Фабрыкі ў даліне Дэрвэнту

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°1′44″ пн. ш. 1°29′17″ з. д. / 53.02889° пн. ш. 1.48806° з. д. / 53.02889; -1.48806

Фабрыкі ў даліне Дэрвэнту
Derwent Valley Mills*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Фабрыка ў Кромфардзе (Дэрбішыр)
Краіна Вялікабрытанія Вялікабрытанія
Тып культурны
Крытэры ii, iv
Спасылка 1030
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2001  (25 сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Фабрыкі ў даліне ракі Дэрвэнт — прамысловы ляндшафт, сфармаваны тэкстыльнымі фабрыкамі XVIII і XIX стагодзьдзяў і жылымі памяшканьнямі, што адлюстроўвае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну[1].

З 2001 року фабрыкі ў даліне Дэрвэнту зьяўляюцца аб’ектам сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў Вялікабрытаніі[1].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фабрыка ў Кромфардзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тут разьмяшчалася кола

Фабрыка ў Кромфардзе зьяўляецца першай фабрыкай, пабудаванай па сыстэме Рычарда Аркрайта ў 1772—1775 роках, якая дала аснову цэлай індустрыі. Будаўніцтва фабрыкі было падобна да экспэрымэнту: шэраг зьвязаных міжсобку будынкаў, выцягнутых уздоўж абрыву; выкарыстаньне моцы вады зь невялікай крынічкі Бонсал-Брук і сажалкі Кромфард[2]. Аркрайт, якому былі неабходныя маладыя дужыя працаўнікі, быў вымушаны будаваць хаты для іх і іхніх бацькоў, бо шчыльнасьць насельніцтва была невялікай. Ідэя была паўторна выкарыстаная для будаўніцтва другой фабрыкі ў Кромфардзе ў 1776—1777 роках. Такім чынам, была сфармаваная канцэпцыя індустрыяльнай суполкі, якая пасьля шматкроць паўтаралася ў іншых пасяленьнях даліны[3].

Па сканчэньні буму тэкстыльнай прамысловасьці фабрыкі неаднаразова прадаваліся, падзяляліся між рознымі ўладальнікамі. Невялікая частка абсталяваньня была перададзеная ў Музэй навукі ў Лёндане. У пачатку XX стагодзьдзя на фабрыках разьмяшчаліся фарбавальныя вытворчасьці і пральня. У гістарычным будынку былі ўсталяваныя ліфты, новыя вокны і дзьверы. Пажары 1929 і 1961 рокаў зьнішчылі большую частку фабрыкі[4].

Фабрычны комплекс у Кромфардзе ўлучае два асноўныя будынкі з прыбудовамі, жылыя пабудовы, масты, аквэдук, будынкі кіраваньня фабрыкай і іншыя разнастайныя пабудовы (агулам блізу 20)[2]. У рамках аб’екта сусьветнай спадчыны знаходзіцца таксама 10,5 км каналу Кромфард. Канал працягласьцю 23,3 км злучае Кромфард з каналам Эрэўош (па-ангельску: Erewash) і быў пабудаваны ў пачатку 1790-х рокаў. Канал аказаў істотны ўплыў на эканамічны рост Дэрбішыру, зьяўляючыся ўсутыч да 1830-х рокаў асноўнай дарогай да Манчэстэру[5].

Фабрыка ў Мэсане[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фабрыка ў Мэсане

Фабрыка Мэсана была пабудаваная ў 1783 року на рацэ Дэрвэнт, што дазволіла ёй ад пачатку мець нашмат большую магутнасьць, чым фабрыка ў Кромфардзе. Архітэктура будынку, хоць і была выкананая па аналёгіі з кромфардзкай фабрыкай, адлюстравала павевы свайго часу. Дадатковыя лесьвіцы і дапаможныя памяшканьні дазволілі разгрузіць асноўны вытворчы цэх[6].

Першапачатковы пяціпавярховы будынак быў 43,8 мэтры даўжынёй і 8,4 мэтры вышынёй. Тры выступаючыя цэнтральныя пралёты былі дэкараваныя, мелі вэнэцыянскія вокны і купал. Да 1801 року фабрыка працавала за кошт аднаго вадзянога млыну, пасьля чаго быў дададзены яшчэ адзін. Меркавана ў гэты самы час будынак стаў шасьціпавярховым. Гэтая сыстэма, з невялікімі зьмяненьнямі, пратрымалася да ўводу турбіны ў 1928 року. Будынак некалькі разоў быў дабудаваны і перабудаваны, апошнія зьмяненьні былі зробленыя ў 1998 року. У цяперашні час у ім разьмяшчаецца музэй і сувэнірныя крамы[6].

Фабрыка ў абацтве Дарлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ адным вядомым будаўніком тэкстыльных фабрык зьяўляецца Томас Эванс і ягоны брат вялебны Эдмунд Эванс, якія пачалі скупляць землі ў 1770-я. Першая фабрыка ў абацтве не захавалася, яна згарэла ў 1788 року. Паколькі яна была застрахаваная, на яе месцы неадкладна пачалося будаўніцтва новай фабрыкі. У пэрыяд з 1796 па 1805 рокі фабрыка была значна пашыраная, узьведзеныя новыя будынкі[7].

У цяперашні час у збудаваньнях фабрыкі разьмешчана некалькі невялікіх кампаніяў. Агульная колькасьць будынкаў, пабудаваных між 1782 і 1846 рокамі, — каля пяці[7].

Іншыя пабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэлпер
Шаўковая фабрыка

Акрамя вышэйпералічанага, пад аховай знаходзяцца тэкстыльная фабрыка Бэлпер (па-ангельску: Belper), Мілфард (па-ангельску: Milford), фабрыка Сьмідлі (па-ангельску: Smedley’s Mill), фабрыка Пэкўош (па-ангельску: Peckwash Mill) і Шаўковая фабрыка (па-ангельску: The Silk Mill) — першая фабрыка па вытворчасьці шоўку[3].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Derwent Valley Mills (анг.). ЮНЭСКОПраверана 2010-05-07 г.
  2. ^ а б History: Key Site: Cromford Mill Complex (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
  3. ^ а б History: Key Site: Introduction (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
  4. ^ History: Key Site: Cromford Mill (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
  5. ^ History: Key Site: The Cromford Canal (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
  6. ^ а б History: Key Site: Masson Mill (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
  7. ^ а б History: Key Site: Darley Abbey Mills (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]