Прывілей 1434 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Троцкі прывілей»)

Прывілей 1434 году (Троцкі прывілей) — заканадаўчы акт, выдадзены 6 траўня 1434 году вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам. Акт абвяшчаў для праваслаўнай і каталіцкай арыстакратыі саслоўную роўнасьць, але ня поўную; 9-ы параграф Гарадзельскай пастановы ня быў скасаваны, і вышэйшыя дзяржаўныя пасады засталіся недаступнымі для праваслаўных арыстакратаў.

Акт складаўся з прэамбулы і васьмі пунктаў, якімі «рускім» князям і баярам дараваліся права свабоднага распараджэньня спадчыннымі маёнткамі паводле прыкладу іншых тагачасных краінаў, права атрыманьня ў спадчыну зямельных уладаньняў жонкай і дзецьмі; княжацкія і баярскія падданыя вызваляліся ад некаторых дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў пры ўмове пераходу ў польскае гербавае брацтва[1][2]. У сутнасьці тыя параграфы прывілею, што тычыліся пытаньняў землеўладаньня, пацьвярджалі такія ж палажэньні прывілею 1432 году[3][4], які пашырыў на праваслаўных фэўдалаў правы Гарадзельскага прывілею, але прывілей 1432 году так і ня быў зацьверджаны тагачасным каралём польскім і вярхоўным князем літоўскім Ягайлам. У адрозьненьне ад прывілею 1432 году, прывілей 1434 году зьняў з прыватнаўласьніцкіх маёнткаў абавязак сплочваць дзякла на карысьць вялікакняскага скарбу, але зноў жа пры ўмове запісу ў польскія гербавыя брацтвы[1][2][4]. Згодна зь меркаваньнем М. Доўнар-Запольскага, дзеяньне прывілею прадугледжвала таксама замацаваньне за прыватнымі ўладальнікамі земляў, пажалаваных «да волі і ласкі гаспадарскай» (па-руску: до воли и ласки господарской), то бок земляў, пажалаваных вялікім князем на нявызначаны тэрмін[5].

Прывілей не зьяўляўся вынікам натуральных працэсаў у эканоміцы, а, аналягічна прывілею 1432 году, зьяўляўся сродкам заспакаеньня прыхільнікаў аднаго з прэтэндэнтаў на вялікакняскі пасад — Сьвідрыгайлы. Акрамя таго, кіраваньне Вітаўта адзначылася гуртаваньнем вакол яго баяраў і выцясьненьнем зь вялікакняскага двара прадстаўнікоў княскіх радоў[6], што, меркавана, спрычынілася да актыўнага ўдзелу княскіх радоў у канфлікце на баку Сьвідрыгайлы і, адпаведна, згадваньні ў прывілеях 1432 і 1434 гадоў таксама князёў, якія ня згадваліся ў прывілеях 1387 і 1413 гадоў[7]. Паўстаньне Сьвідрыгайлы пасьля яго зрынаньня зь вялікага княжаньня засяроджвалася пераважна ва ўсходніх і цэнтральных землях ВКЛ[8][9], хоць абмежаваньні паводле рэлігійнай прыкметы ў пытаньнях землеўладаньня, зацьверджаныя прывілеямі 1387 і 1413 гг., не закраналі амаль увесь усход краіны: так, адзін з прывілеяў Віцебскаму намесьніцтву гарантаваў захаваньне маёмасных правоў на зямлю каталікам, якія перайшлі ў праваслаўе[10], а адзін з прывілеяў Полацкаму намесьніцтву, выдадзены Вітаўтам, гарантаваў землеўладальнікам рэгіёну куплі, выслугі; права вольнага распараджэньня зямлёй пры фармальным ведаме намесьніка; права ўдавы на атрыманьне дзелі зь зямлі мужа[1] — такім чынам, палітычныя прадлогі Сьвідрыгайлы на ўсходзе ВКЛ апынуліся практычна бессэнсоўнымі, паколькі большая частка ўсходу ВКЛ да прывілею 1434 году мела шырокія зямельныя правы. Абсалютна такія ж правы, нават з мажлівасьцю не падаваць фармальны запыт мясцоваму намесьніку, мелі землеўладальнікі з княскіх галінаў[11]. Арыстакратыя праваслаўнага веравызнаньня паводле прывілею так і не была дапушчаная да чалецтва ў складзе гаспадарскай Рады, хоць фактычнае забароны на гэта не існавала як да, так і пасьля выданьня прывілею.

Нягледзячы на агульназемскі характар, спарадычна на карысьць вялікага князя працягвалі адпраўляцца талокі ў выглядзе працаў на пашы і сенакосе[12].

Прывілей быў выдадзены ў час фэўдальнай вайны ў ВКЛ 1432-1438 гадоў і быў безумоўнай перамогай фэўдалаў ВКЛ праваслаўнага веравызнаньня ў іх барацьбе за раўнапраўе. Аднак няпоўнасьць акту ня выкараніла прычынаў палітычнай напружанасьці ў ВКЛ і абумовіла працяг гэтай барацьбы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: Изд. Наркомзема, 1927. — С. 116. — 179 с.
  2. ^ а б Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  3. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: Изд. Наркомзема, 1927. — С. 62. — 179 с.
  4. ^ а б Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / Н. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 423. — 579 с.
  5. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: Изд. Наркомзема, 1927. — С. 69. — 179 с.
  6. ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 166. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  7. ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 174. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  8. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / Н. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 418, 421. — 579 с.
  9. ^ Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. Довнар-Запольский. — Киев: 1901. — С. 67. — VIII,807.[1].CXII.II с.
  10. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / Н. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 414. — 579 с.
  11. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: Изд. Наркомзема, 1927. — С. 55. — 179 с.
  12. ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Минск: Беларуская навука, 2012. — С. 228. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. — Мн.: Беларусь, 1994. — 527 с.: іл. ISBN 5-338-00929-3 (ч. 1), ISBN 5-338-01083-6. С.125, 126.