Тамара Цулукідзэ
Тамара Цулукідзэ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 19 сьнежня 1903 |
Памерла | 9 лютага 1991 (87 гадоў) |
Сужэнец | Сандро Ахмэтэлі і Алесь Пальчэўскі[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, перакладніца, пісьменьніца |
Мова | грузінская мова, беларуская мова і расейская мова |
Тама́ра Цулукíдзэ (па-грузінску: თამარ წულუკიძე; 19 сьнежня 1903, Тыфліс, Расейская імпэрыя — 9 лютага 1991, Менск, Беларусь) — беларуская і грузінская празаіца, драматургіня, тэатральная крытыца, перакладніца. Заслужаная артыстка Грузінскай ССР (1934).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям’і настаўніка. У 1924 г. скончыла Тбіліскі дзяржаўны тэатральны інстытут і была прынятая ў трупу Акадэмічнага тэатру імя Шата Руставелі. Як «жонка ворага народу» (ейны муж, вядомы рэжысэр Сандро Ахметэлі, быў расстраляны), з 1937 па 1946 г. знаходзілася ў турмах, лягерах, на лесапавале, на земляных працах, працавала санітаркай, мэдсястрой у Краснаярскім краі[1]. У Сыктыўкары (Комі АССР) арганізавала тэатар лялек. У 1946 г. была вызваленая, а праз два гады пераехала ў Курск, дзе працавала рэжысэркай абласнога тэатру лялек. Тут паўторна была арыштаваная па ранейшай справе і высланая ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з рэпрэсаваным пісьменьнікам Алесем Пальчэўскім (у 1948—1955 гг. жыў у Краснаярскім краі), стала ягонай жонкай[2]. Рэабілітаваная ў 1956 г. Зноў працавала ў тэатры імя Шата Руставэлі. З 1958 г. жыла ў Менску[3].
У 1991 годзе памерла ў Менску. Прах Тамары Цулукідзэ быў перапахаваны ў Тбілісі.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурную працу пачала з рэцэнзіяў і артыкулаў пра тэатар у 1933 г. у грузінскай і савецкай пэрыёдыцы. З 1959 г. выступала ў беларускім друку. Пісала на беларускай, грузінскай і расейскай мовах. Выдала кнігі для дзяцей «Театр кукол в школе» (1957), «Когда поднимается занавес» (1963), «К детям пришел вожатый» (1967), зборнікі пазнавальных нарысаў «Голубой факел» (1965, 2-е дапоўненае выданне ў 1970), аднаактовых п’есаў — «Твое честное слово» (1973)[4].
У Тбілісі выйшла кніга мэмуараў «Всего одна жизнь» (1983) і напісаны па-грузінску зборнік апавяданьняў «Вяртаньне» (1989)[5].
Пераклала з грузінскай мовы на беларускую раман Ц. Данжашвілі «На Алазані» (з А. Пальчэўскім, 1959), асобныя творы іншых празаікаў[6].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Театр кукол в школе, 1957
- Когда поднимается занавес, 1963
- Голубой факел, 1965
- К детям пришел вожатый, 1967
- Твое честное слово, 1973
- Всего одна жизнь, 1983
- Памяць // Маладосць. 1985. № 1.
- Вяртанне (па-грузінску), 1989.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цулукидзе Тамара Григорьевна. Кукольная трагикомедия, Театр ГУЛАГа: Воспоминания, очерки / сост., вступ. ст. М. М. Кораллова. — М., «Мемориал», 1995. — С. 34-44.
- ^ Людмила Рублевская, Царица Тамара и крестьянский сын Алесь, Советская Белоруссия № 188 (25070). Пятница, 30 сентября 2016, https://www.sb.by/articles/tsaritsa-tamara-i-krestyanskiy-syn-ales.html
- ^ Імёны Свабоды: Тамара Цулукідзэ 19.12.1903, Тбілісі — 9.2.1991, Менск. Пахаваная ў Тбілісі, Радыё Свабода, 3 студзень 2007,https://www.svaboda.org/a/753120.html
- ^ Тамара Рыгораўна Цулукідзэ // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- ^ Тамара Рыгораўна Цулукідзэ // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- ^ Тамара Рыгораўна Цулукідзэ // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.