Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Казімера (Уселюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Краіна Беларусь
Вёска Уселюб
Каардынаты 53°43′04″ пн. ш. 25°48′18″ у. д. / 53.71778° пн. ш. 25.805° у. д. / 53.71778; 25.805Каардынаты: 53°43′04″ пн. ш. 25°48′18″ у. д. / 53.71778° пн. ш. 25.805° у. д. / 53.71778; 25.805
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль нэаготыка і беларуская готыка
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Сьвятога Казімера на мапе Беларусі ±
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Казімера[a] — помнік архітэктуры XV стагодзьдзя ва Ўселюбе. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на Беліцкай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Уселюбскі касьцёл — адна зь першых гатычных мураваных сьвятыняў у Вялікім Княстве Літоўскім, збудаваная фэўдалам, а не вялікім князем або кімсьці зь яго родных.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Ўселюб упамінаецца ў 1422 годзе на пячатцы Ян Няміры, канюшага Вітаўта Вялікага[1]. У 1-й палове XV ст Ян Няміра, або ягоны сын Андрэй, фундаваў тут каталіцкую сьвятыню[2]. Першае пісьмовае сьведчаньне пра існаваньне парафіі датуецца 1489 годам: сярод сьведкаў аднога дакумэнту ўпамінаецца ўселюбскі плябан Багуслаў[b]. Гэтую дату часам можна сустрэць у літаратуры як час заснаваньня касьцёла.

Па сьмерці ў 1573 годзе ваяводы полацкага Станіслава Давойны, які валодаў Уселюбам, мястэчка перайшло да Мікалая Радзівіла «Рудога». Апошні, будучы шчырым кальвіністам, ператварыў касьцёл у кальвінскі збор. За час знаходжаньня ў кальвіністаў сьвятыня зьведала перабудову: гатычныя скляпеньні замянілі драўлянымі, а контрфорсы паменшылі.

У 1642 годзе касьцёл вярнулі каталікам і асьвяцілі ў імя Сьвятога Казімера. У XVIII ст. будынак зноў рэканструявалі: вузкія сьпічастыя гатычныя вокны парышырлі, вышыню алтарнай часткі выраўнавалі з асноўным аб’ёмам[3].

У XVIII — першай палове XIX ст. у цэнтры галоўнага фасаду існаваў невялікі бабінец[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будаваньне вежы, каля 1900 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Ўселюб апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1897 годзе да галоўнага фасаду прыбудавалі 3-ярусную вежу-званіцу, якая гарманічна дапоўніла архітэктуру старога касьцёла.

У 1980-я гады праводзіліся архітэктурныя і археалягічныя дасьледаваньні помніка. У 1986 годзе ў будынку адбыўся моцны пажар. У 1988—1991 гадох помнік адрэстаўравалі.

14 верасьня 1991 году адбылося паўторнае асьвячэньне касьцёла пад тытулам Сьвятога Казімера.

Пачатковы выгляд касьцёла значна зьмянілі перабудовы XVI—XX стагодзьдзяў. Сярод іншага, былі счасаныя бакавыя контрфорсы каталікона і апсыды, зьніклі гатычныя скляпеньні, якія ў першапачатковым варыянце абапіраліся на адзіны апорны слуп у цэнтры каталікона. Цалкам зьмяніўся заходні фасад, пасярэдзіне якога цяпер узвышаецца 3-ярусная нэагатычная вежа. З бакоў да прэзьбітэрыюму прыбудавалі дзьве закрысьціі (правая мае позьняе паходжаньне).

Першы касьцёл пачатку XV ст. меў выразна гатычныя рысы, пра што кажуць г. зв. «гатычная сыстэма муроўкі», буйнапамерная цэгла, сам плян помніка, а таксама наяўнасьць у мінулым нэрвюрных і зорчатых скляпеньняў. Роўніца заходняга франтона паводле інвэнтарных апісаньняў да пабудовы вежы завяршалася трыкутным франтонам, галоўным элемэнтам якога быў відарыс крыжа выкладзенага з цэглы-жалезьняка. З бакоў заходні фасад умацоўвалі два магутныя вуглавыя контрфорсы. Ёсьць зьвесткі пра існаваньне з аднаго боку фасаду вежы, якая абвалілася яшчэ ў XVII ст.

Цьмяным застаецца пытаньне пра перакрыцьце асноўнага аб’ёму касьцёла, ці каталікону. Паводле найстарэйшых інвэнтароў ён меў бэлечнае перакрыцьцё без унутраных апораў, аднак застаецца пытаньне, ці было такое перакрыцьцё аўтэнтычным. Існуе вэрсія пра наяўнасьць у першапачатковым варыяньце цэнтральнага апорнага слупа, на які абапіраліся пяты крыжовых скляпеньняў, і падмурак якога знайшлі ў час археалягічных раскопаў.

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ афіцыйны тытул, у літаратуры часам памылкова значыцца пад тытуламі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і Сьвятога Яна Хрысьціцеля
  2. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej / Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Krakow, 1948. Дакумэнт №361
  1. ^ Nowak P., Pokora P. Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku. — Poznań, 2004. S. 83.
  2. ^ Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Менск: «Беларусь», 2007. С. 29.
  3. ^ Кушнярэвіч А. Уселюбскі касцёл // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 473.
  4. ^ Кушнярэвіч А. Уселюбскі Крыжаўзвіжанскі касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 693.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000464