Габрэі
Габрэі | |
יהודים | |
Агульная колькасьць | 13-14 мільёнаў |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Ізраіль, ЗША, Францыя, Канада, Вялікабрытанія, Расея, Аргентына ды інш. |
Мовы | іўрыт, ідыш, лядына, ангельская, француская, расейская ды інш. |
Рэлігіі | юдаізм |
Блізкія этнасы | арабы, асырыйцы, самарыцяне |
Габрэ́і, жыды або габра́і (па-габрэйску: יְהוּדִים — егуды́м) — народ, які узыходзіць да насельніцтва старажытнага Ізраільскага і Юдэйскага царстваў і жыве ў шматлікіх краінах сьвету (з 1948 году існуе таксама габрэйская дзяржава — Ізраіль).
Колькасьць ад 13 да 14 млн чал. (2006, ацэнка), зь іх каля 40 % у ЗША і 35 % у Ізраілі. Таксама існуюць іншыя ацэнкі, згодна якіх сусьветная колькасьць габрэяў складае больш як 17 500 000 чалавек, зь якіх 46% у ЗША, 31% у Ізраілі, 12% у СНД і Балтыі, 6% у Аргентыне і Ўругваі.
Габрэі жывуць больш чым у 110 краінах сьвету. Статыстычны ўлік усіх існых габрэяў сустракае вядомыя цяжкасьці. У розных краінах сьвету рознымі арганізацыямі выкарыстоўваюцца розныя крытэры прыналежнасьці да габрэйства. Адзнакі колькасьці габрэяў у дыяспары засноўваюцца як на зьвестках перапісаў насельніцтва, так і на зьвестках, якія існуюць у габрэйскіх арганізацыяў. Вынікі перапісаў насельніцтва грунтуюцца на пісьмовых апытаньнях насельніцтва, у якіх выбар рэспандэнтам нацыянальнасьці грунтуецца на самаідэнтыфікацыі — самавызначэньні, на якую ў сваю чаргу ўплываюць мясцовыя палітычныя і іншыя ўмовы.
У Беларусі паводле перапісу насельніцтва 1999 году зарэгістравана 27,8 тыс. габрэяў (у 1989 — 111 тыс.).
Рэлігіяй габрэяў зьяўляецца юдаізм. Гістарычна паняцьці «габрэй» і «юдэй» цесна пераплеценыя і ў большасьці моў неадметныя. У шматлікіх мовах народаў сьвету гэтыя тэрміны пазначаюцца адным словам, што падтрымліваецца юдаізмам.
Гістарычнай і рэлігійнай мовай габрэяў зьяўляецца старажытны іўрыт (мова Талмуда і Торы — г. зн. Бібліі). У сярэднявеччы пад уплывам міграцыі разьвіліся таксама мова ідыш — мова «ашкеназі», г.зн. паўночнаэўрапейскіх (нямецкіх) габрэяў, які зьяўляецца дыялектам нямецкай мовы і ўваходны ў германскую групу моў; а таксама мова ладына — мова нашчадкаў гішпанскіх габрэяў — «сэйфардаў», што зьяўляецца дыялектам гішпанскай і ўваходная ў групу раманскіх моваў. Большасьць габрэяў кажуць у асноўным на мовах краінаў пражываньня. У Ізраілі дзяржаўнай мовай зьяўляецца новы іўрыт, адроджаны ў якасьці гутарковага ў XIX стагодзьдзі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Jewish Virtual Library (анг.)