Перайсьці да зьместу

Рапс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рапс
Суквецьці рапсу
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
РазьдзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадКапустакаляровыя
СямействаКапуставыя
РодКапуста
Бінамінальная намэнклятура
Brassica napus L.

Рапс (па-лацінску: Brassica napus L. var. oleifera Metzg.) — аднагадовая алейная расьліна сямейства крыжакветных. У прыродзе існуюць дзьве формы распу: рапс яравы і рапс азімы, які мае асноватворнае значэньне. Насеньне рапсу зьмяшчае 48—52% алею, які выкарыстоўваюць у лакафарбавай, мылаварнай, харчовай (маргарынавай) і іншых галінах прамысловасьці. Жмых пасьля прапарваньня скормліваюць быдлу. Рапс азімы вырошчваюць таксама на зялёны корм.

Рапс быў вядомы яшчэ за 4 тысячагодзьдзя да нашай эры. Адны дасьледчыкі лічаць яго радзімай Эўропу, у прыватнасьці ейныя паўночна-заходнія прыбярэжныя раёны, як то прыморскія землі сучасных Швэцыі, Нідэрляндаў і Вялікабрытаніі, іншыя — Міжземнамор’е. На карысьць апошняга ўскосна сьведчыць той факт, што культура рапсу з самых аддаленых часоў была больш распаўсюджаная ў Азіі, дакладней — у Індыі, куды яна, хутчэй за ўсё, пракралася зь Міжземнамор’я.

Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя рапс разам зь іншымі алейнымі крыжакветнымі, як то сьвірэпка й гарчыца, быў у Эўропе даволі распаўсюджанай культурай. Плошчу пад рапс толькі ў адной толькі Нямеччыне дасягала ў той час 300 тысячаў га. Такое параўнальна шырокае распаўсюджваньне да таго часу культуры тлумачыцца выкарыстаньнем рапсавага алею для тэхнічных патрэбаў у сувязі з агульным прамысловым разьвіцьцём попыту на тэхнічны алей. Маладая нафтавая прамысловасьць тады яшчэ не была ў стане задавальняць гэты попыт, і рапс, які апынуўся ў эўрапейскіх агракліматычных умовах адным з самой алейных расьлінаў, шырока культываваўся.

У 2009 г. найбольшымі вытворцамі рапсавага насеньня былі: 1) Кітай, 2) Канада, 3) Індыя. Беларусь знаходзілася на 13-м месцы[1].

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Рапсавы алей — выдатная альтэрнатыва аліўкаваму // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2012. — № 70 (27185). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]