Варшаўская фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Варшаўская фондавая біржа
польск. Giełda Papierów Wartościowych w Warszawie
Logo gpw.png
Gielda3 Wwa beax.jpg
Сядзіба біржы (2007)
Тып Фондавая
Разьмяшчэньне Варшава, Польшча
Заснаваная 12 красавіка 1991 (26 гадоў таму)
Уладар Міністэрства дзяржаўнага скарбу Польшчы(pl) (35%)
Ключавыя асобы Маргарыта Залеская(pl), Войцех Нагэль
Валюта Злоты
Колькасьць лістынгаў 487 (2016)
РынКап Red Arrow Down.svg481,673 млрд злотых[1] (2016; $118,347 млрд)
Аб'ём Red Arrow Down.svg225,287 млрд злотых (2015; $58,064 млрд)[2]
Індэксы Варшаўскі біржавы індэкс, ВБІ20(pl)
Сайт gpw.pl

Біржа каштоўных папераў у Варшаве[3]фондавая біржа, заснаваная ў красавіку 1991 году ў Варшаве (Польшча). 16 красавіка 1991 г. адбылося першае гандляваньне[4], ад якога вядзецца Варшаўскі біржавы індэкс(pl) (ВБІ; польск. WIG). Паводле гадавога аб’ёму гандлю ў 2015 г. і рынкавай капіталізацыі акцыяў прадпрыемстваў у лістынгу на пачатак 2016 г. была найбольшай у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе. Ажыцьцяўляе дзённы гандаль з панядзелка па пятніцу ад 9:00 да 17:10. Прадметам гандлю ёсьць: акцыя, аблігацыя, пераважнае права(en), разьмеркаваньне падпіскі на іх(en) і вытворны інструмэнт(pl) (ф'ючарс, апцыён і індэксавая адзінка(pl)). На 12 лютага 2016 г. мела ў лістынгу 485 прадпрыемстваў, зь іх 53 замежныя[5].

Бракёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход у біржавы цэнтар (2007)

На люты 2016 г. на Варшаўскай біржы працавалі 57 маклерскіх дамоў(pl), зь іх 27 мясцовых. Большасьць (15) мясцовых складалі банкі: «Альёр Банк»(pl), «Банк аховы асяродзьдзя»(pl), «Банк польскай каапэрацыі»(pl), «Банк харчовай гаспадаркі»(pl), «Гандлёвы банк»(pl), інвэстыцыйны банк «ПКА», «Нямецкі банк Польшчы»(pl), банк «Польская каса апекі»(pl) (ПКА), «Прамыслова-гандлёвы банк»(pl) (Гданьск, Паморскае ваяводзтва), «Заходне-Вялікапольскі крэдытны банк»(pl) (Уроцлаў, Ніжнесылескае ваяводзтва), «МБанк»(pl), банк «Міленіюм»(pl), «Райфайзэн банк Польшчы»(pl), «Сылескі банк»(pl) (Катавіцы, Сылескае ваяводзтва) і польскі банк «Усеагульная каса ашчаднасьці»[6].

Уласна маклерскіх дамоў сярод мясцовых бракёраў было 12: Бельска-Бялы маклерскі дом (Бельска-Бяла, Сылескае ваяводзтва), «Вэстор», «Іпопэма»(pl), «Капэрнікус», інвэстыцыйны дом «Ксэльён», «Нобл Сэкюрыціс»(pl), «НЎАІ», «Опэра», «Польская энэргетычныя група»(pl), «Трыгон», Цэнтральны маклерскі дом «ПКА»(pl) і «Эрст»(de) у Польшчы (Вена, Аўстрыя). Сярод 30 замежных бракёраў 28 гандлявалі аддалена, двое мелі прадстаўніцтвы на біржы: «Ўуд і кампанія» (Прага, Чэхія) і «Хаітонг»(zh) (Шанхай, Кітай). 28 аддаленых бракёраў працавалі з 11 краінаў Эўропы: Вялікабрытанія (13), Аўстрыя (1), Баўгарыя (1), Бэльгія (1), Вугоршчына (2), Кіпр (4), Летува (1), Нідэрлянды (1), Нямеччына (1), Францыя (2) і Чэхія (1)[6].

Індэксы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На люты 2016 г. Варшаўская біржа выдавала 27 індэксаў[7]:

1) 10 галоўных —

  • Варшаўскі біржавы індэкс(pl) (ВБІ; польск. WIG). Першы індэкс біржы, які пачалі вылічаць зь першага гандлю 16 красавіка 1991 г. ад першапачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. На 12 лютага 2016 г. улучаў 384 прадпрыемствы асноўнага сьпісу, налічваў 43 862,54 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 237,257 млрд злотых ($58,294 млрд). Паказваў сукупны даход(en) ад акцыяў, таму пры вылічэньні да ўвагі браліся цэны акцыяў, дывідэнды па іх і даходы ад правоў падпіскі на іх. У 2010—2015 гг. ахопліваў звыш 97% аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы.
  • ВБІ20(pl) (польск. WIG20). Вылічаецца з 16 красавіка 1994 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1758,1 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 154,606 млрд злотых ($37,987 млрд). Ёсьць цэнавым індэксам(en) акцыяў 20 найбольшых паводле капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы. У індэксе дапускалася прысутнасьць да 5 прадпрыемстваў ад адной галіны. У 2010—2015 гг. ахопліваў звыш 77% аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы. На 31 траўня 2015 г. рынкавая вартасьць індэксу складала 30,1% капіталізацыі асноўнага лістынгу біржы.
    • ВБІ20СД (ВБІ20 Сукупны Даход; польск. WIG20TR). Даходны індэкс, які вылічаюць з 3 сьнежня 2012 г. на аснове рынкавай вартасьці 20 найбольшых паводле капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы. За пачатак адліку ўзялі ўзровень 31 сьнежня 2004 г. у 1960,57 пунктаў. Пры вылічэньні да ўвагі бралі цану акцыяў і дывідэнды ад іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 2916,76 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 154,606 млрд злотых ($37,987 млрд).
    • ВБІ20кароткі(pl) (польск. WIG20short). Вылічаецца з 4 траўня 2009 г. на аснове ВБІ20. За пачатак адліку ўзялі ўзровень 31 сьнежня 2005 г. у 2654,65 пунктаў, якія меў тады ВБІ20. Зьмяняецца адваротна зруху ВБІ20, то бок пры па павышэньні ВБІ20 на 10 пунктаў памяншаецца на 10 пунктаў і наадварот. На 12 лютага 2016 г. налічваў 4452,85 пунктаў.
    • ВБІ20рыч (ВБІ20рычаг(pl); польск. WIG20lev). Вылічаецца з 4 траўня 2009 г. на аснове ВБІ20. За пачатак адліку ўзялі ўзровень 31 сьнежня 2005 г. у 2654,65 пунктаў, якія меў тады ВБІ20. Зьмяняецца паводле зруху ВБІ20 з падвойнай хуткасьцю, то бок пры па павышэньні ВБІ20 на 10 пунктаў павышаецца на 20 пунктаў і наадварот. На 12 лютага 2016 г. налічваў 445,42 пунктаў.
  • ВБІ30(pl) (польск. WIG30). Цэнавы індэкс, які вылічаюць з 23 верасьня 2013 г. на аснове рынкавай вартасьці 30 найбольшых паводле капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы. За пачатак адліку ўзялі ўзровень 28 сьнежня 2012 г. у 2582,98 пунктаў. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1969,08 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 167,568 млрд злотых ($41,172 млрд). У індэксе дапускалася прысутнасьць да 7 прадпрыемстваў адной галіны. На 31 траўня 2015 г. рынкавая вартасьць індэкса складала 35,2% капіталізацыі асноўнага лістынгу біржы.
    • ВБІ30СД (ВБІ30 Сукупны Даход; польск. WIG30TR). Даходны індэкс, які вылічаюць з 23 верасьня 2013 г. на аснове рынкавай вартасьці 30 найбольшых паводле капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы. За пачатак адліку ўзялі ўзровень 28 сьнежня 2012 г. у 3729,44 пунктаў. Пры вылічэньні да ўвагі бралі цану акцыяў і дывідэнды ад іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 3214,13 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 167,568 млрд злотых ($41,172 млрд).
    • ВБІдыв (ВБІдывідэнд; польск. WIGdiv). Даходны індэкс(pl), які вылічаецца з 31 сьнежня 2010 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Улучаў сукупны даход ад 30 прадпрыемстваў з найбольшым дывідэндам, таму пры вылічэньні да ўвагі бралі цану акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 937,82 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 59,045 млрд злотых ($14,507 млрд).
  • сВБІ40(pl) (сярэдні ВБІ40; польск. mWIG40). Цэнавы індэкс, які вылічаюць з 31 сьнежня 1997 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Улучаў рынкавую вартасьць 40 прадпрыемстваў Польшчы з капіталізацыяй звыш 1 млрд эўра, але меншай чым у 20 найбольшых з ВБІ20. На 12 лютага 2016 г. налічваў 3310,25 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 50,363 млрд злотых ($12,374 млрд). У 2010—2015 гг. ахопліваў звыш 11% аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы. На 31 траўня 2015 г. рынкавая вартасьць індэкса складала 10,1% капіталізацыі асноўнага лістынгу біржы.
  • мВБІ80(pl) (малы ВБІ80; польск. sWIG80). Цэнавы індэкс, які пачалі вылічаць з 31 сьнежня 1994 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Улучаў рынкавую вартасьць 80 прадпрыемстваў Польшчы з капіталізацыяй звыш 100 млн эўра, але меншай чым у 40 большых з сВБІ40. На 12 лютага 2016 г. налічваў 12 342,71 пунктаў і меў рынкавую вартасьць у 19,571 млрд злотых ($4,809 млрд). У 2010—2015 гг. ахопліваў звыш 3% аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы. На 31 траўня 2015 г. рынкавая вартасьць індэкса складала 3,8% капіталізацыі асноўнага лістынгу біржы.

2) 11 галіновых —

  • ВБІ-банкі(pl) (польск. WIG-banki). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 1279,56 пунктаў на 31 сьнежня 1998 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі банкаў на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 5779,33 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 15 банкаў у 66,595 млрд злотых ($16,362 млрд).
  • ВБІ-будаў(pl) (ВБІ-будаўніцтва; польск. WIG-budow). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 1279,56 пунктаў на 31 сьнежня 1998 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі будаўнічых прадпрыемстваў на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 2829,9 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 27 будаўнічых прадпрыемстваў у 4,666 млрд злотых ($1,147 млрд).
  • ВБІ-вяшч(pl) (ВБІ-вяшчаньне; польск. WIG-media). Даходны індэкс, вылічаць які пачалі 31 сьнежня 2004 г. ад вартасьці ў 2663,62 пунктаў. Улучае цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі вяшчальных прадпрыемстваў на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 4050,42 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 10 вяшчальнікаў у 5,972 млрд злотых ($1,467 млрд).
  • ВБІ-забуд(pl) (ВБІ-забудоўнікі; польск. WIG-dewel). Даходны індэкс, вылічаць які пачалі 15 чэрвеня 2007 г. ад вартасьці ў 6543,82 пунктаў. Улучае цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі забудоўнікаў на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1440,46 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 27 забудоўнікаў у 5,335 млрд злотых ($1,311 млрд).
  • ВБІ-інфа(pl) (ВБІ-інфарматыка; польск. WIG-info). Даходны індэкс, вылічаць які пачалі 31 сьнежня 1998 г. ад вартасьці ў 1279,56 пунктаў. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1559,94 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 27 прадпрыемстваў галіны ў 8,484 млрд злотых ($2,085 млрд).
  • ВБІ-паліва(pl) (польск. WIG-paliwa). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 3560,08 пунктаў на 31 сьнежня 2005 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў нафтавай прамысловасьці на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 3955,4 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 7 прадпрыемстваў нафтавай прамысловасьці ў 28,951 млрд злотых ($7,113 млрд).
  • ВБІ-сувязь(pl) (польск. WIG-telkom). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 1279,56 пунктаў на 31 сьнежня 1998 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў сувязі на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 814,58 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 7 прадпрыемстваў сувязі ў 5,913 млрд злотых ($1,453 млрд).
  • ВБІ-сыравіна(pl) (польск. WIG-surowce). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 4748,99 пунктаў на 31 сьнежня 2010 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі здабывальных прадпрыемстваў на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1812,1 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 4 прадпрыемстваў здабывальнай прамысловасьці ў 8,995 млрд злотых ($2,210 млрд).
  • ВБІ-харч(pl) (ВБІ-харчаваньне; польск. WIG-spożywczy). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 1279,56 пунктаў на 31 сьнежня 1998 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 3075,57 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 24 прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці ў 4,165 млрд злотых ($1,023 млрд).
  • ВБІ-хімія(pl) (польск. WIG-chemia). Даходны індэкс, вылічэньне якога вядзецца ад вартасьці ў 3836,1 пунктаў на 19 верасьня 2008 году. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 15 455,56 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 7 прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці ў 8,255 млрд злотых ($2,028 млрд).
  • ВБІ-энэрг(pl) (польск. WIG-energ). Даходны індэкс, вылічаць які пачалі 31 сьнежня 2009 г. ад вартасьці ў 3988,6 пунктаў. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў энэргетыкі на біржы. На 12 лютага 2016 г. налічваў 15 455,56 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 9 прадпрыемстваў энэргетыкі ў 20,616 млрд злотых ($5,065 млрд).

3) 3 краёвыя —

  • ВБІ-Польшча(pl) (польск. WIG-Poland). Першы краёвы індэкс, які пачалі вылічаць з 22 сьнежня 2003 г. на аснове рынкавай вартасьці прадпрыемстваў Польшчы ў ВБІ. Да ўзьнікненьня першага замежнага прадпрыемства на Варшаўскай біржы 19 сьнежня 2003 г. супадаў з ВБІ. Пры вылічэньні ўзялі пад увагу цэны акцыяў, дывідэнды па іх і даходы ад правоў падпіскі на іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 45 014,8 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 344 прадпрыемстваў Польшчы ў 231,109 млрд злотых ($56,784 млрд).
  • ВБІ-Украіна (польск. WIG-Ukraine). Другі краёвы індэкс, які пачалі вылічаць з 4 траўня 2011 г. на аснове рынкавай вартасьці прадпрыемстваў Украіны на біржы. За пачатак адліку ўзялі 1000 пунктаў на 31 сьнежня 2010 году. Пры вылічэньні ўзялі пад увагу цэны акцыяў, дывідэнды па іх і даходы ад правоў падпіскі на іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 345,47 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 7 прадпрыемстваў Украіны ў 804,7 млн злотых ($197,7 млн).
  • ВБІ-СУЭ (ВБІ — Сярэдне-Ўсходняя Эўропа; польск. WIG-CEE). Першы міжнародны індэкс, які пачалі вылічаць з 30 траўня 2012 г. на аснове рынкавай вартасьці замежных прадпрыемстваў на біржы. За пачатак адліку ўзялі 1000 пунктаў на 31 сьнежня 2010 году. Пры вылічэньні ўзялі пад увагу цэны акцыяў, дывідэнды па іх і даходы ад правоў падпіскі на іх. На 12 лютага 2016 г. налічваў 720,86 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 27 прадпрыемстваў з 11 краінаў (Баўгарыя, Вугоршчына, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія, Украіна, Харватыя, Чэхія і Эстонія) у 21,562 млрд злотых ($5,298 млрд).

4) 3 адмысловыя —

  • ІнвэстарМС (Інвэстар Малы Сярэдні; польск. InvestorMS). Даходны індэкс, які вылічаецца з 31 сьнежня 2002 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Грунтуецца на падборы фондам «Інвэстары» прадпрыемстваў па-за ВБІ20. На 12 лютага 2016 г. налічваў 3404,76 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 292 прадпрыемстваў у 73,314 млрд злотых ($18,013 млрд).
  • Пашана (польск. Respect). Даходны індэкс, які вылічаецца з 31 сьнежня 2009 г. ад пачатковай вартасьці ў 1000 пунктаў. Улучаў цэны акцыяў, дывідэнды ад іх і даходы ад пераважнага права на акцыі прадпрыемстваў, кіраўнікі якіх абвясьцілі аб прытрымліваньні грамадзкай адказнасьці(en) ў вядзеньні справаў. На 12 лютага 2016 г. налічваў 2164,88 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 23 прадпрыемстваў у 75,056 млрд злотых ($18,441 млрд).
  • САБП.Індэкс (Скарбавая Аблігацыя Безадкладна(en) Польшча; польск. TBSP.Index). Першы індэкс дзяржаўных аблігацыяў Польшчы, які пачалі вылічаць з 29 сьнежня 2006 г. ад вартасьці ў 1000 пунктаў. Як даходны індэкс, улучае зьмены цаны аблігацыяў, налічаныя адсоткі і даходы ад пераўкладзеных купонаў. Складаецца са зьніжкавых аблігацыяў(en) (бескупонных) і аблігацыяў зь цьвёрдай стаўкай(en) адсотку, пазначаных у злотых. Вызначаецца на біржавым гандлі. На 12 лютага 2016 г. налічваў 1684,17 пунктаў і меў рынкавую вартасьць 17 выпускаў аблігацыяў у 372,173 млрд злотых ($91,443 млрд)[8].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «АСБІС» (Лімасол, Кіпр) — прадпрыемства, заснаванае ў Менску ў 1990 годзе з галаўной сядзібай на Кіпры з 1995 году. У 2007 г. правяло першаснае разьмяшчэньне акцыяў на Варшаўскай біржы. На 12 лютага 2016 г. займала ў Варшаўскім біржавым індэксе (ВБІ) 220-е месца паводле рынкавай вартасьці ў 49,779 млн злотых ($12,231 млн).
  • «Сільвана Фэшн»(et) (Талін, Эстонія) — матчыная кампанія швейнай фабрыкі бялізны «Мілавіца» (Менск) зь 2006 году. У 2007 г. правяла першаснае разьмяшчэньне акцыяў на Варшаўскай біржы[9]. На 12 лютага 2016 г. займала ў ВБІ 215-е месца паводле рынкавай вартасьці ў 54,239 млн злотых ($13,327 млн)[10].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак біржы ў 1991—2000 гг. па вул. Новага Сьвету, д. 6/12 (Банкаўска-фінансавы цэнтар(pl))

12 красавіка 1991 г. міністар пераўтварэньняў уласнасьці(pl) і міністар дзяржаўнага скарбу Польшчы Януш Левандоўскі і Лешак Бальцаровіч(pl) адпаведна падпісалі ўстаноўчы акт Біржы каштоўных папераў у Варшаве. 16 красавіка прайшоў першы гандаль акцыямі 5 прадпрыемстваў з удзелам 7 бракёраў, якія атрымалі 112 заказаў на набыцьцё і продаж. Абарот біржы за першы дзень склаў 1990 злотых ($2 тыс.). Ад заснаваньня праводзіўся электронны гандаль і штогод ладзілася некалькі першасных разьмяшчэньняў акцыяў прадпрыемстваў (біржавых дэбютаў). У 1992 г. на біржы адбыўся продаж першых 5 выпускаў дзяржаўных аблігацыяў, які надалей праводзіўся штогод. Сярэдняя дывідэндная даходнасьць акцыяў прадпрыемстваў на біржы дасягнула найбольшага паказьніка ў 5,5%. У 1993 г. лік інвэстыцыйных рахункаў вырас з 76 да 281, Варшаўскі біржавы індэкс павялічыўся на рэкордныя 1095,3%. Аб’ём гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы ўзьняўся са 114 млн злотых да 3,937 млрд злотых ($1,848 млрд). Рынкавая капіталізацыя прадпрыемстваў на біржы вырасла з 351 млн злотых да 5,845 млрд злотых ($2,744 млрд) і перавысіла агульную выручку прадпрыемстваў за 1993 г. у 13,3 разу. Капіталізацыя працягвала пераўзыходзіць выручку прадпрыемстваў на біржы ў больш як 10-кратным памеры і надалей. У 1993—1994 гг. аб’ём гандлю акцыямі прадпрыемстваў на біржы перавышаў іх рынкавую вартасьць: 1993 г. — 194,6%, 1994 г. — 128.7%[2].

У 1995 г. біржа перайшла на 5-дзённы тыдзень працы, што павялічыла лік гандлёвых дзён са 188 да 249. У 1997 г. лік інвэстрахункаў вырас з 894 да 1181, лістынг павялічыўся з 83 да 143 прадпрыемстваў. Адначасна ў 1997 г. упершыню правялі зьняцьцё зь лістынгу на біржы 2 прадпрыемстваў, якое надалей назіралася штогод. У 1998 г. заключылі першыя 7 тэрміновых кантрактаў(pl) (ф'ючарс) на 301 млн злотых ($86 млн). У лістападзе 2000 г. Варшаўская біржа перайшла да выкарыстаньня кампутарнай плятформы «Варшаўскі фондавы біржавы гандаль» (ВарФБГ; анг. WarSET, WARsaw Stock Exchange Trading) і пераехала ў сучасны будынак па вул. Княжыча(pl), д. 4. У 2001 г. на Варшаўскай біржы ўпершыню правялі продаж замежных дзяржаўных аблігацыяў на 229 млн злотых ($57,394 млн), што ў далейшым адбывалася штогод. У 2002 г. лістынг прадпрыемстваў на біржы ўпершыню скараціўся з 230 да 216. У 2003 г. у лістынгу зьявілася першае замежнае прадпрыемства і адбыўся гандаль першымі 16 апцыёнамі на 318 млн злотых ($85 млн). 30 жніўня 2007 г. Варшаўская біржа адчыніла дадатковую пляцоўку «Нью-Канэкт»(pl) (анг. NewConnect — новых злучаць) для прадпрыемстваў з уласным капіталам ад 500 тыс. злотых ($203 тыс.). У 2007 г. рынкавая вартасьць 23 замежных прадпрыемстваў на біржы (570,37 млрд злотых; $231,858 млрд) упершыню перавысіла вартасьць 351 польскага прадпрыемства (509,887 млрд злотых; $207,271 млрд)[2].

Паводле Фэдэрацыі эўрапейскіх біржаў каштоўных папераў(de) (ФЭБКП; Брусэль, Бэльгія), 31 ліпеня 2008 г. Варшаўская біржа ўпершыню заняла 1-е месца ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе паводле рынкавай вартасьці (капіталізацыі) прадпрыемстваў на біржы, якая склала 126,2 млрд эўра ($168,8 млрд)[11]. На 20 сакавіка 2009 г. на Варшаўскай біржы гандлявалі акцыямі 372 прадпрыемстваў, у тым ліку 25 замежных зь 10 краінаў (Аўстрыя, Вугоршчына, Гішпанія, ЗША, Нідэрлянды, Нямеччына, Славаччына, Украіна, Чэхія і Эстонія). Рынкавая капіталізацыя прадпрыемстваў на біржы складала 385 млрд злотых ($110 млрд)[12]. 9 лістапада 2010 г. АТ «Біржа каштоўных папераў у Варшаве» стала публічнай кампаніяй, правёўшы першаснае разьмяшчэньне акцыяў на сваёй біржавой пляцоўцы.

За 2011 г. выручка самога АТ «Біржа каштоўных папераў у Варшаве» склала 269 млн злотых ($78,655 млн), чысты прыбытак — 133 млн злотых ($38,889 млн). Варшаўская біржа была найбольшай у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе паводле аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў і рынкавай капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы[3]. У 2011 г. Варшаўская біржа стала першай у сьвеце паводле росту колькасьці прадпрыемстваў у лістынгу, 7-й у сьвеце — паводле аб’ёму гандлю акцыямі прадпрыемстваў і першай у Эўропе — паводле колькасьці першасных разьмяшчэньняў акцыяў новых прадпрыемстваў[4]. Таксама Варшаўская біржа стала 3-й у Эўропе паводле рынкавай капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы. Цягам 2011 г. на Варшаўскай біржы адбылося 47% першасных разьмяшчэньняў акцыяў прадпрыемстаў (біржавых дэбютаў) у Эўропе[13]. У 2012—2013 гг. рынкавыя вартасьць акцыяў прадпрыемстваў на біржы апускалася ніжэй за іх балянсавая вартасьць(en). 15 красавіка 2013 г. Варшаўская біржа перайшла да выкарыстаньня Агульнай гандлёвай плятформы (АГП; па-ангельску: UTP, Universal Trading Platform) біржы «Эўранэкст» (Амстэрдам, Нідэрлянды), распрацаванай падразьдзяленьнем Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША). У выніку здольнасьць апрацоўкі гандлёвых заказаў вырасла з 850 за сэкунду да 20 тыс. за сэкунду (у 23,5 разы). На канец 2014 г. на Варшаўскай біржы налічваўся 51 маклерскі дом.

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аналіз і статыстыка(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 10 лютага 2016 г. Праверана 10 лютага 2016 г.
  2. ^ а б в Асноўная статыстыка БКП(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 31 студзеня 2016 г. Праверана 13 лютага 2016 г.
  3. ^ а б Ганна Задрожная. БКП — вынікі за 2011 год // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 13 сакавіка 2012 г. Праверана 12 лютага 2016 г.
  4. ^ а б Ганна Задрожная. БКП адзначае 21 год // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 16 красавіка 2012 г. Праверана 12 лютага 2016 г.
  5. ^ Паказьнікі таварыстваў(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 12 лютага 2016 г. Праверана 13 лютага 2016 г.
  6. ^ а б Сьпіс сябраў біржы(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 10 лютага 2016 г. Праверана 10 лютага 2016 г.
  7. ^ Біржавыя індэксы(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 12 лютага 2016 г. Праверана 13 лютага 2016 г.
  8. ^ Апісаньне індэксаў(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 12 лютага 2016 г. Праверана 13 лютага 2016 г.
  9. ^ Алесь Чайчыц. Прыватызацыю найлепш праводзіць праз біржу // Газэта «Наша ніва», 15 чэрвеня 2011 г. Праверана 12 лютага 2016 г.
  10. ^ Варшаўскі біржавы індэкс (ВБІ)(пол.) // Біржа каштоўных папераў у Варшаве, 12 лютага 2016 г. Праверана 13 лютага 2016 г.
  11. ^ Ганна Задрожная. Варшаўская біржа — лідэр рэгіёну // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 13 жніўня 2008 г. Праверана 12 лютага 2016 г.
  12. ^ Аляксей Арэшка. «Беларусбанк» атрымаў статус IPO-партнэра Варшаўскай фондавай біржы // БелаПАН, 20 сакавіка 2009 г. Праверана 12 лютага 2016 г.
  13. ^ Ганна Задрожная. Варшаўская біржа — лідэр // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 11 студзеня 2012 г. Праверана 12 лютага 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]