Вацлаў Жыдліцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вацлаў Жыдліцкі
Václav Židlický
Нарадзіўся 16 красавіка 1931(1931-04-16)
Купічаў, Турыйскі раён Валынскай вобласьці
Памёр 18 жніўня 2002(2002-08-18) (71 год)
Прага, Чэхія
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Карлаў унівэрсытэт
Альма-матэр Карлаў унівэрсытэт

Ва́цлаў Жы́дліцкі (па-чэску: Václav Židlický; 16 красавіка 1931, вёска Купічаў(uk)[1] Турыйскага раёну Валынскай вобласьці — 19 жніўня 2002, Прага, Чэхія[2]) — чэскі літаратуразнавец і перакладчык. Доктар філялёгіі (1967). Ганаровы доктар БДУ (1996). Дасьледчык і перакладчык беларускай і ўкраінскай літаратуры, адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і чэскага перасяленца на Валыні[3]. Па Другой сусьветнай вайне сям’я перасялілася ў Чэхію.

Тут Вацлаў у 1955 скончыў філязофскі факультэт праскага Карлавага ўнівэрсытэту і стаў працаваць асыстэнтам катэдры расеістыкі. 1961 рок правёў на стажыроўцы ў Менску, дзе вельмі добра засвоіў беларускую мову, цікавіцца якой пачаў яшчэ ў сярэдзіне 50-х. Вярнуўшыся ў Прагу, стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру, выхаваў асьпірантаў-беларусістаў.

Кандыдат навук (1966), доктар(cs) (1967, дысэртацыя па тэме «Сучасная беларуская і ўкраінская літаратуры»), прафэсар (1976). У 1989—1996 кіраваў Інстытутам па вывучэньні ўсходнеэўрапейскіх краінаў.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нароўні з украінскай актыўна пашыраў у Чэхіі беларускую літаратуру, чытаў пра яе курс лекцый ва ўнівэрсытэце, заахвочваў да яе вывучэньня студэнтаў. Аўтар такіх працаў, як «Украінская і беларуская літаратура ў чэскіх перакладах» (чэск. České překlady ukrajinské a běloruské literatury, 1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменьнікаў. Ч. 2: Украінскія і беларускія пісьменьнікі» (1959, 1966), «Дасьледаваньні па гісторыі чэска-беларускай супольнасьці» (чэск. Příspěvky k dějinám česko-běloruské vzájemnosti, 1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972) і інш. Пісаў артыкулы пра беларускую і ўкраінскую літаратуры ў чэскіх энцыкляпэдыях, удзельнічаў у працы міжнародных славянскіх кангрэсаў.

Перакладаў зь беларускай мовы на чэскую. Сярод ягоных перакладаў — «Я з вогненнай вёскі…» (чэск. Moje ves lehla popelem) А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесьніка; «Хатынская аповесьць» (чэск. Návrat do Chatyně) А. Адамовіча; «Птушкі і гнёзды» (чэск. Ptáci a hnízda), «Ніжнія Байдуны» і «Апошняя сустрэча» (чэск. Poslední setkání) Я. Брыля; «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня» В. Быкава; «Дзікае паляваньне караля Стаха» (чэск. Královská pomsta aneb Divoký hon krále Stacha), «Нельга забыць» (чэск. Leonidy se nevrátí), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (чэск. Evangelium podle Jidáše aneb Druhý příchod Páně) і «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіча (зь ім В. Жыдліцкага зьвязвала асаблівая дружба); «Данута» (чэск. Danuta) А. Карпюка; «Мсьціжы» (чэск. Čas k návratu) І. Пташнікава; «Гандлярка і паэт» (чэск. Kramářka a básník) і «Сэрца на далоні» І. Шамякіна і інш[4]. Склаў анталёгію сучаснай беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы і М. Танка на чэскай мове, папулярызаваў творчасьць М. Багдановіча.

Выхаваў некалькі маладых перакладнікаў (Яраслаў Кабічак, Гана Вэрбава, Мілада Вэчэржава, Іржына Міклушакава сталі перакладаць зь беларускай мовы). Выдатна валодаў беларускай мовай. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР, мэдалём Францішка Скарыны (1982)[5].

Ганаровы доктар, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1996)[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Židlický, Václav, 1931-2002(чэс.). Historický ústav AV ČR. Праверана 18 красавіка 2016 г.
  2. ^ Брыль, Янка Пераклічка. Наша вераПраверана 18 красавіка 2016 г.
  3. ^ Панізьнік, Сяргей (18 красавіка 2016) Прафэсар з Прагі, наш сябра. Саюз беларускіх пісьменьнікаўПраверана 18 красавіка 2016 г.
  4. ^ Běloruská literatura. Překlady(чэс.) Databáze českého uměleckého překladu po roce 1945 Праверана 18 красавіка 2016 г.
  5. ^ Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 28 мая 1991 г. №821-XII «О награждении А.Борщевского, Дж. Дингли и В.Жидлицкого медалью Франциска Скорины»(рас.) Банк законов Праверана 18 красавіка 2016 г.
  6. ^ Ганаровыя дактары і прафесары Імі ганарыцца ўнівэрсытэт. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэтПраверана 18 красавіка 2016 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]