Трасковыя войны
Трасковыя войны | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Пашырэньне ісьляндзкай выключнай эканамічнай зоны. Ісьляндыя унутраныя воды пашырэньне да 4 марскіх міляў пашырэньне да 12 марскіх міляў (сучасны абшар тэрытарыяльных водаў) пашырэньне да 50 марскіх міляў пашырэньне да 200 марскіх міляў (сучасны абшар ВЭЗ) | |||||||||||||
| |||||||||||||
Супернікі | |||||||||||||
Ісьляндыя | Вялікабрытанія | ||||||||||||
Страты | |||||||||||||
1 чал. забіты | |||||||||||||
Сярэднявечча |
---|
Новы час |
Гэты артыкул — адзін з сэрыі пра палітыку і дзяржаўны лад Ісьляндыі |
---|
Траско́выя во́йны (па-ісьляндзку: Þorskastríðin — змаганьне за траску) або Вайна за тэрытарыяльныя воды па-ісьляндзку: Landhelgisstríðin; па-ангельску: Cod Wars) — сэрыя дыпляматычных канфліктаў між Ісьляндыяю і Вялікаю Брытаніяю ў 1958—1970 роках, якія датычыліся правоў на рыбалоўлю ў паўночнай Атлянтыцы. Назва «трасковая» паходзіць ад траскі — найчасьцей вылоўванай у тых краёх рыбы; ангельская назва канфлікту cod wars — іранічнае проціпастаўленьне да cold war (бел. Халодная вайна).
Паступовае пашырэньне памераў выключнай эканамічнай зоны Ісьляндыяй дзеля патрэбаў уласнага рыбалоўства, што складала аснову эканомікі краіны, выклікала супраціў эўрапейскіх дзяржаваў, у прыватнасьці Вялікай Брытаніі, чые віціны ў сваю чаргу лавілі рыбу ў гэтых водах. Усе спрэчкі скончыліся на карысьць Ісьляндыі[1][2][3]. Апошняя трасковая вайна скончылася заключэньнем надзвычай выгаднага для яе пагадненьня, якім Вялікабрытанія адмовілася ад 200-мільнае (370-кілямэтровае) зоны пад пагрозай Ісьляндыі выйсьці з НАТО.
Назва «вайна» не адпавядае рэчаіснасьці, бо ніякіх баявых дзеяньняў дзяржавы ня ладзілі, таму слушней называць гэтыя падзеі ваенізаванай спрэчкай дзяржаваў(en)[3][4][5][6]. За ўвесь канфлікт загінуў толькі адзін чалавек: ісьляндзкі інжынэр, забіты ў другой трасковай вайне[7].
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рыбаловы з Брытанскіх астравоў зьявіліся ў міжнародных водах ля Ісьляндыі каля 1400 року. З XVI стагодзьдзя ангельскія маракі і рыбакі пастаянна прысутнічалі ў водах Ісьляндыі[8][9].
У XIX стагодзьдзі адбыўся значны ўздым рыбалоўства, зьвязаны з вынаходніцтвам паравога рухавіку. Брытанскіх рыбакоў сталі прывабліваць ісьляндзкія воды з багатым уловам. У 1893 року дацкі ўрад, у валоданьні якога знаходзілася Ісьляндыя і Фарэрскія астравы, устанавіў граніцу рыбалоўлі, роўную 50 марскім мілям (93 км) каля іхніх берагоў. Брытанскі ўрад ігнараваў гэтую ўстанову, і брытанцы працягвалі лавіць рыбу ля ўзьбярэжжа Ісьляндыі. Усё часьцей сталі адбывацца інцыдэнты паміж брытанскімі траўлерамі і дацкімі кананэркамі. У красавіку 1899 року паравы траўлер «Caspian» займаўся рыбнай лоўляй ля Фарэраў, і калі кананэрскі човен Даніі паспрабаваў арыштаваць маракоў за парушэньне дазволенай зоны, траўлер адкрыў вагонь. Датчане здолелі спыніць карабель, шкіпер якога быў пераведзены на кананэрку, аднак перад гэтым загадаў памочніку ўцякаць. «Caspian» адышоў на поўнай хуткасьці, кананэрскі човен спрабаваў страляць, аднак траўлер зь цяжкімі пашкоджаньнямі здолеў вярнуцца ў Грымсьбі.
Спробы саміх ісьляндцаў забараніць рыбалоўства іншых дзяржаваў у сваіх тэрытарыяльных водах (4 марскія мілі) посьпеху ня мелі. У 1901 року Ангельшчына і Данія падпісалі пагадненьне пра ўсталяваньне 3-мільнай выключнай зоны вакол Ісьляндыі на 50 гадоў[10].
На пэўны час спрэчкі вакол тэрытарыяльных водаў спыніла Першая сусьветная вайна. У 1919—1938 роках брытанская прысутнасьць у ісьляндзкіх водах значна вырасла[11]. Улоў брытанцаў ля Ісьляндыі больш чым удвая перавышаў улоў усяго астатняга каралеўскага флёту[12].
Першыя званочкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кастрычніку 1949 року Ісьляндыя пачала двухгадовы працэс спыненьня 50-гадовага пагадненьня, падпісанага Даніяй і Вялікай Брытаніяй у 1901. Рыбалоўныя граніцы на поўначы Ісьляндыі былі пашыраныя да 4 марскіх міляў (7 км), але брытанскія траўлеры не лавілі ў тых водах, і асаблівых пярэчаньняў у абедзьвюх дзяржаваў не паўстала. Сьпярша плянуючы павялічыць уласныя рыбалоўныя зоны да сканчэньня двухгадовага пэрыяду, Ісьляндыя вырашыла пачакаць выраку Міжнароднага суду справядлівасьці (МСС) у рыбалоўнай справе між Вялікабрытаніяй і Нарвэгіяй(en) (скончаная ў сьнежні 1951). Ісьляндыя была задаволеная рашэньнем МСС, паколькі іхнія патрабаваньні былі падобныя да тых, якія атрымала Нарвэгія ў выніку гэтага пазову. Аднак Вялікабрытанія і Ісьляндыя не знайшлі паразуменьня, і 19 сакавіка 1952 ісьляндзкі ўрад абвясьціў пра намер пашырыць уласныя тэрытарыяльныя воды з 15 траўня 1952[13] з 3 да 4 марскіх міляў (з 6 да 7 км).
У 1952—1956 канфлікт адбываўся без выкарыстаньня сілы. Вялікабрытанія ўвяла ва ўласных портах увозныя мыты на ісьляндзкую рыбу[13][14], што стала вялізным ударам па ісьляндзкай рыбнай прамысловасьці (паколькі Вялікабрытанія зьяўлялася найбуйнейшым экспартным рынкам рыбы для Ісьляндыі) і выклікала ў ісьляндзкіх палітыкаў перапалох[15][16]. У пачатку 1953 року абодва бакі вырашылі зьвярнуцца ў МСС з просьбай рассудзіць адну з частак ісьляндзкай зоны, г. зв. «разьмежаваньне ў затоцы Факса(is)»[13].
На карысьць Ісьляндыі згуляў факт Халоднае вайны: Савецкі Саюз, каб здабыць у Ісьляндыі падтрымку, выказаў жаданьне набываць у яе рыбу. Тады Злучаныя Штаты Амэрыкі самі пачалі набываць гэтую рыбу і схілялі да гэтага ж Гішпанію з Італіяй[10][13][17]. Савецкае й амэрыканскае ўмяшаньне зьнівэлявала страты ад брытанскай забароны імпарту.
У 1956 року Вялікабрытанія пагадзілася з пастановай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця па прызнаньні 4-мільнай рыбалоўнай зоны Ісьляндыі[13], што адпавядала ўсім патрабаваньням Ісьляндыі. Праз два гады, у 1958, ААН склікала першую міжнародную канфэрэнцыю па марскім праве, на якую сабраліся 86 дзяржаваў[18]. Асобныя краіны спрабавалі вырашыць пытаньні з пашырэньнем уласных тэрытарыяльных водаў да 12 марскіх міляў (22 км), аднак ніякіх пэўных рашэньняў на канфэрэнцыі прынята не было[19][20].
Некаторыя дасьледчыкі называюць гэтую спрэчку Ісьляндыі й Вялікабрытаніі адной з «трасковых войнаў», паколькі прадмет спрэчкі і рызыкі былі такімі ж, як і ў трох наступных канфліктах[21][22][23]. Асобныя ісьляндзкія гісторыкі ўвогуле налічваюць дзесяць эпізодаў змаганьня ісьляндцаў за кантроль над уласнымі марскімі рэсурсамі з XV стагодзьдзя, такім чынам тры апошнія «трасковыя вайны» ў іхнім зьлічэньні зьяўляюцца восьмай — дзясятай войнамі[8].
Хада вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Вайна» адбывалася ў тры этапы.
Першая вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая трасковая вайна | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Трасковыя войны | |||||||||||||
«Coventry City» і «Albert» па-за Вэстфірдырам | |||||||||||||
| |||||||||||||
Супернікі | |||||||||||||
Ісьляндыя | Вялікабрытанія Фэдэратыўная рэспубліка Нямеччына[24] | ||||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||||
Колькасьць | |||||||||||||
Ісьляндзкая берагавая гвардыя
| |||||||||||||
Агульныя страты | |||||||||||||
няма | |||||||||||||
a 3 да лютага 1960. | |||||||||||||
Першая трасковая вайна доўжылася з 1 верасьня 1958 року да 11 сакавіка 1961[10][24]. Пачалася, як толькі набыў моц ісьляндзкі закон, які пашырыў ісьляндзкую рыбалоўную зону да 12 марскіх міляў (22 км).
Усе чальцы НАТО выказалі нязгоду з аднабаковым рашэньнем ісьляндзкага ўраду[26]. Брытанія выказала намер працягваць рыбалоўства пад аховай баявых караблёў у трох месцах: за Вэстфірдырам, на поўнач ад Горну і на паўднёвы ўсход ад Ісьляндыі. У новаабвешчанай ісьляндзкай рыбалоўнай зоне агулам апынуліся 20 брытанскіх траўлераў, чатыры баявыя караблі і дапаможная судзіна. Супраць іх Ісьляндыя магла супрацьставіць 7 патрульных судзінаў[27] і 1 гідрасамалёт(en) «PBY Catalina»[28].
Брытанская прысутнасьць у аспрэчваных водах выклікала сэрыю пратэстаў у Ісьляндыі, адбыліся некалькі інцыдэнтаў і на вадзе, аднак абмежаваны ісьляндзкі патруль ня мог супрацьстаяць брытанскім вайсковым караблям. 4 верасьня патрульная судзіна «ICGV Ægir» спрабавала адагнаць брытанскі траўлер ад Вэстфірдыру, аднак пасьля ўмяшаньня фрэгату «HMS Russell» і сутычкі абодвух караблёў адступіла. 6 кастрычніка «María Júlía» зрабіла тры стрэлы па траўлеры «Kingston Emerald», змусіўшы апошняга адысьці ў мора.
12 лістапада судзіна «Þór» натыкнулася на траўлер «Hackness» з закінутымі сеткамі. «Hackness» спыніўся толькі пасьля таго, як ісьляндзкая судзіна стрэліла двума халастымі і адным баявым стрэлам. На ўратаваньне зноў падышоў фрэгат «Russell», які запатрабаваў ад ісьляндцаў адступіць, паколькі траўлер не знаходзіўся ў гэты час у 4-мільнай рыбалоўнай зоне, прызнаванай брытанскім урадам. Капітан «Дору» Эйрыкур Крыстафэрсан адмовіўся адступаць і загадаў камандзе падрыхтаваць зброю. Пасьля падышло яшчэ падмацаваньне з брытанскага боку, і «Hackness» адышоў пад іх прыкрыцьцём.
Ісьляндзкія ўлады прыгразілі выхадам Ісьляндыі з НАТО і выгнаньнем вайскоўцаў ЗША ў выпадку незадавальненьня іхніх патрабаваньняў[29]. Пасьля канфэрэнцыі ААН па марскім праве ў 1960—1961[19][20][30] Ісьляндыя і Вялікая Брытанія ў канцы лютага 1961 року падпісалі пагадненьне, якое ўсталёўвала 12-мільную ісьляндзкую рыбалоўную зону, аднак Вялікабрытанія мела права лавіць рыбу ў вызначаных межах у пэўны сэзон цягам трох гадоў[31]. 11 сакавіка 1961 року Альтынг ухваліў гэтае рашэньне[24]. Гэтая ўгода была амаль такой самай, якую і прапаноўвала Ісьляндыя за некалькі тыдняў да аднабаковага пашырэньня ўласнае рыбалоўнае зоны ў 1958 року[32]. Таксама пагадненьне прадугледжвала, што ў выпадку наступных рознагалосьсяў паміж Вялікабрытаніяй і Ісьляндыяй іхнія спрэчкі мусяць вырашацца ў Міжнародным судзе ў Гаазе.
Пазьней у гэтым жа годзе было падпісанае пагадненьне між Ісьляндыяй і Фэдэратыўнай Нямеччынай[24].
Другая вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другая трасковая вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Трасковыя войны | |||||||||||
Асноўнай задачай Ісьляндзкае берагавое гвардыі ў апошніх дзьвюх войнах было пераразаньне сецяў такім чынам. | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Ісьляндыя | Вялікабрытанія Фэдэратыўная рэспубліка Нямеччына[34] Бэльгія[35] | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
|
| ||||||||||
Страты | |||||||||||
1 забіты[33] | няма | ||||||||||
Другая трасковая вайна між Вялікай Брытаніяй і Ісьляндыяй доўжылася зь верасьня 1972 да падпісаньня часовага замірэньня ў лістападзе 1973 року.
Прычынай стала рашэньне ісьляндзкага ўраду зноў павялічыць свае рыбалоўныя межы, гэтым разам да 50 марскіх міляў (93 км), з мэтаю павялічыць уласную здабычу і ў той жа час захаваць папуляцыю рыбы[36]. Ісьляндыя разглядала і пашырэньне на 200 марскіх міляў, аднак спынілася на 50 з-за складанасьцяў з патруляваньнем надта вялікае зоны і дастатковай урадлівасьцю ўлову ў межах 50 міляў[37].
Брытанія зноў не пагадзілася з ісьляндзкім пашырэньнем, у тым ліку каб не ствараць прэцэндэнт для іншых дзяржаваў[36][38]. Усе заходнеэўрапейскія дзяржавы і Варшаўскі пакт асудзілі аднабаковае рашэньне Ісьляндыі[39], афрыканскія дзяржавы яго ўхвалілі ў зьвязку з выступам ісьляндзкага прэм’ер-міністра ў 1971 року, дзе ён выказаў думку, што ісьляндзкі прыклад стане пачаткам змаганьня супраць каляніялізму й імпэрыялізму[40].
1 верасьня 1972 пашырэньне ісьляндзкай рыбалоўнай зоны набыло моц, хоць брытанскія і заходненямецкія траўлеры працягнулі рыбалоўлю ў 50-мільнай зоне. З часоў папярэдняе вайны ў Ісьляндыі зьмяніўся ўрад, і цяперашняя левая кааліцыя адмаўлялася прызнаваць пункт, падпісаны правацэнтрыстамі, які абавязваў Ісьляндыю і Вялікабрытанію рэгуляваць далейшыя спрэчкі ў Міжнародным судзе справядлівасьці. Міністар рыбалоўства Людвік Ёзэпсан(is) заявіў, што «аснова нашае незалежнасьці — эканамічная незалежнасьць»[41].
2 верасьня судзіна «Ægir» перасьледавала ў 50-мільнай зоне на ўсходзе краіны 16 траўлераў.
У гэтай вайне Ісьляндзкая берагавая ахова ўпершыню пачала выкарыстоўваць сеткарэзы. 5 верасьня а 10:25[42] «Ægir» пад камандаваньнем Гудмундура К’ярнэстэда(en) сустрэла на паўночны ўсход ад Горнбанкі неапазнаны траўлер, чый гаспадар адмовіўся паведаміць назву і нумар карабля, а пасьля папярэджаньня пра неабходнасьць выкананьня загадаў берагавой аховы ўключыў па радыё «Кіруй, Брытанія!»[2]. А 10:40 у ваду ўпершыню быў спушчаны сеткарэз, і «Ægir» падплыў да левага борту траўлера. Праплыўшы ля яго, «Ægir» павярнуўся да правага борту, і сеткарэз абсёк адзін з тралавых канатаў. Пакуль «Ægir» кружляў вакол неідэнтыфікаванага траўлера, ягоная каманда кідалася ў бок берагавой аховы вугалем, сьмецьцем і сякерамі[42], а іхняя лаянка дапамагла высьветліць, што судзіна называлася «Peter Scott (H103)»[42].
25 лістапада 1972 ісьляндзкі патрульны карабель адрэзаў тралавы канат нямецкага траўлера «Erlangen». Канат ударыў і праламіў чэрап аднаму з рыбакоў[43].
18 студзеня 1973 былі абрэзаныя сеткі 18 траўлераў. Такім чынам брытанскія рыбакі вымушаныя былі пакідаць ісьляндзкую рыбалоўную зону ці лавіць пад аховай вайсковага флёту. На наступны дзень дзеля іхняе абароны былі накіраваныя вялікія і хуткія буксіры. Пасьля Вялікабрытанія сфармавала спэцыяльную групу дзеля абароны траўлераў.
23 студзеня 1973 на востраве Хэймаэй адбылося вывяржэньне вулькану Эльдфэтль, што пераключыла ўвагу берагавой аховы на выратаваньне насельнікаў вострава.
17 траўня брытанскія траўлеры пакінулі ісьляндзкія воды, а праз два дні вярнуліся пад эскортам брытанскіх фрэгатаў[14]. Дзеля паведамленьня фрэгатам і траўлерам пра месцазнаходжаньне ісьляндзкіх патрулёў выкарыстоўваліся рэактыўныя самалёты «Nimrod(en)»[44]. Гэта раззлавала ісьляндзкія ўлады, якія апэлявалі да Рады бясьпекі ААН і заклікалі да прымяненьня 5-га артыкулу Хартыі НАТО. Паводле словаў тагачаснага амэрыканскага амбасадара Фрэдэрыка Ірвінга, прэм’ер-міністар Оўляфур Яўханэсан нават патрабаваў ад ЗША бамбаваньня брытанскіх фрэгатаў[44].
24 траўня 1973 у Рэйк’явіку адбыліся антыбрытанскія пратэсты, у брытанскай амбасадзе выбілі ўсе шыбы і ледзь не спалілі сам будынак[45].
1 чэрвеня ісьляндзкая маяковая дапаможная судзіна «Árvakur» сутыкнулася з чатырма брытанскімі караблямі; шасьцю днямі пасьля «Ægir» спаткаў HMS «Scylla» падчас ейнага вышукваньня айсбэргаў па-за Вэстфірдырам, хоць траўлераў побач не было.
29 жніўня адбыўся адзіны інцыдэнт войнаў зь лятальным зыходам[46], калі «Ægir» сутыкнуўся зь іншым брытанскім фрэгатам. Інжынэр Гальдар Гальфрэдсан, які працаваў зваршчыкам, загінуў ад удару токам уласнага абсталяваньня, калі памяшканьне заліло вадой падчас сутычкі[33][47][48].
Ісьляндзкі ўрад прыгразіў выхадам з НАТО за адсутнасьць зь ейнага боку рэакцыі ў канфлікце. Каралеўскі флёт як чалец НАТО карыстаўся ў тым ліку і ісьляндзкімі марскімі базамі пры ахове праходу ад Грэнляндыі праз Ісьляндыю да Вялікабрытаніі(en). 16 верасьня Генэральны сакратар НАТО Ёзэф Люнс прыбыў у Рэйк’явік дзеля правядзеньня перамоваў з ісьляндзкімі міністрамі. Пасьля сэрыі перамоваў з НАТО Вялікая Брытанія 3 кастрычніка адклікала ўласныя караблі[49]. 8 лістапада было падпісанае пагадненьне, якім брытанскія магчымасьці рыбалоўства абмяжоўваліся пэўнымі межамі ўнутры 50-мільнай зоны. Гэта вычарпала канфлікт, і рашэньне было ўхваленае Альтынгам 13 лістапада 1973 року[50]. Паводле яго брытанскія траўлеры мелі права на ўлоў ня больш чым 130 000 тонаў рыбы ў год. Гэтае пагадненьне страціла моц у лістападзе 1975 року.
У гэтым канфлікце Ісьляндыя была як ніколі блізкая да выхаду з НАТО і разрыву двухбаковага абарончага пагадненьня з ЗША[51]. Рашэньне на карысьць Ісьляндыі было прынятае з прычыны вялікай значнасьці Ісьляндыі для НАТО ў эпоху Халоднае вайны як кропкі ў праходзе Грэнляндыя — Ісьляндыя — Вялікабрытанія.
19 ліпеня 1974 року[52], больш як празь дзевяць месяцаў пасьля падпісаньня пагадненьня, адзін з найбольшых кармавых траўлераў брытанскага флёту «C.S. Forester»[53], які займаўся лоўляй рыбы ў 12-мільнай ісьляндзкай зоне, быў абстраляны і захоплены ісьляндзкім кананэрскім чоўнам «Þór» пасьля 100-мільнай пагоні[54]. Пасьля неаднаразовых папярэджаньняў ісьляндзкая судзіна стрэліла ў «C. S. Forester» ня менш як двума выбуховабясьпечнымі снарадамі, якія пашкодзілі машыннае аддзяленьне і вадзяны бак[55]. Пасьля гэтага траўлер быў адбуксаваны ў Ісьляндыю[56], дзе ягоны шкіпэр Рычард Тэйлар атрымаў 30-дзённы тэрмін зьняволеньня і штраф 5000£. Ён быў вызвалены пасьля ўнясеньня кампаніяй-уласьніцай выкупу 2232£; траўлер з 200-тонным уловам рыбы таксама быў адпушчаны пасьля сплаты ўладальнікамі 26 300£[54].
Трэцяя вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэцяя трасковая вайна | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Трасковыя войны | |||||||||||||
Сутычка карабля берагавой аховы Ісьляндыі ды брытанскага фрэгата. | |||||||||||||
| |||||||||||||
Супернікі | |||||||||||||
Ісьляндыя | Вялікабрытанія Фэдэратыўная рэспубліка Нямеччына[57] Бэльгія[57] | ||||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||||
Гаралд Ўілсан | |||||||||||||
Колькасьць | |||||||||||||
|
| ||||||||||||
Страты | |||||||||||||
пашкоджаныя 5 патрульных судзінаў | 1 рыбак паранены[58] пашкоджаныя 15 фрэгатаў[59] і 1 службовы карабель | ||||||||||||
У 1975 року скончыўся тэрмін дзеяньня ўгоды пра прамысловае рыбалоўства між Ісьляндыяю і Вялікаю Брытаніяю. На трэцяй канфэрэнцыі ААН па марскім праве 1975 року некаторыя дзяржавы падтрымалі 100-мільныя (185 км) граніцы тэрытарыяльных водаў[19][20][60]. 15 ліпеня 1975 ісьляндзкі ўрад абвясьціў пра намер пашырыць памер сваіх водаў[61].
Трэцяя трасковая вайна пачалася з таго, што Ісьляндыя пашырыла сваю выключную эканамічную зону гэтым разам да 200 марскіх міляў (370 км). Вялікабрытанія не прызнала аднабаковае пашырэньне, і як вынік ісьляндзкія караблі берагавой аховы пачалі перасьледаваць брытанскія рыбалоўныя судзіны. Трэці канфлікт быў самым гарачым з трасковых войнаў і суправаджаўся абразаньнем рыбалоўных сетак, а таксама таранамі з абодвух бакоў.
Адзін з найбольш сур’ёзных інцыдэнтаў адбыўся 11 сьнежня 1975. Паводле ісьляндзкага боку, судзіна «Þór» на чале з Хельгі Гальвардсанам, пакідаючы порт Сэйдысф’ёрдур, атрымала загад дасьледаваць прысутнасьць неідэнтыфікаваных замежных караблёў ля ўваходу ф’ёрду. Караблі апынуліся брытанскімі: «Lloydsman» — марскі буксір, утрая большы за «Þór»; «Star Aquarius» — судзіна забесьпячэньня нафтаздабычы брытанскага Міністэрства сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і харчаваньня; і падобны да яе карабель «Star Polaris». Яны ратаваліся ад 9-бальнага шторму ў ісьляндзкай 12-мільнай зоне[62].
Пасьля патрабаваньня капітана ісьляндзкага карабля пакінуць тэрытарыяльныя воды краіны тры буксіры падпарадкаваліся. Далей, як сьцьвярджаў ісьляндзкі бок, за дзьве мілі ад берагу «Star Aquarius» разьвярнуўся на правы борт і атакаваў «Þór» у левы борт, калі той спрабаваў нагнаць брытанцаў. Ісьляндзкі карабель атрымаў значныя пашкоджаньні і стрэліў халастым стрэлам, што не спыніла «Star Aquarius», які атакаваў другі раз. Гэтым разам ісьляндцы стрэлілі баявым снарадам, які трапіў у нос карабля. Пасьля гэтага буксіры адступілі. «Þór» быў вымушаны тэрмінова рамантавацца ў Лёдмундарф’ёрдуры(is), каб пазьбегнуць затапленьня[63].
Брытанскі бок апісвае інцыдэнт у абсалютна іншым ключы, настойваючы, што «Þór» спрабаваў узяць адзін з буксіраў на абардаж, і «Lloydsman» прыйшоў на дапамогу да «Star Aquarius». Капітан апошняга Албэрт Маккензі сьцьвярджаў, што «Þór», падышоўшы з кармы, ударыў судзіну і стрэліў з адлегласьці каля 100 ярдаў (91 м). Ісьляндыя зьвярталася да Рады бясьпекі ААН, якая адмовілася разглядаць інцыдэнт[64]. Вялікая Брытанія адрэагавала выправай да берагоў Ісьляндыі вайсковага флёту колькасьцю да 22 фрэгатаў.
Другі выпадак адбыўся ў студзені 1976, калі HMS «Andromeda» сутыкнулася з «Þór». Ісьляндзкі карабель атрымаў прабоіну, корпус брытанскага карабля вытрымаў, але дэфармаваўся. Кожны з бакоў усклаў віну ў сутыкненьні на іншага.
19 лютага 1976 брытанскі міністар сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і харчаваньня абвясьціў, што першай ахвярай брытанскага боку ў Трэцяй трасковай вайне стаў рыбак з Грымзьбі, які атрымаў пашкоджаньні ад удару тросам па галаве пасьля таго, як ісьляндцы адрэзалі яго ад рыбалоўнага тралу[65]. 19 лютага 1976 Ісьляндыя разарвала дыпляматычныя стасункі зь Вялікаю Брытаніяю[14].
Вялікабрытанія задзейнічала ў вайне 22 фрэгаты, а таксама адклікала з рэзэрву фрэгаты HMS «Jaguar» і HMS «Lincoln», абсталяваўшы іх узмоцненымі драўлянымі таранамі. Акрамя фрэгатаў, аховай рыбалоўных траўлераў займаліся сем караблёў забесьпячэньня, дзевяць буксіраў і тры дапаможныя караблі. Ісьляндыя мела ў распараджэньні чатыры патрульныя судзіны («Óðinn», «Þór», «Týr» і «Ægir») і два ўзброеныя траўлеры («Baldur» і «Ver»)[66][67]. Ісьляндзкі ўрад таксама спрабаваў набыць амэрыканскія кананэркі «Asheville», але, атрымаўшы адмову ад Генры Кісынджэра, зьвярнуўся да СССР па набыцьцё фрэгатаў праекту 35(ru). Аднак найбольш сур’ёзнай праблемай стала чарговая пагроза зачыніць НАТАўскую базу ў Кефлявіку, што паслабіла б абарончыя пазыцыі НАТО супраць СССР у Атлянтыцы. Тады брытанскі ўрад пагадзіўся адвесьці ўласных рыбакоў па-за 200-мільную ісьляндзкую марскую зону без пагадненьня.
Увечары 6 траўня 1976 року, калі вынік трэцяй трасковай вайны быў ужо вызначаны, ісьляндзкі «Týr» паспрабаваў абрэзаць сеткі траўлера «Carlisle». Побач знаходзіўся ангельскі вайсковы карабель «Falmouth», капітан якога Джэралд Пламэр загадаў пайсьці на таран. «Falmouth» на хуткасьці больш за 22 вузлы (> 41 км/г) пратараніў «Týr», які ледзь не перакуліўся ад удару, аднак здолеў перарэзаць сэткі «Карлайлу». Пасьля гэтага «Falmouth» атакаваў яшчэ раз, нанёсшы «Тыру» цяжкія пашкоджаньні. Ісьлянздкі карабель апынуўся ў сытуацыі, калі мог рухацца толькі на адным вінце, перасьледваны буксірам «Statesman». У гэтай сытуацыі капітан Гудмундур К’ярнэстэд загадаў падрыхтаваць зброю, нягледзячы на ўнушальную перавагу ў вагнявой моцы брытанцаў. Аднак гэта спыніла спробы далейшых таранаў[68].
Агулам за трэцюю трасковую вайну адбыліся 55 таранаў[69]. Вялікабрытанскі карабель «Yarmouth» пазбавіўся носу, «Diomede» атрымаў саракафутавую прарэху ў корпусе, а «Eastbourne» атрымаў ад ісьляндзкіх кананэрак такія пашкоджаньні, што быў пераведзены ў прыбярэжны трэніровачны фрэгат.
1 чэрвеня 1976 пры ўдзеле НАТО[70] Ісьляндыя і Вялікабрытанія дасягнулі пагадненьня, паводле якога брытанскія траўлеры атрымалі дазвол на ўлоў 30 000 тонаў рыбы ў 200-мільнай зоне[71]. 3 чэрвеня дыпляматычныя стасункі між дзьвюмя краінамі былі адноўленыя.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ісьляндыя дасягнула выкананьня ўсіх уласных патрабаваньняў.
Брытанскае рыбалоўства, якое і так знаходзілася ў заняпадзе, атрымала значны ўдар пасьля пазбаўленьня сваіх асноўных рыбалоўных пляцовак[72]. Значна страціла эканоміка такіх паўночных рыбалоўных портаў, як Грымсьбі, Гал і Флітвуд, тысячы рыбакоў і працаўнікоў сумежных прафэсіяў пазбавіліся працы[73]. Кошт рамонту пашкоджаных караблёў каралеўскага флёту склаў больш за £1 мільён[74].
У 2012 року брытанскі ўрад вылучыў шматмільённую кампэнсацыю і прабачыўся перад рыбакамі, якія страцілі сродкі да існаваньня ў 1970-х. Гэтае рашэньне раскрытыкавалі за запозьненую і недастатковую кампэнсацыю (па £1000 для 2500 чалавек)[75].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Habeeb, William Power and Tactics in International Negotiations: How Weak Nations Bargain with Strong Nations. — Johns Hopkins University Press, 1988. — С. Chapter 6.
- ^ а б The Cod and the Cold War // Scandinavian Journal of History. — DOI:10.1080/03468750600604184
- ^ а б The Cod Wars: a re-analysis // European Security. — В. 0. — Т. 0. — С. 1—20. — ISSN 0966-2839. — DOI:10.1080/09662839.2016.1160376
- ^ Fishing in the mild West: democratic peace and militarised interstate disputes in the transatlantic community // Review of International Studies. — Т. 34. — № 03. — С. 481—506. — ISSN 1469-9044. — DOI:10.1017/S0260210508008139
- ^ Time to Fight: Government Type and Conflict Initiation in Parliamentary Systems // The Journal of Conflict Resolution. — Т. 45. — № 5. — С. 547—568.
- ^ Institutional Constraints, Political Opposition, And Interstate Dispute Escalation: Evidence from Parliamentary Systems, 1946–89 // Journal of Peace Research. — Т. 36. — № 3. — С. 271—287. — ISSN 0022-3433. — DOI:10.1177/0022343399036003002
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 100.
- ^ а б Þorsteinsson, Björn Tíu þorskastríð 1415–1976. — 1976.
- ^ Thór, Jón Th. British trawlers and Iceland: 1919–1976. — 1995. — С. 9.
- ^ а б в How ‘cod war’ came: the origins of the Anglo-Icelandic fisheries dispute, 1958–61* // Historical Research. — В. 198. — Т. 77. — С. 543—574. — ISSN 1468-2281. — DOI:10.1111/j.1468-2281.2004.00222.x
- ^ Thór, Jón Th. British trawlers and Iceland: 1919–1976. — 1995. — С. 68, 79.
- ^ Thór, Jón Th. British trawlers and Iceland: 1919–1976. — 1995. — С. 87.
- ^ а б в г д Jóhannnesson, Guðni Th. Troubled Waters. — NAFHA, 2007.
- ^ а б в The Cod and the Cold War // Scandinavian Journal of History.
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Troubled Waters. — 2007. — С. 104.
- ^ Thorsteinsson, Pétur Utanríkisþjónusta Íslands og utanríkismál: Sögulegt Yfirlit 1.. — 1992. — 440 с.
- ^ Ingimundarson, Valur Í eldlínu kalda stríðsins. — 1996. — С. 288.
- ^ United Nations Conference on the Law of the Sea, 1958. United Nations. Праверана 4 лістапада 2015 г.
- ^ а б в The Cod Wars. The National Archives. Праверана 4 лістапада 2015 г.; Icy fishing: UK and Iceland fish stock disputes. House of Commons Library (19 публікацыі 2012). Праверана 27 лютага 2016 г.
- ^ а б в The United Nations Convention on the Law of the Sea (A historical perspective). United Nations (1998). Праверана 4 лістапада 2015 г.
- ^ Þorskastríð og fjöldi þeirra // Saga.
- ^ Tíunda þorskastríðið 1975–1976 // Saga.
- ^ "Why Did the Cod Wars Occur and Why Did Iceland Win Them? A Test of Four Theories" by Sverrir Steinsson [2015] hdl.handle.net Праверана 2015-09-07 г.
- ^ а б в г Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — Hafréttarstofnun Íslands, 2006. — С. 61—62.
- ^ а б Magnússon, Gunnar Landhelgisbókin. — Bókaútgáfan Setberg SF, 1959. — 157 с.
- ^ Ingimundarson, Valur Í eldlínu kalda stríðsins. — 1996. — С. 377.
- ^ Jón Björnsson, Íslensk skip. vol. III. Reykjavik. 1990 p. 8-142 ISBN 9979-1-0375-2
- ^ Svipmyndir úr 70 ára sögu. Landhelgisgæsla Íslands. Reykjavík. 1996. pp. 30-31, 37-38. ISBN 9979-60-277-5
- ^ Ingimundarson, Valur Í eldlínu kalda stríðsins. — 1996. — С. 33—34.
- ^ Second United Nations Conference on the Law of the Sea, 1960. United Nations. Праверана 4 лістапада 2015 г.
- ^ How ‘cod war’ came: the origins of the Anglo-Icelandic fisheries dispute, 1958–61* // Historical Research. — В. 198. — Т. 77. — С. 573. — ISSN 1468-2281. — DOI:10.1111/j.1468-2281.2004.00222.x
- ^ How ‘cod war’ came: the origins of the Anglo-Icelandic fisheries dispute, 1958–61* // Historical Research. — В. 198. — Т. 77. — С. 557, 562. — ISSN 1468-2281. — DOI:10.1111/j.1468-2281.2004.00222.x
- ^ а б Guðmundsson, Guðmundur Hörður 15. Annað þorskastríðið. Tímabilið 19. maí 1973 til nóvember 1973.. — (Short essay for history class at University of Iceland).
- ^ З Заходняй Нямеччынай пагадненьне дасягнутае толькі 26 лістапада 1975. прозьвішча, Jeffrey A. The Anglo-Icelandic Cod War of 1972—1973. 1976. P. 48.
- ^ да 7 верасьня 1972. Hart, с. 28
- ^ а б Hart, Jeffrey A. The Anglo-Icelandic Cod War of 1972–1973. — Berkeley: University of California, 1976. — С. 19, 24.
- ^ Þorskar í köldu stríði // Ný saga. — DOI:старонкі = 67—68
- ^ Icelandic Fisheries Commons and Lords Hansard, the Official Report of debates in Parliament. UK Parliament (22 сакавіка 1973). Праверана 28 лютага 2016 г.
- ^ Inimundarson, Valur Uppgjör við umheiminn. — 2002. — С. 146, 162–163.
- ^ Ingimundarson, Valur Uppgjör við umheiminn. — 2002. — С. 147.
- ^ Interview by the BBC in 1973. Youtube.com (5 сьнежня 2010). Праверана 16 жніўня 2013 г.
- ^ а б в Sæmundsson, Sveinn (1984). Guðmundur skipherra Kjærnested. Örn og Örlygur, p. ?
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 82.
- ^ а б Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 90.
- ^ Guðni Th., Jóhannesson Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 91.
- ^ 1973. The Napier Chronicles. Праверана 16 жніўня 2013 г.
- ^ Hart, Jeffrey A. The Anglo-Icelandic Cod War of 1972–1973. — 1976. — С. 44.
- ^ Timarit.is (анг.) timarit.is Праверана 2016-02-27 г.
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 101.
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 102.
- ^ A western cold war: the crisis in Iceland's relations with Britain, the United States, and NATO, 1971–74 // Diplomacy & Statecraft. — В. 4. — Т. 14. — С. 94—136. — ISSN 0959-2296. — DOI:10.1080/09592290312331295694
- ^ Jessup, John E. (1998).An encyclopedic dictionary of conflict and conflict resolution, 1945—1996. Greenwood Publishing Group, p. 130. ISBN 0-313-28112-2
- ^ Fishing news international, V. 14, nº 7-12. A. J. Heighway Publications., 1975
- ^ а б C S Forester H86. Hulltrawler.net. Праверана 16 жніўня 2013 г.
- ^ Commons debate, 29 July 1974. Hansard.millbanksystems.com. Праверана 16 August 2013 г.
- ^ The Illustrated London news, V. 262, nº 2. The Illustrated London News & Sketch Ltd., 1974
- ^ а б Cod Dispute Between Iceland and the United Kingom Inventory of Conflict and Environment. American University. Праверана 25 лютага 2016 г.
- ^ Hansard debates — 19 February 1976. Hansard.millbanksystems.com. Праверана 16 жніўня 2013 г.
- ^ Jones, Robert (2009) Safeguarding the Nation: The Story of the Modern Royal Navy. Seaforth Publishing, p. 119. ISBN 1848320434
- ^ Third United Nations Conference on the Law of the Sea, 1973–1982. United Nations. Праверана 4 лістапада 2015 г.
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — 112 с.
- ^ Storey, Norman, What price cod? : a tugmaster’s view of the cod wars. Beverley, North Humberside. Hutton Press. c 1992. ISBN 1-872167-44-6
- ^ Atli Magnússon, Í kröppum sjó : Helgi Hallvarðsson skipherra segir frá sægörpum og svaðilförum. Örn og Örlygur. [Reykjavík]. 1992. p. 204—206 ISBN 9979-55-035-X Ib. :
- ^ Guðni Thorlacius Jóhannesson, Þorskastríðin þrjú : saga landhelgismálsins 1948—1976, Hafréttarstofnun Íslands. Reykjavík. 2006. ISBN 9979-70-141-2 (ib.)
- ^ Hansard debates — 19 February 1976. Hansard.millbanksystems.com. Праверана 16 жніўня 2013 г.
- ^ Jane’s fighting ships : the standard reference of the world’s navies. London, [1900-].
- ^ Atli Magnússon, Í kröppum sjó : Helgi Hallvarðsson skipherra segir frá sægörpum og svaðilförum. Örn og Örlygur. [Reykjavík]. 1992. p. 201—202
- ^ Óttar Sveinsson, Útkall : Týr er að sökkva. Útkall. [Reykjavík] 2004. ISBN 9979-9569-6-8 (ib.)
- ^ Cod Wars britishseafishing.co.uk Праверана 2015-11-08 г.
- ^ Deconstructing Mediation: A Case Study of the Cod Wars (анг.) // Negotiation Journal. — В. 1. — Т. 32. — С. 63—78. — ISSN 1571-9979. — DOI:10.1111/nejo.12147
- ^ Jóhannesson, Guðni Th. Þorskastríðin þrjú. — 2006. — С. 145.
- ^ Georg H. Engelhard One hundred and twenty years of change in fishing power of English North Sea trawlers, in Advances in fisheries science: 50 years on from Beverton and Holt (Ed.) Andy Payne, John Cotter, Ted Potter, John Wiley and Sons, 2008, ISBN 1-4051-7083-2, p. 1 doi 10.1002/9781444302653.ch1, mirror
- ^ Teed, Peter: The Dictionary of Twentieth Century History, 1914—1990. Oxford University Press, 1992. p. 95. ISBN 0-19-211676-2
- ^ Robinson, Robb Trawling: the rise and fall of the British trawl fishery. — University of Exeter Press, 1996. — С. 243. — ISBN 0859894800
- ^ Nick Drainey. Cod Wars payment is 'too little, too late' // 6 красавіка 2012 г. Праверана 6 красавіка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ingo Heidbrink. Deutschlands einzige Kolonie ist das Meer: Die deutsche Hochseefischerei und die Fischereikonflikte des 20. Jahrhunderts. — Hamburg: Convent Vlg, 2004. — 260 с. — ISBN 978-3934613805
- Kurlansky, Mark. Cod: A Biography of the Fish That Changed the World. — New York: Walker & Company, 1997 (reprint edition: Penguin, 1998). — ISBN 0-8027-1326-2, ISBN 0-14-027501-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фільм BBC пра трасковую вайну на YouTube (анг.)
- Відэасюжэт пра трасковую вайну на YouTube (ісьл.)