Цьвярское Вялікае Княства
Цьвярско́е Вялі́кае Кня́ства — руская фэадальная дзяржава ў 1247—1485 гадох.
Узьнікла на землях Смаленскіх крывічаў як удзел Пераяслаў-Залескага княства пры падзеле спадчыны вялікага князя Яраслава Ўсеваладавіча, які загінуў у Ардзе. Першым князем быў Яраслаў Яраславіч (брат Аляксандра Неўскага), з 1264 году таксама вялікі князь Уладзімірскі. Узвышэньне Цьвяры зьвязана з адносна невялікімі разбурэньнямі пад час мангола-татарскага нашэсьця і ўзьнікненьнем тут каля 1265 году япіскапскай кафэдры, якую заняў былы Полацкі япіскап Сімеон. Другім цьвярскім япіскапам (1289—1316) быў таксама выхадзец з Полацку Андрэй, сын полацкага князя Гердзеня. У далейшым Цьвярское Вялікае Княства вяло актыўную барацьбу з Масквой за вялікае ўладзімерскае княжаньне і за палітычную гегемонію на Русі, у якой часта атрымлівала падтрымку Вялікага княства Літоўскага, зь якім, зрэшты таксама часта ваявала (1285 і інш.), перадусім за кантроль над раёнам Ржэвы на Верхняй Волзе, у якім пазьней да сярэдзіны XX стагодзьдзя захоўвалася беларуская мова і іншыя беларускія этнаграфічныя прыкметы (глядзіце Тудаўляне). Цьвер была першым рускім княствам, якое пачало актыўнае змаганьне за вызваленьне ад ардынскага ярма пад час паўстаньня 1327 году, якое было жорстка падаўленае Ардой з дапамогай Масквы (што паклала пачатак узвышэньню Маскоўскага вялікага княства). Тытул «вялікіх» канчаткова замацаваўся за цьвярскімі князямі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя. Асабліва цесныя адносіны паміж ВКЛ і Цьвярскім Вялікім Княствам існавалі пры Альгердзе, які быў жанаты зь цьвярской князёўнай Ульянай. Апроч Альгерда, зь цьвярской князёўнай быў жанаты Сьвідрыгайла, а цьвярскія князі — з дачкамі Гедыміна, Кейстута, Уладзімера Альгердавіча, Сымона (Сямёна) Алелькавіча. У выніку сэрыі войнаў 1368—1372 гадоў незалежнасьць Цьвяры ўдалося адстаяць, нягледзячы на цяжкае паражэньне ад Масквы ў 1375 годзе. У 1406 годзе Цьвер выступіла супраць на баку Масквы ў канфлікце за Вялікі Ноўгарад і Пскоў.
Найбольшага эканамічнага і культурнага росквіту Цьвярское Вялікае Княства дасягнула ў першыя дзьве трэці XV стагодзьдзя (адным зь сьведчаньняў чаго зьяўляецца падарожжа Афанасія Нікіціна ў Індыю), але пры вялікім князі Міхаіле Барысавічы (1461—1485), які спрабаваў захаваць незалежнасьць Цьвяры з апорай на ВКЛ, адбываўся хуткі ўпадак цьвярской дзяржаўнасьці. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Казімер, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейснай падтрымкі Цьвярскому Вялікаму Княству, што перадвырашыла далучэньне Цьвяры да Маскоўскай дзяржавы ў 1485 годзе і ўцёкі Міхаіла Барысавіча ў ВКЛ. Ліквідацыя самага моцнага сярод рускіх княстваў гістарычнага канкурэнта Масквы дала магчымасьць апошняй пачаць адкрытае змаганьне з ВКЛ за беларускія і ўкраінскія землі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3.
- Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485). Тверь, 1994.