Перайсьці да зьместу

Сэм’юэл Колт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэм’юэл Колт
анг. Samuel Colt
Гравюра 1857 году
Род дзейнасьці Збройнік
Дата нараджэньня 19 ліпеня 1814
Месца нараджэньня Гартфард, штат Канэктыкут, ЗША
Дата сьмерці 10 студзеня 1862 (47 гадоў)
Месца сьмерці Гартфард, штат Канэктыкут, ЗША
Месца пахаваньня
Грамадзянства ЗША
Занятак вынаходнік, прадпрымальнік, рамесьнік, інжынэр-канструктар, вытворца зброі
Бацька Крыстафэр Колт (1777—1850)
Маці Сара Колт (пам. 1820)
Жонка Элізабэта Колт(en)
Дзеці Сын Колдўэл Колт(en) (1858—1894)
Узнагароды
Сайт colt.com
Подпіс Выява аўтографу

Сэм’юэл Колт (1814, Гартфард, штат Канэктыкут, ЗША — 1862, Гартфард) — амэрыканскі збройнік, вынаходнік рэвальвэра.

Нарадзіўся ў сям’і фэрмэра, які пераехаў у горад для заснаваньня ўласнага прадпрыемства. Меў 3 братоў і 3 сясьцёр. У 11 гадоў пераехаў на дзядзькаваньне да фэрмэра ў Гластэнбры(en) (Гартфардзкая акруга(en), штат Канэктыкут, ЗША), дзе наведваў школу. У 1829 годзе, у 15 гадоў, пачаў працаваць на бацькоўскай тэкстыльнай фабрыцы ва Ўэр(en) (Гэмпшырская акруга(en), штат Масачусэтс, ЗША). 4 ліпеня 1830 году яго піратэхнічны паказ у школе-інтэрнаце выклікаў пажар. У выніку бацька ўладкаваў яго мараком на брыг «Корва», які адплываў у Калькуту (Бэнгальскае старшынства(en), Брытанская Індыя; цяпер штат Заходняя Бэнгалія, Індыя). У 1832 годзе вярнуўся ў ЗША да працы на бацьку, які выдаткаваў на выраб ім удалай вінтоўкі і пісталета, які разарваўся пры стральбе.

У 1835 годзе распрацаваў прататып рэвальвэра, які вырабіў наняты збройнік Джон Пірсан за кошт $300 пазыкі ад бацькоўскага сябра Генры Лівіта-Элсўорта(en). У жніўні 1835 г. на параду Лівіта-Элсўорта, які стаў 1-м камісарам Патэнтнага ведамства ЗША, адплыў у Ангельшчыну для атрыманьня патэнта на рэвальвэр. Ангельскі патэнт атрымаў № 6909. 25 лютага 1836 году атрымаў патэнт № 9430X на рэвальвэр з капсульным узгараньнем у ЗША. 5 сакавіка ў Патэрсане(en) (штат Нью-Джэрзі, ЗША) адчыніў мануфактуру для вытворчасьці 5-зараднага рэвальвэра 36-га калібра (0,36 цалі; 9,144 мм) Колт Патэрсан(en)[1]. У 1841 годзе вырабіў станіёлевы(en) патрон для войска ЗША. На выпрабаваньні з мушкета стрэлілі 25 патронаў запар. Калі адчынілі затвор, ствол апынуўся чыстым ад станіёлі (алавянай фольгі). У выніку войска закупіла некалькі тысячаў патронаў для працягу выпрабаваньня. У 1843 годзе войска замовіла 200 тыс. патронаў для мушкетаў, запакаваныя па 10 на скрынку.

4 студзеня 1847 году ў Нью-Ёрку прадстаўнік Тэхаскіх рэйнджэраў Сэм’юэл Гамільтан-Ўокер(en) (1817—1847) замовіў 1000 рэвальвэраў з магазінам на 6 патронаў, якія атрымалі назоў Колт Ўокер(en). Пасьля пастаўкі Тэхаскія рэйнджэры замовілі яшчэ 1000 рэвальвэраў у сувязі з Амэрыкана-мэксыканскай вайной(uk)[1]. Прыбытак з кожнага замоўленага пісталета склаў $10. За кошт прыбытку і пазыкі ад дваюраднага брата Элішы Колта набыў у вынаходніка Ілая Ўітні-Блэйка(en) (1795—1886) абсталяваньне для свайго збройнага завода ў родным Гартфардзе (штат Канэктыкут). З 1848 году пачаўся выраб рэвальвэраў Колт Драгун са 190-мілімэтровым ствалом (7,5 цалі), якіх да 1860 году выпусьцілі 18,5 тыс. У 1850 годзе дадаўся выраб рэвальвэраў Колт Нэйві(en), які стаў асноўным пісталетам войска ЗША. Да 1873 году ў ЗША вырабілі 250 тыс. такіх рэвальвэраў. У 1855 годзе ў Гартфардзе ўзьвёў арсэнал, для супрацоўнікаў якога ўстанавіў 10-гадзінны працоўны дзень з гадзінным перапынкам на абед і мыйні. Памёр ад падагры.

Дзякуючы вынаходзтву рэвальвэра ў ЗША існуе прыказка: «Бог стварыў людзей моцнымі і слабымі. Сэм’юэл Колт зрабіў іх роўнымі»[1].

  1. ^ а б в 25 лютага // Газэта «Зьвязда», 25 лютага 2014 г. Праверана 16 сьнежня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэм’юэл Колтсховішча мультымэдыйных матэрыялаў