Перайсьці да зьместу

Ульскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ула (замак)»)
Помнік гісторыі і абарончай архітэктуры
Ульскі замак
Ульскі замак, 1568 г.
Ульскі замак, 1568 г.
Краіна Беларусь
Вёска Ула
Каардынаты 55°13′59″ пн. ш. 29°14′23″ у. д. / 55.23306° пн. ш. 29.23972° у. д. / 55.23306; 29.23972Каардынаты: 55°13′59″ пн. ш. 29°14′23″ у. д. / 55.23306° пн. ш. 29.23972° у. д. / 55.23306; 29.23972
Заснавальнік Жыгімонт Аўгуст
Дата заснаваньня XVI ст.
Ульскі замак на мапе Беларусі
Ульскі замак
Ульскі замак
Ульскі замак
Ульскі замак на Вікісховішчы

Ульскі замак — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ва Уле. Знаходзіўся ў паўночнай частцы колішняга мястэчка, пры ўтоку ракі Улы ў Дзьвіну. Існаваў у XVI—XVII стагодзьдзях.

Замак, 1568 г.

Будаваньне замку пачалося ў 1563 годзе па захопе Полацку войскамі Маскоўскай дзяржавы. Дзеля ўмацаваньня Улы прыбыў вэнэцыянскі інжынэр. Аднак маскоўскія захопнікі раптоўным нападам таго году забілі будаўнікоў.

На 1566 год прыпала абвастрэньне дачыненьняў між Жыгімонтам Аўгустам і Іванам IV Тыранам, абодва бакі пачалі рыхтавацца да ўзнаўленьня ваенных дзеяньняў. Таму ў 1567 годзе Іван Тыран загадаў закласьці на захопленых землях некалькі фартыфікацыяў, у іх ліку зьявілася і драўляная крэпасьць у мястэчку Уле.

У сакавіку 1568 году Улу спрабаваў узяць Ян Караль Хадкевіч зь вялікім войскам. Доўгі час вайсковыя дзеяньні Яна Караля Хадкевіча былі беспасьпяховымі, Маскоўская дзяржава перапраўляла з Полацку Дзьвіной вайсковую дапамогу, чым бесьперапынна ўзмацняла абарону. Марцін Бельскі паведамляў: «Калі прыйшла абложаным у замку дапамога з Полацку, маскалі мацней бараніліся». Шмат абаронцаў Вялікага Княства Літоўскага загінула пры штурме, рыць акопы было вельмі цяжка, бо зямля была замёрзлай, таму штурм мусілі спыніць.

Ян Караль Хадкевіч, адкліканы Жыгімонтам Аўгустам у сталіцу паводле дзяржаўных справаў, перадаў камандаваньне войскам князю Раману Сангушку, які пайшоў на новы прыступ. Падрабязнасьці авалодваньня замкам пакінуў Марцін Бельскі: «Таго ж году месяца верасьня, князь Раман гетман польны Улу, замак абарончы маскоўскі ўзяў і спаліў у такі спосаб: наперад казакоў у чоўнах пад замак выправіў, а сам выступіўшы з аддзеламі з-пад Полацку і Туроўлі, уначы ротмістраў пяхоты Рачкоўскага і Тарноўскага да сьценаў з драбінамі накіраваў. Казакі ж зь Бірулям, Мінкам і Аскеркам пачалі падсякаць брамы і фарты. Тады ротмістар Мікалай Салагуб, не марудзячы, уброд перайшоў Улу з усёй сваёй ротай, узмацніўшы пяхоту, якая па драбінах лезла на сьцены і секлася з масквой на брамах. Тады, калі ўжо сам замак гарэў, сам князь Раман паслаў сваю роту, а таксама ротмістраў Войну і Тышкевіча ды князя Лукомскага, якія канчаткова даціснулі маскву, што адчайна баранілася пасярод агню, і ўзялі замак, захапіўшы двух ваяводаў братоў Вельямінавых, важных баяраў 300, а стральцоў з рушніцамі 800. Але ніякай іншай карысьці ад таго не было, бо ўсё ў замку згарэла, і мусілі нашы яго нанава будаваць».

У 1580 годзе Стэфан Баторы рыхтаваўся да паходу на Вялікія Лукі. У Чашніках ён зьбіраў войскі, а па прыняцьці там маскоўскага пасла асабіста выехаў да замку ва Уле з мэтай яго ўзмацненьня, каб абараніць край, які заставаўся без абароны войска, што вырушыла на Вялікія Лукі. Агледзеўшы фартыфікацыі ў 1580 годзе, Стэфан Баторы загадаў узьвесьці вал вышынёй 6 сажняў з усходняга боку, між Улай і Дзьвіной[1].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1654 годзе замак спалілі маскоўскія захопнікі, па чым ён не аднаўляўся.

Займаў мыс паміж рэкамі Улай і Дзьвіной. Гэтую пляцоўку адрэзалі ровам ад плято, пэрымэтрам абвялі абарончым валам, а зьвернутыя да вады схілы ўмацавалі валунамі. Захаваліся шанцы і вал, які сьцярог замак ад поўдня і ўсходу, званы шанцам Баторыя, за якім знаходзіцца дамініканскі касьцёл.

Крэпасьць Івана Тырана складалася з драўляных сьценаў-гародняў і 8 вежаў, мела брамы[2].

  1. ^ Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. — Вільня, 1933.
  2. ^ Ткачоў М. Ульскі замак // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 224.