Вацлаў Жыдліцкі
Вацлаў Жыдліцкі | |
Václav Židlický | |
Дата нараджэньня | 16 красавіка 1931[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | Купічаў, Турыйскі раён Валынскай вобласьці |
Дата сьмерці | 18 жніўня 2002[1][3] (71 год) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Карлаў унівэрсытэт |
Занятак | літаратуразнаўца, перакладнік, настаўнік |
Навуковая сфэра | мовазнаўства |
Месца працы | |
Сябра ў | Міжнародная асацыяцыя беларусістаў |
Узнагароды |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жыдліцкі.
Ва́цлаў Жы́дліцкі (па-чэску: Václav Židlický; 16 красавіка 1931, вёска Купічаў(uk)[4] Турыйскага раёну Валынскай вобласьці — 19 жніўня 2002, Прага, Чэхія[5]) — чэскі літаратуразнавец і перакладчык. Доктар філялёгіі (1967). Ганаровы доктар БДУ (1996). Дасьледчык і перакладчык беларускай і ўкраінскай літаратуры, адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і чэскага перасяленца на Валыні[6]. Па Другой сусьветнай вайне сям’я перасялілася ў Чэхію.
Тут Вацлаў у 1955 скончыў філязофскі факультэт праскага Карлавага ўнівэрсытэту і стаў працаваць асыстэнтам катэдры расеістыкі. 1961 рок правёў на стажыроўцы ў Менску, дзе вельмі добра засвоіў беларускую мову, цікавіцца якой пачаў яшчэ ў сярэдзіне 50-х. Вярнуўшыся ў Прагу, стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру, выхаваў асьпірантаў-беларусістаў.
Кандыдат навук (1966), доктар (1967, дысэртацыя па тэме «Сучасная беларуская і ўкраінская літаратуры»), прафэсар (1976). У 1989—1996 кіраваў Інстытутам па вывучэньні ўсходнеэўрапейскіх краінаў.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нароўні з украінскай актыўна пашыраў у Чэхіі беларускую літаратуру, чытаў пра яе курс лекцый ва ўнівэрсытэце, заахвочваў да яе вывучэньня студэнтаў. Аўтар такіх працаў, як «Украінская і беларуская літаратура ў чэскіх перакладах» (чэск. České překlady ukrajinské a běloruské literatury, 1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменьнікаў. Ч. 2: Украінскія і беларускія пісьменьнікі» (1959, 1966), «Дасьледаваньні па гісторыі чэска-беларускай супольнасьці» (чэск. Příspěvky k dějinám česko-běloruské vzájemnosti, 1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972) і інш. Пісаў артыкулы пра беларускую і ўкраінскую літаратуры ў чэскіх энцыкляпэдыях, удзельнічаў у працы міжнародных славянскіх кангрэсаў.
Перакладаў зь беларускай мовы на чэскую. Сярод ягоных перакладаў — «Я з вогненнай вёскі…» (чэск. Moje ves lehla popelem) А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесьніка; «Хатынская аповесьць» (чэск. Návrat do Chatyně) А. Адамовіча; «Птушкі і гнёзды» (чэск. Ptáci a hnízda), «Ніжнія Байдуны» і «Апошняя сустрэча» (чэск. Poslední setkání) Я. Брыля; «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня» В. Быкава; «Дзікае паляваньне караля Стаха» (чэск. Královská pomsta aneb Divoký hon krále Stacha), «Нельга забыць» (чэск. Leonidy se nevrátí), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (чэск. Evangelium podle Jidáše aneb Druhý příchod Páně) і «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіча (зь ім В. Жыдліцкага зьвязвала асаблівая дружба); «Данута» (чэск. Danuta) А. Карпюка; «Мсьціжы» (чэск. Čas k návratu) І. Пташнікава; «Гандлярка і паэт» (чэск. Kramářka a básník) і «Сэрца на далоні» І. Шамякіна і інш[7]. Склаў анталёгію сучаснай беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы і М. Танка на чэскай мове, папулярызаваў творчасьць М. Багдановіча.
Выхаваў некалькі маладых перакладнікаў (Яраслаў Кабічак, Гана Вэрбава, Мілада Вэчэржава, Іржына Міклушакава сталі перакладаць зь беларускай мовы). Выдатна валодаў беларускай мовай. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР, мэдалём Францішка Скарыны (1982)[8].
Ганаровы доктар, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1996)[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Evidenční záznamy kontrarozvědných a rozvědných útvarů StB
- ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ Židlický, Václav, 1931-2002 (чэс.). Historický ústav AV ČR. Праверана 18 красавіка 2016 г.
- ^ Брыль, Янка Пераклічка. Наша вера. Праверана 18 красавіка 2016 г.
- ^ Панізьнік, Сяргей (18 красавіка 2016) Прафэсар з Прагі, наш сябра. Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Праверана 18 красавіка 2016 г.
- ^ Běloruská literatura. Překlady (чэс.) Databáze českého uměleckého překladu po roce 1945 Праверана 18 красавіка 2016 г.
- ^ Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 28 мая 1991 г. №821-XII «О награждении А.Борщевского, Дж. Дингли и В.Жидлицкого медалью Франциска Скорины» (рас.) Банк законов Праверана 18 красавіка 2016 г.
- ^ Ганаровыя дактары і прафесары Імі ганарыцца ўнівэрсытэт. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Праверана 18 красавіка 2016 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- База зьвестак чэскага мастацкага перакладу (чэс.)
- Пераклады Вацлава Жыдліцкага (чэс.) ў базе зьвестак чэскіх кніг
- Нарадзіліся 16 красавіка
- Нарадзіліся ў 1931 годзе
- Памерлі 18 жніўня
- Памерлі ў 2002 годзе
- Памерлі ў Празе
- Выкладчыкі Карлавага ўнівэрсытэту
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Нарадзіліся ў Валынскай вобласьці
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Чэскія літаратуразнаўцы
- Дактары філялягічных навук
- Выпускнікі Карлавага ўнівэрсытэту
- Перакладчыкі зь беларускай мовы
- Чэскія перакладчыкі
- Перакладчыкі на чэскую мову