Перайсьці да зьместу

Сычкава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сычкава
Мэмарыяльны комплекс у вёсцы
Мэмарыяльны комплекс у вёсцы
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Бабруйскі
Сельсавет: Сычкаўскі
Насельніцтва: 394 (2007)
Колькасьць двароў: 182
Тэлефонны код: +375 225
Паштовы індэкс: 213847
Геаграфічныя каардынаты: 53°12′5.6″ пн. ш. 29°6′28.8″ у. д. / 53.201556° пн. ш. 29.108° у. д. / 53.201556; 29.108Каардынаты: 53°12′5.6″ пн. ш. 29°6′28.8″ у. д. / 53.201556° пн. ш. 29.108° у. д. / 53.201556; 29.108
Сычкава на мапе Беларусі
Сычкава
Сычкава
Сычкава
Помнік і Курган славы — часткі Мэмарыяльнага комплексу ў вёсцы

Сы́чкава[1] (Syčkava) — вёска ў Сычкаўскім сельсавеце Бабруйскага раёну Магілёўскае вобласьці. Цэнтар сельсавету. Знаходзіцца за 3 км ад чыгуначнае станцыі Мірадзіна на лініі БабруйскМенск, за 8 км на паўночны захад ад Бабруйску на шашы Бабруйск — Менск, за 118 км ад Магілёва. На поўначы й поўдні вёска мяжуе зь лесам.

Вёска вядомая з 17 ст. У 1615 Сычкава перададзенае ва ўладаньне Бабруйскае каталіцкае плябаніі. У 1782 у вёсцы мелася карчма. Згодна з другім падзелам Рэчы Паспалітай 1793 году вёска апынулася ў складзе Расеі.

Ад 1795 вёска ўваходзіла ў склад Бабруйскага павету Менскае губэрні. У 1847 у вёсцы было 26 двароў і 183 жыхары, сама яна ўваходзіла ў памешчыцкі маёнтак Дварэц. У 1858 далучаная да казённага маёнтку Панюшкавічы. У 1885 у вёсцы было 33 двары і 180 жыхароў, вёска знаходзілася ў Гарбацэвіцкай воласьці. Згодна зь перапісам 1897 Сычкава (яна ж Панюшкавічы) — вёска, 59 двароў і 435 жыхароў, меліся хлебазапасная і вінная крамы. У 1909 у вёсцы было ўжо 539 жыхароў, у 1910 зь яе вылучана 80 хутароў і адрубоў. Паводле перапісу 1917 у вёсцы быў 101 двор, жыло 614 чалавек.

У 1919—1920 у вёсцы зарганізаваны партызанскі аддзел, які змагаўся з акупацыйнымі войскамі. 25 лютага 1919 у маёнтку Панюшкавічы створаная сельскагаспадарчая камуна. 20 жніўня 1924 вёска стала цэнтрам сельсавету Бабруйскага першага (ад 4 жніўня 1927 Бабруйскага) раёну. У 1925 да Сычкава далучылі вялікі ўчастак былое памешчыцкае зямлі, тады ж быў арганізаваны масларобчы каапэратыў «Маланка». У 1926 у вёсцы было 155 двароў і 752 жыхары, працавалі вясковая школа, гурток. У 1930-я тут дзейнічала школа па ліквідацыі непісьменнасьці сярод дарослых. У 1933 заснавана цагельная арцель «Прагрэс», у 1934 — калгас «Чырвонае Сычкава».

Улетку 1941 вёска акупаваная нямецкімі войскамі, вызваленая — 27 чэрвеня 1944 399-й стралковай дывізіяй. У баёх за вёску загінулі 183 савецкія вайскоўцы, пахаваныя ў брацкай магіле каля школы. Сяржант, камандзір стралковага аддзяленьня дывізіі, Герой Савецкага Саюзу Міхаіл Селязьнёў паўтарыў подзьвіг Аляксандра Матросава. Імем Сёлязьнёва названыя школа, парк і цэнтральная вуліца вёскі. У гонар вайскоўцаў 1-га Беларускага фронту, якія ў чэрвені 1944 зьнішчылі Бабруйскую нямецкую групу, у 1986 быў узьведзены мэмарыяльны комплекс. Падчас ВАВ загінула 78 вяскоўцаў.

Паводле перапісу 1959 у вёсцы было 622 жыхары, у 1970 — 763. У 1967 да вёскі далучаны пасёлак цагельнага заводу «Сычкава». У 1986 было 302 двары і 709 жыхароў, вёска была ў складзе саўгасу імя Леніна.

У вёсцы працуюць племстанцыя, фэльчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, аддзяленьні сувязі й ашчаднага банку, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 крамы, клюб, маюцца школа вышэйшага спартовага майстэрства, стадыён, спаровыя пляцоўкі, дзіцячы сад, музэй, комплексна-прыймны пункт побытавага абслугоўваньня насельніцтва.

Пляніроўка вёскі квартальная. Галоўная прамалінейная вуліца арыентаваная мэрыдыянальна, пэрпэндыкулярна да аўтадарогі. Забудова двухбаковая драўляная сядзібнага тыпу. На поўначы — мураваная забудова й грамадзкі цэнтар.

  • У. А. Салановіч — беларускі журналіст, ляўрэат Дзяржаўнае Прэміі Рэспублікі Беларусь.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
  • Сычкава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.5. кн.1. Магілёўская вобласць / Гал. рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн., 2008. — С. 207.