Тэадосі Растоцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Тэадосі Растоцкі
Тадэвуш Тэадор Тэадосі Болбас-Растоцкі
XVI мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1788 — 1805
Папярэднік: Ясон Смагажэўскі
Наступнік: Іраклі Лісоўскі
біскуп Холмскі
1785 — 1790
Папярэднік: Максыміліян Рыла
Наступнік: Парфір Важынскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1725
каля Слоніму
Памёр: 25 студзеня 1805
Пецярбург
Род: Болбас-Растоцкія
Бацькі: Казімір Болбас-Растоцкі
Ганна Есьман

Растоцкі Тэадосі, Болбас-Растоцкі Тадэвуш Тэадор Тэадосі (1725 — 25 студзеня 1805) — архібіскуп, уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (1788—1805), біскуп Холмскі (1785—1790), тэоляг.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Беларусі, каля Слоніму, у сям’і слонімскага гарадзкога судзьдзі Казіміра Болбас-Растоцкага ад жонкі з другога шлюбу Ганны з роду Есьман.

У 1739 у вельмі маладым узросьце (14 гадоў) стаў манахам-базылянінам. Пасьля навіцыяту і заканчэньня сярэдніх філязофскіх студыяў у лістападзе 1750 быў пасланы на вышэйшыя багаслоўскія студыі ў Рым. Багаслоўскую адукацыю атрымліваў у Грэцкім калегіюме сьв. Атанасія ў Рыме. Высьвячаны там на сьвятара ў 1754. У тым жа годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну, стаў прафэсарам філязофіі, тэалёгіі ў базылянскіх манастырах. Быў таксама дырэктарам школы ва Ўладзіміры-Валынскім.

Пасьля некалькіх гадоў прафэсарскай працы яго абралі спачатку сакратаром Літоўскай правінцыі базылянскага чыну, затым генэральным сакратаром базылянскага ордэну ў 1759. На капітуле ў Берасьці у 1772 ён быў абраны протаігуменам Літоўскай правінцыі базылянаў. Як здольнага адміністратара ў 1780 на капітуле ў Таракані яго пераабралі яшчэ на чатыры гады протаігуменам.

2 ліпеня 1784 наменаваны біскупам Холмскім. Мітрапаліт Ясон Смагажэўскі абраў яго сабе памочнікам і сваім пераемнікам. Яго хіратонія на каад’ютара Кіеўскай мітраполіі адбылася 11 красавіка 1785, а 19 чэрвеня 1785 ён заняў біскупскі пасад у Холме. 1 лістапада 1788, пасьля сьмерці мітрапаліта Смагажэўскага, Тэадосі Растоцкі стаў мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі. 4 красавіка 1790 пакінуў пасад біскупа Холмскага.

Уніяцкі мітрапаліт Растоцкі — першы з уніяцкіх уладыкаў, які атрымаў годнасьць сэнатара і месца (з 1790) у сэнаце Рэчы Паспалітай, чаго Зьяднаная Царква беспасьпяхова дабівалася для сваіх герархаў на працягу двух стагодзьдзяў.

Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795), дзеля абмежваньня і кантраляваньня дзейнасьці Ўніяцкай царквы, Кацярына II затрымала мітрапаліта Растоцкага ў Пецярбургу, адкуль ён, аддзелены ад сваёй мітраполіі, быў зьвязаны з пастваю толькі дыпляматычным шляхам.

Памёр у Пецярбургу ў 1805.

Мітрапаліт Тэадосі Растоцкі фактычна стаў апошнім паўнапраўным і поўнатытульным каталіцкім Кіеўскім мітрапалітам, бо пастаўленых расейскім царскім урадам на такую годнасьць наступных мітрапалітаў Апостальская Сталіца ўважала толькі адміністратарамі старажытнай Кіеўскай кананічнай мітраполіі.

Быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 траўня. У 1790 адзначаны Ордэнам сьв. Станіслава, а ў 1791 атрымаў Ордэн Белага Арла.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]