Перайсьці да зьместу

Макс Вэбэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Макс Вэбэр
па-нямецку: Max Weber
Дата нараджэньня 21 красавіка 1864(1864-04-21)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 чэрвеня 1920(1920-06-14)[4][1][2][…] (56 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці пнэўманія[5] і гішпанскі грып[5]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак юрыст, эканаміст, сацыёляг, філёзаф, антраполяг, адвакат, прафэсар унівэрсытэту, музыказнаўца, палітык, гісторык
Навуковая сфэра сацыялёгія рэлігіі[d], гісторыя — навука[d], эканоміка, сацыялёгія, гісторыя, гаспадарка[d] і сацыялёгія арганізацыяў[d]
Месца працы
Сябра ў Pan-German League[d][8], German Sociological Association[d][9][10], Баварская акадэмія навук[d], Гайдэльбергская акадэмія навук[d][11], Гайдэльбергская акадэмія навук[d][11] і Студэнцкая карпарацыя Алеманія Гайдэльберг[d][12][13]
Навуковы кіраўнік Левін Гольдшміт[d], Рудольф фон Гнайст[d] і Аўгуст Майцэн[d]
Вучні Альфрэд Шуц[d] і Гаральд Гарфінкель[d]
Бацька Макс Вэбэр[d][14]
Маці Гэлена Вэбэр[d][14]
Подпіс Выява аўтографу

Макс Вэ́бэр (па-нямецку: Max Weber; 21 красавіка 1864, Эрфурт, Саксонія, Прусія — 14 чэрвеня 1920, Мюнхэн, Ваймарская рэспубліка) — нямецкі сацыёляг, эканаміст, юрыст. Старэйшы брат вядомага сацыёляга Альфрэда Вэбэра.

Ягоныя ідэі глыбока паўплывалі на наступныя сацыяльныя тэорыі і дасьледаваньні. Вэбэр часьцяком цытуецца разам Эмілем Дзюркаймам і Карлам Марксам, бо ўсе трое зьяўляюцца, па сутнасьці, заснавальнікамі сацыялёгіі[15][16][17][18]. Вэбэр зьяўляўся адным з галоўных прыхільнікаў мэтадалёгіі антыпазытывізму, прытрымліваючыся пазыцыі вывучэньня сацыяльнага дзеяньня праз разумелую сацыялёгію, а не праз чыстую эмпірыку. У аснове такой мэтадалёгіі ляжыць разуменьне мэты і сэнсу, якія людзі надаюць сваім уласным дзеяньням. У адрозьненьне ад Дзюркайма, ён ня верыў у адзіную прычыну і хутчэй выказаў здагадку, што для любога выніку можа быць некалькі прычынаў[19].

Асноўнай інтэлектуальнай праблемай Вэбэра зьяўлялася разуменьне працэсаў рацыяналізацыі, сэкулярызацыі і «вызваленьне ад чараў сьвету», якія ён зьвязваў з ростам капіталізму і ўсталяваньнем эпохі мадэрну[20]. Ён бачыў гэтыя працэсы вынікам новага спосабу мысьленьня аб сьвеце[21]. Вэбэр вядомы дзякуючы тэзу аб тым, што эканамічная сацыялёгія і сацыялёгія рэлігіі спалучаюцца. Такое меркаваньне было распрацавана сацыёлягам у кнізе «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» (ням. Die protestantische Ethik und der Geist des Kapitalismus), у якой Вэбэр канстатаваў, што аскетычны пратэстантызм непасрэдна зьвязаны з ростам рынкавага капіталізму і рацыянальна-прававой нацыянальнай дзяржавы ў краінах Захаду. Ён сьцьвярджаў, што ў аснове росту капіталізму ляжаць менавіта дагматы пратэстантызму. Такім чынам, можна сказаць, што духу капіталізму ўласьцівы пратэстанцкія рэлігійныя каштоўнасьці.

Максімілян Карл Эміль Вэбэр нарадзіўся 21 красавіка 1864 году ў прускім Эрфурце, але ягоная сям’я пераехала ў Бэрлін у 1869 годзе[22][23]. Бацька Макса Вэбэра, таксама як і ягоны сын, быў доктарам права і вядомым палітыкам, займаючы пэўны час па сады парлямэнтара ў Прускім ляндтагу і агульнанямецкім Райхстагу[23][24][25]. Макс быў найстарэйшым зь дзевяці дзяцей у сям’і[24][26]. Дзяцінства і маладосьць Макс правёў у Бэрліне. Зь цягам часу на Вэбэра малодшага паўплывалі шлюбныя і асабістыя супярэчнасьці паміж ягоным бацькам, які атрымліваў асалоду ад зямных задавальненьняў, не зьвяртаючы ўвагі на рэлігійныя і філянтрапічныя справы, і ягонай маці, адданай кальвіністкай, якая імкнулася весьці аскетычны лад жыцьця і прытрымлівалася маральных абсалютысцкіх ідэяў[24][25][27].

Макс Вэбэр (скрайні зьлева) з сваімі братамі.

У 1870 годзе хлопчык пачаў навучаньне ў прыватнай школе Дэбэліна ў Шарлётэнбургу[28][29]. На занятках Вэбэр, сумуючы ад выкладаньняў сваіх настаўнікаў, таемна прачытаў усе сорак тамоў твораў пісьменьніка Ёгана Вольфганга фон Гётэ[28][30]. Пазьней Гётэ зрабіў важны ўплыў на ягоныя думкі і мэтадалёгію[30]. Перад паступленьнем ва ўнівэрсітэт ён прачытаў шмат іншых клясычных твораў, у тым ліку філёзафа Імануіла Канта[22]. На Каляды 1877 году трынаццацігадовы Макс падарыў сваім бацькам два гістарычныя эсэ пад назвай «Пра хаду гісторыі Нямеччыны з асаблівай спасылкай на пазыцыі імпэратара і папы рымскага» і «Пра пэрыяд Рымскай імпэрыі ад Канстантына да перасяленьня народаў». Праз два гады, таксама на Каляды, ён напісаў яшчэ адно гістарычнае эсэ «Назіраньні аб этнічным характары, разьвіцьці і гісторыі індаэўрапейскіх народаў».

У 1882—1884 гадах, ён вывучаў права, філязофію і эканоміку ў Гайдэльбэрскім унівэрсытэце. У 1883—1884 гадах Макс быў вымушаны спыніць вучобу і пайсьці ў войска. У гэты час ён быў у Страсбургу, дзе наведваў заняткі свайго дзядзькі гісторыка Германа Баўмгартэна[24][31], які паўплываў на рост лібэралізму Вэбэра і крытыку дамінаваньня Ота фон Бісмарка ў нямецкай палітыцы[24][32][33]. У першыя некалькі гадоў ва ўнівэрсытэце Вэбэр быў сябрам клюбу, які рабіў акцэнт на пітво піва і фэхтаваньне[34][35]. Падчас трэнаваньняў ён атрымаў некалькі дуэльных шнараў на левым баку твару[36][37][38]. Ягоная маці была незадаволеная ягонымі паводзінамі і дала яму аплявуху, калі ён вярнуўся дадому пасьля заканчэньня трэцяга сэмэстра ў 1883 годзе. Аднак Вэбэр пасталеў, усё часьцей прымаючы бок маці ў сямейных спрэчках ды усё больш адчужаючыся ад бацькі[24][27][38]. Пасьля сканчэньня службы, ён яшчэ год вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Бэрліне, а потым перавёўся ў Гётынген, дзе скончыў сваю вышэйшую адукацыю ў 1886 годзе[35]. Адначасова з вучобай займаўся юрыдычнай практыкай і працаваў выкладчыкам[34][39][40].

У 1886—1893 гадах Макс Вэбэр пасяліўся ў Шарлётэнбургу, прадмесьці Бэрліну, дзе працаваў над сваёй доктарскай дысэртацыяй, якую пасьпяхова абараніў у 1889 годзе. Ягонымі кіраўнікамі на той час былі Левін Гольдшміт і Рудольф фон Гнайст. Абароненая праца была на тэму гісторыі права і мела назву «Разьвіцьцё прынцыпу сумеснай адказнасьці і асобнага фонду агульнага партнэрства хатніх грамадаў і камэрцыйных таварыстваў у італьянскіх гарадах». Гэтая праца была выкарыстаная аўтарам як частка большай працы «Аб гісторыі камэрцыйных партнэрстваў у Сярэднявеччы на грунце дакумэнтаў Паўднёвай Эўропы», якая была апублікаваная ў тым жа годзе[41][42]. Пасьля атрыманьня доктарскай ступені ў 1892 годзе, Макс Вэбэр атрымаў пасаду прафэсара і пачаў выкладаць права ў Бэрлінскім унівэрсытэце. Яшчэ да абароны дысэртацыі Вэбэр выказваў цікавасьць да сучаснай сацыяльнай палітыкі. У 1888 годзе ён далучыўся да Зьвязу сацыяльнай палітыкі, новага прафэсійнага аб’яднаньня нямецкіх эканамістаў, зьвязаных з гістарычнай школай. Яны бачылі ролю эканомікі перш за ўсё ў пошуку разьвязаньня сацыяльных праблемаў эпохі і сталі піянэрамі буйных статыстычных дасьледаваньняў эканамічных пытаньняў. Ён таксама заняўся палітыкай, далучыўшыся да левага руху Эвангельска-сацыяльнага кангрэса[41][43][44]. У 1890 году зьвяз распачаў дасьледчую праграму дзеля вывучэньня польскага пытаньня ў працэсе остфлюхт, якое выяўлялася ў прыбыцьці польскіх сялянаў ува ўсходнюю Нямеччыну, у той час як мясцовыя немцы мігравалі ў гарады Нямеччыны іншых рэгіёнаў, якія хутка індустрыялізаваліся, як то ў Рурскі рэгіён[45]. Вэбэр быў прызначаны адказным за дасьледаваньне, склаўшы канчатковую справаздачу, якая атрымала значную ўвагу ды выклікала спрэчкі, паклаўшы пачатак вядомасьці Вебера як навукоўца-сацыёляга[43][45].

Навуковец з сваёй жонкам Мар’янай у 1894 годзе.

У 1893 годзе ён ажаніўся з Мар’янай Шнітгер, зь якой навуковец ня меў дзяцей[34][46]. З 1893 па 1899 гады Вэбэр быў сябрам Пангерманскай лігі, арганізацыі, якая змагалася супраць прытоку польскіх рабочых. Ступень ягонай падтрымкі германізацыі палякаў і падобнай нацыяналістычнай палітыкі працягвае абмяркоўвацца сучаснымі навукоўцамі[47][48][49]. У 1894 годзе Макс Вэбэр атрымаў пасаду прафэсара на катэдры палітычнай эканоміі ў Фрайбурскім унівэрсытэце. Падчас сваёй працы там у 1895 годзе ён прачытаў правакацыйную лекцыю пад назвай «Нацыянальная дзяржава і эканамічная палітыка», дзе раскрытыкаваў іміграцыю палякаў і абвінаваціў прадстаўнікоў юнкерства ў заахвочваньні славянскай міграцыі ў сваіх эгаістычных інтарэсах[50][51]. Гэта падштурхнула палітыка Фрыдрыха Наўмана да стварэньня Нацыянальна-сацыяльнай асацыяцыі, якая яднала хрысьціянска-сацыялістычныя і нацыяналістычныя палітычныя плятформы[52][53]. Вэбэр пэсымістычна ацэньваў здольнасьць асацыяцыі дамагчыся посьпеху. У 1896 годзе навуковец пагадзіўся перайсьці на працу ў Гайдэльбэрскі ўнівэрсытэт. Там ён стаў прафэсарам эканомікі і захапіўся ідэямі нэакантыянскай бадэнскай школы. Пасьля сьмерці бацькі ў 1897 годзе Макс Вэбэр перажыў цяжкае псыхалягічнае захворваньне, якое на некаторы час спыніла ягоную навуковую кар’еру[46][54].

У 1903 годзе была выдадзеная кніга Вэбэра «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму». У 1912 годзе Макс Вэбэр спрабаваў стварыць левацэнтрысцкую партыю, якая павінна была спалучыць ідэі сацыял-дэмакратыі і лібэралізму, але з гэтага нічога не атрымалася.

У 1915 годзе, пад час Першай сусьветнай вайны, Вэбэр стаў дырэктарам вайсковага шпіталю ў Гайдэльбэргу, а пасьля вайны, у 1918 годзе, стаў дарадцам Нямецкай камісіі па разбраеньню, якая працавала над Вэрсалькай мірнай дамовай. Браў значны ўдзел у стварэньні Ваймарскай Канстытуцыі, актыўна выступаючы за артыкул 48, які дазваляў кіраваць Нямеччынай падчас выключных сытуацыяў з дапамогай дэкрэтаў, дзякуючы якой, некалькі гадоў пазьней, Гітлер змог усталяваць сваю дыктатуру.

Вэбэр вярнуўся ва ўнівэрсытэт у 1918 годзе, атрымаўшы катэдру ў Вене, а ў наступным годзе атрымаў першую ў Нямеччыне катэдру сацыялёгіі ў Мюнхэне. На гэтай пасадзе ён працаваў да самай сьмерці.

Памёр праз запаленьне лёгкіх 14 чэрвеня 1920 году.

Навуковыя працы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Асноўнымі навуковымі працамі Макса Вэбэра сталі «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» (ням. Die protestantische Ethik und der Geist des Kapitalismus), 1905 год і «Эканоміка і грамадзтва» (ням. Wirtschaft und Gesellschaft), 1922 год.

  1. 1 2 Mitzman A. Max Weber // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. 1 2 Max Weber // Babelio (фр.) — 2007.
  3. Max Weber // Brockhaus Enzyklopädie (ням.)F.A. Brockhaus, 1796.
  4. 1 2 3 Девяткова Р. П. Вебер Макс // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1971. — Т. 4 : Брасос — Веш. — С. 348.
  5. 1 2 https://link.springer.com/article/10.1007/s11609-021-00441-x
  6. https://www.jstor.org/stable/j.ctv1168mt4.3
  7. 1 2 3 4 https://archive.org/details/maxweberintellec0000bend/page/2/mode/2up
  8. https://archive.org/details/maxwebergermanpo0000momm/page/54/mode/2up
  9. https://archive.org/details/maxweberbiograph0000radk/page/276/mode/2up
  10. https://plato.stanford.edu/archives/win2022/entries/weber/
  11. 1 2 www.haw.uni-heidelberg.de (анг.)
  12. https://www.jstor.org/stable/j.ctv1168mt4.6
  13. https://archive.org/details/maxweberbiograph0000radk/page/32/mode/2up
  14. 1 2 https://archive.org/details/maxweberbiograph0000radk/page/4/mode/2up
  15. «Max Weber». Encyclopaedia of Philosophy. Stanford.
  16. Max Weber; Hans Heinrich Gerth; Bryan S. Turner (7 March 1991). «From Max Weber: essays in sociology». Psychology Press. — С. 1. — ISBN 978-0-415-06056-1.
  17. Radkau, Joachim and Patrick Camiller (2009). «Max Weber: A Biography». Trans. Patrick Camiller. Polity Press. ISBN 978-0-74564147-8.
  18. Giddens, Anthony (1971). «Capitalism and Modern Social Theory: an Analysis of the Writings of Marx, Durkheim and Max Weber». Cambridge University Press. ISBN 0-52109785-1.
  19. Tiryakian, Edward A. (2009). «For Durkheim: Essays in Historical and Cultural Sociology». Routledge. — С. 321. — ISBN 0-75467155-0.
  20. Habermas, Jürgen, «The Philosophical Discourse of Modernity», Polity Press (1990). — С. 2. — ISBN 0-7456-0830-2.
  21. Macionis, John J. (2012). «Sociology» (14th ed.). Boston: Pearson. — С. 88. — ISBN 978-0-205-11671-3.
  22. 1 2 Kaesler 1988. С. 2—3.
  23. 1 2 Radkau 2009. С. 5.
  24. 1 2 3 4 5 6 Kaelber, Lutz (05.2003). «Max Weber’s Dissertation». History of the Human Sciences. 16 (2): 27—56. — doi:10.1177/0952695103016002002.
  25. 1 2 Honigsheim 2017. С. 100.
  26. Radkau 2009. С. 11.
  27. 1 2 Ritzer 2009. С. 32.
  28. 1 2 Kaesler 1988. С. 2.
  29. Radkau 2009. С. 561.
  30. 1 2 McKinnon, Andrew M. (03.2010). «Elective Affinities of the Protestant Ethic: Weber and the Chemistry of Capitalism». Sociological Theory. 28 (1): 108—126. — doi:10.1111/j.1467-9558.2009.01367.x.
  31. Radkau 2009. С. 562—564.
  32. Radkau 2009. С. 23.
  33. Mommsen & Steinberg 1984. С. 2—9.
  34. 1 2 3 Allan 2005. С. 146.
  35. 1 2 Radkau 2009. С. 31—33.
  36. Kaesler 2014 2014. С. 191.
  37. Kaesler 2014 2014. С. 207.
  38. 1 2 Gordon, Peter E. (11.06.2020). «Max the Fatalist». The New York Review of Books. Vol. 67, no. 10.
  39. Honigsheim 2017. С. 101.
  40. Berman, Harold J.; Reid, Charles J. Jr. (2000). «Max Weber as Legal Historian». In Turner, Stephen (ed.). The Cambridge Companion to Weber. The Cambridge Companions to Philosophy and Religion (First ed.). Cambridge University Press. — С. 221—239. — doi:10.1017/CCOL9780521561495.013. ISBN 978-0-521-56149-5.
  41. 1 2 Radkau 2009. С. 563.
  42. Honigsheim 2017. С. 239.
  43. 1 2 Poggi, Gianfranco (2006). «Weber: A Short Introduction»(недаступная спасылка). Cambridge: Polity. — С. 6. — ISBN 978-0-7456-3489-0.
  44. Mommsen, Wolfgang J. (1992). «The Political and Social Theory of Max Weber: Collected Essays». University of Chicago Press. — С. 19. — ISBN 978-0-226-53400-8.
  45. 1 2 Radkau 2009. С. 79—82.
  46. 1 2 Frommer, Jörg; Frommer, Sabine (05.1993). «Max Webers Krankheit — soziologische Aspekte der depressiven Struktur»]. Fortschritte der Neurologie: Psychiatrie. 61 (5): 161—171. — doi:10.1055/s-2007-999084. [PMID 8319927].
  47. Mommsen & Steinberg 1984. С. 54—56.
  48. Hobsbawm, Eric (1987). «The Age of Empire, 1875—1914». History of Civilization (First ed.). New York: Pantheon Books. — С. 152. — ISBN 978-0-394-56319-0.
  49. Radkau 2009. С. 564—565.
  50. Radkau 2009. С. 125—128.
  51. Craig, Gordon A. (18.02.1988). «The Kaiser and the Kritik». The New York Review of Books. Vol. 35, no. 2.
  52. Radkau 2009. С. 134—135.
  53. Mommsen & Steinberg 1984. С. 123—126.
  54. Radkau 2009. С. 65—69.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]