Фарнабаз II
Фарнабаз II | |
Фарнабаз у выглядзе Арэса | |
Род дзейнасьці | дзяржаўны й вайсковы дзеяч Пэрсыдзкае імпэрыі |
---|---|
Дата нараджэньня | каля 435 да н. э. |
Дата сьмерці | пасьля 373 да н. э. |
Месца сьмерці | |
Занятак | губэрнатар |
Бацька | Фарнак II Фрыгійскі |
Дзеці | Артабаз II |
Фарнабаз II (каля 435 да н. э. — пасьля 373 да н. э.) — дзяржаўны й вайсковы дзяяч Пэрсыдзкае імпэрыі. З роду Фарнакідаў, адгалінаваньня каралеўскага роду Ахемэнідаў, сын Фарнака II.
Сатрап Фрыгіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да зімы 413 да н. э./412 да н. э. зьмяніў бацьку на пасадзе сатрапа Фрыгіі. Больш дакладная дата невядома, бо ў 422 да н. э. ягоны бацька яшчэ быў сатрапам. У 413 да н. э./412 да н. э. удзельнічаў у перамовах паміж Пэрсіяй і Спартай. У 404 да н. э. разам з Кірам Малодшым і Тысафэрнам захапіў грэцкія гарады Малае Азіі. У 400 да н. э. не дазволіў грэцкім наймітам спустошыць Фрыгію. У 399 да н. э. у Фрыгію ўварваліся спартанцы. Фаранабаз, аб’яднаўшыся з Тысафэрнам, разьбіў грэкаў. У 397 да н. э. у Магнэзіі было падпісанае мірнае пагадненьне, вынікам чаго было прызнаньне Пэрсіяй незалежнасьці грэцкіх гарадоў Ёніі.
Будаўніцтва Пэрсіяй флёту сталася прычынай новае вайны са Спартай. Падпісаўшы перамір’е з Тысафэрнам, спартанскі цар Агесілай II у 396 да н. э. напаў на Фрыгію. Каб адвабіць спартанцаў, Фарнабаз накіраваў родасца Тымакрата ў Грэцыю з мэтай узбудзіць грэкаў супраць Спарты. Нягледзячы на перашкоды й інтрыгі збоку Тысафэрна й Тытраўста, які зьмяніў Тысафэрна на пасадзе сатрапа Лідыі, Фарнабаз здолеў заключыць у 395 да н. э. дамову з атэнцамі, а пасьля нават захапіў усе грэцкія гарада ў Малай Азіі апроч Абідаса й Сэстаса. У 394 да н. э. спартанцы пакінулі Малую Азію, а ў 393 да н. э. Фаранабаз разам з атэнскім флятаводам Конанам захапілі абтокі Мэляс і Кітэра. У 387 да н. э./386 да н. э. быў падпісаны мір са Спартай, паводле якое да Пэрсіі адышлі грэцкія гарады ў Малой Азіі.
Вайна з Эгіптам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За свае дасягненьні ў вайне з Грэцыяй Фарнабаз быў вельмі ўшанаваны. Ён ажаніўся з дачкой караля Артаксэркса ІІ Апамэ, ад якой меў малодшага сына Артабаза. Пасьля Фарнабаза й Тытраўста прызначалі кіраўнікамі арміі, што мусіла захапіць Эгіпет, які адкалоўся ад Пэрсіі. Сатрапам жа Фрыгіі стаў сын Фарнабаза Арыябарзан. Дзьве першыя выправы на Эгіпет у 385 да н. э. і 383 да н. э. не прынесьлі посьпехаў. У 379 да н. э. — 374 да н. э. быў сатрапам Кілікіі.
У 373 да н. э. Фарнабаз ужо як адзіны кіраўнік войска распачаў новую выправу на Эгіпет, сабраўшы вялікі флёт у горадзе Ака (Палестына) і наняўшы грэцкіх наймітаў на чале зь Іфікратам. Аднак пэрсыдзкае войска было спыненае ля крэпасьці Пэлюзій у дэльце Нілу й было вымушанае шукаць іншае адгалінаваньне Нілу, каб увайсьці ў краіну. У гэты час распачаліся спрэчкі паміж Фарнабазам і Іфікратам адносна тактыкі дзеяньняў. Скарыстаўшыся гэтым, эгіпецкі фараон Нэктанэб I здолеў умацаваць сталіцу Мэмфіс. Усё гэта, а таксама разьліў Нілу змусілі пэрсаў пакінуць Эгіпет. Пра далейшы лёс Фарнабаза нічога невядома.
Папярэднік Фарнак II Фрыгійскі |
Сатрапы Фрыгіі да 413 да н. э. — 387 да н. э. |
Наступнік Арыябарзан |