Мацей Мяхоўскі
Мацей Мяхоўскі | |
па-польску: Maciej Miechowita | |
Дата нараджэньня | 1457 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 18 верасьня 1523 |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | географ, гісторык, астроляг |
Месца працы | |
Мацей Мяхоўскі (таксама Мацей зь Мехава або Мехавіта, сапраўднае імя Мацей Карпіга; лац. Mathias de Miechow, польск. Maciej Miechowita, Maciej Karpiga z Miechowa; каля 1457, Мехаў каля Кракава — 8 верасьня 1523) — польскі гісторык, географ, прафэсар мэдыцыны, астроляг.
Атрымаў найбольшую вядомасьць як аўтар працаў «Хроніка палякаў» і «Трактат пра дзьве Сарматыі». Восем разоў абіраўся рэктарам Кракаўскай акадэміі, абавязанай, як лічыцца, яму сваім росквітам.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З радзіны мешчаніна. З 1474 году навучаўся ў Кракаўскай акадэміі, у 1476 годзе стаў бакаляўрам, у 1479 годзе — магістрам вольных мастацтваў. З 1483 году працягваў навучаньне ў Італіі, дзе ў 1486 або 1487 годзе атрымаў ступень доктара мэдыцыны. З 1500 году прафэсар мэдыцыны Кракаўскай акадэміі, да 1519 году восем разоў абіраўся яе рэктарам[1].
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1519 годзе выдаў «Хроніку палякаў». Неўзабаве ўвесь арыгінальны тыраж канфіскавалі на загадам кароннага канцлера Яна Ласкага, у выніку чаго частку старонак замянілі на новыя, адрэдагаваныя самім канцлерам (зьмены тычыліся шлюбу Ягайлы з Софʼяй Гальшанскай, элекцыі Яна Ольбрахта і яго валоскай выправы 1497 годзе, панаваньня Аляксандра і пэўных іншых падзеяў). У гэтай працы ўвёў паняцьці пра нараджэньне і пачатках плямёнаў і народаў, славянскай супольнасьці, адводзіў Польшчы цэнтральнае месца ў славянскім сьвеце. Выказаў гіпотэзу пра аўтахтоннасьць славянаў і лякалізаваў іх прарадзіму ў Псарах. Цікавіўся галоўным парадкам усходняй праблематыкай, шмат увагі аддаваў падзеям у Вялікім Княстве Літоўскім, апісаў усе палітычныя акцыі ВКЛ. Крытыкаваў эканамічныя супярэчнасьці ў княстве, якія прыводзілі да падзелу грамадзтва на два пласты — сялянства і магнатаў.
У «Трактаце пра дзьве Сарматыі» ўпершыню зьвярнуў увагу на этнаграфічныя асаблівасьці Русі, Літвы і Жамойці. Упамінаў легенду пра паходжаньне ліцьвінаў ад рымлянаў (Палямонавічаў). Паўтарыў зьвесткі Яна Длугаша, нібы ў былыя часы русіны лічылі літву народам цёмным, вартым пагарды, жабрацкім, таму кіеўскія князі бралі зь іх даніну ў знак падданства толькі дубовай карой і скуранымі пасамі. Зь іншага боку, частку Русі, якая належала да Каралеўства Польскага, апісваў як багатую і прыгожую краіну[2]. Засьведчыў Літву як адну з гістарычных назваў усёй сучаснай Беларусі разам зь Вільняй[3]. Пакінуў наступнае сьведчаньне пра Жамойць і жамойтаў[4]:
Жамойць — паўночная і марозная краіна, мяжуе зь Літвой, Інфлянтамі і Прусіяй… Там зусім не будуюць хатаў або прыстойных будынкаў, а ставяць толькі буданы зь бярвеньня і саломы, падоўжаныя, расьцягнутыя пасярэдзіне і звужаныя на канцах. Параўнальна шырокая ўнізе, такая пабудова, паступова пры надбудаваньні звужваецца і пачынае нагадваць дно [перакінутай] лодкі або шалом. На верхавіне робіцца адно акно, якое дае сьвятло зьверху, а пад ім ачаг — дзеля гатаваньня ежы, а таксама дзеля абароны ад холаду, у якім дранцвее гэтая краіна большую частку году. У такой хаце яны жывуць з жонкамі, дзецьмі, рабамі, рабынямі, быдлам дробным і ўючным, хлебам і ўсякім начыньнем.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Семянчук А. Мацей з Мехава // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2.С. 281.
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 38.
- ^ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Імя тваё Белая Русь / Уклад. Г. Сагановіч. — Менск: Полымя, 1991. С. 97—98.
- ^ Меховский М. Трактат о двух Сарматиях. — М.; Л., 1936.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0