Перайсьці да зьместу

Тайран Лью

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тайран Лью
Пазыцыя: гульнёвы абаронца
Рост: 183 см
Вага: 79 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 3 траўня 1977(1977-05-03)[1] (49 гадоў)
Альма-матэр:
Драфт

23, драфт НБА 1998 году
Дэнвэр Нагетс

Клюбы
Гады Клюб
1995—1998 Нэбраска Карнгаскерз[d]
1998—2001 Лос-Анджэлес Лэйкерз
2001—2003 Вашынгтон Ўізардс
2003—2004 Арланда Мэджык
2004 Г’юстан Рокетс
2004—2008 Атланта Гокс
2008 Далас Мавэрыкс
2008—2009 Мілўокі Бакс
2009 Арланда Мэджык
Статыстыка на NBA.com

Тайран «Тай» Джамал Лью (па-ангельску: Tyronn “Ty” Jamar Lue; нар. 3 траўня 1977 году, Мэксыка, Мізуры, ЗША) — амэрыканскі прафэсійны баскетбольны трэнэр і былы гулец.

Лью пастанавіў сабе датэрмінова ўзяць удзел у драфце НБА 1998 году. Ён быў абраны пад агульным 23-м нумарам камандай «Дэнвэр Нагетс», але ў ноч драфту быў абменены ў «Лос-Анджэлес Лэйкерз» разам з Тоні Бэці на Ніка Ван Эксэла. Першыя тры гады ў «Лэйкерз» былі расчаравальнымі. Ягоны гульнёвы час быў абмежаваны, і ў 2000 годзе ён пакутаваў ад траўмаў. Баскетбаліст выдатна выявіў сябе ў плэй-оф 2001 году. Дзякуючы сваёй хуткасьці, яму было даручана абараняць Алена Айвэрсана на час першай гульні фіналу. Не зважаючы на тое, што «Філадэлфія Сэвэнці Сыксэрз» перамаглі ў першай гульні, «Лэйкерз» перамаглі ў наступных чатырох матчаў, стаўшы чэмпіёнам НБА. Лью згуляў ува ўсіх гульнях фіналу НБА[3].

У міжсэзоньне 2001 году гулец падпісаў кантракт з «Вашынгтон Ўізардс», дзе атрымаў значна больш гульнёвага часу і стаў найлепшым гульнёвым абаронцам. У сэзоне 2003—2004 гадоў Лью гуляў за «Арланда Мэджык» і правёў шмат хвілін разам з Трэйсі Макгрэйдзі, але ў тым сэзоне каманда мела найгоршы паказьнік у НБА, то бок 21–61. Па заканчэньні сэзону сам баскетбаліст, а таксама Макгрэйдзі, Джуўан Гаўард і Рыс Гейнз былі абмененыя ў «Г’юстан Рокетс» на Стыва Фрэнсіса, Катына Моблі і Келвіна Катона. У новай камандзе час на паркеце Лью скараціўся праз празьмерную колькасьці гульнёвых абаронцаў. У сярэдзіне сэзону Лью быў абменены ў «Атланта Гокс» на Джона Бэры. Гулец выдатна выступаў у «Атланце», але ягоная каманда зноў мела найгоршы паказьнік у НБА і найгоршы паказьнік у гісторыі франшызы, як то 13–69. 30 жніўня 2005 году ён зноў склаў новы кантракт з «Гокс»[4].

16 лютага 2008 году ён быў набыты «Сакрамэнта Кінгс» у выніку абмену. 28 лютага клюб адмовіўся ад яго, не згуляўшы за каманду аніводнага матчу. Ужо менш чым праз тыдзень баскетбаліст склаў угоду з «Далас Мавэрыкс»[5]. Апошні сэзон у гульнёвай кар’еры згуляў у «Мілўокі Бакс» і «Арланда Мэджык».

23 кастрычніка 2009 году «Бостан Сэлтыкс» прызначылі Лью дырэктарам па разьвіцьці баскетболу[6], але ў хуткім часе стаў памочнікам галоўнага трэнэра. Пасьля працаваў у структуры «Лос-Анджэлес Кліпэрз» і «Кліўлэнд Кавальерз». 22 студзеня 2016 году быў прызначаны галоўным трэнэрам «Кавальерз» адразу па звальненьні Блата ў сярэдзіне сэзону[7]. Кантракт прадугледжваў тры гады працы. У траўні «Кавальерз» перамаглі «Таронта Рэптарз» у другой гульні фіналу Ўсходняй канфэрэнцыі, працягнуўшы сваю сэрыю без паразаў у плэй-оф 2016 году[8]. У 2019 годзе далучыўся да «Кліпэрз», дзе ўвайшоў у склад трэнэрскага штабу, а праз год стаў галоўным трэнэрам гэтае каманды.