Фрыгія
Фры́гія (па-старажытнагрэцку: Φρυγία) — старажытная гістарычная вобласьць і дзяржава на захадзе Малой Азіі.
Па сьведчаньню Герадота, фрыгійцы калісьці насялялі поўнач Балканскага паўвостраву і зваліся брыгамі. Сучасныя дасьледчыкі падзяляюць гэты пункт гледжаньня і лічаць, што фрыгійцы перасяліліся ў Малую Азію з Эўропы прыкладна ў 1200 г. да н. э. Відавочна, яны адыгралі значную ролю ў разбурэньні імпэрыі хэтаў. Большая частка фрыгійцаў асела ў горнай лясістай мясцовасьці на ўсход ад Лідыі і Карыі, якая і атрымала найменьне Фрыгіі. Яе галоўным цэнтрам стаў горад Гордыян.
Найхутчэй, фрыгійская дзяржава склалася ўжо ў канцы 2 тысячагодзьдзя да н. э., але набыла вялікі ўплыў у апошняй трэці VIII ст. да н. э., калі займала значную частку сучаснай Турэччыны. Аднак яна была саслаблена нашэсьцямі кімэрыйцаў. Падчас чарговага нашэсьця ў 696 г. да н. э. фрыгійскі валадар Мідас скончыў жыцьцё самагубствам. Каля 620 г. да н. э. фрыгійская дзяржава была разбурана кімэрыйцамі, а сама Фрыгія ўвайшла ў склад Лідыі.
Як гістарычная вобласьць Малой Азіі, Фрыгія ўзгадвалася да канца існаваньня Ўсходняй Рымскай імпэрыі. Яна адыгрывала вялікую культурную ролю ў жыцьці ўсяго Міжземнамор'я. Адсюль распаўсюдзіўся культ багіні-маці Кібэлі.