Перайсьці да зьместу

Макс Вэбэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Макс Вэбэр
па-нямецку: Max Weber
Дата нараджэньня 21 красавіка 1864(1864-04-21)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 чэрвеня 1920(1920-06-14)[4][1][2][…] (56 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці пнэўманія[5] і гішпанскі грып[5]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак юрыст, эканаміст, сацыёляг, філёзаф, антраполяг, адвакат, прафэсар унівэрсытэту, музыказнаўца, палітык, гісторык
Навуковая сфэра сацыялёгія рэлігіі[d], гісторыя — навука[d], эканоміка, сацыялёгія, гісторыя, гаспадарка[d] і сацыялёгія арганізацыяў[d]
Месца працы
Сябра ў Pan-German League[d], German Sociological Association[d], Баварская акадэмія навук[d], Гайдэльбергская акадэмія навук[d][7], Гайдэльбергская акадэмія навук[d][7] і Студэнцкая карпарацыя Алеманія Гайдэльберг[d]
Навуковы кіраўнік Левін Гольдшміт[d], Аўгуст Майцэн[d] і Рудольф фон Гнайст[d]
Вучні Альфрэд Шуц[d] і Гаральд Гарфінкель[d]
Бацька Макс Вэбэр[d]
Маці Гэлена Вэбэр[d]
Подпіс Выява аўтографу

Макс Вэ́бэр (па-нямецку: Max Weber; 21 красавіка 1864, Эрфурт, Саксонія, Прусія — 14 чэрвеня 1920, Мюнхэн, Ваймарская рэспубліка) — нямецкі сацыёляг, эканаміст, юрыст. Старэйшы брат вядомага сацыёляга Альфрэда Вэбэра.

Ягоныя ідэі глыбока паўплывалі на наступныя сацыяльныя тэорыі і дасьледаваньні. Вэбэр часьцяком цытуецца разам Эмілем Дзюркаймам і Карлам Марксам, бо ўсе трое зьяўляюцца, па сутнасьці, заснавальнікамі сацыялёгіі[8][9][10][11]. Вэбэр зьяўляўся адным з галоўных прыхільнікаў мэтадалёгіі антыпазытывізму, прытрымліваючыся пазыцыі вывучэньня сацыяльнага дзеяньня праз разумелую сацыялёгію, а не праз чыстую эмпірыку. У аснове такой мэтадалёгіі ляжыць разуменьне мэты і сэнсу, якія людзі надаюць сваім уласным дзеяньням. У адрозьненьне ад Дзюркайма, ён ня верыў у адзіную прычыну і хутчэй выказаў здагадку, што для любога выніку можа быць некалькі прычынаў[12].

Асноўнай інтэлектуальнай праблемай Вэбэра зьяўлялася разуменьне працэсаў рацыяналізацыі, сэкулярызацыі і «вызваленьне ад чараў сьвету», якія ён зьвязваў з ростам капіталізму і ўсталяваньнем эпохі мадэрну[13]. Ён бачыў гэтыя працэсы вынікам новага спосабу мысьленьня аб сьвеце[14]. Вэбэр вядомы дзякуючы тэзу аб тым, што эканамічная сацыялёгія і сацыялёгія рэлігіі спалучаюцца. Такое меркаваньне было распрацавана сацыёлягам у кнізе «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» (ням. Die protestantische Ethik und der Geist des Kapitalismus), у якой Вэбэр канстатаваў, што аскетычны пратэстантызм непасрэдна зьвязаны з ростам рынкавага капіталізму і рацыянальна-прававой нацыянальнай дзяржавы ў краінах Захаду. Ён сьцьвярджаў, што ў аснове росту капіталізму ляжаць менавіта дагматы пратэстантызму. Такім чынам, можна сказаць, што духу капіталізму ўласьцівы пратэстанцкія рэлігійныя каштоўнасьці.

Максімілян Карл Эміль Вэбэр нарадзіўся 21 красавіка 1864 году ў прускім Эрфурце, але ягоная сям’я пераехала ў Бэрлін у 1869 годзе[15][16]. Бацька Макса Вэбэра, таксама як і ягоны сын, быў доктарам права і вядомым палітыкам, займаючы пэўны час па сады парлямэнтара ў Прускім ляндтагу і агульнанямецкім Райхстагу[16][17][18]. Макс быў найстарэйшым зь дзевяці дзяцей у сям’і[17][19]. Дзяцінства і маладосьць Макс правёў у Бэрліне. Зь цягам часу на Вэбэра малодшага паўплывалі шлюбныя і асабістыя супярэчнасьці паміж ягоным бацькам, які атрымліваў асалоду ад зямных задавальненьняў, не зьвяртаючы ўвагі на рэлігійныя і філянтрапічныя справы, і ягонай маці, адданай кальвіністкай, якая імкнулася весьці аскетычны лад жыцьця і прытрымлівалася маральных абсалютысцкіх ідэяў[17][18][20].

Макс Вэбэр (скрайні зьлева) з сваімі братамі.

У 1870 годзе хлопчык пачаў навучаньне ў прыватнай школе Дэбэліна ў Шарлётэнбургу[21][22]. На занятках Вэбэр, сумуючы ад выкладаньняў сваіх настаўнікаў, таемна прачытаў усе сорак тамоў твораў пісьменьніка Ёгана Вольфганга фон Гётэ[21][23]. Пазьней Гётэ зрабіў важны ўплыў на ягоныя думкі і мэтадалёгію[23]. Перад паступленьнем ва ўнівэрсітэт ён прачытаў шмат іншых клясычных твораў, у тым ліку філёзафа Імануіла Канта[15]. На Каляды 1877 году трынаццацігадовы Макс падарыў сваім бацькам два гістарычныя эсэ пад назвай «Пра хаду гісторыі Нямеччыны з асаблівай спасылкай на пазыцыі імпэратара і папы рымскага» і «Пра пэрыяд Рымскай імпэрыі ад Канстантына да перасяленьня народаў». Праз два гады, таксама на Каляды, ён напісаў яшчэ адно гістарычнае эсэ «Назіраньні аб этнічным характары, разьвіцьці і гісторыі індаэўрапейскіх народаў».

У 1882—1884 гадах, ён вывучаў права, філязофію і эканоміку ў Гайдэльбэрскім унівэрсытэце. У 1883—1884 гадах Макс быў вымушаны спыніць вучобу і пайсьці ў войска. У гэты час ён быў у Страсбургу, дзе наведваў заняткі свайго дзядзькі гісторыка Германа Баўмгартэна[17][24], які паўплываў на рост лібэралізму Вэбэра і крытыку дамінаваньня Ота фон Бісмарка ў нямецкай палітыцы[17][25][26]. У першыя некалькі гадоў ва ўнівэрсытэце Вэбэр быў сябрам клюбу, які рабіў акцэнт на пітво піва і фэхтаваньне[27][28]. Падчас трэнаваньняў ён атрымаў некалькі дуэльных шнараў на левым баку твару[29][30][31]. Ягоная маці была незадаволеная ягонымі паводзінамі і дала яму аплявуху, калі ён вярнуўся дадому пасьля заканчэньня трэцяга сэмэстра ў 1883 годзе. Аднак Вэбэр пасталеў, усё часьцей прымаючы бок маці ў сямейных спрэчках ды усё больш адчужаючыся ад бацькі[17][20][31]. Пасьля сканчэньня службы, ён яшчэ год вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Бэрліне, а потым перавёўся ў Гётынген, дзе скончыў сваю вышэйшую адукацыю ў 1886 годзе[28]. Адначасова з вучобай займаўся юрыдычнай практыкай і працаваў выкладчыкам[27][32][33].

У 1886—1893 гадах Макс Вэбэр пасяліўся ў Шарлётэнбургу, прадмесьці Бэрліну, дзе працаваў над сваёй доктарскай дысэртацыяй, якую пасьпяхова абараніў у 1889 годзе. Ягонымі кіраўнікамі на той час былі Левін Гольдшміт і Рудольф фон Гнайст. Абароненая праца была на тэму гісторыі права і мела назву «Разьвіцьцё прынцыпу сумеснай адказнасьці і асобнага фонду агульнага партнэрства хатніх грамадаў і камэрцыйных таварыстваў у італьянскіх гарадах». Гэтая праца была выкарыстаная аўтарам як частка большай працы «Аб гісторыі камэрцыйных партнэрстваў у Сярэднявеччы на грунце дакумэнтаў Паўднёвай Эўропы», якая была апублікаваная ў тым жа годзе[34][35]. Пасьля атрыманьня доктарскай ступені ў 1892 годзе, Макс Вэбэр атрымаў пасаду прафэсара і пачаў выкладаць права ў Бэрлінскім унівэрсытэце. Яшчэ да абароны дысэртацыі Вэбэр выказваў цікавасьць да сучаснай сацыяльнай палітыкі. У 1888 годзе ён далучыўся да Зьвязу сацыяльнай палітыкі, новага прафэсійнага аб’яднаньня нямецкіх эканамістаў, зьвязаных з гістарычнай школай. Яны бачылі ролю эканомікі перш за ўсё ў пошуку разьвязаньня сацыяльных праблемаў эпохі і сталі піянэрамі буйных статыстычных дасьледаваньняў эканамічных пытаньняў. Ён таксама заняўся палітыкай, далучыўшыся да левага руху Эвангельска-сацыяльнага кангрэса[34][36][37]. У 1890 году зьвяз распачаў дасьледчую праграму дзеля вывучэньня польскага пытаньня ў працэсе остфлюхт, якое выяўлялася ў прыбыцьці польскіх сялянаў ува ўсходнюю Нямеччыну, у той час як мясцовыя немцы мігравалі ў гарады Нямеччыны іншых рэгіёнаў, якія хутка індустрыялізаваліся, як то ў Рурскі рэгіён[38]. Вэбэр быў прызначаны адказным за дасьледаваньне, склаўшы канчатковую справаздачу, якая атрымала значную ўвагу ды выклікала спрэчкі, паклаўшы пачатак вядомасьці Вебера як навукоўца-сацыёляга[36][38].

Навуковец з сваёй жонкам Мар’янай у 1894 годзе.

У 1893 годзе ён ажаніўся з Мар’янай Шнітгер, зь якой навуковец ня меў дзяцей[27][39]. З 1893 па 1899 гады Вэбэр быў сябрам Пангерманскай лігі, арганізацыі, якая змагалася супраць прытоку польскіх рабочых. Ступень ягонай падтрымкі германізацыі палякаў і падобнай нацыяналістычнай палітыкі працягвае абмяркоўвацца сучаснымі навукоўцамі[40][41][42]. У 1894 годзе Макс Вэбэр атрымаў пасаду прафэсара на катэдры палітычнай эканоміі ў Фрайбурскім унівэрсытэце. Падчас сваёй працы там у 1895 годзе ён прачытаў правакацыйную лекцыю пад назвай «Нацыянальная дзяржава і эканамічная палітыка», дзе раскрытыкаваў іміграцыю палякаў і абвінаваціў прадстаўнікоў юнкерства ў заахвочваньні славянскай міграцыі ў сваіх эгаістычных інтарэсах[43][44]. Гэта падштурхнула палітыка Фрыдрыха Наўмана да стварэньня Нацыянальна-сацыяльнай асацыяцыі, якая яднала хрысьціянска-сацыялістычныя і нацыяналістычныя палітычныя плятформы[45][46]. Вэбэр пэсымістычна ацэньваў здольнасьць асацыяцыі дамагчыся посьпеху. У 1896 годзе навуковец пагадзіўся перайсьці на працу ў Гайдэльбэрскі ўнівэрсытэт. Там ён стаў прафэсарам эканомікі і захапіўся ідэямі нэакантыянскай бадэнскай школы. Пасьля сьмерці бацькі ў 1897 годзе Макс Вэбэр перажыў цяжкае псыхалягічнае захворваньне, якое на некаторы час спыніла ягоную навуковую кар’еру[39][47].

У 1903 годзе была выдадзеная кніга Вэбэра «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму». У 1912 годзе Макс Вэбэр спрабаваў стварыць левацэнтрысцкую партыю, якая павінна была спалучыць ідэі сацыял-дэмакратыі і лібэралізму, але з гэтага нічога не атрымалася.

У 1915 годзе, пад час Першай сусьветнай вайны, Вэбэр стаў дырэктарам вайсковага шпіталю ў Гайдэльбэргу, а пасьля вайны, у 1918 годзе, стаў дарадцам Нямецкай камісіі па разбраеньню, якая працавала над Вэрсалькай мірнай дамовай. Браў значны ўдзел у стварэньні Ваймарскай Канстытуцыі, актыўна выступаючы за артыкул 48, які дазваляў кіраваць Нямеччынай падчас выключных сытуацыяў з дапамогай дэкрэтаў, дзякуючы якой, некалькі гадоў пазьней, Гітлер змог усталяваць сваю дыктатуру.

Вэбэр вярнуўся ва ўнівэрсытэт у 1918 годзе, атрымаўшы катэдру ў Вене, а ў наступным годзе атрымаў першую ў Нямеччыне катэдру сацыялёгіі ў Мюнхэне. На гэтай пасадзе ён працаваў да самай сьмерці.

Памёр праз запаленьне лёгкіх 14 чэрвеня 1920 году.

Асноўнымі навуковымі працамі Макса Вэбэра сталі «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» (ням. Die protestantische Ethik und der Geist des Kapitalismus), 1905 год і «Эканоміка і грамадзтва» (ням. Wirtschaft und Gesellschaft), 1922 год.

  1. ^ а б Mitzman A. Max Weber // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Max Weber // Babelio (фр.) — 2007.
  3. ^ Max Weber // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б в Девяткова Р. П. Вебер Макс // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1971. — Т. 4 : Брасос — Веш. — С. 348.
  5. ^ а б https://link.springer.com/article/10.1007/s11609-021-00441-x
  6. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  7. ^ а б www.haw.uni-heidelberg.de (анг.)
  8. ^ «Max Weber». Encyclopaedia of Philosophy. Stanford.
  9. ^ Max Weber; Hans Heinrich Gerth; Bryan S. Turner (7 March 1991). «From Max Weber: essays in sociology». Psychology Press. — С. 1. — ISBN 978-0-415-06056-1.
  10. ^ Radkau, Joachim and Patrick Camiller (2009). «Max Weber: A Biography». Trans. Patrick Camiller. Polity Press. ISBN 978-0-74564147-8.
  11. ^ Giddens, Anthony (1971). «Capitalism and Modern Social Theory: an Analysis of the Writings of Marx, Durkheim and Max Weber». Cambridge University Press. ISBN 0-52109785-1.
  12. ^ Tiryakian, Edward A. (2009). «For Durkheim: Essays in Historical and Cultural Sociology». Routledge. — С. 321. — ISBN 0-75467155-0.
  13. ^ Habermas, Jürgen, «The Philosophical Discourse of Modernity», Polity Press (1990). — С. 2. — ISBN 0-7456-0830-2.
  14. ^ Macionis, John J. (2012). «Sociology» (14th ed.). Boston: Pearson. — С. 88. — ISBN 978-0-205-11671-3.
  15. ^ а б Kaesler 1988. С. 2—3.
  16. ^ а б Radkau 2009. С. 5.
  17. ^ а б в г д е Kaelber, Lutz (05.2003). «Max Weber’s Dissertation». History of the Human Sciences. 16 (2): 27—56. — doi:10.1177/0952695103016002002.
  18. ^ а б Honigsheim 2017. С. 100.
  19. ^ Radkau 2009. С. 11.
  20. ^ а б Ritzer 2009. С. 32.
  21. ^ а б Kaesler 1988. С. 2.
  22. ^ Radkau 2009. С. 561.
  23. ^ а б McKinnon, Andrew M. (03.2010). «Elective Affinities of the Protestant Ethic: Weber and the Chemistry of Capitalism». Sociological Theory. 28 (1): 108—126. — doi:10.1111/j.1467-9558.2009.01367.x.
  24. ^ Radkau 2009. С. 562—564.
  25. ^ Radkau 2009. С. 23.
  26. ^ Mommsen & Steinberg 1984. С. 2—9.
  27. ^ а б в Allan 2005. С. 146.
  28. ^ а б Radkau 2009. С. 31—33.
  29. ^ Kaesler 2014 2014. С. 191.
  30. ^ Kaesler 2014 2014. С. 207.
  31. ^ а б Gordon, Peter E. (11.06.2020). «Max the Fatalist». The New York Review of Books. Vol. 67, no. 10.
  32. ^ Honigsheim 2017. С. 101.
  33. ^ Berman, Harold J.; Reid, Charles J. Jr. (2000). «Max Weber as Legal Historian». In Turner, Stephen (ed.). The Cambridge Companion to Weber. The Cambridge Companions to Philosophy and Religion (First ed.). Cambridge University Press. — С. 221—239. — doi:10.1017/CCOL9780521561495.013. ISBN 978-0-521-56149-5.
  34. ^ а б Radkau 2009. С. 563.
  35. ^ Honigsheim 2017. С. 239.
  36. ^ а б Poggi, Gianfranco (2006). «Weber: A Short Introduction»(недаступная спасылка). Cambridge: Polity. — С. 6. — ISBN 978-0-7456-3489-0.
  37. ^ Mommsen, Wolfgang J. (1992). «The Political and Social Theory of Max Weber: Collected Essays». University of Chicago Press. — С. 19. — ISBN 978-0-226-53400-8.
  38. ^ а б Radkau 2009. С. 79—82.
  39. ^ а б Frommer, Jörg; Frommer, Sabine (05.1993). «Max Webers Krankheit — soziologische Aspekte der depressiven Struktur»]. Fortschritte der Neurologie: Psychiatrie. 61 (5): 161—171. — doi:10.1055/s-2007-999084. [PMID 8319927].
  40. ^ Mommsen & Steinberg 1984. С. 54—56.
  41. ^ Hobsbawm, Eric (1987). «The Age of Empire, 1875—1914». History of Civilization (First ed.). New York: Pantheon Books. — С. 152. — ISBN 978-0-394-56319-0.
  42. ^ Radkau 2009. С. 564—565.
  43. ^ Radkau 2009. С. 125—128.
  44. ^ Craig, Gordon A. (18.02.1988). «The Kaiser and the Kritik». The New York Review of Books. Vol. 35, no. 2.
  45. ^ Radkau 2009. С. 134—135.
  46. ^ Mommsen & Steinberg 1984. С. 123—126.
  47. ^ Radkau 2009. С. 65—69.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]