Перайсьці да зьместу

Heroes of Might and Magic III

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Heroes of Might and Magic III
Дата выпуску 28 лютага 1999
20 сьнежня 1999 (Linux)
21 сьнежня 1999 (Mac)
Вэрсія 1.4
1.3.1a (Linux)
Апошняя вэрсія
Жанр Пакрокавая стратэгія
Сэрыя Heroes of Might and Magic
Стваральнікі
Распрацоўнікі New World Computing
Loki Software (Linux)
Выдаўцы The 3DO Company
Loki Software (Linux)
Дызайнэры Грэгары Фултан
Джон ван Канэгэм
Кампазытары Пол Рамэра
Роб Кінг
Стыў Бака
Тэхнічныя дэталі
Плятформы Windows, Macintosh, Linux (PowerPC/x86), Game Boy Color
Рэжымы Адзінаасобная гульня, Шматасобная гульня, Hotseat
Век. абмежаваньні ESRB: любы
Носьбіт 1 CD-ROM
Сыстэмныя патрабаваньні
Windows: працэсар 133 МГц, 32 Мб ПАД, DirectX 6.0, 2 МБ DirectX-сумяшчальная відэакартка, 4x CD-ROM-прывад, 200 МБ месца на цьвёрдым дыску, Windows 95 або вышэй
Mac: PowerPC 603e / 180 МГц Power Macintosh, 64 Мб ПАД, 4x CD-ROM-прывад, Mac OS 8.1 або вышэй
Linux: працэсар 133 МГц або PowerPC, 32 Мб ПАД, відэакартка зь відэарэжымам 800x600x16, 4x CD-ROM-прывад, 150 МБ месца на цьвёрдым дыску, ядро Linux 2.2.x, XFree86 3.3 або вышэй
Кіраваньне клявіятура кампутара[d] і дотыкавы экран[d]
Афіцыйны сайт
Heroes of Might and Magic III у Вікісховішчы

«Heroes of Might and Magic III: The Restoration of Erathia» (па-беларуску: «Героі меча і магіі III: Аднаўленьне Эратыі») — пакрокавая стратэгічная гульня, распрацаваная Джонам ван Канэгэмам з New World Computing пад Microsoft Windows і выпушчаная the 3DO Company ў 1999 годзе. Пазьней у тым самым року выйшлі парты пад Apple Macintosh (выпушчаны 3DO) і пад Linux (выпушчаны Loki Software). У 2000 годзе выйшаў порт для Game Boy Color пад назовам «Heroes of Might and Magic 2». Як вынікае з назвы, гэта трэцяя гульня сэрыі «Heroes of Might and Magic».

Гульнявы працэс вельмі падобны да папярэдніх гульняў сэрыі: гулец кіруе некалькімі героямі-вайскаводамі, войска якіх складаюць разнастайныя мітычныя і легендарныя стварэньні. Гульня складаецца зь дзьвюх частак: тактычная выведка тэрыторыі і пакрокавая сыстэма бітвы. Гулец зьбірае войска за кошт рэсурсаў у адным з васьмі тыпаў местаў. Герой зарабляе пункты досьведу, удзельнічаючы ў бітвах з монстрамі і варожымі героямі. Умовы перамогі розьняцца на розных мапах: гэта могуць быць заваёва ўсіх местаў на мапе, зьнішчэньне ўсіх ворагаў, зьбіраньне пэўнае колькасьці рэсурсаў альбо знаходжаньне пэўнага артэфакту.

Да гульні выйшлі дапаўненьні «Heroes of Might and Magic III: Armageddon's Blade» (бел. «Клінок Армагедону»), «Heroes of Might and Magic III: Shadow of Death» (бел. «Цень сьмерці»), а таксама фанацкае пашырэньне «Heroes of Might and Magic 3½: In the Wake of Gods» (бел. «Па сьлядох багоў»). Таксама была выпушчаная сэрыя кароткіх азнаямляльных гульняў «Heroes Chronicles», заснаваная на рухавіку «Heroes III». А ў 2000 выйшла спэцыяльнае выданьне «Heroes III Complete», якое ўключала гульню і абодва дапаўненьні.

Сюжэт гульні разьвіваецца ў пасьлядоўнасьці зь сямі адрозных кампаніяў, дзеяньне якіх адбываецца ў Эратыі. Гульня дае магчымасьць паспрабаваць сябе ў кіраваньні ўсімі відамі местаў, паколькі кампаніі прадстаўляюць гісторыі з пункту погляду ўсіх дзеючых асобаў.

Няхай жыве каралева

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля зьнікненьня караля Роланда Жалезнага Кулака ягоная жонка Кацярына ўзначальвае Энрот. Па гібелі ейнага бацькі, караля Эратыі Нікаласа Сэрца Грыфона, Кацярына выпраўляецца на радзіму для ўдзелу ў пахаваньні. Пасьля высадкі энроцкага флёту ў Эратыі Кацярына высьвятляе, што ў краіне разгарнулася шырокамаштабная вайна. Каралева зьвяртаецца па дапамогу да караля Бракады Гэвіна Магнуса, каб ачоліць барацьбу супраць злых сіл, што апанавалі Эратыяй.

Падзямельлі і д’яблы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’яднаныя сілы варожых каралеўстваў чарнакніжнікаў Ніхана і дэманаў Эафола ўварваліся на тэрыторыю Эратыі. Не марнуючы часу, войскі Эафола вырашылі ўдарыць эльфаў у самае сэрца — забіць Каралеву залатых цмокаў. Такім чынам яны адхілілі самага моцніка хаўрусьніка Эратыі. Адначасна чарнакніжнікі Ніхана перакінулі свае войскі па танэлях, што вядуць да сталіцы Эратыі, каб забясьпечыць фактар нечаканасьці. Нягледзячы на тое, што Стэдвік ахоўваўся магутным гарнізонам, ён ня здолеў вытрымаць націску аб’яднаных сілаў і неўзабаве паў. Захапіўшы сталіцу Эратыі, дэманы і чарнакніжнікі паланілі рыцара-рэгента Моргана Кендала.

Вадгалосьсе вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неспакойныя часіны абяцалі наймітам салодкае жыцьцё. Пакуль эратыйская гвардыя змагаецца зь ніханскай пагрозай на ўсходзе, заходнія землі засталіся практычна без аховы. Гэтым скарыстаўся кароль Траляск, валадар Татальлі, і герцаг Ўінстан Барагус, валадар Крулада. Абодва вырашылі паклікаць на службу наймітаў, аднак з адною мэтаю — пашырыць свае ўладаньні. Першачарговай задачай Ўінстана Барагуса ёсьць набегі і рабаваньні найбліжэйшых эратыйскіх земляў з мэтаю забесьпячэньня ўласнага войска ўсім неабходным, а кароль Траляск марыў вывесьці сваю краіну з балотаў. Аднак на заходніх граніцах Эратыі інтарэсы Татальлі і Крулада сутыкнуліся, таму яны пачынаюць міжсобную вайну, адначасна рабуючы памежныя эратыйскія паселішчы.

Склаўшы хаўрус з каралём Элдрыхам Парсанам, валадаром эльфійскіх земляў АўЛі, і вярхоўным візырам краіны мудрацоў Бракады Гэвінам Магнусам, Кацярына пачала змаганьне за вызваленьне Эратыі. Першай фазай стала бітва за Стэдвік, ускладненая тым, што Вярхоўныя лорды падзямельляў завалілі горныя перавалы, што вядуць да Стэдвіцкай даліны. Кацярына, аднак, здолела адбіць сталіцу і вызваліць Маргана Кендала. Тады ж высьветлілася, што сьмерць караля Нікаласа не была натуральнай — яго атруцілі. Аднак спроба дазнаньня, якой займаўся Кендал да падзеньня Стэдвіку, ня дала посьпехаў.

Сілы хаўрусьнікаў-эльфаў пасьпяхова атакавалі дэманаў Эафола, спадзеючыся вызваліць Роланда, мужа Кацярыны і караля Энроту. Замак Крылях, дзе ён нібыта знаходзіўся, быў узяты, аднак Роланда там не было. Кароль быў увязьнены ў калёніі Зод у Эафоле, і ягонае вызваленьне апісанае ў гульні Might and Magic VII: For Blood and Honor. Тым часам войскі мудрацоў Бракады ўмяшаліся ва ўзброеныя сутыкненьні Татальлі і Крулада, аднавіўшы статус-кво на заходніх межах Эратыі. Пасьля ўсіх гэтых перамог па чарнакніжніках Ніхана быў нанесены ўдар аб’яднаных сілаў Эратыі, АўЛі і Бракады, які скончыўся поўнай перамогай аліянтаў і выхадам Ніхана з вайны.

Няхай жыве кароль

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе гэтыя бітвы, аднак, прынесьлі вялікую колькасьць загінулых з усіх бакоў. Гэта ўваходзіла ў загадзя распрацаваны плян нэкраманта Сандра і ягонай марыянэткі — Фінэаса Вільмара, караля краіны нэкрамантаў Дэі. Наконадні вайны Фінэас Вільмар выйшаў з-пад кантролю Сандра, увязьніўшы таго, і стварыў з трупаў вояў вялікае войска няўмерлых. Аднак Фінэас, асьцерагаючыся войскаў Эратыі пад даводзтвам Кацярыны, вырашыў стварыць сабе галоўнакамандуючага з памерлага караля Нікаласа Сэрца Грыфона. Армія няўмерлых пасьпяхова захапіла магільню манарха Эратыі і начыньне для рэанімацыі; аднак падчас правядзеньня рытуалу «ўваскрошаны» ў выглядзе ліча Нікалас забіў Фінэаса Вільмара і захапіў усю ўладу ў Дэі. Для падрыхтоўкі паходу на Эратыю Нікалас уваскрасіў безьліч мертвякоў на пагранічных землях, не прыцягваючы ўвагі асноўных эратыйскіх сілаў. Наступным крокам было забойства свавольнага рыцара сьмерці па імі Мот, які выказаў жаданьне захаваць свае землі пад выглядам нэўтралітэту. Ягонае войска перайшло ў рукі Нікаласа Сэрца Грыфона, які, сабраўшы вялікія сілы, заваяваў большую частку тэрыторыі Эратыі і вызваліў Сандра, але самі нэкраманты пачалі баяцца такога шалёнага і некіраванага ўладара.

Дзеля таго, каб скінуць тырана, да Кацярыны быў пасланы нэкрамант Німбус. Ён вёз доказы, што выкрывалі забойцу караля Грыфонава Сэрца. Дзеля забесьпячэньня бясьпекі пасланьніка Кацярына разьбіла адданыя новаму каралю войскі няўмерлых, што заступалі дарогу. Надалей злучаныя войскі Эратыі, АўЛі, Бракады і незадаволеных каралём-лічам нэкрамантаў здолелі ўзяць верх у барацьбе. Кацярына разам з рыцарам лордам Хаартам прабілася да нэкропалю і там засьведчыла свайму бацьку, што менавіта лорд Хаарт атруціў Нікаласа Сэрца Грыфона. Кароль-ліч забіў лорда Хаарта, пасьля чаго Кацярына прачытала замову, што зруйнавала сувязь душы яе бацькі з рэшткамі ліча. Душа Нікаласа была вызваленая, такім чынам завяршыўшы вайну за ўзнаўленьне Эратыі.

Насеньне незадаволенасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сканчэньня ўсіх папярэдніх кампаніяў становіцца даступнай гісторыя сэпаратыстаў, што жывуць на Спрэчных землях паміж Эратыяй і АўЛі. Сьмелы вой Фарук Вэльнін з купкай незадаволеных людзей і эльфаў, якім абрыдла ўдзельнічаць у чужых войнах, вырашыў назаўжды вызваліць сваю радзіму ад прыгнёту абодвух каралеўстваў. Перш чым абвясьціць незалежнасьць, Фарук накіраваўся на пошукі сымбаля, за якім пойдзе народ — Грааля, страчанага колькі стагодзьдзяў таму ў Спрэчных землях. Наступным крокам была дастава сымбаля праз заставы Эратыі і АўЛі ў места Вельнін, каб аддаць загад пра пабудову сьвятыні для Граалю. Паселішча хутка адбудоўвалася і неўзабаве ператварылася ў сталічнае места. Аднак гэтая спроба непадпарадкаваньня была жорстка здушаная каралевай Кацярынай і каралём Парсанам.

Працэс гульні складаецца са стратэгічнага вывучэньня тэрыторыі і тактычнае пакрокавае бітвы. Як і ва ўсіх гульнях сэрыі, гулец кіруе «героямі», якія маюць у сваім падпарадкаваньні войскі, што складаюцца з розных відаў істотаў. Перамогі на мапе можна дасягнуць, выканаўшы патрабаваньні стваральніка мапы. Гэтымі ўмовамі могуць быць захоп усіх местаў на мапе, зьбіраньне пэўнае колькасьці рэсурсаў, складаньне ламаніны дзеля адшуканьня Граалю. Пасьля страты ўсіх сваіх герояў і местаў гулец атрымлівае паразу.

Мапа сьвету мае два «паверхі» — наземны і падземны. Пераход паміж імі магчымы толькі праз адмысловыя вароты. У розных месцах мапы разьмешчаныя пабудовы, скарбы, монстры, шахты і іншае. Пасьля таго, як герой знаходзіць шахту і пазначае яе ўласным сьцягам, яна пачынае прыносіць прыбытак у ягоную скарбніцу. Рэсурсы патрэбныя дзеля разьвіцьця местаў. Таксама неабходна разьвіваць навыкі герояў — у бітвах, апрананьнем артэфактаў або наведаньнем адмысловых мясьцінаў. Прыкладам, Хаціна вядзьмаркі можа дадаць герою дадатковы навык, а Камень навучаньня дадае 1000 пунктаў досьведу.

Месты, якімі валодае гулец, дазваляюць рэкрутаваць у сваё войска новых істотаў, прадастаўляюць золата, новыя заклінаньні і сховішча за сьценамі ў выпадку нападзеньня ворага. Для пабудовы патрэбнае золата і звычайна адзін або некалькі відаў рэсурсаў, якіх у гульні пяць: дрэва, ртуць, серка, крышталі, каштоўныя камяні. Рэсурсы таксама патрэбныя і для найму найбольш магутных відаў істотаў.

Калі гулец знаходзіць артэфакт Грааль, ён мае магчымасьць збудаваць адмысловую пабудову дзеля сталага захоўваньня яго ў месьце. У гэтым выпадку Грааль значна павялічвае штотыднёвы прыбытак і колькасьць істотаў, а таксама дае ўнікальны для места бонус, напрыклад, Нябесны карабель у Вежы, які адкрывае поўную мапу тэрыторыі і ў выпадку абароны дадае герою бонус да ягонага ўзроўню ведаў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]