Трансгаз
Каардынаты: 46°9′17″ пн. ш. 24°20′26″ у. д. / 46.15472° пн. ш. 24.34056° у. д.
«Трансгаз» | |
рум. Transgaz | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | БФБ: TGN |
Дэвіз | Адказнасьць і салідарнасьць |
Заснаваная | 28 красавіка 2000 (24 гады таму) |
Заснавальнікі | Урад Румыніі |
Уласьнікі | Урад Румыніі (58%)[1] |
Краіна | Румынія |
Разьмяшчэньне | Сыбіўскі павет |
Адрас | Медзьяш, Вітрамэтанская акруга, пл. Канстанціна Моташа, д. 1[2] |
Ключавыя фігуры | Ён Стэр'ян, Рэмус Ляпусан[3] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | трубаправодная пастаўка прыроднага газу |
Абарачэньне | ▼1.576.667.030 млн леяў (2019 год; $370 млн)[4] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼347.967.604 млн леяў (2019 год; $81,6 млн) |
Чысты прыбытак | ▼348.259.016 млн леяў (2019 год; $81,7 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 4089 (2020 год)[5] |
Матчына кампанія | Міністэрства гаспадаркі Румыніі |
Аўдытар | «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Бэльгія) |
«Трансгаз» — дзяржаўнае газаправоднае прадпрыемства Румыніі, заснаванае ў красавіку 2000 году ў Медзьяшы (Сыбіўскі павет).
На 2020 год прадпрыемства ажыцьцяўляла разьмеркаваньне прыроднага газу ў Румыніі і яго транзыт за мяжу праз краёвую сетку магістральных газаправодаў[2]. Міжнародны транзыт расейскага газу ажыцьцяўлялі праз 190-кілямэтровы газаправод ад Ісакчы ў Тулчанскім павеце на мяжы з Адэскай вобласьцю Ўкраіны да Нэгру Водэ ў Канстанцкім павеце на мяжы з Баўгарыяй. Дзейнічала 3 ніткі гэтага міжнароднага газаправоду: з 1974 году — шырынёй 100 см, з 1986 і 1996 гадоў — 2 ніткі шырынёй па 120 см, якія вялі далей да Турэччыны, Грэцыі і Паўночнай Македоніі[6]. Штодня праз газаправодную сетку Румыніі маглі прапампаваць да 61 млн кубамэтраў газу[7]. Паводле мясцовага Палажэньня «Аб вымярэньні колькасьці прыроднага газу», яго малярны склад з улікам хімікалізаваньня меў улучаць: прынамсі 70% мэтану, да 10% азоту і этану (кожнага), да 8% вуглекіслага газу, да 3,5% прапану і да 1,5% бутану[8].
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год «Трансгаз» валодаў сеткай газаправодаў Румыніі, што ўлучала:
- 13 430 км газаправодаў, зь якіх 369 км былі транзытнымі;
- 5 газакампрэсарных станцыяў — «Анешць» (Бакэўскі павет), «Жупа» (Карасебескі павет), «Падзішор» (Джурджуйскі павет), «Сіліштэа» (Брэілаўскі павет) і «Шынка» (Брашаўскі павет);
- 58 вузлоў кіраваньня кляпанамі і 1038 станцыяў катоднай абароны;
- 902 устаноўкі духмянасьці газу[9].
Дыямэтар газаправодаў складаў ад 25 мм да 120 см. Ціск у трубаправодах быў на ўзроўні ад 6 да 35 бараў, пры міжнародным транзыце — 54 бары. Налічвалася 11 кропак міжнароднай узаемасувязі газаправодаў зь 4-ма краінамі ў 5 памежных мясьцінах:
- 4 з Баўгарыяй — Русэ-Джурджу і Нэгру Водэ 1, 2 і 3;
- 1 з Вугоршчынай — Чанадпалёта;
- 1 з Малдовай — Унгень;
- 4 з Украінай — Ісакча Імпарт, 1, 2 і 3[9].
Таксама існавала 7 злучэньняў з газасховішчамі ўнутры Румыніі: «Тыргу-Мурэш» для сувязі АТ «Дэпомурэш» і яшчэ 6 для сувязі АТ «Румгаз» — «Балачанка» (Ільфаўскі павет), «Буціману» (Дамбавіцкі павет), «Гэрчэшць» (Должынскі павет), «Сэрмаш» (Харгіцкі павет), «Урзічэнь» (Яламіцкі павет) і «Чэтатэа дэ Балта» (Альбскі павет). Сярод 131 кропкі ўваходу ў сетку «Трансгазу» 77 прыпадала на «Румгаз», 36 — на АТ «Пэтрум», 13 — на ТАА «Амрумко Энэргія» і па 1-м — на ТАА «Рафлес Энэргія», ТАА «Лотус Нафта», ТАА «Стратум Энэргія Румыніі», АТ «Хантава Нафтакампанія Румыніі» і АТ «Сэрынус Энэргія Румыніі». Для 32 пастаўшчыкоў працавала 894 кропкі газаразьмеркаваньня. Таксама налічвалася 225 наўпроставых спажыўцоў: 167 камэрцыйных і 24 жыльлёвых гаспадарак, 19 заводаў і 15 газавых цеплаэлектрастанцыяў. Для іх дзейнічала 85 кропак газапастаўкі[9].
Падразьдзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год «Трансгаз» меў замежныя прадстаўніцтвы ў Бэльгіі (Брусэль) і Малдове (Кішынёў). У Румыніі працавала 8 абласных сядзібаў, што месьціліся ў гарадах: Арад, Бакэў, Брэіла, Брашаў, Бухарэст, Канстанца, Клуж-Напока і Краёва[5].
Пайшчыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 31 сьнежня 2019 году 58,5% паёў «Трансгазу» належалі ўраду Румыніі, 32,5% — юрыдычным асобам і 9% — фізычным асобам[5].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 красавіка 2000 году ўрад Румыніі зацьвердзіў Пастанову № 334 аб заснаваньні «Нацыянальнага таварыства транспартаваньня прыроднага газу» («Трансгаз»)[2] шляхам вылучэньня газаправодаў са складу АТ «Румгаз». 26 лістапада 2007 году «Трансгаз» правёў на Бухарэсцкай фондавай біржы першаснае разьмяшчэньне 26,5% паёў на $2,52 млрд. 14 кастрычніка 2010 году адчынілі газаправод «Арад—Сэгед» у боку Вугоршчыны. 15 красавіка 2013 году правялі другаснае разьмяшчэньне 15% паёў «Трансгазу» на $95 млн.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пайшчыкі (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ а б в Прадмет дзейнасьці (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ Рада кіраваньня (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ Фінансавая справаздачнасьць за 2019 год (рум.) // АТ «Трансгаз», 23 сакавіка 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ а б в Справаздача ўправы за 2019 год (рум.) // АТ «Трансгаз», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ Міжнародная прапампоўка прыроднага газу (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ Працоўныя абмежаваньні сеткі газаправодаў (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ Якасьць газу (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- ^ а б в Інфраструктура сеткі газаправодаў (рум.) // АТ «Трансгаз», 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тэхнічная, заказаная і даступная магутнасьць штодня і ў мінулым (рум.) // АТ «Трансгаз», 26 траўня 2020 г. Праверана 26 траўня 2020 г.
- Унутрыдзённы газапаток (рум.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |