Перайсьці да зьместу

Грузд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грузд
Падгроб (2009 год)
Клясыфікацыя
НадцарстваПоўнаядравыя
ЦарстваГрыбы
ПадцарстваНайвышэйшыя грыбы
АддзелБазыдыяльныя грыбы
КлясаПячурыцападобныя
СямействаСуравежкавыя
РодМалачай
Бінамінальная намэнклятура
Russularia

Грузд[1] — шапкавы базыдыяльны грыб з роду малачай сямейства суравежкавых.

Мікарызаўтваральнік. На 1983 год налічвалася звыш 20 відаў груздоў, якія мелі пашырэньне ў Паўночнай Амэрыцы і Эўразіі. Зь іх у Беларусі сустракалася 8 відаў. Іншы раз утваралі «ведзьміны кругі». Быў ядомым грыбам. Спажываліся салёнымі. Перад засолкай іх вымочвалі цягам 3-х содняў у салёнай вадзе і двойчы адварвалі паўгадзіны, каб пазбавіцца ад гаркаты[2]. Рос скапленьнямі і пладаносіў у ліпені—верасьні[3].

Пукатая шапка грузда мела прамер да 20 см і часта апушчаны завернуты ўніз край. Пазьней шапка станавілася лейкападобнай. Шчыльная мякаць мела едкі малочны сок, таму грузды вымочвалі ў салёнай вядзе цягам 3-х содняў і двойчы адварвалі цягам 30 хвілінаў перад засолкай. Пласьцінкі былі прырослыя або зыходныя. Цыліндрычная і кароткая ножка была пустой у сьпелых груздоў, акрамя перцавага, які меў суцэльную ножку. Споры былі шарападобнымі або шырокаавальнымі[3].

Найбольшае пашырэньне ў Беларусі мелі 5 з 8 відаў груздоў.

  • Падгроб (узьняты малачай-грузд[4], хрушчак[3], хрушч і сапраўдны грузд). Рос вялікімі скапленьнямі пераважна ў бярозавых і яловых лясах. Пладаносіў у ліпені—жніўні. Пукатая, сьлізкая і клейкая шапка з густаапушчаным і завернутым краем мела прамер да 20 см і белы колер. Пазьней шапка з празрыстымі і слабапрыкметнымі канцэнтрычнымі зонамі станавілася лейкападобнай. Сьпелая шапка слаба-жаўтаватае адценьне або жаўтаватыя плямы. Шчыльная і белая мякаць мела вялікую колькасьць белага, вельмі едкага малочнага соку, які даваў лёгкі пах садавіны і жаўцеў на паветры. Зыходныя і частыя пласьцінкі былі белыя і вузкія. Цыліндрычная і пустая ножка з буракаватымі плямамі ў сьпелых грыбоў была пустой. Шырокаэліпсоідныя і бледна-жаўтаватыя споры былі дробнабародаўчатыя, амаль шарападобныя. Споравы парашок быў белым.
Хрушч (2010 год)
  • Хрушч (ямкавы малачай-грузд[4] і жоўты грузд). Рос скапленьнямі ў вільготных месцах хвойных лясоў. Пладаносіў у ліпені—верасьні. Плоскапукатая і сьлізкая шапка з завернутым або апушчаным краем мела прамер 8—20 см і жоўты колер зь цямнейшымі канцэнтрычнымі зонамі. Пазьней шапка станавілася лейкападобнай. Тоўстая і вельмі шчыльная мякаць мела сьветла-жаўтаватае адценьне і цямнела пры націсканьні і на паветры. Белы, едкі малочны сок мякаці са слабым пахам садавіны станавіўся серна-жоўтым на паветры. Каротказыходныя і частыя пласьцінкі былі вузкімі і белаватымі або жаўтаватымі, а пры націсканьні станавіліся брудна-рудаватымі. Кароткая і тоўстая ножка была цыліндрычнай і роўнай або звужанай да асновы, жаўтаватай ці ледзь бураватай са шматлікімі авальнымі і выцягнутымі бураватымі плямамі-ўмяцінамі. У сьпелых грыбоў ножка станавілася пустой. Амаль шарападобныя і сьветла-вохрыстыя споры былі дробнабародаўчатымі. Споравы парашок меў крэмавае адценьне.
Падбелы ў траве (2000 год)
  • Падбел[4] (асінавы грузд). Сустракаўся ў Віцебскай і Менскай абласьцях. Рос у вільготных лісьцевых лясах. Пладаносіў у жніўні—верасьні. Пукатая і сьлізкая шапка з пушыстым завернутым краем мела прамер 6—20 см і белы колер. Пазьней шапка з чырванаватымі плямамі і слабапрыкметнымі канцэнтрычнымі зонамі станавілася шырокалейкападобнай. Белая мякаць мела вельмі едкі белы малочны сок. Зыходныя і белыя пласьцінкі пазьней станавіліся крэмава-ружаватымі. Цыліндрычная і шчыльная ножка мела слаба-ружовае адценьне. Бясколерныя і шарападобныя споры былі бародаўчатымі[2].
Чарнуха (2010 год)
  • Чарнуха (чорны грузд). Быў вельмі пашыраным відам. Рос скапленьням ў бярозавых і мяшаных лясах. Пладаносіў у ліпені—верасьні. Пукатая і клейкая шапка з завернутым уніз валасістым краем мела прамер 5—20 см і зеленавата-бурае адценьне, іншы раз амаль чорнае з аліўкавым адценьнем. Пазьней шапка са слабапрыкметнымі канцэнтрычнымі зонамі станавілася шырокалейкападобнай. Белавата-палевая мякаць бурэла на зломе і мела белы едкі малочны сок, які станавіўся бурым на паветры. Частыя і вузкі пласьцінкі былі прырослыя або ледзь зыходныя і белаватыя або жаўтаватыя, а пазьней бурэлі. Цыліндрычная і шчыльная ножка аднаго колеру з шапкай мела плямы-ўмяціны. У сьпелых грыбоў ножка станавілася пустой. Шарападобныя і шырокаавальныя споры былі дробнабародаўчатымі і сьветла-крэмавымі, амаль бясколернымі. Споравы парашок меў крэмава-жаўтаватае адценьне.
Гаркач (2011 год)
  • Гаркач[4] (кароўка, перцавы грузд і малачай). Рос скапленьнямі ў лісьцевых лясах, пераважна дубровах. Пладаносіў у ліпені—жніўні. Пукатая і матавая шапка з завернутым уніз або тонкаапушчаным краем мела прамер 7—20 см была амаль гладкай і белай. Пазьней шапка станавілася лейкападобнай, часта з жаўтавата-бураватымі або шараватымі плямамі. Вельмі шчыльная і белая мякаць зь вялікай колькасьцю белага пякучага малочнага соку мела блакітна-зеленаватыя плямы з зломе. Малочны сок на зломе быў жаўтавата-зеленаватым. Мякаць мела пах, падобны да жытняга хлеба. Каротказыходныя і частыя пласьцінкі былі вузкімі і белымі да вохрыста-белых з блакітна-зеленаватымі плямамі на зломе. Часам пласьцінкі мелі кроплі малочнага соку, якія станавіліся зеленавата-шэрымі пры высыханьні. Цыліндрычная і суцэльная ножка была вельмі шчыльнай, гладкай і брудна-белаватай або белай, часта з жаўтаватымі плямамі і іншы раз завостранай да асновы. Шырокаавальныя і дробнабародаўчатыя споры былі бясколернымі. Выкарыстоўваўся ў народнай мэдыцыне для лячэньня ныркава-каменнай хваробы[2].

Іншымі прысутнымі ў Беларусі відамі груздоў былі: дубовы малачай-грузд, скрыпун (машастовы малачай-грузд) і пэргамінавы малачай-грузд[4].

Скрыпун (2007 год)

Грузды ўжывалі марынаванымі і засоленымі. Для выдаленьня вельмі горкага малочнага соку іх папярэдне вымочвалі ў салёнай вадзе цягам 3-х содняў[5] і пры гэтым ваду пэрыядычна зьлівалі. Пасьля вымочваньня грузды прамывалі, наразалі і двойчы адварвалі цягам 30 хвілінаў. Далей іх салілі і раскладвалі па чыстых слоіках, пры гэтым чаргавалі з часнаком і лісьцем хрэну. Разам з тым, закрываць салёныя грузды ня раілі[6].

  1. ^ Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. Беларускія назвы грыбоў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 356. — 392 с.
  2. ^ а б в Б.М. Прусакова. Грузды // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 2. Гатня — Катынь. — С. 133. — 522 с. — 10 000 ас.
  3. ^ а б в Грузды // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 455. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  4. ^ а б в г д Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. Агульны сьпіс вышэйшых грыбоў на Беларусі // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік / адказн. В.М. Радзевіч, дызайн Г.І. Саскавец. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 181184. — 392+50 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6081-34-3
  5. ^ Іна Студзінская. Пры атручваньні грыбамі магчымыя галюцынацыі й спыненьне сэрца // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 верасьня 2004 г. Праверана 27 верасьня 2022 г.
  6. ^ Юлія Ваўчок. Што шукаць у лесе // Партал «Слушна», 21 верасьня 2022 г. Праверана 27 верасьня 2022 г.