Перайсьці да зьместу

Бітва пад Кобрынем (1939)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Кобрынем
Пазыцыі Польшчы й Нямеччыны на 17 верасьня
Дата: 14—18 верасьня 1939
Месца: Кобрынь, Заходняя Беларусь
Вынік: няпэўны
Супернікі
Нямеччына НямеччынаПольшча Польшча
Камандуючыя
Гайнц Гудэрыян Адам Эплер
Колькасьць
XIX танкавы корпус60-я дывізія пяхоты
Страты
невядомыяневядомыя

Бітва пад Кобрынем — адна зь бітваў у часе нямецкага ўварваньня ў Польшчу, якая адбывалася 14—18 верасьня 1939 паміж нямецкім XIX танкавым корпусам генэрала Гайнца Гудэрыяна і імправізаванай польскай «кобрынскай» дывізіяй пяхоты палкоўніка Адама Эплера. Бітва адбывался адначасна зь бітвай за Берасьце-Літоўскае.

Пасьля прарыву польскай абароны ў бітве пад Візнай нямецкія войскі пад камандаваньнем генэрала Гайнца Гудэрыяна рушылі ў бок Берасьця-Літоўскага, Ковелю і Кобрыню. Іхняй мэтай быў падзел тэрыторыі Польшчы на дзьве часткі з мэтай пашкодзіць арганізацыі лініі абароны на ўсход ад ракі Буг.

14 верасьня 1939 часткі XIX танкавага корпусу дасягнулі Берасьця і Кобрыню. У Берасьці стаялі невялікія сілы пад камандаваньнем генэрала Канстанцыя Плісоўскага, а Кобрынь абараняла імправізаваная 60-я дывізія пяхоты палкоўніка Адама Эплера.

Калі палкоўнік Эплер атрымаў данясеньне пра набліжэньне нямецкіх войскаў, ён загадаў 2-му батальёну ягонага 84-га пяхотнага палка правесьці адцягвальны манэўр у раёне чыгуначнай станцыі Жабінка і вёсак Тэўлі і Агароднікі. Адначасна 2-і батальён 83-га палку пяхоты заняўся ўмацаваньнем уздоўж забалочаных берагоў ракі Трасьцяніцы.

15 верасьня сілы Эплера былі заўважаныя немцамі і былі бамбаваныя самалётамі Люфтвафэ. На наступны дзень адбылося сутыкненьне з асноўнымі сіламі гітлераўцаў. Пасьля шасьцігадзіннага бою нямецкія войскі адышлі, панесшы значныя страты. Польскі батальён захапіў некалькі гарматаў і танкаў, але ня змог імі скарыстацца з прычыны недахопу паліва, пасьля чаго адышоў за асноўную лінію польскай абароны.

На сьвітанку 17 верасьня выведны атрад нямецкай 2-й матарызаванай пяхотнай дывізіі дасягнуў польскай лініі. Іхняя спроба абысьці палякаў з флянгу па могілках у вёсцы Хведкавічы была адбітая дзякуючы дапамозе 100-мм гаўбіцаў. Польскі батальён адышоў да вёскі Пяскі, дзе арганізаваў яшчэ адну засаду. Удзень яны ізноў былі беспасьпяхова атакаваныя нямецкай дывізіяй.

Асноўныя падзеі разгарнуліся 18 верасьня. Сьпярша немцы дабіліся посьпеху, здолеўшы захапіць тэрыторыі, якія абаранялі дарогу на Бярозу-Картускую і прахон да асноўных польскіх сілаў. Жорсткія баі таксама трывалі ля каналу Каралевы Боны. Аднак немцы так і ня здолелі ў гэты дзень захапіць Кобрынь, а польскія аддзелы ня мелі сілаў для таго, каб адкінуць ворага ад ягоных ваколіцаў.

Атрымаўшы зьвесткі пра пачатак савецкага ўварваньня і пра першыя сутычкі апэргрупы «Палесьсе» з 23-м стралковым корпусам Чырвонай арміі, генэрал Францішак Клеебэрг разаслаў усім фармаваньням апэргрупы «Палесьсе» (у тым ліку і 60-й пяхотнай дывізіі) загад на неадкладнае спыненьне ўзброенага супраціву і адступленьне на поўдзень, у кірунку пінскіх балотаў.

Выконваючы загад, 60-я пяхотная дывізія пакінула Кобрынь і адступіла ў кірунку Дывіна. Генэрал Клеебэрг таксама перанёс штаб апэргрупы «Палесьсе» зь Пінску ў Любяшоў.

  • Colonel Adam Epler. Ostatni żołnierz polski kampanii 1939 roku. — Tel Aviv: Sekcja Oświaty i Kultury WP na Środkowym Wschodzie, 1942.