Перайсьці да зьместу

Флярыян Грабніцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Флярыян Грабніцкі
лац. Flaryjan Hrabnicki
Флярыян Грабніцкі
Флярыян Грабніцкі

Герб Астоя
XII мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1745 — 1762
ПапярэднікАтанас Шаптыцкі
НаступнікФэліцыян Піліп Валадковіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1683
Памёр 18 ліпеня 1762(1762-07-18)
Пахаваны
Род Грабніцкія
Бацькі Міхал Казімір Грабніцкі[d]
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Флярыян Грабніцкі (1684?, Полацкае ваяводзтва — 1762) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі біскуп віцебскі (1716—1719}, арцыбіскуп полацкі (з 1719), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1748). Доктар тэалёгіі.

Флярыян Грабніцкі, 1888 г.

З шляхецкага роду Грабніцкіх гербу Астоя. Прыняў манаства ў ордэне базылянаў Сьвятога Язафата.

Скончыў Львоўскі папскі калегіюм (паводле іншых зьвестак, Віленскую акадэмію). Выкладаў філязофію ў Жыровіцкай базылянскай школе, быў ігуменам Віленскага Траецкага манастыра і мітрапаліцкім афіцыялам (з 1713 году), каад’ютарам арцыбіскупа полацкага.

Спрабаваў праз суд вярнуць маёмасьць полацкіх манастыроў, перададзеную каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем езуітам, аднак з прычыны вялікага ўплыву ордэну ў дзяржаўных органах ня здолеў дасягчы справядлівасьці.

Выступаў супраць пераходу грэка-каталікоў у лацінскі абрад. Дамогся выданьня папскага дэкрэту пра захаваньне ўсходняга абраду, які аднак з прычыны процідзеяньня рымска-каталіцкага духавенства і дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай не выконваўся.

Рэфармаваў базылянскія манастыры, дбаў пра адукацыю кліру, апекваўся грэка-каталіцкімі сьвятынямі[1]. Зь ягонай ініцыятывы ў Полацкай архіяпархіі ўзьвялі некалькі мураваных цэркваў і манастыроў. Ахвяраваў уласныя сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабору ў стылі віленскага барока. Спачыў у гэтай сьвятыні[2].

  1. ^ Казуля С. Грабніцкі Фларыян // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 96.
  2. ^ Казуля С. Грабніцкі Фларыян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 550.