Перайсьці да зьместу

Артабаз II

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Артабаз II (па-эляміцку: Irdumasda, па-старажытнапэрсыдзку: Artavazdâ, па-грэцку: Αρτάβαζος, каля 389 да н. э.325 да н. э.) — дзяржаўны й вайсковы дзеяч Пэрсыдзкае імпэрыі. З роду Фарнакідаў, адгалінаваньня каралеўскага роду Ахемэнідаў, сын сатрапа Фрыгіі Фарнабаза IІ, зводны брат сатрапа Арыябарзана.

У 362 да н. э. зьмяніў свайго брата, які быў укрыжаваны за кіраўніцтва антыпэрсыдзкім паўстаньнем, на пасадзе сатрапа Фрыгіі. Каля 358 да н. э. Артабаз далучыўся да іншых сатрапаў, якія паднялі паўстаньне супраць караля Артаксэркса III з дапамогай атэнцаў. У 355 да н. э. разам з атэнскімі наймітамі Харэса разьбіў пэрсаў у бітве, якая ў Грэцыі атрымала назоў «другога Маратону».

Аднак у самы крытычны момант, Атэны пад націскам Пэрсіі адмовілі паўстанцам у дапамозе. Артабаз ІІ спрабаваў наняць 5000 наймітаў Тэбанса, але мяцеж праваліўся яшчэ да прыбыцьця грэкаў. У 352 да н. э. Артабаз быў змушаны зьбегчы ў Македонію, дзе быў прыняты царом Піліпам II. Тут ён пазнаёміўся з сынам Піліпа Аляксандрам, будучым Аляксандрам Македонскім, і Арыстотэлем.

Артабаз ІІ меў вельмі шчыльныя сувязі са сваімі вайскаводамі братамі з Родасу Мэнтарам і Мэмнанам. Артабаз ажаніўся зь іхнай сястрой, а Мэнтар ажаніўся з дачкой Артабаза Барсынай. Мэмнан суправаджаў Артабаза ў ягоным македонскім выгнаньні. Мэнтар здолеў дамагчыся прабачэньня для Артабаза, удзельнічаючы ў войнах з Эгіптам. У 342 да н. э. Артабаз з Мэмнанам вярнуўся ў Пэрсію і распавёў каралю пра пляны Піліпа ІІ па захопе Пэрсіі.

Пра жыцьцё Артабаза ў наступныя 12 гадоў нічога невядома. Блізкія стасункі Артабаза й Дарыя ІІІ ў 330 да н. э. могуць сьведчыць пра падтрымку Артабазам Дарыя ў 339 да н. э.336 да н. э. у вайне за сталец Пэрсіі. Магчыма, адказваў таксама за сувязі з грэцкімі наймітамі. У 331 да н. э. Артабаз удзельнічаў у бітве пры Гаўгамэлах, дзе пэрсыдзкае войска была разгромленае Аляксандрам Вялікім.

Пасьля захопу ўлады Бэсам у 330 да н. э., застаўся верным Дарыю. Будучы аточаным македонцамі, быў вымушаны скласьці зброю й перайсьці на бок македонцаў. Пры двары ён сустрэў сваю дачку Барсыну, якая ўжо была жонкай Аляксандра Македонскага. Стаў вельмі ўплывовым дарадчыкам Аляксандра й быў прызначаны ім сатрапам Бактрыі. Спрыяў пераходу пэрсаў на службу да македонцаў, у 329 да н. э. задушыў паўстаньне Сатыбарзана ў Арыі, абараніў Бактру ад нападу скітаў. У 328 да н. э. разам з Гефэстыёнам ваяваў у Сагдыяне. У 327 да н. э. добраахвотна пакінуў службу сатрапам Бактрыі, быў прызначаны кіраўніком фартэцыі ў Сагдыяне.

Меў, прынамсі, чатырох сыноў: Фарнабаза, Арсама, Кофэна, Арыябарзана — і тры дачкі: Барсыну (спачатку жонка Мэнтара, пасьля Мэмнана, а затым Аляксандра Македонскага), Артоніс (жонка македонскга вайскавода Эўмэна), Артакаму (жонку македонскага вайскавода Пталемэя).

Папярэднік
Арыябарзан
Сатрапы Фрыгіі
362 да н. э.353 да н. э.
Наступнік
Арсыт Фрыгійскі
Папярэднік
Бэс
Сатрапы Бактрыі
330 да н. э.327 да н. э.
Наступнік
Кліт Чорны

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]