Viber
Viber | |
Распрацоўка | «Ракутэн» (Японія) |
---|---|
Апошняя вэрсія | |
Напісаны на | C, C++, Python |
АС | Android, BlackBerry(en), iOS(en), Лінукс, macOS, Symbian, Windows, Windows Phone |
Тып | сафтфон |
Ліцэнзія | карыстальніцкая |
Афіцыйная старонка | viber.com |
Viber (бел. Вайбэр) — дастасунак VoIP для смартфонаў, якія працуюць на плятформах Android, BlackBerry OS, iOS, Symbian, Windows Phone, Bada і кампутараў пад кіраваньнем Windows, macOS і Linux.
Інтэгруецца ў адрасную кнігу і аўтарызуецца па нумары тэлефона. Дазваляе ажыцьцяўляць бясплатныя званкі (аплата толькі за інтэрнэт-трафік) у высокай якасьці паміж смартфонамі з устаноўленым Viber, перадаваць тэкставыя паведамленьні, малюнкі, відэа- і аўдыёпаведамленьні, перасылаць электронныя дакумэнты і файлы, таксама платна тэлефанаваць на стацыянарныя тэлефоны[1]. На Symbian магчымы толькі абмен тэкставымі паведамленьнямі. Стварэньне праграмы ажыцьцявіла кіпрскае прадпрыемства «Вайбэр Мэдыя» (анг. Viber Media), заснаванае ізраільцянам Тальманам Марка і беларускім грамадзянінам Ігарам Магазіньнікам (нар. 1975; Ніжні Ноўгарад, Расейская СФСР). Цэнтры распрацоўкі месьцяцца ў Беларусі (Берасьце і Менск) і Ізраілі.
Уласьцівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На люты 2022 году «Вайбэр» меў убудаваны перакладнік паведамленьняў, супольнасьці зь неабмежаваным лікам карыстальніц і карыстальнікаў, а таксама скразное шыфраваньне перапіскі. Сярод іншага, існавала магчымасьць тэлефанаваць на замежныя тэлефонныя нумары[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Viber быў першапачаткова запушчаны на iPhone 2 сьнежня 2010 году. Папярэдняя вэрсія для Android выйшла ў траўні 2011 году, але мела абмежаваньне ў 50 000 карыстальнікаў; канчатковая вэрсія была выпушчаная 19 ліпеня 2012 г. Viber для BlackBerry, Bada і Windows Phone быў выпушчаны 8 траўня 2012 году. 7 траўня 2013 году выйшла абнаўленьне для iOS да вэрсіі 3.0, з рэлізам якога было абвешчана аб даступнасьці Viber Desktop для Windows і OS X.
У ліпені 2013 г. Сырыйскае электроннае войска ўзламала службу падтрымкі «Вайбэра». На пачатак жніўня 2013 г. сэрвіс меў больш за 200 мільёнаў карыстальнікаў у 193 краінах сьвету, у тым ліку 300 тысячаў у Лібане і некалькі мільёнаў у Эгіпце. Эгіпецкія вайскоўцы забаранілі любое выкарыстаньне дадатку вайскоўцамі і іх сем’ямі ў сувязі з «ізраільскімі каранямі» дадатка, а асноўны правайдэр 3G у Лібане выключыў яго зь сеткі. Тым часам шматлікія арабскія сайты прапанавалі карыстальнікам парады, як абыйсьці гэтыя перашкоды. 13 лютага 2014 г. японскае прадпрыемства «Ракутэн» (Токіё) набыла «Вайбэр» за $900 млн. На красавік 2016 г. налічвалася 249 млн карыстальнікаў (1/3 ад агульнага ліку), якія прынамсі аднойчы за месяц скарысталі праграму. На 1 лістапада 2016 г. налічвалася звыш 800 млн (11,4% жыхароў Зямлі) карыстальнікаў праграмы ў 193 з 212 краінаў[1].
На лютым 2022 году «Вайбэр» меў найбольшы ахо насельніцтва ва Ўкраіне — 79 %, Грэцыі — 77 % і Баўгарыі. За 2021 год у Расеі зрабілі звыш 26 млн новых запамповак праграмы, таму ахоп вырас да 43 % насельніцтва[2].
Мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2015 г. выданьне праграмы пад Windows Phone мела інтэрфэйс на 35 мовах[3]. Пад Андроід — на 33 мовах[4]. Пад iOS — на 32 мовах[5]. Пад Windows — на 12 мовах[6]. Пад Блэкбэры — на 4 мовах[7].
Беларускі пераклад праграмы існаваў пад Андроід[8].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лістападзе 2016 г. лік карыстальнікаў «Вайбэра» ў Беларусі перавысіў 4,5 млн чалавек, што складала амаль палову насельніцтва краіны (47,3% з 9,505 млн жыхароў)[9]. Такім чынам, за 1,5 гады зь лета 2015 г. лік карыстальнікаў «Вайбэра» ў Беларусі вырас на 73%. Беларускім карыстальнікам былі даступныя 50 публічных лапатухаў (чатаў)[1]. У жніўні 2020 году «Вайбэр» налічваў звыш 6 млн штодзённых карыстальнікаў у Беларусі (64 % насельніцтва Беларусі). На «Вайбэр Мэдыя» ў Беларусі працавала звыш 120 чалавек[10]. За першыя 20 дзён 2021 году «Ракутэн Вайбэр» заблякаваў у Беларусі звыш 3000 рахункаў за спробы махлярства, на якія скардзіліся трымальнікі банкаўскіх картак. Зламысьнікі тэлефанавалі з падробленых рахункаў банкаў і прадстаўляліся іх супрацоўнікамі, у тым ліку «Беларусбанка». У якасьці фотаздымка махляры карысталіся эмблемай банка, назву якога ставілі ў назьве рахунка. Падчас размовы зламысьнікі спрабавалі выведаць: нумар, тэрмін дзеяньня і код пацьверджаньня карткі (КПК), нумар асабістага распазнаваньня (НАР), найменьне і ключ сеціўнага ўваходу, 3-дамэнны бясьпечны ключ і ключ у кароткім паведамленьні. Падробленыя рахункі заблякавалі на падставе адзнакі «гэта спам» ад карыстальнікаў «Вайбэра», а таксама адпаведных скаргаў у службу падтрымкі[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Аляксей Арэшка. У Беларусі за паўтара года колькасьць карыстальнікаў мэсэнджэра «Вайбэр» вырасла на 73% і дасягнула 4,5 млн // БелаПАН, 1 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 2 лістапада 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ а б Якія мэсэнджары цяпер самыя папулярныя ў сьвеце // Партал «Наша ніва», 13 лютага 2022 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
- ^ Вайбэр // Windows Phone, 11 траўня 2015 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Вайбэр // Google Play(en), 7 красавіка 2015 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Вайбэр // iTunes(en), 12 траўня 2015 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Вайбэр // Крама Windows(en), 2015 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Вайбэр // Сьвет Брэкбэры(en), 19 лістапада 2013 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Сьцягнуць Вайбэр // Вэссофт, 2014 г. Праверана 12 траўня 2015 г.
- ^ Аляксей Мінчонак. У «Вайбэры» размаўляе ўжо амаль палова Беларусі // Тэлеканал «Белсат», 16 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 17 лістапада 2016 г. Праверана 28 лістапада 2016 г.
- ^ Зьміцер Заяц. Кампанія «Вайбэр» глыбока занепакоеная сытуацыяй у Беларусі // БелаПАН, 11 жніўня 2020 г. Праверана 11 жніўня 2020 г.
- ^ «Вайбэр» пасьля скаргаў беларусаў заблакаваў больш за 3 тыс. акаўнтаў з прыкметамі махлярства // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 студзеня 2020 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.