Георгі (Каніскі)
Георгі Каніскі | |
Магілёўскі япіскап | |
---|---|
20 жніўня 1755 — 2 лютага 1795 | |
Адукацыя | Кіева-Магілянская акадэмія (1743) |
Дзейнасьць | праваслаўны сьвятар, япарх, Orthodox theologian, філёзаф |
Нарадзіўся | 9 кастрычніка 1717 места Нежын, Чарнігаўскі полк, Гетманшчына |
Памёр | 2 лютага 1795 Магілёў, Расейская імпэрыя |
Пахаваны | Магілёў |
Кананізаваны | 6 жніўня 1993 |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Георгі Каніскі (9 (20) кастрычніка 1717, Нежын, цяпер Чарнігаўская вобласьць, Украіна — 2 (13) лютага 1795) — праваслаўны царкоўны і грамадзкі дзяяч Расейскай імпэрыі і Рэчы Паспалітай, пісьменьнік. Япіскап Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў шляхоцкай сям’і. У 1743 годзе скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743). Прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1745—1755 гадох быў выкладчыкам, прафэсарам, рэктарам Кіева-Магілянскай акадэміі. Вучань і пасьлядоўнік прафэсараў С. Кулябякі, Ф. Пракаповіча, С. Тадароўскага. У 1755 годзе атрымаў пасьвячэньне на япіскапа магілёўскага (беларускага).
У 1757 годзе адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню і перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізысу» Ф. Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». У 1757 годзе стварыў пры Спаскім манастыры школьныя клясы і заснаваў духоўную сэмінарыю. Сабраў шмат дакумэнтаў з гісторыі праваслаўнай царквы. У 1765 годзе на аўдыенцыі караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста выступіў з прамовай у абарону правоў праваслаўных і іншых дысыдэнтаў, якую пераклалі на эўрапейскія мовы як узор абароны верацярплівасьці.
Зьвяртаўся па дапамогу праваслаўным у Рэчы Паспалітай, што не прынялі Берасьцейскай уніі, да маскоўскіх гаспадыняў Лізаветы і Кацярыны II. Тройчы (1759, 1760, 1768) на яго жыцьцё рыхтаваліся замахі. Ратуючыся ад замаху, у 1768 годзе выехаў у Расею (Смаленск), дзе заставаўся Магілёўскім япіскапам у выгнаньні.
Вярнуўся па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. У 1789 годзе зладзіў урачыстую службу і хросны ход ў гонар адкрыцьця ў Магілёве першай створанай на узор адпаведных расейскіх адукацыйных установаў галоўнай вучэльні, дзе выкладалі прысланыя з Расеі настаўнікі[1]. У 1793 годзе абіраўся ва Ўрадавы сынод Расейскай імпэрыі. Яго намаганьнямі ўтварылася праваслаўная Менская япархія.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар «Мэмарыялу аб крыўдах праваслаўным», «Правоў і вольнасьці жыхароў грэцкага веравызнаньня», «Збору павучальных словаў», «Запісак аб тым, што ў Расеі да канца 16 ст. не было ніякай уніі з Рымскай царквой», духоўнага дзёньніку «Думкі», адказу на «Пісьмо Вальтэра да настаўнікаў царквы і багасловаў», драмы «Ўваскрэсеньне мёртвых» і інш. Сабраў г.зв. «Архіў Каніскага», аснову якога склалі дакумэнты з архіву Калегіі замежных справаў Расеі.
Прапагандаваў ідэю аб'яднаньня беларускага народа з расейскім і ўкраінскім[2].
Драму «Ўваскрэсеньне мёртвых» на беларускую мову пераклаў Анатоль Брусевіч[3].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Невядомы мастак, 1844 г.
-
Невядомы мастак, 1889 г.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1992 году ў Магілёве ў гонар Георгія Каніскага на архіяпіскапскім доме, дзе ён жыў, адкрылі мэмарыяльную дошку. У жніўні 1993 году пастановай Сыноду Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату на блаславеньне патрыярха маскоўскага Аляксія II кананізаваны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 7.
- ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 4.
- ^ Георгій Каніскі. Уваскрэсенне мёртвых // Тэрмапілы. № 13, 2009. С. 239—257.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Георгій Каніскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Магілёва. — Мн.: БелЭн, 1998. — 496 с. іл. ISBN 985-11-0104-4. — С. 83.
- Каніскі Георгій // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3 — С. 585.
- Каніскі Георгій // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 84-85.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 9 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1717 годзе
- Памерлі 2 лютага
- Памерлі ў 1795 годзе
- Нарадзіліся ў Нежыне
- Памерлі ў Магілёве
- Пахаваныя ў Магілёве
- Праваслаўныя сьвятыя
- Біскупы Расейскай праваслаўнай царквы
- Архіяпіскапы Расейскай праваслаўнай царквы
- Япіскапы магілёўскія
- Украінскія сьвятыя