Чжэн Хэ
Чжэн Хэ | |
鄭和 | |
Статуя Чжэн Хэ ў Малайзіі | |
Імя пры нараджэньні | Ма Хэ (кіт. 馬和) |
---|---|
Род дзейнасьці | падарожнік, дыплямат, адмірал флёту |
Дата нараджэньня | 1371 |
Месца нараджэньня | Хэдай, Юньнань |
Дата сьмерці | 1435 |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | падарожнік-дасьледнік, дыплямат, навігатар, еўнух, падарожнік |
Месца працы | |
Бацька | Ма Хайцьзі |
Маці | Вэн |
Чжэн Хэ (па-кітайску: 鄭和; 1371—1435) — кітайскі падарожнік, флётаводзец і дыплямат, які ўзначальваў семь буйнамаштабных марскіх ваенна-гандлёвых экспэдыцыяў, пасланых імпэратарамі Мінскай дынастыі ў краіны Індакітаю, Індастана, Арабійскага паўвострава й Усходняй Афрыкі. Родам з кітайцаў-мусульманаў (дунган) правінцыі Юньнань.
Нягледзячы на тое, што прыватныя кітайскія купецкія судны курсіравалі паміж Паўднёвым Кітаем і Паўднёва-Ўсходняй Азіяй практычна бесьперастанку з часоў дынастыі Сун, а пры мангольскай дынастыі Юань зьдзяйсьняліся й ваенна-дыпляматычныя экспэдыцыі ў краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі й нават на Шры-Ланку, як маштабы экспэдыцыяў Чжэн Хэ, гэтак і высокае значэньне, надаваемае да іх імпэратарам Чжу Дзі, былі беспрэцэдэнтнымі. Гэтыя экспэдыцыі, хоць бы фармальна й на кароткі тэрмін, усяго некалькі дзесяцігодзьдзяў, зрабілі шматлікія царствы Малайскага паўвострава, Інданэзіі, Шры-Ланкі й Паўднёвай Індыі васаламі Мінскай імпэрыі й прынесьлі ў Кітай новыя зьвесткі пра народы, якія насяляюць берагі Індыйскага акіяна. Мяркуецца, што на гістарычнае разьвіцьцё Малайскага паўвострава, Суматры й Явы ўплыў экспэдыцыяў кітайскага флёту апынулася больш доўгачасовым, бо яны маглі быць сярод фактараў, якія далі новы штуршок да эміграцыі кітайцаў у гэты рэгіён і ўзмацьненьню там ролі кітайскай культуры.
Нават у часы панаваньня галоўнага апекуна Чжэн Хэ, імпэратара Чжу Дзі, экспэдыцыі Чжэн Хэ падвяргаліся суровай крытыцы з боку многіх прадстаўнікоў канфуцыянскай эліты Кітая, якія лічылі іх непатрэбнымі й дарагой імпэратарскай задумай. Пасьля сьмерці Чжэн Хэ й імпэратара Чжу Чжаньцьзі, унука Чжу Дзі, гэтыя ізаляцыянісцкія погляды ўзялі верх на ўсіх узроўнях ўва ўрадзе мінскага Кітая. У выніку дзяржаўныя марскія экспэдыцыі былі спыненыя, а большасьць тэхнічнай інфармацыі пра флёт Чжэн Хэ была зьнішчана альбо згублена. Афіцыйная «Гісторыя Мін», скампіляваная ў XVII—XVIII стагодзьдзях, адклікалася пра ягоныя плаваньні крытычна, але для многіх людзей у Кітаі, і асабліва ў сфармаваных у Паўднёва-Ўсходняй Азіі кітайскіх грамадах, эўнух-флятаводзец заставаўся народным героем.
У пачатку XX стагодзьдзя, у пэрыяд уздыму руху за вызваленьне Кітаю ад замежнай залежнасьці, вобраз Чжэн Хэ здабыў новую папулярнасьць[1]. У сучаснай Кітайскай народнай рэспубліцы Чжэн Хэ разглядаецца як адна з выбітных асобаў у гісторыі краіны, а ягоныя плаваньні, звычайна разглядаюцца як прыклад мірнай палітыкі Кітая ў адносінах да сваіх суседзяў, супрацьпастаўляюцца захопніцкім экспэдыцыям эўрапейскіх калянізатараў XVI—XIX стагодзьдзяў[2]. Пахаваны ў горадзе Нанкін.
Паводле гіпотэзы, прапанаванай Гэвінам Мэнзысам, Чжэн Хэ ў 1421 дасягнуў Амэрыкі, аднак пераважная большасьць адмыслоўцаў ставяцца да гэтай гіпотэзы скептычна.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры нараджэньні будучы мараплавец атрымаў імя Ма Хэ (кіт. 马 和). Ён нарадзіўся ў вёсцы Хэдай[3], павета Куньян[4]. Павет Кунья быў разьмешчаны ў цэнтральнай Юньнань, каля паўднёвага берага возера Дзяньчы, блізу паўночнага канца якога знаходзілася правінцыйная сталіца Куньмін.
Сям’я Ма паходзіла з так званых сэму — выхадцаў зь Сярэдняй Азіі, якія прыбылі ў Кітай у часы мангольскага валадарства й якія займалі разнастайныя пасады ў дзяржаўным апараце імпэрыі Юань. Большасьць сэму, у тым ліку продкаў Чжэн Хэ, былі мусульманскага веравызнаньня[5], часьцяком лічыцца, што й само прозвішча «Ma» ёсьць ня што іншае, як кітайскае вымаўленьне імя «Мухамэд». Пасьля падзеньня дынастыі Юань і ўзыходжаньні на пасад дынастыі Мін іхныя нашчадкі асыміляваліся ў кітайскую сераду, галоўным чынам, у шэрагі кітайскамоўных мусульманаў — хуэйцзу[6].
Пра бацькоў Ма Хэ вядома ня так ужо й шмат. Амаль усё, што вядома пра іх, узыходзіць да стэлы, усталяванай у іхны гонар на іхняй радзіме ў 1405 годзе па загаду самога адмірала. Бацька будучага мараплаўца быў вядомы як Ма Хаджы. гэтае імя ён атрымаў у гонар зьдзейсненага ім паломніцтва ў Мэку, а ягоная жонка насіла прозвішча Вэнь (кіт. 温). У сям’і было шасьцёра дзяцей: чатыры дачкі й два сыны — старэйшы, Ма Вэньмін, і малодшы, Ма Хэ.
Дакладна невядома, якім шляхам продкі Чжэн Хэ прыйшлі ў Кітай. Згодна зь сямейным паданьнем, бацька Ма Хаджы, то бок дзед будучага адмірала, таксама вядомы як Ма Хаджы, быў унукам Саіда Аджал аль-Дына Амара, выхадца з Бухары, што месьціцца ў сучасным Узбэкістане, — аднаго з ваеначальнікаў Хубілай-хана, які здолеў заваяваць правінцыю Юньнань і стаць ейным кіраўніком. Поўнай упэўненасьці ў тым няма, але верагодна, што продкі Ма сапраўды патрапілі ў Юньнань разам з манголамі[7].
Чжэн Хэ гэтак жа як ягоныя продкі вызнаваў іслам і, па некаторых здагадках, выступаў хадайнікам за сваіх братоў па веры, пры тым, што ў пачатку панаваньня Мінскай дынастыі да мусульманаў ставіліся з падазрэньнем. Прычынай таму было, што пры юаньской дынастыі многія з сэму займалі пасады зборшчыкаў падаткаў[8]. Аднак Чжэн Хэ, пры ўсёй сваёй прыхільнасьці ісламу, паважліва ставіўся да іншых рэлігіяў, як то будызму, меў нават будыйскую мянушку «тры каштоўнасьці» — Саньбао, і даасізму, якія зьяўляюцца ў Кітаі аднымі з асноўных, і пры неабходнасьці з гатоўнасьцю прымаў удзел у адпаведных рытуалах. Мяркуецца таксама, што ягоная прыхільнасьць да ісламу адгуляла не апошнюю ролю ў вырашэньні прызначыць яго адміралам Залатога флёту, які сярод іншага павінен быў наведаць Арабію й Афрыку, месцы, у якіх іслам быў адной з пануючых рэлігіяў.
Вайсковая кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля зьвяржэньня мангольскага панаваньня ў цэнтральным і паўночным Кітаі й усталяваньня там Чжу Юаньчжанам дынастыі Мін у 1368 годзе, горная правінцыя Юньнань на паўднёва-заходняй ускраіне Кітая яшчэ некалькі гадоў заставалася пад кантролем манголаў. Невядома, ці ваяваў Ма Хаджы на баку юаньскіх лаялістаў падчас заваёвы Юньнаню мінскімі войскамі, але як бы там ні было, ён загінуў падчас гэтай кампаніі ў 1382 годзе, а ягоны малодшы сын Ма Хэ быў узяты ў палон і трапіў у слугаваньне Чжу Дзі, сына імпэратара Чжу Юаньчжана, які кіраваў юньнаньскай кампаніяй[9].
Праз тры гады ў 1385 годзе хлопчыка кастрыравалі й ён стаў адным са шматлікіх эўнухаў пры двары Чжу Дзі, які насіў тытул Вялікага Князя Яньскага й жыў у Бэйпіне, будучым Пэкіне. Юны эўнух атрымаў імя Ма Саньбао (кіт. 马 三宝), што з кітайскай азначае «тры скарбы» альбо «тры каштоўнасьці». Паводле Джозэфа Нідэма, нягледзячы на несумненнае мусульманскае паходжаньне эўнуха, гэты ягоны тытул служыў напамінам пра «тры каштоўнасьці» будызму, як то Буда, дгарма й сангга, чые імёны гэтак часта паўтараюць будысты[10]. Мяркуецца, што, знаходзячыся пры двары вялікага князя, Ма Саньбао змог атрымаць лепшую адукацыю, чым ён змог бы дасягнуць, калі бы замест Бэйпіна ён трапіў у Нанкін, да двара самога імпэратара Чжу Юаньчжана, сілкавальнага моцным недаверам да эўнухаў і імкнуўся, калі й не зусім забараніць вучыць іх грамаце, то хоць бы па магчымасьці абмежаваць колькасьць пісьменных эўнухаў[5]. Як Вялікі князь Яньскі, Чжу Дзі меў у сваім распараджэньні значныя вайсковыя сілы й вёў барацьбу з манголамі на паўночнай мяжы імпэрыі. Ма Саньбао ўдзельнічаў у ягонай зімовай кампаніі 1386—1387 гадоў супраць аднаго з мангольскіх правадыроў, Нагачу[11].
Першы мінскі імпэратар Чжу Юаньчжан меркаваў перадаць трон свайму першароднаму сыну Чжу Бяо, але той памёр яшчэ пры жыцьці Чжу Юаньчжана. У выніку першы імпэратар прызначыў сваім спадчыньнікам сына Чжу Бяо, Чжу Юньвэня, нягледзячы на тое, што ягоны дзядзька Чжу Дзі, адзін з малодшых сыноў Чжу Юаньчжана, напэўна лічыў сябе больш годным да гэтае пасады. Узыдучы на сталец у 1398 годзе, Чжу Юньвэнь, баючыся захопу ўлады адным са сваіх дзядзькаў, пачаў зьнішчаць іх аднаго за адным. Неўзабаве паміж маладым імпэратарам у Нанкіне й ягоным пэкінскім дзядзькам Чжу Дзі разгарэлася грамадзянская вайна. З прычыны таго, што Чжу Юньвэнь забараняў эўнухам прымаць удзел у кіраваньні краінай, многія зь іх падчас паўстаньня падтрымалі Чжу Дзі. Ува ўзнагароду за службу Чжу Дзі са свайго боку дазволіў ім ўдзельнічаць у вырашэньні палітычных пытаньняў, прычым дазволіў ім падымацца да вышэйшых прыступак палітычнай кар’еры, што таксама было вельмі прыдачна й для Ма Саньбао. Малады эўнух вызначыўся як пры абароне Бэйпіна ў 1399 годзе, гэтак і пры ўзяцьці Нанкіна ў 1402 годзе й быў адным з камандзіраў, якім было даручана захапіць сталіцу імпэрыі — Нанкін. Зьнішчыўшы рэжым свайго пляменьніка, Чжу Дзі 17 ліпеня 1402 году узышоў на сталец пад дэвізам праўленьня Юнлэ[12].
На кітайскі новы 1404 год новы імпэратар ува ўзнагароду за верную службу надаў Ма Хэ новае прозвішча Чжэн. Гэта служыла напамінам пра тое, як у першыя дні паўстаньня конь Ма Хэ быў забіты ў навакольлях Бэйпіна ў мястэчку званым Чжэнлуньба. Паводле некаторых крыніц, у 1404 годзе Чжэн Хэ кіраваў пабудовай флёту дзеля барацьбы з так званымі «японскімі піратамі» й, магчыма, нават наведваў Японію для перамоваў зь мясцовымі ўладамі аб сумеснай барацьбе супраць піратаў[13].
Сем марскіх падарожжаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго як Чжэн Хэ за ўсё ягоныя заслугі перад імпэратарам быў прысвоены тытул «галоўнага эўнуха», што адпавядала чацьвёртаму рангу чыноўніка, імпэратар Чжу Дзі вырашыў, што той лепей за астатніх падыходзіць на ролю адмірала флёту і прызначыў эўнуха кіраўніком усіх альбо амаль усіх сямі плаваньняў у Паўднёва-Ўсходнюю Азію й Індыйскі акіян у 1405—1433 гадох, адначасна павысіўшы ягоны статус да трэцяга рангу[14]. Флёт складаўся, мабыць, з каля 250 суднаў, і нёс каля 27 тысяч чалавек асабістага складу на борце, на чале з 70-ю імпэратарскімі эўнухамі. Самыя буйныя з суднаў гэтага флёту маглі быць — калі верыць афіцыйнай «Гісторыі Мін» — найбуйнейшымі калі-небудзь існавалымі драўлянымі ветразнымі суднамі.
Флятылія пад кіраўніцтвам Чжэн Хэ наведала звыш 56 краінаў і буйных гарадоў Паўднёва-Ўсходняй Азіі й басэйна Індыйскага акіяна. Кітайскія караблі даходзілі да берагоў Арабіі й Усходняй Афрыкі. Першае плаваньне Чжэн Хэ адбылося ў 1405—1407 гадох па шляху Сучжоў — берагі Тампы — востраў Ява — Паўночна-Заходняя Суматра — Маляскі праліў — востраў Шры-Ланка. Затым, абмінуўшы паўднёвы ўскраек Індастану, флятылія рушыла да гандлёвых гарадоў Малабарскага ўзьбярэжжа Індыі, дабраўшыся да самага буйнога індыйскага порту — Кілікуту. Прыкладна такімі ж былі маршруты другога (1407—1409]) і трэцяга (1409—1411) паходаў. Чацьвёртая (1413—1415), пятая (1417—1419), шостая (1421—1422) і сёмая (1431—1433) экспэдыцыі даходзілі да Армуза й афрыканскага берага ў раёне сучаснага Самалі, заходзячы ў Чырвонае мора. Мараплаўцы вялі падрабязныя й дакладныя запісы убачанага, складалі мапы, у якіх рэгістравалі час адплыцьця, месцы стаянак, адзначаліся разьмяшчэньне рыфаў і мялізнаў. Былі складзеныя апісаньні заморскіх дзяржаваў і гарадоў, палітычных парадкаў, клімату, мясцовых звычаяў, легендаў. Чжэн Хэ дастаўляў у замежныя краіны паведамленьні імпэратара, заахвочваў прыбыцьцё ў Кітай замежных пасольстваў, вёў гандаль.
Для дасягненьня сваіх мэтаў ён зьвяртаўся й да ўзброенай сілы[15]. Так, напрыклад, ў 1405 годзе падчас першай экспэдыцыі Чжэн Хэ запатрабаваў перадачы кітайскаму імпэратару сьвятых будыйскіх рэліквіяў Ланкі — зуба, воласа й келіха для міласьцяў Буды, — якія зьяўляліся найважнейшымі рэліквіямі й атрыбутамі ўлады сынгальскіх цароў. Атрымаўшы адмову, Чжэн Хэ ў 1411 годзе зноў вярнуўся на выспу ў суправаджэньні атрада з 3 тысячаў чалавек, уварваўся ў сталіцу, захапіў у палон цара Віра Алакешвару, чальцоў ягонай сям’і й набліжаных, даставіў іх на карабель і павёз у Кітай[16]. Падчас чацьвёртага падарожжа пры звычайным на гэтым маршруце наведваньні дзяржавы Пасай, таксама вядомай пад назвай Самудра, на поўначы Суматры, мабыць на зваротным шляху з Армуза ў Кітай, экіпажу асноўнага флёту Чжэн Хэ давялося прыняць удзел у адбывалай барацьбе паміж прызнаным Кітаем манархам Зайн аль-Абідынам і прэтэндэнтам па імені Сэкандэр. Кітайскі флёт прывёз дарункі ад імпэратара Юнлэ для Зайн аль-Абідына, але не для Сэкандэра, што выклікала гнеў апошняга, і ён напаў на кітайцаў. Чжэн Хэ здолеў абгарнуць тое, што здарылася сябе на карысьць, разьбіць ягоныя войскі, захапіць у палон самога Сэкандэра й адправіць яго ў Кітай[17].
У пэрыяд паміж 1424 і 1431 гадамі, пасьля сьмерці імпэратара Чжу Дзі, марскія экспэдыцыі на час былі прыпыненыя, а сам Чжэн Хэ сем гадоў служыў начальнікам гарнізона ў Нанкіне[18]. Падчас апошняга, сёмага падарожжа Чжэн Хэ было за 60 гадоў. Ён ужо асабіста не наведваў многія краіны, куды заходзілі кітайскія караблі, і вярнуўся ў Кітай яшчэ ў 1433 годзе, у той час як асобныя падразьдзяленьні флёту пад камандаваньнем ягоных памочнікаў наведалі ў 1434 годзе Мэку, а таксама Суматру й Яву[19]. Экспэдыцыі Чжэн Хэ спрыялі культурнаму абмену афрыканскіх і азіяцкіх краінаў з Кітаем і ўсталяваньню гандлёвых адносінаў паміж імі. Былі складзеныя падрабязныя апісаньні краінаў і гарадоў, якія наведвалі кітайскія мараплаўцы. Іхнымі аўтарамі былі ўдзельнікі экспэдыцыяў Чжэн Хэ — Ма Хуань, Фэй Сынь і Гун Чжэн. Таксама былі складзеныя падрабязныя «мапы марскіх плаваньняў Чжэн Хэ»[20].
На аснове матэрыялаў і вестак, сабраных удзельнікамі марскіх экспэдыцыяў Чжэн Хэ, у мінскім Кітаі ў 1597 годзе Ло Мао-дэнам быў напісаны раман «Плаваньне Чжэн Хэ ў Заходні акіян». Паводле меркаваньня расейскага кітаіста Віктара Вельгуса, у ім шмат фантастыкі, аднак у некаторых апісаньнях аўтар вызначана карыстаўся дадзенымі гістарычных і геаграфічных крыніцаў[21]. Новыя маршруты, пракладзеныя Чжэн Хэ й ягонай камандай, пазьней выкарыстоўваліся эўрапейскімі мараплаўцамі, якія да часу экспэдыцыяў Чжэн Хэ яшчэ нават не абмінулі Мыс Добрай Надзеі й ня мелі ўяўленьняў аб усходнім узьбярэжжы Афрыкі. У «Гісторыі дынастыі Мін» марскім экспэдыцыям Чжэн Хэ надаецца надзвычай вялікае значэньне: «У летапісах гаворыцца, што паходы тайцьзяня Саньбао ў Заходнія моры былі самымі выдатнымі падзеямі ў пачатку панаваньня дынастыі Мін»[22].
Сьмерць адмірала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з традыцыяй, якая перадаецца спадчыньнікамі Чжэн Хэ праз пляменьніка, адмірал памёр на зваротным шляху ў Кітай падчас свайго сёмага падарожжа ў 1433 годзе, і ягонае цела было пахавана ў моры. Неўзабаве пасьля ягоной сьмерці ў Сэмаранге на востраве Ява быў праведзены рытуал «завочнага пахаваньня», які належыць быць пры адсутнасьці цела нябожчыка. Туфлі й пасму валасоў адмірала[23] (па іншай вэрсіі, адзеньне й шапка[24]) былі дастаўленыя ў Нанкін і былі пахаваныя там паблізу пячорнага будыйскага храма[23].
Паколькі ў гістарычных крыніцах не зьмяшчаецца якіх-небудзь згадваньняў пра дзейнасьць Чжэн Хэ пасьля сёмага падарожжа, большасьць гісторыкаў схільныя пагадзіцца з вэрсіяй сваякоў адмірала. Аднак кітайскі гісторык Сюй Юйху (кіт. 徐玉虎) выказаў здагадку, зробленую на выснове аналізу кадравых перастановак у дзяржаўным апараце Мінскай імпэрыі, што на самой справе флатаводзец шчасна вярнуўся ў Нанкін, праслужыў на пасадзе ваеннага камэнданта Нанкіна й камандуючага свайго флёту яшчэ два гады й памёр толькі ў 1435 годзе[25]. Падобнага ж пункту гледжаньня прытрымліваецца й расейскі дасьледчык Аляксей Бакшчанін[22].
На паўднёвым схіле пагорка Нюшоў пад Нанкінам[26] для Чжэн Хэ было ўзьнята мусульманскае надмагільле. Зрэшты, як апавядаюць мясцовыя жыхары, калі ў 1962 годзе скарбашукальнікі раскапалі магілу ў пошуках каштоўнасьцяў, ім не атрымалася выявіць ні астанкаў, ні чаго-небудзь іншага[27]. У 1985 годзе, да 580-гадовага юбілея першага плаваньня Чжэн Хэ, кенатаф быў адноўлены. 18 чэрвеня 2010 году падчас будаўнічых работ на суседнім узгорку Цзутан (кіт. 祖 堂 山) была выяўленая яшчэ адна магіла раньнемінскага пэрыяду, якая таксама была абвешчана магілай Чжэн Хэ[28]. Аднак празь некалькі дзён, пасьля чытаньня рэшткаў эпітафіі, нанкінскія археолягі вырашылі, што на самой справе гэтая магіла належала іншаму эўнуху-адміралу, Хун Бао, які камандаваў асобнай эскадрай падчас сёмага плаваньня Чжэн Хэ[29].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Edward L. Dreyer «Zheng He: China and the Oceans in the Early Ming Dynasty, 1405–1433» — New York: Pearson Longman, 2007. ISBN 0-321-08443-8, pp. 180—181
- ^ Kahn J. «China Has an Ancient Mariner to Tell You About». The New York Times
- ^ Chunjiang Fu, Choo Yen Foo, Yaw Hoong Siew. «The great explorer Cheng Ho: ambassador of peace»(недаступная спасылка) — Singapore: Asiapac Books Pte Ltd, 2005. Asiapac culture. ISBN 978-981-229-410-4, p. 7-8
- ^ Shih-shan Henry Tsai «Eunuchs in the Ming Dynasty». New York: State University of New York Press, 1996, ISBN 0-7914-2687-4, p. 154
- ^ а б Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, pp. 62—63
- ^ Jonathan Neaman Lipman «Familiar strangers: a history of Muslims in Northwest China». Hong Kong University Press, 1998. ISBN 962-209-468-6, p. 32-41
- ^ Shih-Shan Henry Tsai. «Perpetual Happiness: The Ming Emperor Yongle». University of Washington Press; Combined Academic, 2002. ISBN 0-295-98124-5, p. 38
- ^ Paul Rozario. «Zheng He and the Treasure Fleet 1405-1433: A Modern Day Traveller's Guide from Antiquity to the Present». Singapore: SNP International, 2005. ISBN 981-248-090-0, p. 36
- ^ Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, pp. 57—58
- ^ Needham J. 29. Nautical technology. «Science and civilisation in China: Physics and physical technology». Cambridge University Press, 1971. Vol. 4. ISBN 0-521-07060-0, p. 487
- ^ Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, pp. 64—65
- ^ Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, pp. 72—73
- ^ Shih-shan Henry Tsai «Eunuchs in the Ming Dynasty». New York: State University of New York Press, 1996, ISBN 0-7914-2687-4, p. 157
- ^ «Zheng He's voyages down the western seas». Beijing. China Intercontinental Press, 2005. ISBN 7-5085-0708-8, p. 8
- ^ Усов В. Н. «Духовная культура Китая: энциклопедия». М.: Издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2009. ISBN 978-5-02-036380-9.
- ^ Сафронова А. Л. «Ланка в XIV—XV вв». История Востока: В 6 т. — М.: Издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2000. Т. 2: Восток в средние века. ISBN 5-02-017711-3.
- ^ Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, p. 139
- ^ «The Cambridge History of China». Cambridge University Press, 1998. Vol. 7: «The Ming Dynasty, 1368—1644, Part I». ISBN 978-0-521-24332-2, p. 236
- ^ «The Cambridge History of China». Cambridge University Press, 1998. Vol. 7: «The Ming Dynasty, 1368—1644, Part I». ISBN 978-0-521-24332-2, p. 302
- ^ Бокщанин А. А. «Китай во второй половине XIV-XV вв.» История Востока: В 6 т. — М.: Издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2000. Т. 2: Восток в средние века. ISBN 5-02-017711-3
- ^ Вельгус А. В. «Известия о странах и народах Африки и морские связи в бассейне Тихого и Индийского океанов (Китайские источники ранее XI в.)» — М.: Наука. Главная редакция восточной литературы, 1978. стр. 25
- ^ а б Бокщанин А. А. «Волшебный свет на мачтах. Заморские экспедиции Чжэн Хэ». Лики Срединного царства. — М.: Издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2002.
- ^ а б Louise Levathes «When China ruled the seas: the treasure fleet of the Dragon Throne, 1405-1433». New York: Oxford University Press, 1996. ISBN 0-19-511207-5, p. 172
- ^ «Zheng He's voyages down the western seas». Beijing. China Intercontinental Press, 2005. ISBN 7-5085-0708-8, p. 45
- ^ Edward L. Dreyer «Zheng He: China and the Oceans in the Early Ming Dynasty, 1405–1433». New York: Pearson Longman, 2007.Library of World Biography Series. ISBN 0-321-08443-8, p. 166
- ^ «Shipping news: Zheng He's sexcentenary». China Heritage Newsletter
- ^ Nicholas D. Kristof. «1492: The Prequel». The New York Times
- ^ Zheng He's Tomb Found in Nanjing. Crienglish.com
- ^ 南京发现郑和下西洋副手之墓. news.sina.com.cn
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |