Перайсьці да зьместу

Сяргей Кісьляк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Кісьляк
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 6 жніўня 1987(1987-08-06)[1][2][3] (37 гадоў)
Рост 180 см
Вага 75 кг[4]
Пазыцыя паўабаронца, цэнтральны абаронца
Клюбная інфармацыя
Клюб Дынама Берасьце
Нумар 15
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2004—2010 Дынама Менск 138 (34)
2011—2016 Рубін Казань 66 (4)
2012 Краснадар 11 (0)
2016—2017 Газыянтэпспор 12 (0)
2018 Іртыш Паўладар 16 (0)
2018—2020 Дынама Берасьце 61 (6)
2021—2022 Дынама Менск 31 (4)
2023—4 Дынама Берасьце 38 (5)
Зборныя
2005—2006 Беларусь (да 19)[d] 5 (0)
2005—2009 Беларусь (да 21) 31 (5)
2009—2021 Беларусь 74 (9)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
4 кастрычніка 2024.

Сярге́й Кісьля́к (нарадзіўся 6 жніўня 1987 году) — беларускі футбаліст, паўабаронца берасьцейскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі.

Футболам пачаў займацца ў ДЮСШ гораду Камянец, а ў 2002 годзе перайшоў у РДВАР-«Дынама» зь Менску. У 2003 годзе гуляў за каманду РВАР у Другой лізе. У 2004 годзе перайшоў у менскае «Дынама». Спачатку гуляў за дубль дынамаўцаў, а з сэзону 2006 году трывала замацаваўся ў першым складзе. Пазьней быў капітанам «Дынама». Улетку 2010 году знаходзіўся на праглядзе ў расейскім «Рубіне». Праз магчымы пераход здарыўся канфлікт з кіраўніцтвам «Дынама», якое жадала атрымаць кампэнсацыю за гульца. У выніку, Сяргей разам з таварышам па камандзе Антонам Пуцілам на некаторы час быў выпраўлены ў дубль, прапусьціўшы некаторыя матчы клюбу ў Лізе Эўропы. У сьнежні 2010 году афіцыйна быў агалошаны футбалістам «Рубіна». У складзе «Рубіна» звычайна выкарыстоўваўся на пазыцыі флянгавага абаронцы, але да таго гуляў выключна паўабаронцу. Трывала выступаў за казанскі клюб у эўракубках, у той час як у чэмпіянаце Расіі зьяўляўся на полі радзей празь ліміт на легіянэраў.

У ліпені 2012 быў аддадзены «Рубінам» у арэнду «Краснадару» да канца году[5], пасьля вярнуўся ў Казань. У чэрвені 2016 году на правах вольнага агента перайшоў у турэцкі клюб «Газыянтэпспор», зь якім падпісаў кантракт на 2 гады[6]. У турэцкім клюбе Кісьляк узьяднаўся з Пуцілам, які таксама абараняў колеры турэцкай каманды. Спачатку ня меў трывалага месца ў першай адзінаццатцы, але пазьней пачаў часьцей зьяўляцца ў складзе. Паводле вынікаў сэзону 2016—2017 гадоў «Газіянтэпспор» страціў месца ў Супэрлізе. Улетку 2017 году празь фінансавыя чыньнікі ў клюбе перастаў за яго выступаць. Пры гэтым гулец трэнаваўся зь менскім «Дынама», аднак ФІФА не дазволіла пераход[7]. У лютым 2018 году падпісаў кантракт з паўладарскім «Іртышом»[8]. Здолеў замацавацца ў пачатковым складзе казаскага клюбу. У ліпені 2018 году паводле пагадненьня бакоў скасаваў кантракт з клюбам[9]. Па зыходзе зь «Іртышу» плянаваў працягнуць кар’еру ў расейскім клюбе, аднак на яго наклалі забарону на трансфэры. Некаторы час падтрымліваў форму зь менскай аматарскай камандай «Трактар».

У верасьні 2018 году падпісаў кантракт на 2,5 гады зь берасьцейскім «Дынама»[10]. У сэзоне 2018 году чаргаваў у берасьцейскай камандзе выхады ў стартавым складзе і на замену, а ў сэзоне 2019 замацаваўся ў першай адзінаццатцы і дапамог камандзе стаць чэмпіёнам Беларусі. У сьнежні 2020 году вярнуўся у менскае «Дынама»[11]. Там быў абраны капітанам каманды. У сэзоне 2021 годзе прапусьціў шмат матчаў праз пашкоджаньні, але ў 2022 годзе часьцей зьяўляўся на полі. У студзені 2023 году па заканчэньні кантракта пакінуў сталічны клюб[12] і вярнуўся ў берасьцейскае «Дынама»[13]. У студзені 2024 году падоўжыў пагадненьне з клюбам[14].

Выступаў у складзе зборнай Беларусі (да 21 году) на моладзевым чэмпіянаце Эўропы 2009 году ў Швэцыі. Пацэліў на гэтым турніры абодва галы сваёй каманды ў брамы зборных Швэцыі ды Італіі.

Дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі 14 лістапада 2009 года ў таварыскім матчы супраць зборнай Саудаўскай Аравіі. Хутка стаў гульцом асноўнага складу зборнай. 3 верасьня 2010 году забіў гол у адборачным матчы чэмпіянату Эўропы 2012 супраць зборнай Францыі, які прынёс беларусам нечаканую перамогу зь лікам 1:0.

Клюб Сэзон Чэмпіянат
Дывізіён Матчы Галы
Дынама Берасьце 2018 Найвышэйшая ліга 11 0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]