Стыў Кер
| Стыў Кер | ||
| Пазыцыя: | гульнёвы абаронца, атакавальны абаронца | |
| Рост: | 190 см[1] | |
| Вага: | 80 кг[1] | |
| Грамадзянства: | ||
| Нарадзіўся: | 27 верасьня 1965[3][2] (60 гадоў) | |
| Альма-матэр: | ||
| Драфт | ||
|
50, драфт НБА 1988 году | ||
| Клюбы | ||
|---|---|---|
| Гады | Клюб | |
| 1983—1988 | Арызона Ўайлдкэтс[d] | |
| 1988—1989 | Фінікс Санз | |
| 1989—1992 | Кліўлэнд Кавальерз | |
| 1992—1993 | Арланда Мэджык | |
| 1993—1998 | Чыкага Булз | |
| 1999—2001 | Сан-Антоніё Спэрз | |
| 2001—2002 | Портлэнд Трэйл Блэйзэрз | |
| 2002—2003 | Сан-Антоніё Спэрз | |
| Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні | ||
| Статыстыка на NBA.com | ||
Сты́вэн Да́глас Кер (па-ангельску: Stephen Douglas Kerr; нар. 27 верасьня 1965 году, Бэйрут, Лібан) — амэрыканскі баскетбольны трэнэр і былы гулец. Займае пасаду галоўнага трэнэра «Голдэн Стэйт Ўорыярз» з Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Дзевяць разоў станавіўся чэмпіёнам НБА, выйграўшы пяць тытулаў у якасьці гульца, зь якіх тры ў складзе «Чыкага Булз» і два ў складзе «Сан-Антоніё Спэрз», і чатыры тытулы ў якасьці трэнэра «Ўорыярз». Мае найвышэйшы адсотак трапнасьці трохпунктавых кідкоў за кар’еру (45,4%) сярод гульцоў, якія зрабілі ня менш за 250 кідкоў, у гісторыі НБА. Таксама меў найвышэйшы адсотак трапнасьці трохпунктавых кідкоў у асобным сэзоне (52,4%) у гісторыі НБА да 2010 году, калі ягоны рэкорд абнавіў Кайл Корвэр.
Гульнёвая кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўшыся ў Бэйруце ў сям’і амэрыканскага навукоўца[5], а пачаў гуляць у баскетбол у сярэдняй школе ў Лос-Анджэлесе. Кер бараніў колеры баскетбольнай каманды Арызонскага каледжу з 1983 па 1988 гады. На першым курсе ён страціў бацьку, якога застрэліў ісламіст у Лібане[6].

У 1988 годзе гулец быў абраны ў другім раўндзе драфту НБА камандай «Фінікс Санз» пад агульным 50-м нумарам. За «Фінікс Санз» правёў толькі адзіні сэзон. З 1989 па 1992 гады быў баскетбалістам клюбу «Кліўлэнд Кавальерз». У 1992 годзе далучыўся да «Арланда Мэджык», дзе правёў наступны сэзон сваёй кар’еры. Наступнай камандай у ягонай кар’еры стала «Чыкага Булз», за якую ён гуляў 6 сэзонаў. За гэты час стаў трохразовым чэмпіёнам НБА. У 1997 годзе ён стаў пераможцам спаборніцтва па трохпунктавых кідках на Матчы ўсіх зорак. З 1999 па 2001 гады гуляў за «Сан-Антоніё Спэрз», куды яго абмянялі на Чака Пэрсана[7]. У складзе каманды ён зноў стаў чэмпіёнам НБА ў 1999 годзе. У 2001 годзе перайшоў у «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз», дзе правёў наступны сэзон сваёй кар’еры. Апошняй камандай баскетбаліста быў «Сан-Антоніё Спэрз», куды ён вярнуўся ў 2002 годзе і адгуляў адзін сэзон. У 2003 годзе стаў чэмпіёнам НБА ў пяты раз у сваёй кар’еры.
Трэнэрская праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2014 годзе быў прызначаны галоўным трэнэрам «Голдэн Стэйт Ўорыярз», замяніўшы Марка Джэксана[8]. У сваім першым сэзоне ён дапасаваў да тактыкі сваёй каманды элемэнты трохкутнай атакі «Чыкага Булз», прастору і паскарэньне «Сан-Антоніё Спэрз» і хуткі тэмп «Фінікс Санз». Гэта дапамагло камандзе здабыць 67 перамог у сэзоне, стаўшы 10-й камандай у гісторыі НБА з 60 і больш перамогамі за сэзон. У плэй-оф яны перамаглі «Нью-Арлеан Пэліканз», «Мэмфіс Грызьліз» і «Г’юстан Рокетс». У фінале НБА «Голдэн Стэйт» сустрэўся з «Кліўлэнд Кавальерз», якімі таксама кіраваў трэнэр-пачатковец Дэйвід Блат. Гэта быў першы выпадак у гісторыі НБА, калі два трэнэры-пачаткоўцы сустрэліся ў фінале НБА, прычым Кер здабыў свой шосты тытул агулам і першы ў якасьці трэнэра[9]. Ён таксама стаў першым трэнэрам-пачаткоўцам пасьля Пэта Райлі ў 1982 годзе, які стаў чэмпіёнам НБА.

Праз два дні пасьля перамогі ў чэмпіянаце ён быў адпраўлены ў бестэрміновы водпуск праз праблемы зь сьпінаю[10]. За час адсутнасьці Кера, якая доўжылася палову сэзону, камандай кіраваў часовы галоўны трэнэр Люк Ўолтан. У студзені 2016 году, калі Кер ужо акрыяў, «Ўорыярз» мелі 39 перамог у 43 гульнях[11]. Трэнэр павялічыў гэтую лічбу да 73 перамог за сэзон, скасаваўшы рэкорд «Чыкага» ў 72 перамогі ў сэзоне 1995—1996 гадоў[12]. У тым сэзоне ён быў названы трэнэрам году НБА[13]. Кер чарговы раз прасунуў каманду ў фінал НБА, дзе «Голдэн Стэйт» зноў сустрэўся з «Кліўлэндам», але гэтым разам каманда зазнала паразу ў сэрыі зь сямі гульняў. У наступным годзе ён у трэці раз запар вывеў каманду ў фінал НБА, дзе «Голдэн Стэйт» зноў сустрэўся з «Кліўлэндам», гэтым разам сьвяткуючы перамогу. Каманда атрымала 16 перамог і адну паразу ў плэй-оф, усталяваўшы рэкорд НБА. У 2018 годзе ён зноў вывеў каманду ў фінал НБА, дзе «Голдэн Стэйт» перамаглі «Кліўлэнд» у чатырох гульнях.
У наступным сэзоне «Голдэн Стэйт» дасягнуў свайго пятага запар фіналу НБА. Саслабленая траўмамі Кевіна Д’юранта, Клэя Томпсана і Дэмаркуса Казінза, якія прапусьцілі частку фінальнай сэрыі, каманда саступіла «Таронта Рэптарз». У канцы сэзону Кер заняў трэці радок у гісторыі «Голдэн Стэйт» у сьпісе трэнэраў з найбольшай колькасьцю перамог. Два сэзоны «Ўорыярз» не траплялі ў плэй-оф у першую чаргу праз траўмы сваіх ключавых гульцоў.
Кер тым часам адначасна з працай у клюбе быў памочнікам трэнэра мужчынскай зборнай ЗША, якая здабыла залаты мэдаль на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году[14]. У сьнежні 2021 году ён быў прызначаны галоўным трэнэрам зборнай[15]. У сэзоне 2021—2022 гадоў ягоная каманда дакрочыла да фіналу НБА, дзе перамагла «Бостан Сэлтыкс», што прынесла Керу яго чацьверты трэнэрскі тытул і дзявяты агулам. У сэзоне 2022—2023 гадоў Кер і «Ўорыярз» дайшлі да паўфіналу Заходняй канфэрэнцыі, дзе ў шасьці гульнях саступілі «Лос-Анджэлес Лэйкерз». На летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году сярод мужчынскіх баскетбольных каманд Кер трэнаваў зборную ЗША, якая здабыла пяты тытул у Парыжы, перамогшы ў фінале каманду гаспадароў турніру. 20 красавіка 2025 году ён здабыў сваю 100-ю перамогу ў плэй-оф у якасьці галоўнага трэнэра, ураўняўшыся з Лары Браўнам паводле гэтага паказьніку[16].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Basketball Reference (анг.)
- ^ а б в г д Steve Kerr // FIBA database
- ^ а б в Steve Kerr // GeneaStar
- ^ а б College Basketball at Sports-Reference.com
- ^ «A Separate Peace». Chicago Tribune.
- ^ «Despite pain of dad’s murder, Kerr became a champion». New York Post.
- ^ «Steve Kerr Player Profile, San Antonio Spurs, News, Rumors, NBA Stats, NCAA Stats, Game Logs, Bests, Awards». RealGM.
- ^ «Warriors Reach Agreement in Principle for Steve Kerr to Become Team’s Head Coach». NBA.
- ^ «Steve Kerr and David Blatt meet again, this time as rookie coaches in the NBA Finals». ProBasketballTalk.
- ^ «Warriors Head Coach Steve Kerr to Take a Leave of Absence to Focus on Back Rehab». NBA.
- ^ «Kerr coaches vs. Suns despite lingering back woes». ESPN.
- ^ «Warriors notch NBA-record 73rd win to surpass 1995-96 Bulls». USA Today.
- ^ «Warriors’ Kerr named 2015-16 NBA Coach of the Year». NBA.
- ^ «Draymond Green & Head Coach Steve Kerr Help Teams USA Capture Gold Medal at 2020 Olympics». NBA.
- ^ «Kerr announced as U.S. men’s basketball coach». ESPN.
- ^ «Stephen Curry scores 31 points in the Warriors’ 95-85 victory over the Rockets 95-85 in Game 1». ESPN.
- Нарадзіліся 27 верасьня
- Нарадзіліся ў 1965 годзе
- Баскетбалісты клюбу «Фінікс Санз»
- Баскетбалісты клюбу «Кліўлэнд Кавальерз»
- Баскетбалісты клюбу «Арланда Мэджык»
- Баскетбалісты клюбу «Чыкага Булз»
- Баскетбалісты клюбу «Сан-Антоніё Спэрз»
- Баскетбалісты клюбу «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз»
- Баскетбалісты ЗША
- Баскетбольныя трэнэры ЗША
- Баскетбольныя трэнэры НБА