Ева Фялінская
Ева Фялінская | |
Дата нараджэньня | 26 сьнежня 1793[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 сьнежня 1859[2][1] (65 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | празаік, падарожнік, пісьменьніца |
Жанры | мэмуары[d] і раман |
Дзеці | Паўліна з Фелінскіх[d] і Зыгмунт Фялінскі |
Е́ва Фялі́нская (па-польску: Ewa Felińska; 26 сьнежня 1793, Узнога Слуцкага павету Менскай губэрні — 20 сьнежня 1859, Ваютын Луцкага павету Валынскай губэрні) — польская пісьменьніца, мэмуарыстка, удзельніца вызваленчага руху.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ева Фялінская з дому Вяндорфаў урадзілася ў зьбяднелай шляхецкай сям’і ў вёсцы Ўзнога на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яе бацькам быў Зыгмунт Вярба-Вяндорф уласнага гербу, маці — Соф’я Сагайла. Бацька працаваў у адвакатуры ў Наваградку.
Па сьмерці бацькі Ева Вяндорф была аддадзеная на выхаваньне багатым сваякам, уладальнікам маёнтку ў Галынцы[3], дзе атрымала хатнюю адукацыю. У 1811 у васямнаццацігадовым узросьце выйшла за Герарда Фялінскага, брата Алёйзы Фялінскага, і пераехала ў ягоны маёнтак у Ваютыне на Валыні. У шлюбе Ева стала маці дзесяцёх дзяцей, аднак чатыры старэйшыя зь іх памерлі ў раньнім дзяцінстве. Сярод астатніх трох сыноў і трох дачок выхавала Зыгмунта, будучага арцыбіскупа, мітрапаліта варшаўскага.
Неўзабаве па здушэньні паўстаньня 1830 року памёр Герард, які перажываў здушэньне паўстаньня як уласную паразу. Тады ў 1833 Ева Фялінская пераехала ў Крэменец, намагаючыся даць дзецям найлепшую адукацыю й выхаваньне. Тут яна навязала кантакты з Садружнасьцю польскага народу Шымана Канарскага, мэтай якога было пашырэньне асьветы і польскай сьвядомасьці. Стала сакратаркай таварыства, адказвала за парадкаваньне замежнай карэспандэнцыі Садружнасьці, стварыла філію арганізацыі «Жаночае таварыства». У выніку раскрыцьця кансьпіратыўнай сеткі 19 ліпеня 1838 Фялінская была арыштаваная і паводле прыгавору суду сасланая ў Бярозаў на рацэ Об. Ніколі дагэтуль царскі ўрад так жорстка не караў жанчынаў, і Ева Фялінская стала першай полькай, якая была сасланая ў Сыбір. У 1841 ўмовы яе перабываньня палепшыліся пасьля пераводу ў Саратаў на Волзе, дзе Ева знаходзілася да 1844 року.
Сябравала зь Язэпам Крашэўскім, драматургам Алёйзам Фялінскім (сваім шваграм), Салямэяй Бэкю (маці Юльюша Славацкага).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля ссылкі актыўна занялася літаратурнай творчасьцю. Ссылку апісала ў мэмуарах «Успаміны з падарожжа ў Сыбір, побыту ў Бярозаве і ў Саратаве», надрукаваныя ўпершыню ў альманаху «Athenaeum» (1845—1850), а пасьля выдадзеныя кнігай у друкарні Юзэфа Завадзкага(lt) ў Вільні (Т. I—III, 1852—1853). У 1849 выйшла аповесьць «Герсылія», у аповесьцях «Пан дэпутат» (1852) і «Пляменьніца і цётка» (1853) калярытна апісала жыцьцё беларускай шляхты. Яе «Памяткі з жыцьця», пяць тамоў якіх выйшлі з друку ў 1856—1860, зьяўляюцца найбольш каштоўным творам па гісторыі нораваў у Беларусі, Літве, на Валыні канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў. На жаль, сьмерць Евы Фялінскай не дазволіла скончыць гэтую працу.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Историческая энциклопедия Сибири (рас.) / под ред. В. А. Ламин — Новосибирск: 2009. — ISBN 5-8402-0230-4
- ^ Ewa Felińska // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Вучні Нацкай СШ — Савецкае Палессе. (8 кастрычніка 2009) Прадстаўнікі роду Вендорфаў Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал Праверана 12 жніўня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Ryszard Badowski. 2001: Odkrywanie Świata. Polacy na sześciu kontynentach. — Pascal. — ISBN 83-7304-013-7
- R. Winiarek. Zygmunt Szczęsny Feliński (1822—1895) // Gazeta Częstochowska. — 12 IX 2002. — № 36.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 26 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1793 годзе
- Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
- Памерлі 20 сьнежня
- Памерлі ў 1859 годзе
- Памерлі ў Валынскай губэрні
- Польскія літаратаркі
- Польскія мэмуарысты
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Высланыя ў Сібір
- Нарадзіліся ў Клецкім раёне
- Памерлі ў Валынскай вобласьці