Перайсьці да зьместу

Шталяг 352

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік ахвярам Масюкоўшчынскага лягеру сьмерці

Шталяг 352 (па-нямецку: Stalag 352) — канцэнтрацыйны лягер, створаны немцамі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Менску й ваколіцах.

Існаваў з 1941 па 1944 гады. Структурна складаўся з двух частак: «Ляснога лягеру» каля вёскі Масюкоўшчына і «Гарадзкога лягеру» ў Менску, які месьціўся ў былых Пушкінскіх казармах па Лагойскім тракце.

У час Вялікай Айчыннай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўную частку шталягу складаў Лясны лягер, які быў створаны ў канцы жніўня 1941 году на месцы былога вайсковага гарадку каля вёскі Масюкоўшчына.

Побач зь Лясным лягерам праходзіла чыгунка Менск—Маладэчна. Пад патрэбы лягера была прыстасаваная 21 драўляная казарма, разьлічаныя на разьмяшчэньне 9,5 тысячы чалавек, аўтамабільныя майстэрні й гаражы. Яго тэрыторыя была абнесеная некалькімі радамі калючага дроту, умацаванага на бэтонных слупах вышынёй да 3 мэтраў.

Шталяг 352 разглядаўся як перавалачная база на шляху руху ваеннапалонных у лягеры Остлянду, Генэрал-губэрнатарства й Нямеччыны. У яго звозілі палонных са шматлікіх участкаў савецка-нямецкага фронту: з-пад Вязьмы, Калініна, Масквы, Сталінграду і г. д. У 1941—1942 гадах у лягеры знаходзілася да 130—140 тысячаў палонных, але да лета 1942 году іх засталося 8—10 тысячаў, да лета 1943 году — 5—6 тысячаў, да студзеня 1944 году — усяго каля 5 тысячаў.

Палігон вайсковага гарадку нацысты выкарыстоўвалі для сыстэматычнага зьнішчэньня зьмешчаных у лягеры савецкіх афіцэраў і дастаўленых па чыгунцы да лягеру менчукоў. На аддаленьні каля 1,5 км на паўночны захад ад лягеру і каля 800 м ад вёскі Глінішчы (і цяперашняга мэмарыяла) знаходзіўся хутар Петрашкевіча. Каля гэтага хутару ў невялікай нізіне было расстраляна па адных зьвестках каля 25 тысячаў, па іншых зьвестках каля 54 тысячаў грамадзянскіх асобаў.

Пасьля Курскай бітвы нямецкі бок пачаў масава хаваць сьляды злачынстваў. Раней пахаваныя трупы забітых на палігоне і каля хутару Петрашкевіча палонныя выкопвалі пад кантролем спэцкаманды СД (як у канцлягеры Трасьцянец), аблівалі нафтапрадуктамі, пасыпалі серабрыстага колеру парашком (падобным на тэрміт) і спальвалі. Пасьля і гэтых палонных спачатку расстралялі, а потым таксама спалілі.

Пасьля вызваленьня Менску пад кіраўніцтвам генэрал-маёра В. Казлова была створаная Менская абласная камісія садзеяньня ў працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР аб масавым зьнішчэньні цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных на тэрыторыі Менску і яго ваколіц у 1941—1944 гадах. Згодна з афіцыйным дакладам камісіі, прадстаўленым у канцы 1944 году, усяго ў Шталягу 352 загінула каля 80 тысячаў савецкіх ваеннапалонных, якія былі пахаваныя ў ямах каля вёскі Глінішча.

У 1944 годзе ў Лясным лягеры каля Масюкоўшчыны савецкімі ўладамі быў створаны лягер НКУС №168, дзе ўтрымліваліся нямецкія ваеннапалонныя.

У 1944 годзе беларускі мастак Віталь Цьвірка пад уражаньнем ад зьверстваў фашыстаў намаляваў карціну «Двор у лягеры Масюкоўшчына».

У 1949 годзе на месцы пахаваньняў ахвяраў канцлягеру быў усталяваны часовы помнік. У 1958 годзе быў адкрыты помнік ахвярам Масюкоўшчынскага лягеру сьмерці[1]. У 1960-я гады вакол мэмарыяла добраўпарадкавалі зялёную зону.

У савецкія часы афіцыйна сьцьвярджалася, што лягер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне знаходзіўся не ў самым вайсковым гарадку, а на месцы мэмарыялу.

Пасьля адпраўкі дадому нямецкіх палонных у сярэдзіне 1950-х гадоў вайсковы гарадок зноў занялі вайсковыя часткі. Былі зьнесеныя некаторыя будынкі, пабудаваныя цагляны будынак лазьні і іншыя будынкі.

У апошнія гады колькасьць вайсковых частак, якія разьмяшчаюцца ў гарадку, паступова зьмяншалася. У сярэдзіне 2000-х гадоў вызваленую тэрыторыю гарадку занялі камэрцыйныя структуры, частка тэрыторыі былога канцлягеру была выкарыстаная для будаўніцтва жылых будынкаў мікрараёну Масюкоўшчына, а да месцаў пахаваньняў ахвяраў канцлягеру стала шчыльна прылягаць жылая забудова.

Улічваючы, што на месцы былых нямецкіх лягераў ваеннапалонных і канцлягераў (для цывільнага насельніцтва) у Беларусі ня створана ніводнага музэю, супрацоўнікі музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прапаноўвалі стварыць філію музэю на тэрыторыі мэмарыялу ці стварыць музэй лягеру ваеннапалонных Шталяг 352 у ацалелых будынках клюбу ці казармы, але станоўчае рашэньне да гэтага часу не прынятае.

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шталяг 352сховішча мультымэдыйных матэрыялаў