тэрмін «прыён» (анг. prion — спалучэньне ад словаў «proteinaceous» і «infectious») для апісаньня раней невядомай біялягічнай формы інфэкцыі[7]. Стэнлі Прузінэр дадаў прыёны ў сьпіс такіх добра вядомых інфэкцыйных агентаў, як бактэрыі, вірусы, грыбы ды іншыя паразыты. У нармальных умовах прыёны — асаблівыя варыянты няшкодных клеткавых бялкоў. Аднак яны маюць прыродную здольнасьць пры пэўных умовах ператварацца ва ўстойлівыя структуры, якія ёсьць прычынаю некалькіх сьмяротных захворваньняў галаўнога мозгу ў людзей і жывёл.
Прыённыя хваробы могуць быць спадчыннымі, перадавацца ад хворае да здаровае асобы, або ўзьнікаць спантанна. Паражоны ўчастак мозгу мае характэрную губчастую структуру (гэты факт адлюстраваны ў назове аднае з хвароб, што выкліканыя прыёнамі — губчастая энцэфаляпатыя). Такія структуры сьведчаць пра вялікую колькасьць пашкоджаных нэрвовых клетак, што прыводзіць да выражаных нэўралягічных сымптомаў, такіх як зьніжэньне мышачнага тонусу, недаўсьціп, страта памяці ды бязсоньне.
Адкрыцьцё Стэнлі Прузінэра дапамагае зразумець біялягічныя мэханізмы іншых дэмэнцыяў (лац. атрыманы недаўсьціп), такіх, напрыклад, як хвароба Альцгаймэра і, мажліва, неўзабаве дазволіць стварыць новыя лекі і новую стратэгію лекаваньня захворваньняў, якія спрычынваюць ненармальнае функцыянаваньне галаўнога мозгу.
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прэмія імя Патамкінай за дасьледаваньні хваробы Альцгаймэра (Амэрыканская акадэмія нэўралёгіі, 1991)
- Прэмія 500-годзьдзя адкрыцьця Хрыстафора Калюмба ў біямэдычнай галіне (Нацыянальны інстытут аховы здароўя ЗША, 1992)
- Прэмія фундацыі «Metropolitan Life» за мэдычныя дасьледаваньні (1992)
- Прэмія Дыксана за выбітныя навуковыя дасягненьні (Унівэрсытэт Пітзбургу, 1992)
- Прэмія Чарлза А. Даны за піянэрскія дасягненьні ў ахове здароўя (1992)
- Прэмія Рычарда Лаўнзбэры за экстраардынарныя навуковыя дасьледаваньні (Нацыянальная акадэмія навук ЗША, 1993)
- Міжнародная прэмія фундацыі «Гайрднэр» за выбітныя дасягненьні ў мэдыцынскай навуцы (1993)
- Прэмія карпарацыі «Bristol-Myers Squibb» за выбітныя дасягненьні ў нэйралягічных дасьледаваньнях (1994)
- Прэмія Альбэрта Ласкера за фундамэнтальныя мэдычныя дасьледаваньні (Фундацыя Альбэрта і Мэры Ласкераў, 1994)
- Прэмія Паўля Рэліха (Фундацыя Паўля Эрліха і ФРН, 1995)
- Прэмія Вольфа па мэдыцыне (Фундацыя Вольфа і Дзяржава Ізраіль, 1996)
- Міжнародная прэмія Кэйё за мэдычныя дасьледаваньні (Унівэрсытэт Кэйё, Японія, 1996)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Stanley B. Prusiner // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Stanley B. Prusiner // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Stanley Prusiner // Munzinger Personen (ням.)
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ NNDB (анг.) — 2002.
- ^ а б The Nobel Prize in Physiology or Medicine 1997. Stanley B. Prusiner. Autobiography (анг.) The Official Web Site of the Nobel Prize. Nobel Prize. Праверана 21 верасьня 2012 г.
- ^ What really causes mad cow disease?. Wired (January 31, 2007). Праверана 2007-01-02 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зьвесткі пра Стэнлі Прузінэра (анг.) на бачыне Нобэлеўскага камітэту
- Нарадзіліся 28 траўня
- Нарадзіліся ў 1942 годзе
- Нарадзіліся ў Аёве
- Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыялёгіі ці мэдыцыны
- Ляўрэаты міжнароднай прэміі Гайрднэра
- Ляўрэаты прэміі Паўля Эрліха і Людвіга Дармштэтэра
- Узнагароджаныя Нацыянальным мэдалём навукі ЗША
- Замежныя сябры Лёнданскага каралеўскага таварыства
- Лекары ЗША
- Біяхімікі ЗША
- Сябры і сябры-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША
- Сябры Лёнданскага каралеўскага таварыства
- Сябры Сэрбскай акадэміі навук і мастацтваў
- Выпускнікі Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту
- Ляўрэаты прэміі Вольфа па мэдыцыне
- Беларускія жыды