Удзельнік:Jauhienij/Чарнавік
Максім Гарэцкі | |
Максім Гарэцкі, 1937 год. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус, Кузьма Батура, Лявон Задума і інш. |
Жонка | Леаніла Чарняўская-Гарэцкая |
Дзеці | Леанід (пам. 1944), Галіна (1921—2006) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст |
Гады творчасьці | 1912—1937 |
Кірунак | рэалізм |
Жанр | раман, апавяданьне, эсэ |
Мова | беларуская |
Дэбют | «У лазьні», 1913 // «Наша Ніва» |
Творы на сайце Knihi.com |
Максім Іванавіч Гарэцкі (6 (18) лютага 1893, в. Меншая (цяпер Малая) Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня — 10 лютага 1938, Вязьма) — беларускі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы, гісторык і тэарэтык літаратуры, драматург, публіцыст, пэдагог, арганізатар літаратурнага руху, лексыкограф, перакладчык, зьбіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасьці.
Пісьменьнік прыкметна пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы беларускай прозы, трывала замацаваўшы ў ёй тып сюжэтна разгорнутага сацыяльна-псыхалягічнага апавяданьня[1]. М. Гарэцкі ўвёў у беларускую літаратуру новы тып героя — вясковага інтэлігента, які пачаў ўсьведамляць дваістасьць уласнага становішча як «прымака ў панстве» і «пасынка вёскі».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і малазямельных сялян Івана Кузьміча і Аўфрасіньні Міхайлаўны Гарэцкіх. Меў трох братоў — Гаўрылу, Парфіра, Івана і сястру Ганну.
Першая адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першую адукацыю атрымаў ў школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка (1901—1903). Потым пяць гадоў вучыўся ў с. Вольша Аршанскага павету, дзе, паводле словаў самога пісьменьніка, «была так званая «второклассная» царкоўна-прыходзкая настаўніцкая школа, а пры ёй — «образцовая» царкоўна-прыходзкая школа, якая рыхтавала вучняў для паступленьня ў школу настаўніцкую[2]. М. Гарэцкі быў вымушаны паўторна скончыць другую клясу, бо «добра чытаў, але правілы па расейскай мове і арытмэтыку дрэнна ведаў». Як сьведчыць яго брат Г. Гарэцкі: «Максім вучыўся выдатна, многа чытаў, пад уплывам свайго настаўніка Кцітарава палюбіў мастацкую літаратуру, навучыўся сьпяваць і добра граць на скрыпцы»[2]. Скончыўшы царкоўна-прыходзкую (1903—1905) і настаўніцкую (1905—1908) школы, Максім Гарэцкі атрымаў права вучыць грамаце вясковых дзяцей (праўда, працаваць па прафэсіі практычна ня мог — лічыўся яшчэ непаўналетнім).
Горкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1908 пераехаў у Горкі[3], дзе ўвосень 1909 году, грунтоўна папоўніўшы свае веды ў прыватнага рэпэтытара А. Крэера, М. Гарэцкі паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча на казённы кошт. Амаль цэлы год, яшчэ да паступленьня ў вучылiшча, жыў у Горках на вулiцы Зялёнай[4] (пазьней — вулiца iмя 40-год Кастрычнiка, з 1993 — вуліца Максіма Гарэцкага)[5]. Вядома, што на запыт дырэктара вучылiшча ад 25 чэрвеня 1909 году, горацкi павятовы спраўнiк пад грыфам «сакрэтна» паведамляе, што «...селянін Максім Іванавіч Гарэцкі за час пражываньня яго ў Горках зь верасьня 1908 году ні ў чым заганным не заўважаўся»[4].
Паводле ўспамінаў брата пісьменьніка, М. Гарэцкі жыў на стыпэндыю ў інтэрнаце, дзе «стварыў невялічкае вучнёўскае таварыства аматараў маладой беларускай літаратуры»[6] (выпісвалі «Нашу Ніву», захапляліся фальклёрам, «Тарасам на Парнасе», творамі Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі). Пазьней А. Сухі ўспамінаў будучага пісьменьніка: «Сярод нашага маладога гуртка я неяк адразу вылучыў Максiма па яго сур'ёзнасьцi ў кожнай справе i адносiнах да сяброў[7].». М. Гарэцкі першым з удзельнікаў гуртка пачаў пiсаць па-беларуску карэспандэнцыi i малыя апавяданьнi з жыцьця магiлёўскiх сялян, адсылаючы iх у рэдакцыю «Нашай Нiвы»[4].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданьне надрукаваў у 1913 г. у газэце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданьняў «Рунь», у 1919 г. — драматызаваную аповесьць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданьняў «Досьвіткі» (1926), аповесьці «Дзьве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песьні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданьне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакумэнтальна-мастацкія запіскі «На імпэрыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. — «Выбранае», у 1973 г. — Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984—1986 гг. — Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. — «Творы».
Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).
Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.
Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ да выхаду сваёй першай кнігі «Рунь» М. Гарэцкі быў заўважаны як таленавіты і шматабяцальны празаік. У сваім артыкуле «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911—1913 гг.» М. Багдановіч даў станоўчую ацэнку творчасьці аўтара: «Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменьніка Максіма Беларуса»[8] (у 1913 г. «Наша Ніва» пасьпела надрукаваць сем апавяданьняў аўтара). Праз два гады ў артыкуле «Белорусское возрождение» («Украинская жизнь», 1915, №1—2) М. Багдановіч ставіць М. Гарэцкага ў адзін шэраг зь людзьмі, якія ўжо тады займалі прыкметнае месца ў беларускай культуры: «Менавіта дзякуючы іх стойкасьці і самадданасьці беларускі рух, які знайшоў цяпер цьвёрдую апору ў шырокіх кадрах народнай інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існаваньня, набыў сваё цяперашняе ідэйнае аблічча і невялікімі, але глыбокімі, несьціральнымі літарамі ўрэзаў сваё імя на скрыжалях сусьветнага прагрэсу»[9].
Стыль і мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як адзначыў акадэмік Я. Карскі, творы Максіма Гарцэкага «адразу зьвярнулі на яго ўвагу сваім самабытным стылем, асаблівым складам пры паказе чалавечай душы і мясцовымі магілёўскімі асаблівасьцямі ў мове»[2]. Мясцовы калярыт мовы М. Гарэцкага выяўляецца найперш у разнастайных дыялектызмах і рэгіяналізмах усіх узроўняў: «аборак» — лужок, «грузьдзілы» — цуглі, «зюклівы» — гаваркі, «кукобіцца» — цешыцца, «фарботы» — карункі і інш[10]. Я. Карскі таксама заўважыў, што пісьменьнік умее стварыць «цудоўны аповед паводле зьместу і паводле натуральнасьці выкладу» і што рэалізм у яго «даходзіць да дэталёвай анатомікі, да фатаграфаваньня фактаў»[11].
Аналізуючы фразавы склад мовы пісьменьніка, М. Стральцоў у артыкуле «Чалавек з Малой Багацькаўкі» адзначаў, што: «Проза Гарэцкага ня ведае шырокай, разгалінаванай фразы са складанай сыстэмай кіраваньня, падпарадкаваньня, сузалежнасьці... Фраза Гарэцкага эканомная, бо перадае найперш рух, яна дзеяслоўная, калі можна так сказаць... Строгасьць, дынамізм, падкрэсьленая функцыянальнасьць сынтаксісу — характэрныя адзнакі фразы Гарэцкага. У ёй няма сырамяціцы, ня месца тут ні пустазвонству, ні сюсюканьню[12].»
К. Чорны ў артыкуле «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» (Узвышша, 1928, № 5) ставіў у прыклад мову Міхалкі-маскоўца з драматычнай аповесьці М. Гарэцкага «Антон» як узор стылізацыя мастацкай мовы пад жаргонную гаворку[13].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 381—382. — 583 с.
- ^ а б в Дз. Бугаёў. Арыгінальны мастак // Гарэцкі М. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. 1. Апавяданні і драматычныя абразкі. Мн., «Маст. літ.», 1973. С. 6. — 514 с.
- ^ Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максім Гарэцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 7. — 87 с.
- ^ а б в Ліўшыц, У. Максім Гарэцкі. Старонкі жыцця. // ARCHE Пачатак. — 2012.
- ^ Віртуальная выстава Гарэцкага Новы Час Праверана 4 ліпеня 2013 г.
- ^ М. Гарэцкі : Успаміны, артыкулы, дакументы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — С. 7. — 366 с.
- ^ М. Гарэцкі : Успаміны, артыкулы, дакументы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — С. 63—65. — 366 с.
- ^ Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993. — С. 228. — 600 с.
- ^ Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993. — С. 283—284. — 600 с.
- ^ Абабурка, М. Мова твораў Максіма Гарэцкага // Роднае слова. — М.: 1993. — № 7. — С. 33.
- ^ Карский Е. Белорусы. — Пг., 1922. — С. 372—373
- ^ Стральцоў М. Выбранае: Проза, паэзія, эсэ. / [Прадм. А. Адамовіча]. — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 484. — 607 с.
- ^ Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., «Маст. літ.», 1975. — С. 83. — 616 с.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарэцкі Максім // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.