Перайсьці да зьместу

AC/DC

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
AC/DC
Гады 1973 — цяпер
Краіна
Месца ўтварэньня Аўстралія, Сыднэй
Мова ангельская
Жанр гэві-мэтал
рок-н-рол
Выдавец Albert
EMI
Columbia
Epic
Atlantic
Atco
Elektra
East West
Удзельнікі Вакал: Браян Джонсан
Сола-гітара: Ангус Янг
Бас: Кліф Ўільямз
Барабаны: Філ Рад
Былыя ўдзельнікі Вакал: Бон Скот
Вакал: Дэйв Эванз
Бас: Марк Эванз
Барабаны: Сайман Райт
Барабаны: Крыс Слэйд
Гітара: Стыві Янг
Рытм-гітара: Малкалм Янг
Узнагароды і прэміі
www.acdc.com

AC/DC (скар. ад па-ангельску: alternating current/direct current — зьменны/сталы ток) — аўстралійскі рок-гурт, сфармаваны ў Сыднэі (Аўстралія) у лістападзе 1973 году выхадцамі з Шатляндыі, братамі Малкалмам і Ангусам Янгамі.

Разам з такімі гуртамі як Led Zeppelin, Scorpions, Black Sabbath і Judas Priest AC/DC часта разглядаюцца як піянэры гард-року й гэві-мэталу.[1][2] Самі жа музыкі клясыфікавалі сваю музыку як рок-н-рол[3], таму што ў яе аснове ляжыць рытм-энд-блюз з моцна скажоным гучаньнем рытмічнай і сола-гітараў.

Калектыў мінуў празь некалькі зьменаў складаў, перш чым у 1975 годзе быў выдадзены першы альбом гурту, High Voltage. Склад гурту заставаўся нязьменным, пакуль бас-гітарыст Марк Эванз ня быў замешчаны Кліфам Ўільямзам у 1977 годзе. 19 лютага 1980 году ад моцнага алькагольнага ап’яненьня памёр вакаліст і аўтар песень калектыву Бон Скот. Гурт меў ўсе шанцы распасьціся, але неўзабаве замена Скоту была знойдзеная, у асобе былога вакаліста гурту Geordie Браяна Джонсана. У гэтым жа годзе гурт запісаў свой самы прадаваны альбом, Back in Black.

Калектыў прадаў звыш 200 мільёнаў копіяў альбомаў па ўсім сьвеце[4][5], уключаючы 68 мільёнаў у ЗША[6]. Самы пасьпяховы альбом, Back in Black, быў прададзены ў колькасьці больш за 22 мільёны ў ЗША[7] й больш за 42 мільёны за іх межамі[8]. AC/DC зьяўляецца самым пасьпяховым і вядомым рок-гуртом з Аўстраліі й адным з найпапулярнейшых у сьвеце.

Старэйшая сястра Малкалма й Ангуса Янгаў, Маргарэт прапанавала назву для гурту пасьля таго, як пабачыла акронім «AC/DC» на заднім баку швейнай машынкі. «AC/DC» — абрэвіятура ад «ток зьменны/ток сталы» (па-ангельску: «alternating current/direct current»), якая абазначае пераўтваральнік пераменнага току ў сталы. Браты адчулі, што гэтая назва сымбалізуе шчырую энэргію музыкі гурту й энэргетыку іхніх жывых выступаў, такім чынам імя й замацавалася.[9][10]

Браты Ангус (нарадзіўся 31 сакавіка 1955 году; па патрабаваньні кампаніі Atlantic Records годам нараджэньня Ангуса афіцыйна пазначаўся няправільны 1959), Малкалм (нарадзіўся 6 студзеня 1953 году) і Джордж Янг нарадзіліся ў Глазга (Шатляндыя), але ў 1963 годзе разам з большай часткай сям’і зьехалі ў Сыднэй. Джордж пачаў гуляць на гітары першым і стаў чальцом самага пасьпяховага аўстралійскага гурту 1960-х, The Easybeats. Гэта быў першы мясцовы рок-гурт, які выпусьціў гіт міжнароднага маштабу — «Friday on My Mind» у 1966 годзе.[11][12] Малкалм неўзабаве рушыў усьлед па ступнях брата, стаўшы гітарыстам гурту зь Ньюкаслу The Velvet Underground (ня варта блытаць зь нью-ёрцкім калектывам The Velvet Underground).

Да братоў-гітарыстаў Малкалму (ён і ініцыяваў гурт) і Ангусу Янгам у лістападзе 1973-га дадаліся вакаліст Дэйв Эванз, бас-гітарыст Лары Ван Крыдт і бубнач Колін Бэрджэс. Дэбют квінтэту адбыўся 31 сьнежня 1973 году ў сыднэйскім бары Chequers.[13]

Першапачатковы склад часта зьмяняўся — гурт зьмяніў некалькі бубначоў і басістаў на працягу 1974 году. У верасьні 1974 году AC/DC замянілі Дэйва Эванза на харызматычнага Бона Скота (нарадзіўся 9 ліпеня 1946 году ў Кірымэр, Шатляндыя), знаёмага Джорджа Янга і які меў досьвед вакаліста (у гурце The Spectors; дарэчы, Бон быў у AC/DC шафёрам, калі яму прапанавалі заняць месца Эванза). З гэтай падзеі й пачаўся шлях гурту да посьпеху. Яшчэ з Эванзам былі запісаныя 3 песьні: «Can I Sit Next to You Girl», «Rockin’ in the Parlour» (у 1974 годзе яны вышлі як іхні дэбютны сынгл) і «Show Business» («Can I Sit Next to You Girl» і «Show Business» былі затым перапісаныя з вакалам Скота).

Маргарэт Янг акрамя назвы яшчэ прапанавала Ангусу ў якасьці сцэнічнага касьцюма — Малкалм аднойчы даў усім удзельнікам заданьне зьявіцца на рэпэтыцыю ў касьцюмах — выкарыстаць школьную форму (вэльвэтавыя пінжачок і шорты, гальштук), якую ён насіў у сярэдняй школе для хлопчыкаў «Эшфылд» у Сыднэі (Ashfield Boys High School). Гэтую форму плюс школьны ранец ён стаў апранаць практычна на ўсіх канцэртах гурту.

Дзякуючы сталаму ўдзелу ў трансьліраваным па ўсёй Аўстраліі тэлевізійнаму шоў папулярнай музыкі «Зваротны адлік» (Countdown) (у пэрыяд паміж 1974 і 1978 гадамі) гурт стаў адным з найболей вядомых і папулярных у краіне. AC/DC у гэтыя гады выпусьцілі шэраг пасьпяховых альбомаў і сынглаў, уключаючы нестарэючы рок-н-рольны гімн «It’s a Long Way to the Top (If You Wanna Rock 'n' Roll)» («Доўгі шлях на вяршыню (калі жадаеш граць рок-н-ролл)»).

Сусьветная вядомасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гурт падпісаў міжнародны кантракт з Atlantic Records і стаў актыўна гастраляваць па Вялікабрытаніі і Эўропе, дамагаючыся вядомасьці й набіраючыся досьведу выступаючы на падхваце вядомых рок-выканаўцаў таго часу, такіх як Эліс Купэр, Black Sabbath, Kiss, Cheap Trick, Nazareth, Foreigner, Thin Lizzy і The Who. У 1976 годзе быў выдадзены трэці аўстралійскі альбом AC/DC Dirty Deeds Done Dirt Cheap.

Нашэсьце й хвалю папулярнасьці панк-року 1976—1978 гадоў гурт пасьпяхова перажыў дзякуючы сваім грубаватым і правакацыйным тэкстам песень і, часткова, з-за таго, што ў брытанскай музычнай прэсе таго часу яго адносілі да панка-гурту. Яны дамагліся посьпеху на брытанскай рок-сцэне дзякуючы сваім магутным і скандальным канцэртным шоў, а Ангус Янг хутка стаў знакаміты з-за сваіх правакацыйных паводзінаў на сцэне, што, у тым ліку, прывяло да таго, што гурту забаранілі выступаць на шэрагу брытанскіх канцэртных пляцовак.

Спрадусаваны Матам Лангам альбом 1979 году «Highway to Hell» узьнёс гурт на вяршыні сусьветных гіт-парадаў рок-музыкі ўсіх часоў. Альбом, несумнеўна, стаў самым папулярным з дыскаграфіі гурту на момант выхаду. Шматлікія песьні гэтага альбому дагэтуль часта можна пачуць на радыё, а тытульны трэк стаў адной з самых вядомых песень у гісторыі рок-музыкі.

Сьмерць Бона Скота

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бон Скот

19 лютага 1980 году Бон Скот сышоў з чарговай вечарынкі ў моцным падпіцьці, і, бо ня мог ісьці далей, то быў пакінуты на ноч у аўтамабілі свайго знаёмага Алістэра Кінэара. Той і знайшоў Бона на наступны дзень мёртвым. Прычынаю сьмерці афіцыйна стала пераахаладжэньне, хоць найболей распаўсюджанай вэрсіяй і па гэтай дзень зьяўляецца тое, што Бон Скот захлынуўся ўласнымі ванітавымі масамі. Хадзіў слых аб тым, што трагедыя гэтая была невыпадковай, што падмацоўваецца мноствам супярэчнасьцяў у афіцыйнай вэрсіі яго сьмерці, што таксама спараджае мноства тэорыяў змовы пра забойства музыкі й пра перадазіроўку гераіну.

Статуя Бона Скота, Фрымантл, Заходняя Аўстралія

Чальцы гурту першапачаткова плянавалі спыніць сваю музычную дзейнасьць у складзе AC/DC, але пазьней вырашылі, што Бон Скот жадаў бы, каб гурт працягваў існаваць. Музыкі спрабавалі некалькі кандыдатаў на месца вакаліста, у выніку засталося два прэтэндэнты: Тэры Слэсэр і Браян Джонсан. Джонсан у гэты пэрыяд спрабаваў аднавіць свой гурт Geordie, але выкананьне на публіцы дзьвюх песень AC/DC і Ціны Торнэр («Whole Lotta Rosie» (Let There Be Rock) і «Nutbush City Limits», адпаведна) уразіла ўдзельнікаў AC/DC і празь некалькі дзён яны паведамілі Джонсану, што ён новы вакаліст гурту.

Сумесна з Браянам Джонсанам гурт дапісаў незавершаныя з-за сьмерці Бона Скота песьні, і запісаў альбом «Back in Black», таксама спрадусаваны Лангам. «Back in Black», выпушчаны ў 1980 годзе, стаў самым прадаваным альбомам гурту й адным з найзначнейшых у гісторыі рок-музыкі. Сярод усіх гітоў альбому, аднайменная з назвай альбома песьня, напісаная ў памяць пра Бона Скота, і «You Shook Me All Night Long», шматлікімі лічыцца квінтэсэнцыяй музыкі AC/DC, і нават гард-року ўвогуле.

Наступны альбом, «For Those About to Rock (We Salute You)», выпушчаны ў 1981 годзе таксама вельмі добра прадаваўся й быў добра прыняты крытыкамі. Аднайменная альбому кампазыцыя, якая канчаецца пад гром пякучых пушак, стала кульмінацыйным і завяршальным нумарам большасьці наступных канцэртаў AC/DC.

Альбом «Flick of the Switch» 1983 году гурт прадусаваўся бяз Ланга. Бубнач Філ Рад з-за асабістых рознагалосьсяў з астатнімі чальцамі гурту, выкліканых, па некаторых дадзеных, праблемамі зь алькаголем, пакінуў гурт. На яго месца пасьля ананімнага праслухоўваньня ўзялі Саймана Райта (Simon Wright), былога чальца гурту Tytan. У 1985 годзе ў новым складзе гурт запісаў меней пасьпяховы альбом «Fly on the Wall», спрадусаваны братамі Янгамі. Разам з гэтым альбомам гурт выпусьціў сэрыю музычных відэа, якая выконвае пяць зь дзесяці песень альбому ў бары, з выкарыстаньнем розных спэцэфэктаў, уключаючы анімаваную муху.

У 1986 годзе AC/DC вярнуліся ў гіт-парады з загалоўнай песьняй альбому «Who Made Who», які зьяўляецца саўндтрэкам да фільму Стывена Кінга «Максымальнае паскарэньне» (Maximum Overdrive). Альбом таксама ўтрымоўваў дзьве новыя інструмэнтальныя кампазыцыі й гіты з папярэдніх альбомаў. У лютым 1986 году гурт быў прыняты ў Залу славы Аўстралійскай асацыяцыі гуказапісвальнай індустрыі (Australian Record Industry Association Hall of Fame). Альбом 1988 году «Blow Up Your Video» гурт выпусьціў разам зь першапачатковым складам прадусэраў, Гары Вандай (Harry Vanda) і Джорджам Янгам. Гэты альбом прадаваўся лепш за папярэдні й патрапіў у брытанскі гіт-парад дваццаці лепшых сынгалаў зь песьняй «Heatseeker».

Пасьля выхаду Blow Up Your Video з гурту сышоў Райт і быў заменены на сэсійнага музыку Крыса Слэйда. Джонсан ня мог удзельнічаць у працы гурту некалькі месяцаў, таму браты Янгі напісалі песьні для наступнага альбому самастойна, як і для ўсіх наступных. У 1990 годзе выйшаў альбом The Razor’s Edge. Ён стаў вельмі пасьпяховым для гурту й утрымліваў гіты «Thunderstruck» і «Money Talks». Альбом стаў мультыплятынавым, увайшоў у дзясятку гіт-параду ЗША (2-е месца) і дваццатку сынгалаў у Вялікабрытаніі.

21 сакавіка 1991 году «AC/DC» пачынае свой эўрапейскі тур у Хэльсынкі. Брытанская частка туру пачалася на «Wembley Arena» 15 красавіка 1991 году. У жніўні 1991 гурт прыняў удзел у фэсьце «Монстры рока» у Кастл-Данінгтоне, а таксама яшчэ ў сэрыі з 20 фэстаў па ўсім кантынэнце ў 18 гарадах). Дадзены тур уключаў у сябе адзін бясплатны выступ, які адбыўся ў Маскве 29 верасьня 1991 году на поле аэрадрому Тушына. Ён прыцягнуў велічэзную аўдыторыю парадку 500 000 чалавек (у то час, музыка «AC/DC» была вельмі папулярная сярод савецкай моладзі, а запісы гурту можна было дастаць толькі на «чорным» рынку). Маскоўскі канцэрт адбыўся ўсяго пару тыдняў праз пасьля путчу ГКЧП, скінуўшага ўладу КПСС, быў прадстаўлены як «сьвята дэмакратыі й волі» і быў своеасаблівым падарункам савецкай моладзі, за іхні супраціў спробе дзяржаўнага вайсковага перавароту, што нядаўна праваліўся. Выступ быў запісаны на відэа пад кіраўніцтвам Ўэйна Ішама. Маскоўскі канцэрт стаў асабліва значнай падзеяй у культурным жыцьці краіны ў сьвятле таго, што большасьць заходняй рок-музыкі было забароненай і практычна абвешчанай па-за законам.

Падчас туру «The Razor’s Edge» было запісана на плёнку некалькі выступаў «AC/DC». Сярод іх былі гістарычны канцэрт у Маскве, а таксама ў Кастл-Донінгтоне, пры здымцы якога рэжысэр Дэвід Малет задзейнічаў 22 камэры.

У 1994 годзе ў гурт вярнуўся Філ Рад. Сыход Крыса Слэйда, у гэтай сувязі, быў дружалюбным і адбыўся ў асноўным з-за моцнага жаданьня чальцоў гурту вярнуць Рада. Па меркаваньні Ангуса Янга, Слэйд быў лепшым музыкам у AC/DC, але жаданьне ўбачыць у гурце Філа было мацнейшым. У складзе 1980—1983 гадоў гурт запісаў у 1995 годзе альбом «Ballbreaker» з прадусэрам Рыкам Рубінам і «Stiff Upper Lip» у 2000 годзе.

Пасьля выхаду гэтых альбомаў гурт падпісаў доўгатэрміновы кантракт на некалькі альбомаў з Sony BMG, якія сталі выходзіць пад лэйблам Epic Records.

Знак на вуліцы ACDC-Лэйн

У сакавіку 2003 гурт AC/DC быў прыняты ў Залю славы рок-н-ролу ў Нью-Ёрку й выканаў свае гіты «Highway to Hell» і «You Shook Me All Night Long» сумесна са Стывам Тайлэрам з Aerosmith. У траўні 2003 Малкалму Янгу была прысуджаная ўзнагарода Тэда Альбэрта (Ted Albert Award) за «выбітны ўклад у аўстралійскую музыку». У тым жа годзе Асацыяцыя гуказапісвальнай індустрыі Амэрыкі (Recording Industry Association of America, RIAA) абнавіла разьлікі колькасьці продажаў альбомаў гурту з 46,5 млн да 63 млн копіяў, што зрабіла AC/DC пятым гуртом у гісторыі ЗША, які прадаў найбольшую колькасьць альбомаў пасьля The Beatles, Led Zeppelin, Pink Floyd і Eagles. Акрамя таго, быў засьведчаны «двойчы дыямэнтавы» (20 000 000 прададзеных копіяў) статус альбому Back in Black, што зрабіла яго шостым у сьпісе самых прадаваных альбомаў у гісторыі ЗША (у 2005 годзе колькасьць прададзеных копіяў альбома дасягнула 21 мільён, што вывела яго на пятую пазыцыю).

У ліпені 2003 гурт меў сумесны выступ з Rolling Stones на Сарсфэсьце (Sarsfest), на канцэрце ў Таронта (Канада), прысьвечаным барацьбе зь эпідэміяй SARS.

1 кастрычніка 2004 году вуліца Карпарэйшн-Лэйн (анг. Corporation Lane) у Мэльбурне была афіцыйна пераназваная ў ACDC-Лэйн (анг. ACDC Lane) у гонар гурту (назвы вуліцаў у Мэльбурне ня могуць утрымліваць знак «/»). Вуліца знаходзіцца побач са Сўонстан Стрыт (анг. Swanston Street), месцам дзе, у кузаве грузавіку, гурт запісаў свой відэакліп для гіту 1975 году «It’s a Long Way to the Top» (таксама ёсьць яшчэ адна вуліца ў сьвеце, названая ў гонар гурту AC/DC, у Гішпаніі, у горадзе Лэгане (анг. Legane’s), побач з Мадрыдам — «Calle de AC/DC»).

У сакавіку 2005 году выйшаў набор зь дзьвюх DVD дыскаў, «Family Jewels», якія ўтрымліваюць музычнае відэа й кліпы з канцэртаў. Першы дыск ставіцца да эры Бона Скота (з канцэртнымі відэазапісамі, зьнятымі за дзесяць дзён да сьмерці Скота), другі ўтрымліваў відэаматэрыялы эры Браяна Джонсана.

28 жніўня 2008 выйшаў сынгл «Rock’n’Roll Train». 20 кастрычніка 2008 AC/DC выпусьцілі свой новы альбом «Black Ice», які ўжо праз тыдзень пасьля выхаду ўзначаліў гіт-парады 29 краінаў сьвету. За першы тыдзень гурт прадаў 5 мільёнаў копіяў альбому ва ўсім сьвеце. У аўстралійскім Top 50 на пачатак лістападу апынулася 6 альбомаў AC/DC.

  • AC/DC: Let There Be Rock (1980)
  • Fly on the Wall (1985)
  • Who Made Who (1986)
  • AC/DC (выдаваўся толькі ў Аўстраліі) (1989)
  • Clipped (1991)
  • Live at Donington (1991)
  • For Those About to Rock We Salute You (1993)
  • No Bull (1996)
  • Stiff Upper Lip Live (2001)
  • Live ’77 (выдаваўся толькі ў Японіі) (2003)
  • Toronto Rocks (2004)
  • Family Jewels (2005)
  • Plug Me In 2DVD (2007)
  • Plug Me In Limited Edition 3DVD (2007)
  • Rock’n’Roll Train (2008)
  • Anything Goes (2009)
  • Shoot to Thrill (2010)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]