Ігнаці Якуб Масальскі
Герб «Масальскі» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 22 ліпеня 1727 |
Памёр | 28 чэрвеня 1794 |
Пахаваны | |
Род | Масальскія |
Бацькі | Міхал Юзэф Масальскі Францішка з Агінскіх |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Рэгаліі | |
Ігнаці Якуб Масальскі (польск. Ignacy Jakub Massalski; 22 ліпеня 1727, Алекшыцы Гарадзенскага павету — 28 чэрвеня 1794, Варшава) — рэлігійны, грамадзкі й палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, мэцэнат. Доктар кананічнага права (1752).
Ігнаці Якуб Масальскі — адна з найбольш супярэчлівых постацяў Асьветніцтва ў Рэчы Паспалітай[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З княскага роду Масальскіх гербу ўласнага, сын Міхала Юзэфа, гетмана вялікага, і Францішкі з Агінскіх. Меў братоў Юзэфа Адрыяна, Яна Мікалая і Казімера Адрыяна.
Зь дзяцінства рыхтаваўся да духоўнага сану. У пятнаццаць гадоў стаў канонікам віленскае капітулы. Навучаўся ад 1745 у місіянэрскай сэмінарыі ў Варшаве; працягнуў навучаньне ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара кананічнага й рымскага права (1752). Па вяртаньні зь Італіі ў 1752 стаў рэфэрэндарам вялікім літоўскім і прэлатам віленскім. Біскуп віленскі ад 1762. У 1766 на сойме выступіў супраць ураўнаваньня дысыдэнтаў з каталікамі. У 1772 пагадзіўся на першы падзел Рэчы Паспалітай.
На сойме 1773—1775 гадоў выказаўся за стварэньне Адукацыйнае камісіі, яе першы старшыня ў 1773—1776. Адначасна ў 1774 распарадчык фонду публічнае асьветы. У 1774 выступіў на сойме за вызваленьне сялянаў ад прыгону й надзяленьне іх зямлёй, у тым самым годзе перавёў частку сялянаў свайго маёнтку каля маёнтку каля Ігумену з паншчыны на чынш. Абвінавачаны ў злоўжываньнях, пакінуў пасаду старшыні (1777), але сябрам камісіі працягваў заставацца да сьмерці.
Імкнуўся да лібэралізацыі рэлігійнага жыцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім; на ягоную ініцыятыву рэарганізавалі Віленскую каталіцкую сэмінарыю і абнавілі яе праграму (1763); у праграму ўвайшла гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, польская літаратура, француская мова. Дамагаўся таго, каб сельскае найніжэйшае духавенства ў сваёй дзейнасьці карысталася мовамі, зразумелымі для парафіянаў. Прапагандаваў ідэі фізіякратаў, заахвочваў асьвету сялянства, у Віленскай дыяцэзіі ствараў сетку пачатковых школ пры касьцёлах, напісаў школьную праграму.
Дапамагаў архітэктарам Лаўрыну Гуцэвічу і Марціну Кнакфусу, мастаку Францішку Смуглевічу. Яго стараньнямі і на яго сродкі рэканструяваўся віленскі Катэдральны сабор Сьвятога Станіслава і Сьвятога Ўладзіслава. Ад 1780 быў уладаром палацу ў Верках, які на ягоныя сродкі рэканструяваў у стылі клясыцызму Лаўрын Гуцэвіч.
На Чатырохгадовым Сойме 1788—1792 гадоў выступаў супраць прагрэсіўных рэфомаў, быў супраціўнікам Канстытуцыі 3 траўня (1791). Сябар Пастаяннай Рады. Далучыўся да Таргавіцкае канфэдэрацыі (1792). Прыхільнік Расеі, атрымліваў хабар ад расейскага пасла Якава Сівераса. Удзельнічаў у сойме ў Гародню, які пацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай (1793).
У 1794 падчас паўстаньня Касьцюшкі, супраць якога выступаў, быў арыштаваны на загад Тадэвуша Касьцюшкі й без суду павешаны ў Варшаве за здраду нацыянальным інтарэсам. Прах быў перавезены ў Вільню ў 1795 і пахаваны ў Катэдральны сабор Сьвятога Станіслава і Сьвятога Ўладзіслава.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Ф. Смуглевіч зь Віленскай катэдры, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, 1784—1786 гг.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Іншая вэрсія партрэта з карткі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 246.
- ^ Вячаслаў Шалькевіч. Масальскі Ігнацій Якуб // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 274.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Масальскі Ігнацій Якуб // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 255—256. — 672 с. — 6000 ас. — ISBN 985-11-0016-1
- Masalskis Ignacas Jokubas // Lietuviu dvasinikai kurejai. Kuriniai. Gyvenimai / Sudarytojas Ricardas Jakutis, vyr. red. kun. Vaclovas Aliulis.. — Vilnius: Poli, 2000. — С. 649. — 728 с. — 2000 ас. — ISBN 9986-511-10-0 (лет.)
- Нарадзіліся 22 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1727 годзе
- Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
- Памерлі 28 чэрвеня
- Памерлі ў 1794 годзе
- Памерлі ў Варшаве
- Пахаваныя ў катэдральным касьцёле Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Вільня)
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Масальскія
- Пісары вялікія духоўныя літоўскія
- Рэфэрэндары вялікія духоўныя літоўскія
- Віленскія біскупы
- Канфэдэраты таргавіцкія
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792