Горад
Го́рад, ме́ста — населены пункт, што адрозьніваецца ад мястэчка альбо вёскі памерам, шчыльнасьцю насельніцтва, значэньнем ці юрыдычным статусам. Звычайна, гарады маюць даволі вялікія памеры і выразную ўласна гарадзкую частку, аднак часам да гарадоў адносяць мясьціны прадмесьцевага ці нават вясковага характару. Аднясеньне населенага пункта да катэгорыі гарадоў афармляецца ў заканадаўчым парадку; пры гэтым крытэр колькасьці насельніцтва гораду адрозьніваецца — ад 250 чалавек у Даніі, да 50 тысячаў чалавек у Японіі.
Места мае свой непаўторны характар, які зьмяняецца ад цэнтру да ўскраінаў. Места ёсьць арэнай грамадзкіх адносінаў, адлюстроўвае сацыяльную структуру грамадзтва. Горад мае разьвіты комплекс гаспадаркі і эканомікі, ён зьяўляецца скупнасьцю архітэктурных і інжынэрных збудаваньняў, якія забясьпечваюць жыцьцезабесьпячэньне насельніцтва. Гарады служылі цэнтрам разьвіцьця мастацтва і рамёстваў, тэхнічных дасягненьняў. Горад — ня проста сума дамоў, гэта самастойны шматаблічны, але суцэльны арганізм[1].
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слова «горад» паходзіць ад дзеяслова «гарадзіць», і ў часы Полацкага ды Тураўскага княстваў пазначала агароджанае паселішча зь сядзібай палітычнай і духоўнай адміністрацыі.[2] Цывілізацыйна старадаўнія гарады мала чым адрозьніваліся ад вёсак.
У часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія гарады праз распаўсюджваньне Майдэборскага права далучаюцца да эўрапейскай гарадзкой супольнасьці. Набыцьцё правоў і прывілеяў разам з узрастаньнем у жыцьці насельнікаў ролі гандлю, рамёстваў й промыслаў спрыялі цывілізацыйнай трансфармацыі гарадзкога паселішча. Гэтая перамена адлюстравалася і ў тэрміналёгіі: з ХІІІ стагодзьдзя[3] назва «горад» у літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках замацоўваецца за старажытнымі замкавымі ўмацаваньнямі, новая частка паселішча, сэрцам якой робіцца рынак, атрымлівае назву «места»[4]. У дадзеным значэньні слова «места» фіксуецца ня толькі ў літаратурнай старабеларускай мове, але і як архаізм[3] у беларускім народным фальклёры. З ХV стагодзьдзя[3] характар места-рынку быў пашыраны на ўсё паселішча, толькі прыметнік «гарадзкі» («гродзкі») працягвае ўжывацца як сынонім слова «замкавы» (напр. гродзкі суд).
Шырокае выкарыстаньне «места» фіксуецца ў час адраджэньня беларускай мовы (2-я палова ХІХ — пачатак ХХ стст). Напрыклад, Францішак Багушэвіч у сваім вершы «Немец» пісаў:
|
У Маскоўска-беларускім слоўніку, выдадзеным братамі Г. і М. Гарэцкімі ў Вільні (1920), «места» даецца як першы беларускі пераклад да расейскага «город».[5]
Слова «места» афіцыйна ўжывалася і ў БССР: «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) эквівалентам расейскага «город» дае беларускія «места», «горад» (менавіта ў такой пасьлядоўнасьці[6]), прысутнічаюць тамака і вытворныя прыметнікі «мескі» й «прымескі» — адпаведныя расейскім «городской» і «пригородный». Аднак пасьля правапіснай рэформы 1933 году, якая паклала пачатак палітыкі русіфікацыі, гэты тэрмін штучна выкідваецца з парэформавых савецкіх слоўнікаў беларускай мовы.[7] Па-за межамі СССР «места» працягвае актыўна выкарыстоўвацца ў якасьці адзінай дапушчальнай назвы вялізнага населенага пункту.[3]
Месты Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1 студзеня 1947 году ў Беларускай ССР налічвалася 66 местаў[8], зь іх:
- 17 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 48 местаў раённага падпарадкаваньня;
- Менск — места рэспубліканскага падпарадкаваньня, сталіца Беларускай ССР, зьяўлялася таксама абласным і раённым цэнтрам.
На 1 студзеня 1999 году ў Беларусі налічвалася 109 местаў[9], на 1 студзеня 2003 году — 110 местаў[10], на 1 студзеня 2004 году — 109 местаў[11], на 1 кастрычніка 2004 году — 111 местаў[12].
На 1 студзеня 2010 году ў Беларусі налічвалася 112 местаў[13], зь іх:
- 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 99 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 85 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
- Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.
27 сакавіка 2012 году гарадзкі пасёлак Астравец атрымаў статус места. У сувязі з гэтым, на 1 красавіка 2012 году ў Беларусі налічвалася 113 местаў, зь іх:
- 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 100 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 86 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
- Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гутнов 1990. С. 351.
- ^ Сяргей Шупа. Горад // Слоўнік Свабоды
- ^ а б в г Станкевіч Я. (пры ўчасьці Ант. Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с. ISBN 5-343-01322-8
- ^ Место // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. — Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
- ^ Маскоўска-беларускі слоўнік (2-е выданьне) / Укладальнікі: Г. Гарэцкі, М. Гарэцкі. — Вільня, 1920. С. 31
- ^ Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. С. 85
- ^ Дзмітрый Шыманскі «Хто знішчыў беларускую мову?» // Дзедзіч, № 5 (24) (лістапад, 2003 г.)
- ^ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление на 1 января 1947 года. — Мн.: Госиздат БССР, 1947. — 303 с. С. 5
- ^ Рэспубліка Беларусь. Аглядна-тапаграфічная карта. Маштаб 1:500 000. Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгеадэзія». — Мн., 2003.
- ^ Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны: Энцыкл. давед. / Аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн.: БелЭн, 2004. — 568 с.: іл. ISBN 985-11-0301-2
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4 С. 724
- ^ Атлас па геаграфіі Беларусі [Карты]. — Мн.: Выд. цэнтр БДУ, 2005. — 40 с. ISBN 985-476-270-X
- ^ Административно-территориальное деление Республики Беларусь на 1 января 2010 года // Статистический ежегодник Республики Беларусь 2010 / Зинковский В.И. и др.. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2009. — С. 26. — ISBN 978-985-6858-58-4
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Гутнов, В. Глазычев. Мир архитектуры. — М.: Молодая гвардия, 1990. — ISBN 5-235-00487-6