Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (Опаль)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
| |
Пятніцкая царква, аўтэнтычны выгляд
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Опаль |
Каардынаты | 52°19′06.20″ пн. ш. 25°24′07.10″ у. д. / 52.318389° пн. ш. 25.401972° у. д.Каардынаты: 52°19′06.20″ пн. ш. 25°24′07.10″ у. д. / 52.318389° пн. ш. 25.401972° у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Пінская япархія |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідзтва Беларусі[d] і заходнепалеская школа дойлідзтва |
Дата заснаваньня | 1796 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы | |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы на Вікісховішчы |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Опалі. Тэрытарыяльна знаходзіцца ў суседняй вёсцы Лядавічах. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царкву ў Опалі збудавалі ў 1796 годзе з дрэва. Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату).
У 2000-я гады ў выніку рэканструкцыі замест купала-бані з гістарычным каваным 4-канцовым крыжам над царквой паставілі маскоўскі пазалочаны купал-цыбуліну з сучасным 8-канцовым маскоўскім крыжам. Уласьцівую сакральнаму дойлідзтву Беларусі вэртыкальную шалёўку зьмянілі на гарызантальную (з сайдынгу), больш уласьцівую цэрквам Расеі. Перад царквой збудавалі званіцу ў стылі дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы, якая не адпавядае архітэктурнаму абліччу помніка.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. Гэта прастакутная ў пляне 3-нэфавая базыліка з зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтральны, вышэйшы за бакавыя, нэф завяршаецца 2-схільным дахам. Сьцены вэртыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваныя брусамі-лапаткамі, вокны прастакутныя і паўцыркульныя (у цэнтральным нэфе). Спачатку над галоўным фасадам узвышаліся дзьве вежы абапал трыкутнага франтона. Пры перабудове вежы разабралі, фасад аформлі 8-калённым портыкам (пазьней калёны схавалі пад шалёўкай тамбуру).
Унутраная прастора падзяляецца чатырма слупамі на нэфы. Хоры на двух слупах пераходзяць уздоўж бакавых сьценаў цэнтральнага нэфа ў кансольна-бэлечныя балюстрадныя галерэі. Апсыда вылучаецца створаным у 1830-я гады 3-ярусным іканастасам, пакрытым арнамэнтальнай разьбой; царскія вароты маюць выгляд контражурнай скразной разьбы на матыў вінаграднай лазы з гронкамі, сярод спляценьняў якіх разьмяшчаюцца 6 таблетак-клеймаў з выявамі 4 эвангелістаў і абразом «Зьвеставаньне». Мастацкую каштоўнасьць мае драўляная скульптура мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў «Укрыжаваньне», абразы таго ж часу «Спас Пантакратар», «Сьвяты Панцеляймон», «Маці Божая Замілаваньне»[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000278 |