Арыябарзан (сатрап)
Арыябарзан (па-старапэрсыдзку: Ariyabrdna; ? — 362 да н. э.) — дзяржаўны й вайсковы дзеяч Пэрсыдзкае імпэрыі. З роду Фарнакідаў, адгалінаваньня каралеўскага роду Ахемэнідаў, сын сатрапа Фрыгіі Фарнабаза IІ.
У 407 да н. э. быў пасланы бацькам суправадзіць атэнскіх пасланцаў са сталіцы Фрыгіі Дасцыліюма да марскога ўзьбярэжжа, адкуль яны маглі дабрацца да Атэнаў. Магчыма, тады пазнаёміўся са спартанцам Анталькідам.
У 387 да н. э. зьмяніў бацьку на пасадзе сатрапа Фрыгіі. Новы сатрап меў прыязныя стасункі як з Атэнамі, так і са Спартай. Калі Арыябарзан па невядомай прычыне паўстаў супраць Артаксэркса ІІ, яго падтрымалі абодва полісы. Да таго ж на ягоным баку былі сатрапы: Маўсол з Карыі, Аронт з Армэніі, Аўтафрадат зь Лідыі, Датам з Кападокіі, а таксама фараон Эгіпту Тэас. Спартанскі цар ж Агесілай II прыбыў з войскам наймітаў. Пэўны час быў аточаны пэрсамі ў Асасе, але вялікая колькасьць хаўрусьнікаў і разьдзеленасьць ворагаў дапамаглі яму выйсьці з аблогі.
Дапамог атэнцам атрымаць назад горад Сэстас, які ім калісьці належаў. За гэта атэнцы надалі яму грамадзянства полісу. Узімку 363 да н. э./362 да н. э. паўстанцы былі разгромленыя, а Арыябарзан быў выдадзены пэрсам сваім сынам Мітрадатам і ўкрыжаваны. На пасадзе сатрапа Фрыгіі яго зьмяніў зводны брат Артабаз II.
Папярэднік Фарнабаз II |
Сатрапы Фрыгіі да 387 да н. э. — 362 да н. э. |
Наступнік Артабаз II |