Перайсьці да зьместу

Усеагульная каса ашчаднасьці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «PKO»)
«Усеагульная каса ашчаднасьці»
Выява лягатыпу
Тып акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы ВФБ: PKO
Заснаваная 7 лютага 1919 (105 гадоў таму)
Заснавальнікі Юзэф Пілсудзкі
Краіна
Разьмяшчэньне Польшча, Варшава, вул. Пулаўская, д. 15
Ключавыя фігуры Зьбігнеў Ягела, Ежы Гара
Галіна фінансавыя паслугі
Прадукцыя грашовы перавод, пазыка, уклад
Абарачэньне 10 664,8 млн злотых[2] (2015 г.; $2733,8 млн)[3]
Апэрацыйны прыбытак 3152,6 млн злотых (2015 г.; $808,1 млн)
Чысты прыбытак 2609,6 млн злотых (2015 г.; $668,9 млн)
Лік супрацоўнікаў 25 909 (2016 г.)
Матчына кампанія Міністэрства дзяржаўнага скарбу Польшчы
Даччыныя кампаніі «Крэдабанк» (Львоў, Украіна)

Польскі банк «Усеагульная каса ашчаднасьці» (ПБ «УКА»; польск. Powszechna Kasa Oszczędności Bank Polski, PKO BP) — найбольшы дзяржаўны банк Польшчы, заснаваны ў лютым 1919 году ў Варшаве пад назовам «Паштовая каса ашчаднасьці». Спадарожна банк ажыцьцяўляе праз даччыныя прадпрыемствы лізінг і факторынг, страхаваньне і грашовыя пераводы, кіруе ўкладальніцкімі і пэнсійнымі фондамі.

У 2015 годзе на Польскі банк «Усеагульная каса ашчаднасьці» прыпадала 17,9% укладаў і 17,8% пазыкаў (198,7 млрд злотых) у Польшчы. Банк займаў 1-е месца ў краіне паводле ліку бягучых рахункаў (6,621 млн), аплатных картак (7,523 млн) і вартасьці іпатэчных пазыкаў. На 31 сьнежня 2015 году «Усеагульная каса ашчаднасьці» валодала найбольшай банкаўскай сеткай, што налічвала 1277 аддзяленьняў і 881 бюро. У дадатак Польскі банк «УКА» валодаў 3196 банкаматамі. На канец 2015 году валавыя актывы (сродкі) склалі 266,9 млрд злотых ($68,417 млрд) і ўлучалі: 190,4 млрд злотых (71,3%) выдадзеных пазыкаў, 44,5 млрд злотых (16,7%) каштоўных папераў, 13,8 (5,2%) млрд злотых наяўных грошай і 4,6 млрд абавязкі іншых банкаў. Абавязкі «Усеагульнай касы ашчаднасьці» складалі 236,7 млрд злотых (88,7% ад памеру актываў): 195,8 млрд злотых абавязкаў перад спажыўцамі, 30,3 млрд злотых уласнага капіталу, 18,3 млрд абавязкаў перад іншымі банкамі, 11,9 млрд даўгавых парукаў і 2,4 млрд злотых страхавых абавязкаў. Лік раздробных кліентаў складаў 8,968 млн, зь іх 8,538 млн (95%) фізычных асобаў. З агульнага ліку 25 909 супрацоўнікаў у даччыных прадпрыемствах працавалі 3311 (12,8%). На 31 сьнежня 2015 году банк «Усеагульная каса ашчаднасьці» выдаў раздробных пазыкаў на 139,9 млрд злотых ($35,862 млрд), зь іх: 43% жыльлёвых у злотых, 25,2% жыльлёвых у замежнай валюце, 17% спажывецкіх, 9% укладальніцкіх і 5,1% капітальных[2].

На 31 сьнежня 2015 году холдынг акцыянэрнага таварыства «Польскі банк "Усеагульная каса ашчаднасьці"» улучаў:

  • АТ «Таварыства інвэстыцыйных фондаў "УКА"» (100%);
  • АТ «Усеагульнае пэнсійнае таварыства "Банкаўскі"» (100%; Варшава, вул. Халодная, д. 52);
  • АТ «Лізінг "УКА"» (100%; Лодзь, алея Рыдза-Сьміглага, д. 20);
  • ТАА «Фінат» (100%; Варшава, вул. Груецкая, д. 5);
  • АТ «Таварыства страхаваньня жыцьця "УКА"» (100%);
  • АТ «Таварыства страхаваньня "УКА"» (100%);
  • АТ «Іпатэчны банк "УКА"» (100%; Гдыня, Паморскае ваяводзтва);
  • АТ «Фінансы "УКА"» (100%; Стакгольм, Швэцыя);
  • АТ «Крэдабанк» (99%; Львоў, Украіна);
  • ТАА «Фінансавая кампанія "Прыватныя інвэстыцыі"» (95%; Кіеў, Украіна);
  • ТДА «Інтэр-Рызыка Ўкраіна» (100%; Кіеў, Украіна);
  • ТАА «Куалія Забудова» (100%);
  • Закрытыя інвэстыцыйныя фонды непублічных актываў (ЗІФНА) «Мэркуры» (100%) і «Нэптун» (100%)[2].

7 лютага 1919 году начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудзкі (1918—1922) падпісаў дэкрэт аб стварэньні ў Варшаве банка «Паштовая каса ашчаднасьці» («ПКА»). 28 сьнежня 1919 году прэм’ер-міністар Польшчы Анджэй Марачэўскі (1918—1919) прызначыў 1-м кіраўніком «Паштовай касы ашчаднасьці» Губэрта Ліндэ. У 1923 годзе банк займеў галаўную сядзібу ў Варшаве па вул. Сьвятакрыжаўская, д. 31. Адначасна адчынілі мясцовыя аддзяленьні ў Кракаве, Львове (цяпер Украіна), Лодзі, Познані і Катавіцах (Сылескае ваяводзтва). У 1924 годзе банк паспрыяў хуткаму ўвядзеньню ў абарот злотага замест польскай маркі. 1 красавіка 1928 году пасаду старшыні банка заняў доктар права Генрык Грубэр. У 1938 годзе ўклады на ашчадных кніжках дасягнулі 789 млн злотых, уклады на чэкавых рахунках — 305 млн злотых.

У 1939—1944 гадах, падчас нямецкай акупацыі Польшчы ў Другую сусьветную вайну, «Паштовая каса ашчаднасьці» працягвала дзейнасьць у якасьці ўстановы Нямецкай дзяржавы. У красавіку 1945 году банк узнавіў дзейнасьць у Польскай Народнай Рэспубліцы. 1 студзеня 1950 году банк атрымаў сучасны назоў «Усеагульная каса ашчаднасьці». У 1974 годзе банк «УКА» пашырыў дзейнасьць на ашчадна-разьліковыя рахункі для фізычных асобаў. У 1975—1987 гадах аддзяленьні «УКА» працавалі пры прадстаўніцтвах Польскага народнага банка. 1 лістапада 1987 году банк стаў самайстойным пад назовам Дзяржаўны банк «Усеагульная каса ашчаднасьці». 12 красавіка 2000 году банк пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства «Польскі банк "Усеагульная каса ашчаднасьці"», акцыі якога 10 лістапада 2004 году разьмясьцілі на Біржы каштоўных папераў у Варшаве.

  1. ^ Global Research Identifier Database (анг.) — 2015.
  2. ^ а б в Справаздача Праўленьня аб дзейнасьці Холдынга АТ «Польскі банк "Усеагульная каса ашчаднасьці"» за 2015 год // Польскі банк «Усеагульная каса ашчаднасьці», 1 сакавіка 2016 г. Праверана 1 траўня 2017 г.
  3. ^ Табліца сярэдніх курсаў за 31 сьнежня 2015 г. (3,9011 даляра за злоты) (пол.) // Польскі народны банк, 1 студзеня 2016 г. Праверана 1 траўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]